вырабы рамеснікаў-ганчароў 14—19 ст. у Гродне, выяўленыя на тэр.Гродзенскага Старога замка і Гродзенскага манастыра базыльянак. Найб. раннімі з’яўляюцца гаршковыя кафлі з круглым вусцем і дыяметрам донца 7—8 см. Кафлі 2-й пал. 16 ст. маюць каробкападобную румпу і квадратную паліваную або тэракотавую ўвагнутую вонкавую пласціну з адагнутай вонкі рамкай і выявай кветкі пасярэдзіне. На кафлі 17 ст. выявы барочнага характару з раслінным, геаметрычным, зааморфным арнаментам (часам у спалучэнні); некат. маюць выяву коннага рыцара. Кафлі 18 ст. вызначаюцца спрошчаным малюнкам і адсутнасцю рамкі, у канцы стагоддзя пачалі вырабляць размаляваныя кафлі з выявамі жанравых сцэн. На мяжы 19—20 ст. наладжана прамысл.вытв-сць кафлі ў стылі «мадэрн» з насычаным рэльефным малюнкам.
І.М.Чарняўскі.
Да арт.Гродзенская кафля. Кафляная печ. Пач. 20 ст.Да арт.Гродзенская кафля. Кафля зялёнай палівы з Гродзенскага кляштара базыльян. 2-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў студз. 1979 у г. Капыль. Мае 4 экспазіцыйныя залы
(пл. экспазіцыі 396 м²),
каля 13 тыс. экспанатаў (1997). Тэматычныя раздзелы: гісторыя краю ў дасав. перыяд; кастр. падзеі 1917 і грамадз. вайна на Капыльшчыне; сацыяліст. будаўніцтва: Вял. Айч. вайна і партыз. рух у краі; пісьменнікі — ураджэнцы Капыльшчыны; этнаграфія і побыт. Экспануюцца матэрыялы і л-ра па гісторыі населеных пунктаў раёна і Капыля, пра падзеі вайны 1812 і Вял.Айч. вайны 1941—45, узнікненне і разгортванне падполля і партыз. руху супраць ням.-фаш. акупантаў, пра вызваленне краю ад акупантаў, пра Герояў Сав. Саюза — ураджэнцаў Капыльшчыны, пісьменнікаў-землякоў і інш. У аддзеле этнаграфіі і побыту экспануюцца прылады працы, вырабы мясц.рамеснікаў, узоры нар. выяўленча-прыкладнога мастацтва 17—19 ст. У асобным памяшканні музея размешчана карцінная галерэя, дзе выстаўлены работы ўраджэнцаў Капыльшчыны, у т. л. мастака Расіі П.Розіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,
тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГСБУРГ (Augsburg),
горад у ФРГ, у зямлі Баварыя, у перадгор’ях Альпаў, у сутоках рэк Лех і Вертах (бас. Дуная). 264,8 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел на шляхах да альпійскіх перавалаў. Старажытны цэнтр тэкст., пераважна баваўнянай, прам-сці. Машынабудаванне (авіяцыйныя з-ды Месершміта, выпуск аўтамабіляў, рухавікоў, друкарскіх і канторскіх машын, рэактарнага абсталявання), металаапрацоўка, чыгуна- і сталеліцейная вытв-сць. У ваколіцах ГЭС, прадпрыемствы штучнага валакна, атамнага паліва і інш.Ун-т. Музеі. Абсерваторыя.
Аўгсбург узнік на месцы рым.ваен. лагера (лац. Augusta Vindelicorum, засн. ў 15 да нашай эры), цэнтр рым. правінцыі Рэцыя. Каля 6 ст.засн. Аўгсбургскае епіскапства. У 9—10 ст. набыў статус горада, у 1276 — правы вольнага імперскага горада. У 15—16 ст. адзін з гандл. і фін. цэнтраў Еўропы, важны цэнтр герм. Адраджэння. У Аўгсбургу заключаны Аўгсбургскі рэлігійны мір 1555. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор (11—15 ст), ратуша (пач. 17 ст.), пасёлак рамеснікаў «Фугерай» (16 ст.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ЧЫТА́ННІ,
форма культ.-асв. дзейнасці ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач, 20 ст. Праводзіліся ў губ. і пав. гарадах, мястэчках, сельскай мясцовасці камісіямі Н.ч., якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мін-ванар. асветы. Кантраляваліся дэпартаментам паліцыі і папячыцелямі навуч. акруг. Праходзілі ў гімназіях, школах, цэрквах, турмах, у час вайск. збораў. Прызначаліся для насельніцтва з нізкім узроўнем адукацыі — сялян, рамеснікаў, рабочых, моладзі. Мелі на мэце выхаванне ў насельніцтва вернападданніцкіх адносін да самадзяржаўя, пакорнасці ўладам, рэлігійнасці ў духу пануючага праваслаўя. Большая частка чытанняў прысвячалася рэліг. тэматыцы, але былі лекцыі па прыродазнаўстве, геаграфіі, рус. гісторыі і л-ры. У 1898 у Віцебску праведзена 8 чытанняў, у 1899—142. У Магілёве адпаведна 40, 91. Паводле звестак папячыцеля Віленскай навуч. акругі, у 1914 у Віленскай губ. адбылося 605 Н.ч., у Гродзенскай — 745, Мінскай — 399, Магілёўскай — 1284, Віцебскай — 1420. У Беларусі Н.ч. амаль не закраналі мясц. тэматыкі, мелі адносна невял. значэнне ў асвеце насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ КААПЕРА́ЦЫЯ,
добраахвотнае аб’яднанне дробных таваравытворцаў у прамысл.каап. арцелі. Існавала ў СССР у 1921—60. Мела на мэце садзейнічаць далучэнню саматужнікаў і рамеснікаў да гасп.буд-ва, павелічэнню выпуску тавараў шырокага ўжытку. развіццю нар.маст. промыслаў, павышэнню матэрыяльнага і культ. ўзроўню членаў арцелей. Гасп. дзейнасць П.к. будавалася на аснове статута. Арцелі аб’ядноўваліся ў каап.прамысл. саюзы паводле вытв. і тэр. прынцыпу ў горадзе, вобласці, краі, рэспубліцы, падпарадкоўваліся Цэнтр. савету прамысл. кааперацыі СССР (Цэнтрапрамсавет). Выпускалі будматэрыялы, мэблю, абутак, мелі прадпрыемствы тэкстыльнай, трыкатажнай, галантарэйнай, харч. вытв-сці, нар.маст. промыслаў, па здабычы і нарыхтоўцы мясц. відаў паліва і інш. На Беларусі арганізац. і кіруючым цэнтрам прамысл.каап. арцелей быў Белсаматужпрамсавет (з 1938 — Белпрамсавет). У 1950 у сістэме П.к. было 4270 прадпрыемстваў, на якіх працавала 51 тыс.чал. П.к. скасавана пастановай ЦККПСС і СМСССР ад 20.6.1960, яе прадпрыемствы сталі дзярж. формай уласнасці і перададзены ў сістэму мін-вамясц. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУФАКТУ́РА (позналац. manufactura ад лац. manus рука + factura выраб),
прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы; стадыя развіцця прам-сці, якая гістарычна папярэднічала буйной машыннай індустрыі. Узнікненне М. падрыхтавана развіццём рамесніцтва, таварнай вытв-сці, унутр. і знешняга гандлю, маёмасным расслаеннем сялян і рамеснікаў, паскорана першапачатковым накапленнем капіталу, вял.геагр. адкрыццямі, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы. Развілася з простай кааперацыі, фарміравалася пераважна двума шляхамі — аб’яднаннем у адной майстэрні рабочых розных спецыяльнасцей, калі гатовы прадукт атрымлівалі мех. злучэннем самаст. частковых прадуктаў (гетэрагенная М.), ці аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў адной спецыяльнасці з наступным раздзяленнем аднародных работ на больш дэталёвыя аперацыі, замацаваныя за асобнымі рабочымі (арганічная М.). З сярэдзіны 16 ст. М. ў Зах. Еўропе стала пануючай формай капіталіст. вытв-сці, у Расіі пашырылася ў 18 ст. У Беларусі першае прадпрыемства мануфактурнага тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, пабудаваная ў пач. 1720-х г. Дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура, прадпрыемствы, на якіх выраблялі сукно і інш. тавары. У 2-й пал. 18 ст. сярод М. на Беларусі вылучаліся Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (21 М.), заснаваныя па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза, якія выраблялі палатно, шоўк, сукно, дываны, габелены, паясы, металаапрацоўчую і інш. прадукцыю. Многія М. існавалі ў буйных феад. маёнтках. Новы этап у развіцці М. на Беларусі пачаўся пасля далучэння яе да Расіі; павялічылася іх колькасць, удасканальвалася тэхніка вытв-сці, больш шырока пачалі ўжывацца капіталіст. формы працы, з’явіліся новыя галіны прам-сці. У 1811 былі 33 М., на якіх працавала 1529 рабочых; у 1825 адпаведна 40 і 2880; у 1859—66 і 5740. Некат. М. былі вял. прадпрыемствамі, напр., на суконнай М. ў Хомску працавала больш як 500, на металургічнай у Налібаках — 600, на металургічнай і металаапрацоўчай у Старынцы — каля 900 рабочых. У канцы 1820-х г. М. Беларусі давалі больш за 10% тонкага сукна, 8% парусінавага палатна, больш за 50% аптэкарскага посуду ад агульнарас. вытв-сці. З развіццём М. падрыхтоўваўся прамысловы пераварот, М. выцясняліся фабрыкамі. Але многія прадпрыемствы мануфактурнага тыпу на Беларусі захаваліся і дзейнічалі на працягу 2-й пал. 19 і пач. 20 ст.
Літ.:
Романовский Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XVIII — первая половина XIX в.). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),
гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс.чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.
Літ.:
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,
антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́Й МІХА́ЙЛАВІЧ (19.3.1629—29.1.1676),
рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых. Сын Міхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.І.Марозавым, які з 1645 фактычна правіў у Маскве. Аляксей Міхайлавіч пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і зацвярджэнні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў «Прыказ тайных спраў». Правёў пасадскую (1649—52), царкоўную (гл.Раскол), мытныя (гл.Гандлёвы статут 1653, Новагандлёвы статут 1667), грашовую (1654—63) і інш. рэформы, рэарганізаваў узбр. сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне 1668—76, Сялянская вайна 1670—71. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654—56 каля 200 бел. гарадоў, мястэчак, замкаў, у т. л. Вільню, пасля чаго стаў тытулаваць сябе «ўсяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам»; раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. Вёў таксама вайну Расіі са Швецыяй 1656—58 і інш. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67.