агрэгатны стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым і газападобным. Фіз. ўласцівасці і структура (блізкі парадак) залежаць ад хім. прыроды часцінак вадкасці і характару ўзаемадзеяння паміж імі. Спалучае ўласцівасці цвёрдага (малая сціскальнасць, свабодная паверхня, трываласць на разрыў пры ўсебаковым расцягненні і інш.) і газападобнага (зменлівасць формы) рэчываў. Існуе пры т-рах у інтэрвале ад т-ры крышталізацыі да т-ры кіпення і цісках большых, чым у трайным пункце.
Цеплавы рух малекул вадкасці складаецца з ваганняў каля стану раўнавагі і рэдкіх пераскокаў з аднаго раўнаважнага стану ў іншы, чым абумоўлена асн. ўласцівасць вадкасці — цякучасць. Адрозненні паміж вадкасцю і газам знікаюць у крытычным стане; пры больш высокіх т-рах вадкасць не існуе ні пры якім ціску. Некат. рэчывы маюць некалькі вадкіх фаз (напр., квантавыя вадкасці, вадкія крышталі). Нераўнаважныя цеплавыя і мех. працэсы ў вадкасці. (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, электраправоднасць і інш.) вывучаюцца метадамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў; мех. рух вадкасці як суцэльнага асяроддзя вывучае гідрадынаміка, няньютанавы (структурна-вязкасныя) вадкасці — рэалогія.
Літ.:
Крокстон К. Физика жидкого состояния: Пер. с англ.М., 1978;
Динамические свойства твердых тел и жидкостей: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.
Літ.:
Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).
Літ.:
Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.
Джота ды Бандоне.Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУ́ЛЬТ (ад лац. insulto ускакваю),
апаплексія, «мазгавы ўдар», хуткае мясцовае, зрэдку дыфузнае парушэнне функцый мозга, абумоўленае прычынамі сасудзістага характару. Узнікае раптоўна як цяжкае ўскладненне атэрасклерозу, гіпертанічнай хваробы, хвароб сэрца, артэрый, крыві і інш. Выяўляецца агульнамазгавымі (страта прытомнасці, галаўны боль, ірвота і інш.), ачаговымі (парэзы, парушэнне мовы і інш.), менінгіяльнымі сімптомамі.
Адрозніваюць І.: ішэмічны (інфаркт мозга), гемарагічны (кровазліццё ўнутрымазгавое), субарахнаідальны (частата выяўлення 4:1:0,1). Ішэмічны І., або інфаркт мозга — найб. частая форма І. Развіваецца востра (секунды—мінуты), падвостра (гадзіны—дні), вельмі рэдка хранічна. Прычына — закупорка склератызаваных артэрый у выніку трамбозу ці эмбаліі, або гемадынамічныя парушэнні, што памяншаюць крываток і размякчаюць мозг. Найчасцей лакалізуецца ў сярэдняй мазгавой артэрыі. Сімптомы: слабасць канечнасцей на процілеглым баку цела (лева-правабаковы гемапарэз), афазія (пры левай лакалізацыі інфаркту), пры вострым цячэнні — страта прытомнасці і інш. Пры І. настае смерць ад ацёку лёгкіх, лёгачных і сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Гемарагічны І., або кровазліццё ўнутрымазгавое — найб. цяжкая форма І. Найчасцей бывае пры гіпертаніі; прычына — разрыў сасуда ці анеўрызмы, іншы раз — прасочванне крыві праз непашкоджаныя сасуды. Пры падвострым цячэнні — галаўны боль; іншыя сімптомы не выяўляюцца або ўзнікаюць пазней, ачаговыя закранаюць функцыі руху і мовы. Лячэнне медыкаментознае, зрэдку хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),
тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыўэканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1925—28 У КІТА́І,
нацыянальная рэвалюцыя, якая мела на мэце аб’яднанне Кітая пад уладай Нац. партыі (Гаміньдана, ГМД) і скасаванне ў краіне ўплыву імперыяліст. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі). Выклікана станам паліт. хаосу, у якім Кітай апынуўся пасля паражэння Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 і смерці ў 1916 прэзідэнта Кіт. Рэспублікі Юань Шыкая, калі ўлада на месцах апынулася ў руках мясц.ваен. правіцеляў — мілітарыстаў і Кітай фактычна перастаў існаваць як адзіная дзяржава. Рух 4.5.1919 спрыяў уздыму ў краіне грамадска-паліт. актыўнасці, на хвалі якой лідэр кіт. нацыяналістаў Сунь Ятсен абвясціў у кастр. 1919 пра стварэнне ГМД. У крас. 1921 ч. дэпутатаў кіт. парламента, які быў разагнаны мілітарыстамі ў 1917, на сходзе ў г. Гуанчжоў абрала Сунь Ятсена прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, але яго ўрад не прызнала міжнар, супольнасць. У гэтых умовах у 1922—23 Сунь Ятсен заключыў саюз з СССР і Камуністычным інтэрнацыяналам. У абмен на фін. і ваен. дапамогу ён пагадзіўся на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй (КПК). На 1-м кангрэсе ГМД (студз. 1924) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б). Пры дапамозе сав.ваен. саветнікаў (М.В.Блюхер і інш.) на Пд Кітая створана Нац.-рэв. армія (НРА) Расстрэл 30.5.1925 паліцыяй брыт. сетльмента (квартал для іншаземцаў з уласнай адміністрацыяй) студэнцкай дэманстрацыі ў Шанхаі рэзка актывізаваў антыімперыялістычны рух у краіне. 1.7.1925 ГМД стварыў у Гуанчжоў Нац ўрад на чале з Ван Цзінвэем. У выніку 1-га этапу Паўночнага паходу 1926—28 (ліп. 1926 — сак. 1927) Нац. ўрад пашырыў сваю ўладу на Пд ад р. Янцзы, у т. л. на такія буйныя гарады, як Шанхай, Нанкін і Ухань. Адначасова павялічваліся супярэчнасці паміж ГМД і КПК, якая заклікала да разгортвання шырокай агр. рэвалюцыі, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва ГМД і афіцэраў. Лідэр правых гаміньданаўцаў Чан Кайшы (галоўнакамандуючы НРА) адмовіўся падпарадкавацца Нац. ўраду, які знаходзіўся ў г. Ухань, абвясціў у крас. 1927 пра разрыў з КПК і пачаў супраць яе рэпрэсіі, потым стварыў у Нанкіне ўласны ўрад. Уханьскі нац. ўрад працягваў супрацоўніцтва з КПК. Кіраўніцтва КПК палічыла, што ў Кітаі склаліся перадумовы для сацыяліст. рэвалюцыі і ў ліп. 1927 ініцыіравала разрыў з уханьскім ГМД. У адказ той пачаў рэпрэсіі супраць КПК. Камуніст. паўстанні ў жн.—снеж. 1927 пацярпелі паражэнне (гл.Наньчанскае паўстанне 1927). У лют. 1928 адноўлена адзінства ГМД і створаны аб’яднаны Нац. ўрад на чале з Чан Кайшы. У выніку 2-га этапу Паўн. паходу (крас.—снеж. 1928) б.ч. Кітая прызнала ўладу нац. ўрада, што дазволіла кіраўніцтву ГМД абвясціць у кастр. 1928 пра сканчэнне ваен. этапу нац. рэвалюцыі.
Літ.:
Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;
Делюсин Л.П., Костяева АС. Революция 1925—1927 гг. в Китае: пробл. и оценки. М., 1985;
ВКП(б), Коминтерн и национально-революционное движение в Китае: Док. Т. 1—3. М., 1994—98;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.
Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10−3мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм², мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФТ (англ. rift трэшчына, разлом),
буйная лінейна выцягнутая (на сотні кіламетраў, часта больш за 1 тыс.км, шыр. ад 5—20 да 200—400 км) адмоўная шчылінападобная або ровападобная структура расцяжэння зямной кары глыбіннага паходжання, абмежаваная разломамі скідавага тыпу. Тэрмін прапанаваны англ. геолагам Дж.Грэгары ў 1896. Сучасныя Р. выражаны ў рэльефе ў выглядзе глыбокіх далін; стараж. пахаваныя Р. запоўнены магутнымі тоўшчамі асадкавых парод. Р. звычайна складаецца з серыі разрываў, сярод якіх пераважаюць скіды. Нахіл паверхні скідаў 60—70°, верт. амплітуда перамяшчэнняў па іх дасягае 5 км. У межах Р. часта ўтвараюцца горсты і грабены. Адрозніваюць Р. ўнутрыкантынент, сучасныя (Байкальская, Усх.-Афрыканская рыфтавыя сістэмы і інш.) і стараж. пахаваныя (Прыпяцка-Данецкі, Пачалмскі і інш.), міжкантынент. (Чырвонага м., Адэнскага і Каліфарнійскага зал.) і ўнутрыакіянічныя, што ўскладняюць восевыя ч. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Вельмі вял. Р. наз. рыфтавымі паясамі або сістэмамі. Сукупнасць такіх структур утварае на паверхні Зямлі адзіную сусветную сістэму. Працэс фарміравання Р. звязаны з глыбіннай дыферэнцыяцыяй рэчыва мантыі Зямлі, утварэннем астэналітаў і лінз анамальнай разагрэтай і расшчыльненай мантыі ў падэшве літасферы і замяшчэннем ёю рэчыва ў ніжняй ч. літасферы. Гэта прыводзіць да тэрмічнага расшырэння літасферы, ізастатычнага падняцця і стварэння напружанняў расцяжэння. Існуе некалькі гіпотэз паходжання Р.: утварэнне іх у восевай ч. скляпенневага падняцця за кошт напружанняў расцяжэння, што ўзнікаюць пры выгінанні скляпення; рассоўванне зямной кары пры гарыз. перамяшчэнні пліты; разрыў зямной кары ў выніку аднабаковага цячэння рэчыва яе ніжняй пластычнай ч. ў бок акіяна (на фронце цячэння ў паслабленай зоне); утварэнне Р. над глыбінным мантыйным астэналітам з расцяканнем яго рэчыва ў падэшве кары ў процілеглыя бакі, што прыводзіць да яе расцяжэння. З працэсамі фарміравання Р. звязаны развіццё і дэструкцыя кантынент. і акіянічнай літасферы, утварэнне акіянаў, нараджэнне новай акіянічнай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́ЛЬЯ, Ангуіла (Anguilla),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс.чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).
Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.