Дзевяты пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі СССР 1971—75 4/173—174; 5/351; 8/668
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры СССР 1/106; 5/324, 348; 8/666—667
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА І РАЗВІЦЦЯ́ (Organization for Ekonomic Cooperation and Development; АЭСР),
міждзяржаўная арг-цыя. Створана ў 1961 у Парыжы. Уваходзяць 18 еўрап. краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Турцыя (1994). Асн. мэты арг-цыі — імкненне да эканам. росту, павышэння ўзроўню жыцця і занятасці насельніцтва, падтрыманне фін. стабільнасці праз лібералізацыю міжнар. гандлю і руху капіталу, праз каардынацыю эканам. дапамогі менш развітым краінам. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўлена пастаяннай дэлегацыяй у Савеце АЭСР. Штаб-кватэра ў Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (European Bank for Reconstruction and Development; ЕБРР),
спецыялізаваная міжнар.эканам.арг-цыя. Створаны ў 1991. Чл. ЕБРР — 57 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Месца знаходжання — г. Лондан. Мэта ЕБРР — фін. падтрымка краін Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакр. прынцыпам (шматпарт. дэмакратыя, плюралізм, рыначная эканоміка), садзейнічанне іх пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва. Устаноўчы капітал банка 10 млрд. ЭКЮ. Гал. органы — Савет кіраўнікоў, Савет дырэктараў, Кансультатыўны савет па пытаннях навакольнага асяроддзя. Мае прадстаўніцтвы ў краінах, якім аказваецца дапамога, у т. л. на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІ ФОНД ЭКАНАМІ́ЧНАГА І САЦЫЯ́ЛЬНАГА РАЗВІЦЦЯ́ (Arab Fund for Ekonomicand Social Development; АФЭСР),
міжнародная фінансава-крэдытная арг-цыя. Засн. ў 1968. Члены — 21 краіна Блізкага Усходу і Паўн. Афрыкі. Штаб-кватэра ў Кувейце. Мэта: садзейнічаць эканам. і сац. прагрэсу арабскіх краін, даючы ім крэдыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАЛОГІЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ. БЕЛАРУСКАЯ МАДЭЛЬ РАЗВІЦЦЯ
Ідэалогія бел. дзяржавы — гэта сацыяльна значная, тэарэтычна аформленая сістэма ідэй і поглядаў, якія фарміруюць пэўны спосаб грамадскага сацыяльна-групавога мыслення, абараняюць у абавязковай для ўсяго грамадства форме інтарэсы і каштоўнасці дзяржавы, вызначаюць мэты, шляхі і сродкі іх рэалізацыі з дапамогай дзяржавы.
Тэрмін «ідэалогія» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф А.Д. дэ Трасі ў 1796. У яго разуменні ідэалогія — гэта навука пра агульныя законы паходжання чалавечых ідэй з пачуццёвага вопыту, якая павінна ляжаць у аснове ўсяго комплексу навук аб прыродзе і грамадстве. Яе гал. прынцыпы павінны складаць аснову палітыкі. У далейшым паняцце «ідэалогія» ў розных палітыкаў і тэарэтыкаў набывала як пазітыўную, так і негатыўную афарбоўку. К.Маркс і Ф.Энгельс атаясамлівалі ідэалогію з перавернутымі формамі свядомасці, уяўнай рэальнасцю, ілюзіямі. У.І.Ленін, узвёўшы марксізм у ранг ідэалогіі пралетарыяту, надаў ёй статус абавязковага і непарушнага патрабавання пры выпрацоўцы паліт. рашэнняў. Пазней намаганнямі многіх мысліцеляў, інстытутаў, навук. цэнтраў даследаванні ў гэтай галіне прадоўжаны, зроблена тлумачэнне, вызначэнне ролі ідэалогіі ў паліт. працэсе. У ходзе навукова-тэхн. рэвалюцыі значнае развіццё атрымалі ідэі дэідэалагізацыі грамадства. На змену ідэалаг. перавагам прапанавана прыярытэтная роля навукова-тэхн. інтэлігенцыі, арганізатараў вытворчасці. У 1970-я г. ідэі ідэалагізацыі (рэідэалагізацыі) набылі новы сэнс. Ва ўмовах інфармац. грамадства з яго арыентацыяй перш за ўсё на асобу гэта тэндэнцыя стала вызначальнай. Распад СССР нанёс моцны ўдар па ідэалогіі, якая панавала на значнай частцы планеты. Але ён зусім не паўплываў на асновы ідэалаг. забеспячэння ўсіх сфер грамадскага і дзярж. жыцця. Слабай аказалася не столькі ідэалогія, колькі дагматызм, застой, устарэласць падыходаў, закасцянеласць думкі, што вызначалі яе.
У наш час ідэалогія становіцца ўсё больш абавязковым кампанентам дзяржавы, эфектыўным інструментам улады. Ад яе месца ў паліт. працэсе ў значнай ступені залежыць эфектыўнасць механізму ўладных рашэнняў. Жыццё і практыка дзярж. кіравання пацвярджаюць, што стабільнасць у дзяржаве і грамадстве нельга звязваць толькі са сферай эканомікі, валюты, грашова-крэдытных адносін, вырашэннем сац. праблем. Усё больш істотнае значэнне набываюць выразна сфармуляваныя ідэалаг. прынцыпы і патрабаванні, у якіх людзі бачаць сваю ролю, усведамляюць свае паліт. інтарэсы, імкненні і ў адпаведнасці з гэтым вызначаюць сваю жыццёвую пазіцыю і месца ў грамадстве. Ідэалогія дапамагае рэальна звяраць кожны крок дзяржавы па крытэрыях паступальнага руху планеты, пастаянна мець на ўвазе ўсе састаўныя часткі гэтага няпростага працэсу. Ідэалогія становіцца не толькі неабходнай і абавязковай для ўсіх краін, але і адбываецца аптымізацыя ўсіх яе складальнікаў і характэрных рыс, становяцца агульнымі яе функцыі: тэарэтыка-пазнавальная (дазваляе вызначаць аб’ектыўныя тэндэнцыі развіцця, рэальна ацэньваць ідэалаг. сітуацыю); інтэграцыйная (забяспечвае пераемнасць вопыту і базісных каштоўнасцей); селекцыйная (дае магчымасць зрабіць неабходны выбар); матывацыйная (прымушае да дзеяння); арыентацыйная (вызначае сістэму сэнсаў і арыентацый дзеяння); мабілізацыйная (мабілізуе на выкананне сац.-паліт. праграм і мэт); дэмпферная (садзейнічае зняццю сац. напружанасці); выхаваўчая (вызначае мэты і сродкі выхавання); інавацыйная (садзейнічае станаўленню сац. каштоўнасцей і норм).
Як сістэма паліт., прававых, маральных поглядаў і ідэй ідэалогія выпрацоўвае ў людзей неабходныя грамадству і дзяржаве каштоўнасныя арыенціры, фарміруе пэўныя перакананні, валявыя якасці, заахвочвае людзей да свядомага выканання пастаўленых задач, фіксуе і адлюстроўвае асн. тэндэнцыі магчымага развіцця дзяржаўнасці. Яна выхоўвае грамадзян, дапамагае ім арыентавацца ў складаным акружэнні, выпрацоўвае ў іх вышэйшую сістэму каштоўнасцей, дапамагае ў захаванні пазітыўных гіст., культ., духоўных традыцый; выступае ў якасці сістэмы дзеянняў (скіраваны на забеспячэнне жаданага ўспрыняцця людзьмі стратэг. мэт дзяржавы і грамадства), якая надае сэнс эканам., сац. і паліт. аспектам жыцця, апраўдвае іх, вызначае неабходныя спосабы і стымулы іх актывізацыі. Важным патрабаваннем у выпрацоўцы неабходнай дзяржаве і грамадству ідэалогіі з’яўляецца вызначэнне і вылучэнне іх базісных мэтавых каштоўнасцей: сац. парадку (прадугледжваюць адказнасць дзяржавы і грамадзяніна на шляху дасягнення ўсеаг. даброт); эканам. характару (базіруюцца на роўнасці і разнастайнасці форм уласнасці, забеспячэнні высокай выніковасці ў сферы эканомікі і гаспадарання); роўнасці ўмоў і магчымасцей для ўсіх грамадзян; свабоды (забяспечваюць духоўна-маральнае развіццё ўсіх грамадзян); сац.развіцця (асабліва неабходныя ў ходзе развіцця чалавечага патэнцыялу). Базіруючыся на гэтых каштоўнасцях, а таксама на нац. інтарэсах, ідэалогія знаходзіць сваё змястоўнае ўвасабленне ў абгрунтаванні пэўнай формы паліт. улады, дзейнасці яе інстытутаў. Яна дае ўяўленне пра дзярж. лад, метады і сац.-эканам. сродкі пераўтварэнняў, фарміруе грамадскія ідэалы, абгрунтоўвае іх патрэбнасць і значнасць, вызначае эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт, механізмы ўладных пераўтварэнняў, садзейнічае аб’яднанню людзей у адзінае сац. цэлае.
Асн. палажэнні ідэалогіі бел. дзяржавы замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта — дзярж. суверэнітэт краіны, унітарны характар бел. дзяржавы, сацыяльна арыентаваная скіраванасць эканомікі, забеспячэнне рэальных гарантый правоў і свабод грамадзян, прынцып вяршэнства ўлады, народаўладдзе, справядлівасць, салідарнасць і партнёрства ў адносінах паміж рознымі сац. сіламі, верацярпімасць і свабода сумлення. Канстытуцыйныя асновы, што вызначаюць змест ідэалогіі, базіруюцца на сукупным духоўным вопыце народа, яго нац. свядомасці, сталых формах жыцця, звычаях і сац.-маральных каштоўнасцях, выпрацаваных на працягу многіх стагоддзяў духоўна-культ. і агульнапаліт. гісторыі і асэнсаваных у адпаведнасці з сучаснымі ўмовамі функцыянавання дзяржавы. Сучаснасць патрабуе таксама выразнага вызначэння неабходных каштоўнасцей асобы як носьбіта і гал. іх спажыўца. Сярод іх: светапоглядныя (гуманізм, патрыятызм, калектывізм), сэнсажыццёвыя (даюць уяўленні пра дабро, зло, шчасце, сэнс жыцця), універсальныя (тычацца жыцця, здароўя, дабрабыту, бяспекі, адукацыі, прафесіі, сямейных і родавых адносін), дэмакратычныя (умешваюцца ў сферу свабоды слова, сумлення, удзелу ў фарміраванні органаў улады і кіравання, нац. суверэнітэту), грамадскага прызнання вынікаў працы і забеспячэння, міжасобасных зносін у абставінах сумленнасці, бескарыслівасці і добразычлівасці. Гэта ўзаемазвязаныя працэсы, якія ў наш час набываюць усё большае значэнне пры іх комплекснасці, сістэмным выкарыстанні.
Гал. элементам пры вызначэнні асноў ідэалогіі дзяржавы выступае здаровая і квітнеючая эканоміка, якая забяспечвае годнае жыццё народа, з’яўляецца важнейшай умовай дасягнення паліт. стабільнасці ў грамадстве, міру і спакою ў дзяржаве. Эканоміка абслугоўваецца людзьмі і трымаецца на людзях з іх інтарэсамі і поглядамі. Канчатковая мэта ўсякага гаспадарання вызначаецца індывідуальнымі патрэбнасцямі людзей. У апошні час атрымала прызнанне бел. мадэль грамадска-паліт. і эканам.развіцця, якая з’яўляецца патрэбай гіст. абставін і часу, вынікае з сусв. і айч. вопыту. Па сваім змесце гэта комплексная, даволі складаная з’ява, што азначае стварэнне і ідэалаг. падтрыманне сацыяльна актыўнай эканомікі, якая забяспечвае высокую адаптацыю да зменлівых умоў, выяўляецца найперш ва ўзроўні канкурэнтаздольнасці бел. прадпрыемстваў. Бел. мадэль развіцця побач з інтэнсіфікацыяй эканомікі і павышэннем узроўню жыцця грамадзян, вырашэннем іх сац. праблем забяспечвае дасягненне гармоніі паміж людзьмі, грамадствам і прыродай, ліквідуе супярэчнасці паміж рэгіёнамі з розным узроўнем развіцця, паміж багатымі і беднымі, сучасным і будучым пакаленнямі, існуючымі стэрэатыпнымі патрэбнасцямі людзей і іх разумнымі патрэбамі. Яна прадугледжвае кардынальную экалагізацыю гасп. дзейнасці, уключае новыя прыярытэты ў дэмаграфічнай палітыцы, захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, рацыяналізацыю іх спосабу жыццядзейнасці і побыту, сац. абароненасць, адраджэнне духоўнасці ў яе свецкай і рэліг. формах, апераджальнае развіццё навукі, адукацыі, культуры і інш. Важнай умовай паспяховай рэалізацыі яе складальнікаў з’яўляецца і тое, што эканам. і сац. праблемы вырашаюцца на фоне павышэння рэгулявальнай ролі эфектыўнай дзяржавы, дзе рыначныя адносіны маюць не толькі кіруемы з боку дзяржавы, але і планава падрыхтоўчы характар. Бел. мадэль развіцця прадугледжвае таксама меры па ўзмацненні і расшырэнні дэмакр. асноў кіравання дзяржавай, усімі сферамі яе дзейнасці, вызначаны парадак улады, адбору людзей у яе структуры і кантролю з боку грамадзян за іх дзейнасцю. Эканам. і ідэалаг. сродкамі неабходна стварыць моцную эканоміку, магутную прававую дзяржаву, сфарміраваць грамадз. супольнасць, забяспечыць, каб у навакольным свеце месца краіны было важкім, а жыццё народа — дастойным і забяспечаным. У бел. мадэлі развіцця належнае месца займаюць пытанні выпрацоўкі новага светапогляду і пошуку прынцыпова новых філас. і культуралаг. арыентацый. Ідэалаг. асновы тут складаюць фундамент адзінства, унутр. цэласнасці і адначасова ўтрымліваюць мэтанакіраваную праграму сац. жыццядзейнасці народа, грамадства і дзяржавы. Ідэалогія, уваходзячы ў паліт. свядомасць людзей, адлюстроўваючы іх інтарэсы і сац. жыццё, выконвае важную мабілізацыйную ролю, выступае ў якасці пабуджальнага матыву паліт. дзеяння.
Літ.:
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Система образования Республики Беларусь в цифрах, 1940—1999. Мн., 1999;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Социально-политическая ситуация Беларуси: проблемы и перспективы: По материалам социол. мониторинга: Сб. науч. тр.Мн., 2000;
Образование в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Политические партии: Беларусь и современный мир. Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003;
Республика Беларусь в цифрах: Краткий стат. сб. Мн., 2003;
Шинкарев В.В., Вартанова Л.В. Идеология государственности и общественного развития Республики Беларусь. М., 2003;
Яскевич Я.С.Основы идеологии белорусского государства. Мн., 2003;
Бабосов Е.М. Основы идеологии современного государства. Мн., 2004;
Михеев В.М. Идеология: размышления и выводы. Мн., 2004. І.І.Гвардзееў (народная гаспадарка), Э.С.Ярмусік (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), Н.У.Васілеўская (адукацыя, навука), В.В.Шынкароў (ідэалогія беларускай дзяржавы, беларуская мадэль развіцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІЧНАЯ БУДОВА І ГІСТОРЫЯ ГЕАЛАГІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ
Тэрыторыя Беларусі размешчана на захадзе старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы, у будове якой вылучаюць 2 асн. ярусы — крышталічны фундамент і платформавы чахол. Крышталічны фундамент складзены пераважна з метамарфічных і магматычных парод архейска-раннепратэразойскага ўзросту. Глыбіня яго залягання ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км, а на поўдні краіны ў межах Украінскага шчыта пароды фундаменту выходзяць на паверхню. Платформавы чахол складзены з асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод верхняга пратэразою (рыфею, венду) і ўсіх перыядаў фанеразою: кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і чацвярцічнага (антрапагену).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ КРЫШТАЛІЧНАГА ФУНДАМЕНТУ.
Паводле саставу, умоў залягання і паходжання горных парод у крышталічным фундаменце Беларусі вылучаюць рэчыўныя комплексы 3 тыпаў: метамарфічныя стратыфікаваныя, ультраметамарфічныя і магматычныя нестратыфікаваныя. Метамарфічныя стратыфікаваныя комплексы парод узніклі пры метамарфізме асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод, якія першапачаткова мелі пластападобнае заляганне. Яны складаюць аснову стратыграфічнага расчлянення парод фундаменту. Сярод іх вылучаны рудзьмянская тоўшча, шчучынская і кулажынская серыі (ніжні архей), азёрская, ператоцкая і юравіцкая тоўшчы (верхні архей — ніжні пратэразой), аколаўская і жыткавіцкая серыі, бялёўская світа (ніжні пратэразой). Да аколаўскай серыі прымеркавана Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў. Ультраметамарфічныя комплексы парод з’яўляюцца прадуктам пераўтварэння метамарфічных парод ва ўмовах павышэння тэмпературы і прытоку флюідаў, чым абумоўлена іх частковае плаўленне. Магматычныя комплексы парод утварыліся ў выніку крышталізацыі магматычных расплаваў на глыбіні ў выглядзе інтрузіўных цел, якія перарываюць пароды метамарфічных і ультраметамарфічных комплексаў.
На працягу архею (пачатак — больш за 3,9 млрд. гадоў назад) на месцы лінейнай зоны расцяжэння і інтэнсіўнага базальтавага магматызму, прымеркаванай пераважна да Беларуска-Прыбалтыйскага гранулітавага пояса, адбывалася намнажэнне базітавых, вулканагенна-асадкавых і тэрыгенных тоўшчаў, якія падвергліся складкавасці, рэгіянальнаму гранулітаваму метамарфізму, эндэрбітызацыі і чарнакітызацыі. Сфарміраваўся чарнакіт-гранулітавы мегакомплекс парод. Лакальна праявіўся гранітоідны магматызм. У выніку протаакіянічная зямная кара была пераўтворана ў кару пераходнага тыпу з маламагутным і нявытрыманым гранітным слоем. У познім археі — раннім пратэразоі (каля 2,5 млрд.г. назад), на складкавым грануліта-гнейсавым фундаменце пачалі развівацца вялікія прагіны, найбуйнейшым з якіх быў Цэнтральнабеларускі (у далейшым Цэнтральнабеларуская гранітагнейсавая зона). У гэтых прагінах намнажаліся магутныя эфузіўна-граўвакавыя і флішоідныя тоўшчы, тыповыя для пераходнай стадыі развіцця зямной кары. Яны падвергліся складкаўтварэнню і рэгіянальнаму метамарфізму. З гэтымі працэсамі звязана пашыранае гранітаўтварэнне. У выніку сфарміраваны гранітагнейсавы мегакомплекс, а зямная кара пераходнага тыпу ператварылася ў кантынентальную з паўсюдна развітым гранітным слоем. У другой палавіне ранняга пратэразою (1,9—1,65 млрд. гадоў назад) у выніку неаднаразовага чаргавання сціскання і расцяжэння зямной кары і адпаведнай змены гранітоіднага магматызму базальтавым быў утвораны вулканаплутанічны мегакомплекс парод з пераважаннем гранітоідаў, які развіты ў межах Осніцка-Мікашэвіцкага вулканаплутанічнага пояса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ ПЛАТФОРМАВАГА ЧАХЛА.
У познім пратэразоі пачаў фарміравацца чахол платформы. Першыя яго ўтварэнні, прымеркаваныя да асобных паніжэнняў фундаменту, датуюцца раннім рыфеем (пачатак — каля 1,65 млрд. гадоў назад). Гэта вулканагенныя пароды і моцна змененыя катагенезам кварцавыя пясчанікі, якія залягаюць пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Беларусі. Пазней на асобных участках Бабруйскага пахаванага выступу, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіну ва ўмовах субарыднага клімату камяністай пустыні намнажаліся эолавыя пяскі, пазней ператвораныя ў пясчанікі. У сярэднім рыфеі (пачатак — каля 1,35 млрд. гадоў назад) адбылося залажэнне Валына-Аршанскага прагіну, які шырокай паласой перасек усю тэр. Беларусі з ПдЗ на ПнУ. Да прагіну быў прымеркаваны ўнутрыкантынентальны мелкаводны марскі басейн, у якім намножыліся чырванаколерныя сярэдне-, дробна- і тонкаабломкавыя асадкі магутнасцю больш за 400 м. На ПдУ і на ПнЗ ад басейна асадканамнажэння размяшчаліся вобласці зносу абломкавага матэрыялу. Да канца сярэдняга — пачатку позняга рыфею (каля 1 млрд. гадоў назад) асадканамнажэнне працягвалася толькі ў паўн.-ўсх. частцы Валына-Аршанскага палеапрагіну. Тэр. на поўдзень ад лініі Слуцк—Старобін—Жлобін стала сушай. На працягу позняга рыфею ў цэнтр. і ўсх. частках Беларусі (Аршанская ўпадзіна) асадканамнажэнне адбывалася ў невялікім мелкаводным басейне з нармальна марской або некалькі павышанай салёнасці вадой. Намнажаліся тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя і карбанатныя адклады, у т. л. першыя арганагенныя ўтварэнні — водарасцевыя даламіты. Да канца рыфею ўся тэр. Беларусі стала сушай.
У раннім вендзе (пачатак — каля 650 млн.г. назад) большая частка тэр. Беларусі была ахоплена покрыўным зледзяненнем, у час якога ўтварыўся магутны комплекс ледавіковых, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Найб. магутныя тоўшчы (больш за 300 м) ледавіковай фармацыі ўстаноўлены на поўдні Аршанскай упадзіны і на паўн. схіле Жлобінскай седлавіны. У разрэзах перыядычна чаргуюцца гарызонты тылітаў (стараж. марэн), патокава-ледавіковых пясчаных парод і азёрна-ледавіковых слаістых глін, што сведчыць пра некалькі фаз зледзянення. На пачатку позняга венду (каля 620 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі ўяўляла сабой перасечаную раўнінную сушу, на якой фарміраваліся маламагутныя пралювіяльна-алювіяльныя комплексы дрэннасартаваных буйна- і грубазярністых чырванаколерных пясчаных адкладаў. Такія комплексы ўстаноўлены на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Позні венд адзначаны актыўным вулканізмам, гал. месцам яго дзеяння была Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, дзе сфарміравалася трапавае плато, утворанае покрывамі базальтаў, дыябазаў, лавабрэкчый з праслоямі туфаў і туфітаў (магутнасць да 300 м). Вулканічныя вывяржэнні адбываліся ў кантынентальных і марскіх умовах. Вулканакластычны матэрыял быў вельмі пашыраны. Значныя тоўшчы туфаў, туфітаў, туфагенных асадкавых парод, прадуктаў гразевых вулканічных патокаў намножыліся на тэр. Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны, Беларускай антэклізы, ПнЗ Прыпяцкага прагіну. Пасля заканчэння вулканічнай актыўнасці абломкавы вулканічны матэрыял у выніку размыву трапавага плато яшчэ доўга паступаў на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны і паўн.-ўсх. схілы Беларускай антэклізы, дзе ў марскіх умовах адбывалася намнажэнне пясчана-алеўрыта-гліністых асадкаў.
У кембрыйскі перыяд палеазойскай эры (пачатак — каля 570 млн. гадоў назад) неглыбокія марскія басейны, дзе намнажаліся пясчана-гліністыя асадкі, былі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне (магутнасць адкладаў да 436 м) і на крайнім ПнЗ Беларусі (схілы Бел. антэклізы і Балтыйскай сінеклізы, адклады магутнасцю да 150 м). Гэтыя ж мелкаводныя басейны захоўваліся і ў ардовікскі (пачатак — каля 500 млн. гадоў назад) і сілурыйскі (пачатак — каля 440 млн. гадоў назад) перыяды. Але ў гэты час тут намнажаліся выключна карбанатныя адклады (вапнякі, мергелі, радзей даламіты). Магутнасць ардовікскіх утварэнняў на ПнЗ краіны больш за 150 м, на ПдЗ — да 40 м, сілурыйскіх адпаведна да 65 м і 650 м.
У дэвонскі перыяд (пачатак — каля 410 млн. гадоў назад) тоўшчы разнастайных горных парод намножыліся на большай частцы тэр. Беларусі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне іх магутнасць 10—100 м, Аршанскай упадзіне да 450 м, у Прыпяцкім прагіне да 4500 м. У пачатку раннедэвонскай эпохі (лохкаўскі век) асадканамнажэнне адбывалася толькі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе сфарміраваліся марскія карбанатныя адклады ва ўмовах, спрыяльных для існавання бентасу (імшанкі, брахіяподы, крынаідэі) і водарасцей. У канцы лохкаўскага веку мора поўнасцю адышло з тэр. Беларусі. У эмскі век раннедэвонскай эпохі Аршанская ўпадзіна, Латвійская і Жлобінская седлавіны, усх. схілы Беларускай антэклізы, асобныя ўчасткі Прыпяцкага прагіну былі заняты мелкаводным морам, дзе намнажаліся пясчанікі, гравеліты, мергелі, вапнякі, даламіты, у т. л. водарасцевыя і аалітавыя. Іх сучасная магутнасць больш за 20 м. Мора сярэднедэвонскай эпохі мела тыя ж межы, што і ў раннім дэвоне, а ў эйфельскім веку яно поўнасцю залівала Прыпяцкі прагін. Салёнасць вады ў ім мянялася ад некалькі паніжанай (акумуляваліся пясчаныя адклады) да вельмі высокай (утвараліся пласты гіпсу, ангідрыту, на асобных участках Прыпяцкага прагіну — каменнай солі). У месцах з нармальнай салёнасцю марской вады намнажаліся карбанатныя і глініста-карбанатныя пароды з рэшткамі фауны. Магутнасць эйфельскіх адкладаў ад 10 м на схілах Бел. антэклізы да 100 м у Аршанскай упадзіне і Прыпяцкім прагіне. У жывецкі век сярэдняга дэвону мора некалькі адступіла з усх. схілаў Бел. антэклізы, астатнія контуры захаваліся. Мора было мелкаводным; у 1-й палавіне веку ў ім намнажаліся пераважна пясчана-алеўрытавыя адклады, у 2-й — глініста-карбанатныя. Магутнасць жывецкай тоўшчы дасягае 185 м. У пачатку і сярэдзіне франскага веку познадэвонскай эпохі на ПнУ і ПдУ Беларусі ў мелкаводных марскіх умовах намнажаліся напачатку пясчана-гліністыя, потым карбанатныя асадкі, часам — сульфатны матэрыял. На пэўных адрэзках часу ствараліся ўмовы, спрыяльныя для жыцця страматапараідэй, каралаў, і фарміраваліся арганагенныя пабудовы (рыфы). У канцы франскага веку на У краіны сфарміраваліся 2 зоны (паўн. і паўд.), якія развіваліся да канца дэвону. Паўночная зона (усх. і паўд.-ўсх. раёны Аршанскай упадзіны) ахоплівала невялікую плошчу, занятую мелкаводным марскім басейнам, дзе ў тэктанічна спакойных умовах намножыліся маламагутныя карбанатныя і карбанатна-гліністыя адклады. У паўднёвай зоне ў гэты час фарміравалася тэктанічна актыўная структура — Прыпяцкі прагін (рыфтавы грабен), да якога прымеркаваны гал. карысныя выкапні Беларусі — каменная і калійныя солі, нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, прамысловыя расолы і інш. За перыяд з канца франскага веку па фаменскі век позняга дэвону ўключна ў Прыпяцкім прагіне сфарміраваліся верхняя частка падсалявой карбанатнай тоўшчы, ніжняя саляносная, міжсалявая, верхняя саляносная і надсалявая тоўшчы, а таксама звязаная з імі шчолачна-ультраасноўная — шчолачна-базальтоідная вулканагенная фармацыя. Гэты час характарызаваўся: найбольшым праяўленнем магматызму і галагенезу; максімальнымі магутнасцямі адкладаў (3000—3500 м) у сувязі з вельмі высокімі тэмпамі апускання тэрыторыі (да 780 м/млн. гадоў); фарміраваннем высокаамплітудных (сотні метраў) разломаў; утварэннем складанай плікатыўна-блокавай структуры; шырокім праяўленнем працэсаў саляной тэктонікі. Пароды, што намножыліся ў гэты перыяд, вельмі разнастайныя: пясчанікі, алеўраліты, гліны, аргіліты, вапнякі, даламіты, мергелі, ангідрыты, гіпсы, каменная соль, сільвініт, карналіт, гаручыя сланцы. Познадэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння ва ўсх. частцы Прыпяцкага прагіну і на Жлобінскай седлавіне пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху. У канцы фаменскага веку завяршылася фарміраванне Прыпяцкага прагіну як рыфтавай структуры.
Пасля перарыву ў асадканамнажэнні на мяжы дэвону і каменнавугальнага перыяду (пачатак — каля 350 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі ў пачатку турнейскага веку раннекаменнавугальнай эпохі намнажэнне асадкаў аднавілася (у Прыпяцкім прагіне — да 1000 м, на Брагінска-Лоеўскай седлавіне і Валынскай монакліналі). У каменнавугальны перыяд ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату адзначаліся шматразовыя змены марскіх, прыбярэжна-марскіх, лагунна-прэснаводных і кантынентальных палеагеаграфічных абставін. У гэты час намножыліся пяскі, пясчанікі, вапнякі, гліны, у т. л. каалінавыя, з праслоямі баксітаў, бурага вугалю і даўсанітзмяшчальных парод. У адкладах візейскага веку ніжняга карбону на тэр. Прыпяцкага прагіну сфарміравалася Заазернае радовішча даўсаніту.
Адклады пермскага перыяду (пачатак — каля 285 млн. гадоў назад) вядомы на тэр. Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны, Падляска-Брэсцкай упадзіны і паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Ва ўмовах сухога і гарачага клімату ў марскіх і кантынентальных абставінах ішло намнажэнне пераважна тэрыгенных адкладаў (пяскі, гліны); перыядычна фарміраваліся праслоі і гнёзды гіпсу і ангідрыту. У раннепермскую эпоху ў цэнтр. частцы Прыпяцкага прагіну намножылася магутная (да 760 м) саляносная тоўшча, у якой прадстаўлены каменная соль, сільвініт, кізерыт і бішафіт.
Адклады трыясавага перыяду (пачатак — каля 230 млн. гадоў назад) пашыраны на ПдУ Беларусі (Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна) і на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Седыментацыя адбывалася ў прэснаводных вадаёмах, дзе намножыліся чырвана- і стракатаколерныя тэрыгенныя адклады (пяскі, алеўраліты, кангламераты, гліны). Іх магутнасць на ПдУ дасягае 300—500 м, часам 700—1000 м, на ПдЗ — 8—50 м.
На працягу большай часткі позняга трыясу і ўсёй ранняюрскай эпохі (пачатак — каля 195 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі была сушай і падвяргалася размыву. У сярэдняюрскую эпоху асадканамнажэнне аднавілася. Адклады юрскай сістэмы (максімальная магутнасць сотні метраў) залягаюць у Прыпяцкім прагіне, на Брагінска-Лоеўскай і Жлобінскай седлавінах, у паўд. частцы Аршанскай упадзіны, у Падляска-Брэсцкай упадзіне і на Бел. антэклізе. У сярэдня- і познаюрскую эпохі часта чаргаваліся фазы адступання і наступання мора; паступова моцна апрэснены басейн шляхам асадканамнажэння ператварыўся ў тыповы марскі. У юрскі час намножыліся гліны, алеўраліты і пяскі з праслоямі бурага вугалю, вапнякі, мергелі.
Мелавы перыяд (пачатак — каля 137 млн. гадоў назад) — час шматразовых марскіх трансгрэсій з 3 і У на тэр. краіны. Адклады мелавой сістэмы (магутнасць да 336 м) пашыраны па ўсёй паўд. палавіне Беларусі. У раннемелавую эпоху намнажаліся пераважна тэрыгенныя асадкі (пяскі, у т. л. з глаўканітам і фасфарытавымі жаўлакамі, гліны, алеўрыты); у познамелавую — выключна пісчы мел і мергельна-мелавыя пароды з канкрэцыямі і жаўлакамі крэменю. У другой палавіне каньякскага веку позняга мелу на крайнім У Беларусі ўтварыліся пласты трэпелаў і апок.
У адкладах палеагену (пачатак — каля 67 млн. гадоў назад), пашыраных у межах паўд. палавіны Беларусі, пераважаюць тэрыгенныя асадкі: кварцава-глаўканітавыя пяскі, алеўрыты з галькай фасфарытаў і крэменю. Іх магутнасць дасягае 220 м. На працягу палеацэнавай і эацэнавай эпох асадканамнажэнне адбывалася ў марскіх умовах. Клімат у палеагене быў цёплы і вільготны. Перыядычна ўзнікалі ўмовы, спрыяльныя для жыцця арганізмаў з крамянёвымі шкілетамі, у выніку чаго фарміраваліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты. У першай палавіне алігацэнавай эпохі марскі басейн пачаў мялець, скарачацца, а ў канцы ранняга — пачатку позняга алігацэну мора назаўсёды пакінула тэр. Беларусі. У познім алігацэне адклады намножыліся ў далінах рэк, азёрах, катлавінах, звязаных з карставаннем пісчага мелу і салявых адкладаў у скляпеннях саляных купалаў. У замкнутых забалочаных азёрных катлавінах і западзінах утварыліся буравугальныя паклады.
У неагенавы перыяд (пачатак — каля 25 млн. гадоў назад) у паўд. палавіне Беларусі, якая ўяўляла сабой нізінную алювіяльную раўніну з забалочанымі плоскімі (плакорнымі) водападзеламі, працягвалася кантынентальнае асадканамнажэнне (пяскі, алеўрыты, гліны, у т. л. мантмарыланітавыя, тарфянікі). Працэсы торфаўтварэння спрыялі фарміраванню буравугальных радовішчаў на З Прыпяцкага прагіну. Магутнасць неагенавых адкладаў месцамі перавышае 100 м. Клімат на працягу большай часткі неагену быў цёплы і вільготны, у канцы перыяду пачалося пахаладанне, зменшылася колькасць атмасферных ападкаў; клімат стаў падобны да сучаснага.
Чацвярцічны (антрапагенавы) перыяд (пачатак — каля 1,65 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі падзяляюць на 3 этапы: перадледавіковы, ледавіковы і пасляледавіковы. Першыя 2 адпавядаюць плейстацэнавай эпосе, апошні — галацэнавай. Магутнасць адкладаў чацвярцічнага перыяду дасягае 300 м. У перадледавіковы этап плейстацэнавай эпохі ў Скандынавіі ўзнікалі ледавіковыя покрывы. Яны не дасягалі тэр. нашай краіны, але ўплывалі на яе клімат і абумовілі чаргаванне фаз пацяплення і пахаладання. Ледавіковы этап плейстацэнавай эпохі адзначаўся чаргаваннем зледзяненняў і міжледавікоўяў. На тэр. Беларусі вылучаюць 6 ледавіковых і 5 міжледавіковых перыядаў. Рух покрыўных ледавікоў моцна мяняў рэльеф тэрыторыі. Узнікалі працяглыя (дзесяткі кіламетраў) лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Акумуляцыя марэн пры раставанні ледавікоў утварала новыя формы рэльефу. Чацвярцічная тоўшча амаль напалавіну складзена з марэнных адкладаў. Масы рухомага лёду часта зрывалі і пераносілі на розныя адлегласці вялікія масівы карэнных парод, т.зв. адорвені. Пра геалагічную «моц» ледавікоў сведчаць валуны і глыбы крышталічных і трывалых асадкавых парод, прынесеныя на тэр. Беларусі ледавікамі са Скандынавіі. Пры раставанні ледавікоў узнікалі водныя патокі, якія неслі рыхлы абломкавы матэрыял (пясок, радзей гравій і гальку). Гэты флювіягляцыяльны матэрыял адкладаўся на паверхні ледавікоў, у іх тоўшчы або каля краёў. Часам водныя патокі сустракалі на сваім шляху перашкоды ў выглядзе марэнных утварэнняў (краявыя ледавіковыя грады, озы, друмліны і інш.). У выніку падпруджвання ўзнікалі азёры, у якіх намнажаліся азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) адклады, пераважна стужачныя гліны (чаргаванне тонкіх пясчаных і гліністых слаёў). Каля краю ледавіка фарміраваліся эолавыя ўзгоркі, грады, дзюны, намнажаліся тоўшчы лёсаў. У час міжледавікоўяў, калі ледавікі поўнасцю адступалі, асадканамнажэнне канцэнтравалася ў далінах рэк, шматлікіх азёрных і балотных катлавінах. Намнажаліся пяскі, гліны, сапрапелі, мергелі, торф, гіціі. Апошняе (паазерскае) зледзяненне пакінула тэр. Беларусі каля 15 тыс. гадоў назад. Яшчэ некалькі тысячагоддзяў працягваўся халодны пасляледавіковы перыяд і каля 10 тыс. гадоў назад пачаўся галацэнавы (сучасны) перыяд, у час якога намножылася тоўшча рыхлых асадкавых алювіяльных, азёрных, балотных і інш. адкладаў магутнасцю да 20—25 м. Апошнія стагоддзі галацэнавага этапу адметныя актыўным уплывам антрапагеннага фактару. З развіццём цывілізацыі гэты ўплыў становіцца ўсё больш значным і набывае характар пашыранага геалагічнага фактару. Разнастайныя сучасныя геалагічныя працэсы правакуюцца здабычай карысных выкапняў, прамысловым, жыллёвым, меліярацыйным і гідратэхнічным будаўніцтвам, звядзеннем лясоў, разворваннем зямель, складаваннем і пахаваннем прамысл. адходаў, забруджваннем атмасферы парніковымі газамі і інш. формамі ўплыву чалавека на прыроднае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1930 на базе філіяла Усесаюзнага ін-та эканам. даследаванняў. З 1965 НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР, з 1983 Навук.-даследчы эканам.ін-т Дзяржплана БССР. У 1988 да ін-та далучаны НДІ аўтаматызаваных сістэм планавання і кіравання нар. гаспадаркай Дзяржэканамплана БССР, у 1994 — НДІ цэн Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь. З 1994 сучасная назва З’яўляецца галаўной н.-д. арг-цыяй па распрацоўцы дзярж. прагнозаў і праграм сац.-эканам.развіцця Беларусі, ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва распрацоўкай прагнозаў сац.-эканам.развіцця па нар.-гасп. комплексах, галінах эканомікі і адм.-тэр. адзінках. У складзе ін-та 45 навук. падраздзяленняў, навук.-інфарм.цэнтр. Аспірантура (з 1965), савет па абароне канд. дысертацый.
Асн. кірункі даследаванняў: макраэканам. аналіз і падрыхтоўка прапаноў па вырашэнні задач сац.-эканам.развіцця Рэспублікі Беларусь; распрацоўка рэсп. праграм фарміравання і развіцця рыначных адносін; праблемы навук.-інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця; эканоміка-матэм. мадэліраванне і інфарматызацыя н.-д. работ; сац.-эканам. праблемы рэгіянальнага развіцця; аналіз праблем сац.развіцця і сац. абароны насельніцтва; вывучэнне праблем сусветнай эканомікі і міжнар.эканам. сувязей. Ін-там распрацаваны: асн. кірункі сац.-эканам.развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010; праграма сац.-эканам.развіцця Беларусі на 2001—05; нац. стратэгія ўстойлівага сац.-эканам.развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 і інш. Друкуе штомесяц бюлетэнь «Беларуская эканоміка; аналіз, прагноз, рэгуляванне». Выдадзены працы: «Прагназіраванне сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь: пытанні тэорыі і методыкі» (2001), «Праблемы развіцця нацыянальнай эканомікі Беларусі: тэарэтычныя і практычныя аспекты», «Праблемы прагназіравання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця», «Антыінфляцыйная палітыка: шляхі рэалізацыі» (усе 2002) і інш. Усяго з 1963 выйшла ў свет больш за 300 падрыхтаваных ін-там навук.зб.-каў, манаграфій і метадалагічных распрацовак, прысвечаных актуальным эканам. праблемам. У ін-це працавалі чл.-кар.Нац.АН Беларусі Ф.А.Дронаў, Ю.К.Казлоў, В.Ф.Мядзведзеў.