спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл.Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.У.Дуда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
статыстычныя работы земстваў па абследаванні сельскай гаспадаркі і сялянскіх промыслаў, уліку надзельнай зямлі для размеркавання земскіх павіннасцей. Падзялялася на асн. і бягучую. Асн. З.с. вывучала эканам. ўмовы і гасп. становішча сялянства (звесткі пра яго колькасць, занятасць, адукацыю, зямельныя даходы, колькасць жывёлы і інш.). Метад збору звестак — падворны перапіс, а таксама выбраныя, т.зв. бюджэтныя абследаванні некат. тыповых сял. гаспадарак. Бягучая З.с. рэгістравала становішча сял. гаспадарак за кожны справаздачны год. У Расіі ўзнікла ў 1870-я г. У Беларусі пачала развівацца пасля ўтварэння ў сак. 1911 губ. земскіх упраў (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і стат. к-таў пры іх, якія правялі ў 1915 перапіс жывёлы ў Мінскай, падворны перапіс жывёлы ў Віцебскай губ., гар. перапіс у Магілёве (1917) і інш., удзельнічалі ва Усерасійскіх с.-г. і пазямельных перапісах 1916 і 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ПО́ЛА, ватэрпола,
камандная спартыўная гульня з мячом у басейне; адзін з водных відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 7 чал. на воднай пляцоўцы 30 × 20 м (глыб. не менш за 1,8 м). Пасярэдзіне больш кароткіх бакоў пляцоўкі ўстаноўлены вароты шыр. 3 м, выш. 0,9 м. Гульня доўжыцца 4 перыяды па 5 мін кожны (улічваецца чысты час). Мэта гульні: перадаючы мяч партнёрам, кожная з каманд імкнецца закінуць яго ў вароты саперніка. Стыль плавання адвольны, мяч можна весці і кідаць адной рукой (дзвюма рукамі гуляе толькі варатар). Парушэнне правіл караецца перадачай мяча праціўніку ці (за грубую гульню) выдаленнем парушальніка на 45 с або да прапушчанага гола.
Узнікла воднае пола ў Вялікабрытаніі ў 2-й пал. 19 ст. Да пач. 20 ст. стала развівацца і ў інш. краінах. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы (з 1926), свету (з 1973). З 1926 дзейнічае К-т воднага пола пры Міжнар. аматарскай федэрацыі плавання (ФІНА). На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. Чэмпіянаты краіны з 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,
навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.
Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.Тэер) і мінер. (Ю.Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.
На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Іспаніі, большасці краін Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея. Пашырана таксама ў Марока, на Філіпінах. Адна з 6 афіц. моў ААН. І.м. стала развівацца з нар. латыні, якая замацавалася на Пірэнеях у 3—2-м ст. да н.э. ў выніку рым. каланізацыі. Мае 2 асн. групы дыялектаў: паўн. (кастыльскі, арагонскі, леонскі) і паўд. (андалузскі дыялект з некалькімі разнавіднасцямі). Асн.фанет. рысы: у націскным і ненаціскным становішчы ўсе 5 галосных вымаўляюцца выразна, шматлікія дыфтонгі і трыфтонгі ўтвараюцца шляхам спалучэння моцных галосных са слабымі, націск звычайна на апошнім або перадапошнім складзе. Назоўнікі і прыметнікі не скланяюцца, вял. колькасць марфал. і аналіт. форм дзеяслова. Лексіка І.м. пераважна з нар. латыні. У слоўнікавым складзе шмат германізмаў, галіцызмаў, арабізмаў. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 12 ст.Літ. мова на аснове кастыльскага дыялекту. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Васильева-Шведе О.К., Степанов Г.В. Теоретическая грамматика испанского языка: Морфология и синтаксис частей речи. 2 изд. М., 1980;
Іх жа. Теоретическая грамматика испанского языка: Синтаксис предложения. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГАРДЫ́ЗМ,
умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус.футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна гумаазбеставай прамысловасці. Аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам на агульнай гумавай аснове (з выкарыстаннем інш. рэчываў) разнастайных прылад, дэталей і інш. рэчаў вытв., прамысл. і спажывецкага прызначэння. Да іх адносяць рукавы, пасы, трансп. (канвеерныя) стужкі, сальнікі, кольцы, пыле-, вільгаце- і маслаахоўныя каўпачкі, гумава-металічныя амартызатары, вырабы для ўшчыльнення акон і дзвярэй аўтамабіляў, самалётаў, чыг. вагонаў, для герметызацыі стыкаў буд. панэлей, тэхн. прагумаваных тканін і вырабаў з іх. Па спосабах атрымання і прызначэнні вырабы падзяляюцца на фармавыя (каля 30 тыс. найменняў), нефармавыя (больш за 12 тыс. найменняў), трансп. стужкі, пасы, рукавы. У Беларусі гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць пачала развівацца ў пасляваен. час. Дзейнічаюць акцыянернае т-ва«Беларусьгуматэхніка», бабруйскія прадпрыемствы бел.-ірл. «Ірбел», «Бонаш» канцэрна «Белнафтахім», акцыянернае т-ва «Барысаўгуматэхніка» (гл.Барысаўскі завод «Гуматэхніка»), Магілёўскі рэгенератарны з-д. Выпускаюць гумаватэхн. вырабы для аўтамаб., трактарнай, авіяц., станкабуд., мэблевай, трыкатажнай, буд. матэрыялаў прам-сці, с.-г. машынабудавання, буд-ва наземных і падземных збудаванняў, маналітныя гумавыя шынкі, гумава-тэхн. вырабы для грузавых і легкавых аўтамабіляў, розныя камплектуючыя вырабы, рэгенерыраваную гуму, гумавыя крошку, пракладкі для шпал, пырскавікі для аўтамабіляў, дарожкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,
галіна геалогіі, якая вывучае верхнія гарызонты зямной кары і яе дынаміку ў сувязі з інж. дзейнасцю чалавека. Асн. аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца фіз.-мех. ўласцівасці горных парод і змены іх у часе; геал. працэсы, іх прагнозная ацэнка і накіраванасць. Выкарыстоўвае метады геафіз. (электраразведка, мікрасейсміка, розныя віды каратажу), петралагічныя, хім., фіз., аптычныя і інш. Складаецца з раздзелаў: грунтазнаўства, механіка грунтоў, інж. геадынаміка, рэгіянальная і спецыяльная І.г. (буд., дарожная, ваен., марская і інш.). Цесна звязана з гідрагеалогіяй, петраграфіяй, геакрыялогіяй, дынамічнай геалогіяй і інш. Пачала развівацца ў 19 ст. Вялікі ўклад у І.г. зрабілі вучоныя рас. Ф.П.Саварэнскі, І.В.Папоў, М.М.Маслаў, В.А.Прыклонскі, Я.М.Сяргееў, В.Д.Ламтадзе, В.Ц.Трафімаў і інш., амер. К.Тэрцагі, Р.Пек, Дж.Тэйлар, англ. А.Скемптан, чэш. К.Заруба і М.Матула, югасл. Б.Куюнджыч і М.Яніч і інш. На Беларусі пытаннямі І.г. займаліся К.І.Лукашоў, Ю.А.Сабалеўскі, Г.А.Калпашнікаў, У.Р.Лабадзенка, В.Ф.Вішнеўскі, І.А.Бусел. Даследаванні І.г. праводзяцца ў Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў «Геасэрвіс», Бел.н.-д. геолага-разведачным ін-це, Бел.дзярж.політэхн. акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКО́Е ПРА́ВА,
сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што складваюцца ў галіне гандл. і ваен. мараплавання, рыбалоўства і марскога промыслу, здабычы біял. і мінер. рэсурсаў мораў, правядзення навук. даследаванняў і да т.п. Першыя зборнікі М.п. адносяцца да 11—14 ст., калі пачалі развіваццаміжнар.эканам. сувязі. Вядомы зборнікі марскіх звычаяў розных краін: Наўгародская Скра, Візбійскія табліцы, Алеронскі скрутак, барселонскі «Марскі судзебнік» і інш.
Існуюць 3 галіны М.п.: нац. М.п., міжнар. публічнае М.п. і міжнар. прыватнае М.п. У Расіі і некат. краінах СНД, у т. л. на Беларусі, дзейнічаюць нормы М.п., выкладзеныя ў Кодэксе гандл. мараплавання СССР 1968, а таксама шматлікія міжнар. пагадненні ў гэтых пытаннях, удзельнікамі якіх з’яўляюцца краіны. Пад міжнар. публічным М.п. разумеецца сукупнасць міжнар. дагаворных і звычаёвых норм, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі ў сувязі з выкарыстаннем Сусветнага акіяна. У аснове сучаснага міжнар. публічнага М.п. ляжыць прынцып свабоды адкрытага мора. Міжнар. прыватнае М.п. рэгулюе адносіны дзярж органаў, фіз. і юрыд. асоб з замежнымі дзярж органамі ў сувязі з пытаннямі гандл. мараплавання. Прававыя нормы, якія складаюць гэту галіну М.п., ёсць ва ўнутр. заканадаўстве некат. дзяржаў і ў міжнар. пагадненнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСЕ́ЛЬ (Marseille),
горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Буш-дзю-Рон. Каля 1,4 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Буйнейшы порт Францыі на Міжземным м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: нафтаперапр., нафтахім., судна- і авіябудаванне. Пачатковы пункт транс’еўрапейскага нафтаправода на Страсбур і Карлсруэ (Германія). Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі археалогіі, прыгожых мастацтваў і інш. Марскі акварыум. Турызм. Руіны стараж.-рым. збудаванняў, арх. помнікі 11—19 ст. На востраве каля М. замак Іф (16 ст.).
Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Масалія; гандл. і культ. цэнтр, порт, сапернічаў з Карфагенам (марская бітва ў 6 ст. да н.э.). У 49 да н.э. заваяваны рымлянамі, у 476 — вестготамі, у 539 — франкамі, у 735 зруйнаваны арабамі. З 879 у каралеўстве Арэлат, з 11 ст. ў графстве Праванс. У час крыжовых паходаў адзін з найбуйнейшых гандл. цэнтраў Міжземнамор’я. З 1214 незалежны горад. У 1481 разам з Правансам перайшоў пад уладу франц. каралёў. З канца 17 ст. цэнтр керамічнай прам-сці. Падарваная ў пач. 19 ст.кантынентальнай блакадай эканоміка М. пачала хутка развівацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) і франц. экспансіі ў Паўн. Афрыку. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны італа-ням. войскамі (1942—44), адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.