ГЕАЛАГІ́ЧНЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С (МГК),

навуковае аб’яднанне геолагаў свету. Асн. задача — спрыяць геал. даследаванням і абмену інфармацыяй. Створаны ў 1875. Сесіі праводзяцца з 1878 раз у 3—4 гады ў розных краінах. Адбылося 30 сесій, апошняя ў 1996 (Пекін). Паміж сесіямі працуе Міжнар. саюз геал. навук. Пры кангрэсе дзейнічаюць Савет Міжнар. праграмы геал. карэляцый, камісіі па розных раздзелах геалогіі, рабочыя групы па канкрэтных праектах. Пад эгідай МГК створаны першыя міжнар. геал., тэктанічныя і інш. карты свету і асобных кантынентаў. Бел. геолагі ўдзельнічаюць у рабоце кангрэса з 1964.

І.​І.​Ур’еў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКСАКІНА́ЗА,

фермент адэназінтрыфасфатнай к-ты — гексоза 6-фасфатрансфераза. Каталізуе перанос фасфатнай групы з адэназінтрыфосфарнай к-ты на гексозу (глюкозу і інш). Удзельнічае ў першых этапах пераўтварэння глюкозы пры браджэнні, гліколізе, біясінтэзе глікагену і пры акісленні па пентазафасфатным шляху. Гексакіназа ёсць амаль ва ўсіх клетках жывёл, раслін і бактэрый. У розных арганізмаў і ў розных тканках гексакіназа прадстаўлена разнастайнымі ізаформамі (аднак усе каталізуюць адну і тую ж рэакцыю). Кафактарам гексакіназы з’яўляецца магній (Mg​2+). Актыўнасць гексакіназы рэгулюецца гармонамі (інсулінам, стэроіднымі гармонамі), рэзка тармозіцца прадуктам рэакцыі гексозафасфатам.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

1) лічбавы механізм, з дапамогай якога выконваюцца арыфм. аперацыі. Мае сістэму зубчастых колаў (аднаразрадных рэгістраў), злучаных міжразраднымі пераносамі. Пры запаўненні аднаго разраду бліжэйшы вышэйшы рэгістр павялічвацца на 1, а дадзены пераводзіцца ў нулявое становішча. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці, на транспарце, у камунальнай гаспадарцы для ўліку работы розных машын і прылад, падліку колькасці рэчыва, энергіі, пройдзенага шляху і інш. Гл. таксама Лічыльнік электрычны.

2) Прылада для рэгістрацыі імпульсаў у розных сродках аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш. Часта выкарыстоўваецца як блок лічбавай выліч. машыны. Гл. таксама Лічыльнікі ядзернага выпрамянення.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел механікі, які вывучае паўзучасць матэрыялаў. Блізкая да пластычнасці тэорыі і рэалогіі.

У сувязі з разнастайнасцю мех. уласцівасцей цвёрдых цел паўзучасць розных матэрыялаў трактуецца з розных пазіцый. Для металаў пераважна карыстаюцца тэорыяй цячэння (апісвае паўзучасць пры напружаннях, якія зменьваюцца павольна і манатонна), і тэорыяй умацавання (прыдатныя для прыблізнага аналізу кароткачасовай паўзучасці пры высокім узроўні напружанняў); для палімераў — тэорыяй спадчыннасці (вызначае поўную дэфармацыю і апісвае некаторыя складаныя з’явы, напр., эфект зваротнай паўзучасці).

Літ.:

Ржаницын АР. Теория ползучести. М., 1968;

Арутюнян Н.Х., Колмановский В.Б. Теория ползучести неоднородных тел. М., 1983.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАЛО́ГІЯ медыцынская,

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае выкарыстанне рэнтгенаўскага выпрамянення для даследавання будовы і функцыі органаў і сістэм, дыягностыкі хвароб чалавека і жывёл. Дае магчымасць вывучаць дзейнасць розных органаў, сачыць за дынамікай паталаг. працэсаў, выяўляць раннія формы захворванняў, якія працякаюць скрыта (напр., пухліны) і інш. Узнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў (1895). Асн. раздзелы — рэнтгенадыягностыка (распрацоўвае пытанні распазнавання пашкоджанняў і захворванняў розных органаў), мед. рэнтгенатэхніка (рэнтгенаўская апаратура); таксама ваенна-палявая Р. (арганізацыя, тэхн. аснашчэнне, методыкі рэнтгеналагічнага даследавання хворых у палявых умовах). У Р. выкарыстоўваецца лічбавая апрацоўка рэнтгенаўскіх відарысаў (гл. Рэнтгенаграмаметрыя).

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

С,

дзевятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай С («слова»), утворанай на аснове грэка-візант. Ϛ («сігма»), У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі «с», «с’» («столъ», «сила»), У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя пярэднеязычныя зычныя гукі «с», «с’» («сонца», «сяло», «сала»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНІ́ТНЫ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць зенітных пушак (адной ці некалькіх) і розных тэхн. сродкаў для выяўлення цэлі, аўтам. наводкі, вядзення агню і знішчэння паветр. цэлей артыл. агнём. Асн. яго элементы: зенітныя пушкі з боекамплектамі, станцыя гарматнай наводкі, прылада кіравання артыл. зенітным агнём ці выліч. прылада, сінхронная перадача і сістэмы сачэння, агрэгаты электрасілкавання, якія могуць размяшчацца на базе адной (зенітная самаходная ўстаноўка) ці на розных транспартных адзінках.

З.а.к. з’явіліся ў розных арміях у час Вял.

Айч. вайны. Са з’яўленнем зенітных ракетных комплексаў развіваліся гал. чынам малакаліберныя (да 60 мм) самаходныя З.а.к., прызначаныя для знішчэння паветр. цэлей на малых вышынях. Найб. дасканалымі з’яўляюцца зенітныя пушачна-ракетныя комплексы (ЗПРК), здольныя знішчаць самалёты, верталёты, крылатыя ракеты і інш. на выш. да 3500 м і адлегласцях да 8 км. Падраздзяленні ППА Узбр. Сіл Беларусі забяспечаны малакалібернымі З.а.к. ЗСУ-23-4 «Шылка», ЗУ-23-2, С-60, а таксама ЗПРК 2К22 «Тунгуска».

В.​М.​Бялько.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕРЦЫ́ЙНЫ РУХАВІ́К,

энергасілавая машына, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні энергіі інерцыйнага акумулятара (напр., махавіка). Выкарыстоўваецца для прыводу розных машын, трансп. сродкаў і інш.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСТАНО́ЎКА, з n элементаў,

размяшчэнне гэтых элементаў у якім-н. парадку. Усяго існуе n! = 1∙2∙3∙ ... ∙n розных П. Гл. таксама Камбінаторны аналіз.

т. 12, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЭНАМЕ́ТРЫЯ (ад біяцэноз + ...метрыя),

раздзел біяцэналогіі, які даследуе метады вывучэння розных параметраў і ўласцівасцяў біяцэнозаў і экасістэм (аналіз размеркавання асобін, шматмерная статыстыка, мадэліраванне і інш.).

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)