аптычны відарыс, які захоўваецца і перадаецца ў лічбавай форме; працэс атрымання такога відарыса з дапамогай, напр., лічбавага фотаапарата. Адносіцца да мультымедыйных сродкаў захоўвання і апрацоўкі інфармацыі (гл.Мультымедыя).
Аптычны відарыс аб’екта здымкі праектуецца ў лічбавым фотаапараце на ПЗС-матрыцу, дзе пераўтвараецца ў эл. сігнал, які запісваецца ў лічбавай форме ў блок памяці апарата. Знятыя відарысы можна праглядаць на ўбудаваным дысплеі, праводзіць іх апрацоўку (гл.Лічбавая апрацоўка відарысаў), напр., з дапамогай убудаванага працэсара рабіць мантаж і спец. эфекты, спалучаць асобныя кадры ў панараму, дадаваць звесткі аб умовах і часе здымкі, тэкставыя або гукавыя каментарыі. Лічбавы фотаапарат можна далучыць да камп’ютэра ці інш. канала сувязі з мэтай перадаць (ці атрымаць) відарысы, правесці іх далейшую апрацоўку, раздрукаваць на прынтэры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫ ШАР,
некіроўны (свабодны) аэрастат шарападобнай формы, які перамяшчаецца (ляціць) у напрамку паветр. плыняў. Форму шара мелі першыя аэрастаты (гл.Паветраплаванне), потым іх пачалі рабіць выцягнутай формы. П.ш. для даследавання верхніх слаёў атмасферы наз.стратастатам.
Абалонку П.ш. робяць з прагумаванай тканіны ці пластыку, напаўняюць яе гарачым паветрам або лёгкім газам (вадародам, геліем). Да абалонкі падвешваюць кабіну — гандолу для людзей, газавых гарэлак, прылад і інш. Першы П.ш. пабудавалі франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е летам 1783, восенню адбыўся першы палёт людзей на «мангальф’еры» ў Парыжы. Больш значнае пашырэнне набылі П.ш., якія напаўнялі газам. Адным з першых на такім П.ш. падняўся ў паветра для назірання сонечнага зацьмення ў 1887 рус. вучоны Дз.І.Мендзялееў. Выкарыстоўваецца ў спарт. і навук.-пазнавальных мэтах.
Паветраны шар братоў Мангальф’е, на якім 21.11.1783 ажыццёўлены палёт над Парыжам (каля 8 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ПРА́СНІЦЫ,
дэкарыраваныя разным арнаментам прасніцы пераважна з Камянецкага, а таксама з суседніх Пружанскага і Брэсцкага р-наў. У канцы 19 — пач. 20 ст. — К.п. традыц. драўляная лапатападобная лопасць з доўгай ножкай, якая мацавалася ў днішча, з пашырэннем калаўрота (пач. 20 ст.) — на кранштэйне да яго. Лопасць аздаблялі трохгранна-выемчатай разьбой геам. характару. Найб. пашыраны дэкор — вял. 6-пялёсткавая разетка ці ромб з трохгранных выемак у цэнтры, абапал — меншыя разеткі, нярэдка год стварэння прасніцы і ініцыялы ўладальніцы. У 20 ст. К.п. сталі рабіць меншых памераў, з больш разнастайным дэкорам. Пасля Айч. вайны прасніцы паступова выходзяць з ужытку. Калекцыі К.п. ёсць у Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФНац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,
агульны спосаб доказаў і вызначэнняў у матэматыцы і матэм. логіцы, які дае магчымасць рабіць агульныя вывады на аснове асобных сцвярджэнняў.
Грунтуецца на прынцыпе матэматычнай індукцыі: сцвярджэнне A(n), залежнае ад натуральнага параметра n, лічыцца праўдзівым, калі праўдзіва A(1) і з меркавання праўдзівасці A(N) для любога натуральнага N вынікае праўдзівасць A(N + 1). Напр., для любога натуральнага n патрабуецца даказаць формулу 1 + 3 + 5 + ... + (2n − 1) = n2. Пры n = 1 гэтая формула праўдзівая (1 = 12), затым мяркуем. што формула даказана для пэўнага ліку N: 1 + 3 + 5 + ... + (2N − 1) = N2. Далучаем да левай і правай часткі дадзенай формулы яшчэ адно складаемае 2N + 1: 1 + 3 + 5 + (2N − 1) + (2N + 1) = N2 + (2N + 1) = (N + 1)2. Такім чынам, з праўдзівасці формулы пры n = N вынікае яе праўдзівасць і пры n = N + 1. Адсюль вынікае праўдзівасць формулы для любога натуральнага n.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЕАПРАЦО́ЎКА,
наданне прыроднаму каменю патрэбнай формы і пэўнага выгляду. Уключае распілоўку блокаў на загатоўкі, акантоўку іх па памерах, прафілёўку і фактурную апрацоўку вонкавай паверхні. Працэсы К. падзяляюцца на мех. (абразіўная і ўдарная апрацоўка каменю) і немех. (тэрмічная, ультрагукавая, гідраўл., электрагідраўл., апрацоўка токамі ВЧ, променем лазера). Вырабы К. (калоны, блокі, пліты, карнізы і інш.) пашыраны ў прамысл., трансп. і грамадз. буд-ве.
Распілоўку робяць на дыскавых, рамных або канатных станках. Дыскавыя (з дыяметрам дыска да 4 м) выкарыстоўваюць для надання каменю патрэбнай формы, рамныя — для распілоўвання каменю (могуць рабіць адначасова да 60 прапілаў) стальнымі стужкамі (з падачай у прапіл кварцавага пяску, карунду і інш.) або піламі, арміраванымі цвёрдымі сплавамі, канатныя — для выпілоўвання каменю з масіву і яго распілоўкі (гл.Каменярэзныя машыны).Абрэзка загатовак да зададзеных памераў (акантоўка) робіцца на універсальных станках з карбарундавымі дыскамі або з дыскамі, на якіх замацаваны алмазы. Прафілёўка надае вырабам патрэбную форму. Апрацоўку вонкавай паверхні робяць шліфаваннем (з выкарыстаннем розных шліфавальных станкоў, паточных шліфавальных ліній і інструментаў) і ўдарным спосабам (траянкай, бучардай і інш.). Пры К. выкарыстоўваюцца таксама пнеўматычныя і эл. малаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯў філасофіі,
момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,
апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.
Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, без унутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраб брыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіцьнайб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.
На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.
Да арт.Гранільная справа. Каштоўныя камяні, апрацаваныя для калекцыі, і ювелірныя вырабы з кабашонамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІРАВА́ННЕ (ням. polieren ад лац. polire рабіць гладкім),
апрацоўка вырабаў з металу, драўніны, каменю і інш. матэрыялаў з мэтай зніжэння шурпатасці паверхні і надання ёй бляску. Робіцца звычайна пасля шліфавання на паліравальных станках ці ўручную.
П. металаў робіцца мяккімі хуткавярчальнымі кругамі ці стужкамі з нанесенымі паліравальнымі пастамі або абразіўнымі парашкамі. Выкарыстоўваюць таксама П. магнітна-абразіўнае (зярнятамі магнітна-абразіўнага парашку, размешчанага паміж полюсамі магн. індуктара і паверхняй, што апрацоўваецца), электрахім. (з выкарыстаннем раствору-электраліту і пастаяннага току) і хім. (растварэннем мікраняроўнасцей пры апусканні вырабаў у раствор). П. драўніны бывае сталярнае (поры паверхневага слоя вырабу запаўняюць слоем празрыстай смалы — палітуры) або лакафарбавае (няроўнасці пасля нанясення лаку ці эмалі ліквідуюць мех. спосабамі). П. каменю робяць націраннем шліфаванай паверхні ўвільготненым лямцавым кругам з падачай найтанчэйшага парашку (напр., вокісу волава).
Літ.:
Отделочные операции в машиностроении: Справ. 2 изд. Киев, 1990;
Грилихес С.Я. Электрохимическое и химическое полирование: Теория и практика. Влияние на свойства металлов. 2 изд. Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСО́ФІЯ (ад антрапа... + грэч. sophia мудрасць),
акультна-містычнае вучэнне пра чалавека як носьбіта таямнічых духоўных сіл; разнавіднасць тэасофіі. Заснавальнік антрапасофіі ням. філосаф-містык Р.Штайнер стварыў у 1913 антрапасофскую школу з мэтай выхаваць у юнацтва ўменне «духоўнага сузірання», якое ў стане самыя таямнічыя з’явы рабіць даступнымі для ўспрымання. Паводле гэтага вучэння, чалавек — трыадзінства цела, душы і духу, духам кіруе закон пераўвасаблення (рэінкарнацыя). У асобным жыцці чалавечы дух паўтарае сам сябе з улікам ранейшых уражанняў і перажыванняў. Чалавечае цела кіруецца законам наследавання, душа — створаным ёю самой лёсам (карма). Пасля смерці сувязь духу і душы захоўваецца, пакуль душа не вызваліцца ад цела. У сац.-паліт. жыцці антрапасофія зыходзіць з раздраблення сац. арганізма на самастойныя сферы: дзяржаву, правасуддзе, эканоміку. У 1-й трэці 20 ст. вучэнне антрапасофіі стала пашыраным у шэрагу краін Еўропы. Пэўны ўплыў яно зрабіла на дзеячаў культуры і мастацтва (А.Белы, В.Кандзінскі, М.Валошын, Б.Вальтэр і інш.). Цікавасць да антрапасофіі ажывілася і ў апошняй трэці 20 ст., асабліва ў ЗША, еўрап. краінах. У апошнія гады распаўсюдзілася на Беларусі, гал. чынам гэтаму садзейнічалі аднаўленне цікавасці да тэасофскіх ідэй А.Блавацкай і ўзнікненне суполак крышнаітаў.
Літ.:
Белый А. Рудольф Штейнер и Гете в мировоззрении современности. М., 1917;
Abendroth W.R. Steiner und die heutige Welt. München, 1969.