тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.
нямецкі філосаф і сацыёлаг; адзін са стваральнікаў сацыялогіі ведаў. Вучыўся ва ун-тах Будапешта, Фрайбурга, Гайдэльберга, Парыжа. З 1919 у Германіі, з 1933 у Вялікабрытаніі. Лічыў, што грамадскае быццё ўключае рэальныя жыццёвыя дамінанты, якія вызначаюць стыль эпохі (напр., рэлігія ў сярэднявеччы), і не зводзіцца толькі да эканам. адносін вытв-сці. Паводле М., любая ідэалогія — гэта апалогія існуючага ладу, тэарэтызаваныя погляды класа, які дамогся ўлады і зацікаўлены ў яе захаванні. «Ідэалогіям» заўсёды супрацьстаяць «утокі», або погляды апазіцыйных, прыгнечаных класаў, сац. груп, якія імкнуцца да сац. рэваншу і з’яўляюцца такімі ж неаб’ектыўнымі, як і ідэалогіі (гл.Дэідэалагізацыя). Даследаваў праблемы выхавання, сацыялізацыі асобы, гіст. сацыялогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАў матэматыцы,
лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.
Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл.Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл. таксама Мнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЦА́ЦІ ((Buzzati) Дзіна) (16.10.1906, г. Белуна, Італія — 28.1.1972),
італьянскі пісьменнік. Адзін з майстроў апавядання ў італьян. і еўрап. л-ры 20 ст. Вядомасць прынеслі раман «Тартарская пустыня» (1940) і зб. апавяданняў «Сямёра пасланцоў» (1942), у якіх рэха філасофіі (твораў К.Ясперса, М.Хайдэгера, Ж.П.Сартра) і рэальнасці часоў 2-й сусв. вайны. Зацікаўленасць Буцаці экзістэнцыяльнымі пытаннямі, сувязь з праблематыкай твораў Ф.Кафкі адчувальныя ў зб-ках апавяданняў «Страх у Ла Скала» (1949), «Падзенне Баліверны» (1954), «60 апавяданняў» (1958), аповесці «Павялічаны партрэт» (1960) і інш. Непакой, адчуванне абсурднасці існавання і подыху смерці — асн. рысы светапогляду яго персанажаў. Падзеі, на першы погляд рэальныя, у творах Буцаці захоўваюць элемент фантастычнага, ірэальнага. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, оперных лібрэта. Займаўся жывапісам і маст. крытыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРУБА́,
устаноўка, у якой ствараецца паток паветра або іншага газу для эксперым. вывучэння з’яў, што ўзнікаюць пры абцяканні газам цвёрдых целаў (лятальных апаратаў, іх частак і інш.). Адну з першых аэрадынамічных труб сканструяваў К.Э.Цыялкоўскі (1897).
Аэрадынамічная труба мае: сапло, праз якое праходзіць паветра; кіравальныя лапаткі, што надаюць паветр. патоку патрэбны напрамак; рабочую частку, дзе знаходзяцца доследны аб’ект і датчыкі фіз. велічыняў для вымярэння; вентылятар або кампрэсар, якія ўтвараюць паток газу; дыфузар для выдалення газу. У аэрадынамічнай трубе вывучаюць мадэлі або рэальныя аб’екты, вымяраюць сілы, што дзейнічаюць пры палёце самалётаў, ракет, пры руху цягнікоў і інш.трансп. сродкаў; праводзяць даследаванні і вызначаюць аптымальную форму гэтых аб’ектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),
бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.
Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЬНЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1284 Паводле бел.-літ. летапісаў, адбылася каля в.Магільна (Уздзенскі р-н Мінскай вобл.) на р. Нёман паміж вял. князем літ. Рынгольдам і кааліцыяй рус. князёў (Святаславам кіеўскім, Львом уладзімірскім, Дзмітрыем друцкім), якія ў саюзе з татарамі хацелі «знову Литву под ярмо першое... привести». На баку Рынгольда акрамя літоўцаў удзельнічала і «свая Русь». Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць Рынгольда. Кааліцыя рус. князёў і татар панесла страты ў 40 тыс.чал., у палон трапіла 1 тыс.чал. Страты войска Рынгольда склалі 700 чал. забітымі і 200 параненымі. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў бітве. У паданні пра паўлегендарную М.б. адлюстраваліся рэальныя напады татар і паўд.-рус. князёў у 13 ст. на ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. modus мера, спосаб),
функцыянальна-семантычная катэгорыя мовы, якая паказвае на спосаб перадачы адносін гаворачай асобы да выказвання і самога выказвання да рэчаіснасці. Той, хто гаворыць, ацэньвае факты і падзеі, пра якія ён гаворыць, рэальныя яны або нерэальныя, пажаданыя ці непажаданыя, магчымыя ці немагчымыя і г.д. Адрозніваюць М. аб’ектыўную (выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці) і суб’ектыўную (выражае адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання). У бел. мове выражаецца формамі дзеяслоўнага ладу (абвеснага, умоўнага, загаднага), асобнымі словамі («відаць», «магчыма», «напэўна» і інш.), інтанацыяй («Што за ноч!»), парадкам слоў у сказе («Так ён цябе і паслухае!» — са значэннем «наўрад ці паслухае») і інш. моўнымі сродкамі.
Літ.:
Виноградов В.В. О категории модальности и модальных словах в русском языке // Тр. Ин-та рус. яз. АНСССР. М.; Л., 1950. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЯСПЕ́КА,
стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутр. і знешніх пагроз у эканам., гуманіт., экалагічнай, інфарм., ваен., паліт. сферах жыццядзейнасці. Асн. аб’ектамі і суб’ектамі Н.б. адначасова з’яўляюцца асоба, грамадства і дзяржава. Іх жыццёва важныя інтарэсы, рэальныя і патэнцыяльныя пагрозы гэтым інтарэсам, прыярытэтныя кірункі іх забеспячэння і абароны вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, ваен. дактрынай і інш.паліт.-прававымі актамі. Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў канцэпцыю Н.б. (1995), у якой сфармуляваны змест і структура Н.б. ва ўмовах існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы, вызначаны асн. прынцыпы і кірункі арганізацыі сістэмы Н.б., эканам., прававыя і інш. аспекты яе функцыянавання. Агульнае кіраўніцтва сістэмай Н.б. ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, які разглядае асн. праблемы Н.б. і каардынуе дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улад па яе забеспячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,
сістэма адліку, у якой выконваецца інерцыі закон Кожная сістэма адліку (СА), якая рухаецца адносна І.с.а. раўнамерна і прамалінейна, таксама з’яўляецца І.с.а. Усе І.с.а. раўнапраўныя, г.зн. ва ўсіх такіх СА законы фізікі аднолькавыя (гл.Адноснасці прынцып). Пры пераходзе ад адной І.с.а. да іншай у класічнай механіцы выконваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай механіцы — Лорэнца пераўтварэнні. СА, якія рухаюцца адносна І.с.а. з паскарэннем, з’яўляюцца неінерцыяльнымі сістэмамі адліку.
Усе рэальныя СА могуць разглядацца як І.с.а. толькі з пэўнай ступенню набліжэння, таму што целы адліку, з якімі яны звязваюцца, рухаюцца з тым ці іншым паскарэннем. Напр., геліяцэнтрычную СА, звязаную з цэнтрам мас Сонца і восямі, накіраванымі на аддаленыя зоркі, з вялікай ступенню дакладнасці можна лічыць І.с.а. Такая СА выкарыстоўваецца гл. ч у задачах нябеснай механікі і касманаўтыкі Для рашэння большасці тэхн. задач І.с.а. можна лічыць СА, звязаныя з Зямлёй або яе цэнтрам мас.