БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн. шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАКА́Л (цюрк. літар. белая барада),

у цюркскіх народаў пры першабытнаабшчынным ладзе галава роду, старэйшына; з развіццём феадалізму — прадстаўнік патрыярхальна-феад. знаці. Пазней аксакал — выбарны стараста, паважаны чалавек.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАФІ́ЛЫ [ад нітр... + філ(ы)],

арганізмы, якія лепш растуць на глебах, багатых злучэннямі азоту. Сярод раслін — грыбы, імхі, крапіва, лебяда, лён, маліны, пшаніца, скрыпень, сланечнік і інш.; сярод жывёл — жгуцікавыя роду нанахлорыс і інш.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЯРА́НЕЦ, гесперыдый,

плод раслін роду цытрус. Мае шчыльны скурысты афарбаваны пазаплоднік з мноствам эфіраалейных залозак; белы губчаты міжплоднік і тонкі скурысты ўнутрыплоднік. Ядомую ч. П. ўтвараюць сакавітыя валаскі ўнутрыплодніка.

Памяранец.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРНО́ВІЧЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду ўласнага герба «Бярновіч». Валодалі маёнткамі ў Менскім і Новагародскім ваяв. Выводзілі свой род з Прусіі ад 1560. Найб. вядомыя Бярновічы:

Ян, заснавальнік роду. Упершыню згадваецца ў 1683 як маёр войска ВКЛ. Стольнік вендэнскі. Юрый Вільгельм, стольнік вендэнскі з 1701, у 1704—07 на вайск. службе. Міхал (24.9.1734 — пасля 1802), староста крэўскі (1764), суддзя земскі новагародскі (1783), слуцкі падкаморы (1792) і павятовы маршалак (1795—1802). Заснаваў у сваім маёнтку Бабоўня мястэчка. Сэрвацы Станіслаў Антон 114.5.1784 — каля 1835), старшыня мінскага гал. і памежнага судоў, старшыня гал. судоў Мінскай губ., слуцкі павятовы маршалак (1808—11).

Л.​А.​Акаловіч.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл ад функцыі, зададзенай на якой-н. паверхні. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні фіз. задач.

Да П.і. зводзіцца, напр., задача вылічэння масы, размеркаванай па зададзенай паверхні з пераменнай паверхневай шчыльнасцю (П.і. 1-га роду), што вядзе да вылічэння двайных інтэгралаў (гл. Кратны інтэграл). Некаторыя задачы фізікі, напр., задача вызначэння патоку вадкасці праз зададзеную паверхню, зводзяцца да вылічэння П.і., дзе паверхня мяркуецца арыентаванай (мае зададзены дадатны напрамак нармалі да яе). Такія інтэгралы наз. П.і. 2-га роду і звязаны з трайнымі інтэграламі па аб’ёме, які абмежаваны зададзенай паверхняй (гл. Астраградскага формула), а таксама з крывалінейнымі інтэграламі ўздоўж замкнутага контуру, які абмяжоўвае зададзеную паверхню (гл. Стокса формула).

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — 14 5.1134),

князь полацкага роду Ізяславічаў, сын мінскага кн. Глеба Усяславіча. Упамінаецца ў гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава як полацкі князь. Верагодна, валодаў адным з удзелаў у Полацкай зямлі.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКС (франц. sexe ад лац. sexus пал),

сукупнасць псіхічных і фізіял. рэакцый, перажыванняў і ўчынкаў, звязаных з праяўленнем і задавальненнем палавой цягі (гл. Лібіда). Агульнай біял. асновай сексуальных паводзін з’яўляецца інстынкт працягу роду.

т. 14, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ МЕ́РА дзвюх або некалькіх аднародных велічыняў, велічыня таго ж роду, якая ўтрымлівае цэлы лік разоў ва ўсіх зададзеных велічынях. Дзве велічыні, што не маюць агульнай меры, наз. несувымернымі (гл. Сувымерныя і несувымерныя велічыні).

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МАТЭРАСУ, Аматэрасу-о-мікамі, Аматэрасу-но мікота,

у японскай міфалогіі і рэлігіі сінта вярх. багіня, увасабленне Сонца. Паводле міфаў, Аматэрасу паслала на зямлю свайго сына Нінігі, нашчадак якога Дзіму даў пачатак імператарскаму роду Японіі.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)