АРХА́НГЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расіі. Утворана 23.9.1937. Пл. 587,4 тыс. км². Насельніцтва 1547,4 тыс. чал. (1994), гар. 76%. Цэнтр — г. Архангельск. Уключае Ненецкую аўтаномную акругу і астравы Паўн. Ледавітага ак. (Калгуеў, Вайгач, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Салавецкія і інш.). Найб. гарады: Котлас, Северадзвінск, Навадзвінск, Анега.

Прырода. Размешчана на Пн Усх.-Еўрапейскай раўніны. У паўн.-зах. частцы тэр. цягнецца горны краж Ветраны Пояс (выш. да 344 м), на ПнУ — Ціманскі краж (выш. да 303 м), Канін Камень (да 242 м) і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Цэнтральная ч. парэзана далінамі рэк, асобныя платопадобныя ўчасткі выш. 150—270 м (Каношскае і Няндомскае ўзвышшы, Беламорска-Кулойскае плато і інш.). На У ад Ціманскага кража — вялізная забалочаная Пячорская нізіна б.ч. якой занята Вяліказямельскай і Малазямельскай тундрамі з шэрагам марэнных градаў выш. да 250—275 м. Карысныя выкапні: медзь, баксіты, алмазы, свінцова-цынкавыя руды, вапнякі, даламіты, гліны, кварцавыя пяскі, нафта, прыродны газ, вял. запасы торфу. Клімат на Пн субарктычны, на Пд умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -18 °C, ліп. ад 8 да 16 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Паўн. Дзвіна (з прытокамі Вычэгда, Пінега і Вага), Пячора, Анега, Мязень. Густая сетка азёраў (каля 2,5 тыс.), найб. Лана, Кенвозера, Кожвозера. Рэзка выяўлена шыротная занальнасць глебава-расліннага покрыва. На ПнУ зона тундры (арктычная, мохава-лішайнікавая і хмызняковая) на тундрава-глеевых і тундрава-балотных глебах. Зона лесатундры занята рэдкалессем на тарфяна-глеевых і слабападзолістых глебах. Лясы займаюць ½ тэр. Архангельскай вобласці, пераважае тайга з елкі і хвоі, на У трапляюцца піхта і лістоўніца. У Архангельскай вобласці Пінежскі запаведнік.

Гаспадарка. Архангельская вобласць — буйны раён лесанарыхтоўкі, лесапілавання, лесаэкспарту, цэлюлозна-папяровай вытв-сці. Развіты машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, дарожныя машыны, абсталяванне для лясной прам-сці), лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Гал. галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля (высокапрадукцыйная халмагорская буйн. раг. жывёла). На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля, пушны і марскі промысел. Пасевы жыта, бульбы, агародніны. Марскі і рачны транспарт (водная трансп. сістэма — Паўн. Дзвіна з прытокамі), суднаходныя таксама Вычагда, Пячора, Мязень. Парты: Архангельск, Анега, Мязень, Нар’ян-Мар. Чыг. лініі Волагда-Архангельск, Канаш—Котлас—Мікуль. Касмадром Плясецк. Цэнтры нар. промыслаў: Каргапаль, Сольвычагодск, Халмагоры. Курорты: Сольвычагодск, Саланіха, Беламор’е і інш. На Салавецкіх а-вах гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік з Салавецкім манастыром.

П.​І.​Рогач.

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),

у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн. км².

З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс. км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т. л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн. ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.

Ландшафт Заходне-Сібірскай раўніны.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),

горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На У гал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-ра студз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-ра ліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.

А.​М.​Баско.

Тыповы ландшафт у Апенінах.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс. км². Нас. 192 тыс. чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г. Горна-Алтайск.

Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн. ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах. ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.

Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз.сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс. чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.​Я.​Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт. вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт. вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сць буд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).

т. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУ Зах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс. км². Нас. 3037 тыс. чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г. Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.

Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах. ч. Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас. р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс. кВт гадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн. га (запасы драўніны 598 млн. м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.

Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн. т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш. Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд. кВт гадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім. прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн. га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс. км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.

В.​М.​Корзун.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖАГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. У 1932—91 наз. Горкаўская вобл. Пл. 76,9 тыс. км². Нас. 3702,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 78%. Цэнтр — г. Ніжні Ноўгарад. Найб. гарады: Дзяржынск, Арзамас, Сароў, Паўлава, Кстова, Бор, Балахна. Рака Волга падзяляе Н.в. на 2 часткі: нізіннае Левабярэжжа (Заволжа) і ўзвышанае Правабярэжжа. Большая ч. Заволжа занята Волжска-Вятлужскай нізінай (выш. 80—100 м), асн. масіў Правабярэжжа — плато Прыволжскага ўзв. (выш. да 247 м), парэзанае ярамі і лагчынамі. Ёсць карставыя формы рэльефу (пячоры, правалы і інш.), вылучаецца Арзамаскі карставы раён. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, фармовачныя і шкловыя пяскі, мергель, ангідрыты, торф, фасфарыты, жал. руда, мінёр. воды і лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—550 мм за год, іх колькасць памяншаецца з ПнЗ на ПдУ, бываюць засухі. Гал. рака Волга і яе прытокі Ака з Цёшай, Сура з П’янай і Алатырам (справа) і Узола, Кержанец, Вятлуга (злева). Каля 3 тыс. азёр пераважна карставага і ледавіковага паходжання. На р. Волга Горкаўскае і Чэбаксарскае вадасховішчы. Глебы ў Заволжы дзярнова-падзолістыя і падзолістыя, на Правабярэжжы — шэрыя лясныя, дэградзіраваныя і вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 40% тэрыторыі: у Заволжы хвойныя (елка, хвоя, піхта) і мяшаныя лясы, на Правабярэжжы дубровы і лугавыя стэпы. Кержанскі запаведнік. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка, дзе вылучаецца аўтамаб. комплекс (грузавыя і легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, гусенічныя цягачы, дызельныя рухавікі, вузлы і дэталі, агрэгаты, фургоны), суднабудаванне і суднарамонт (судны на падводных крылах, пасаж. цеплаходы, марскія паромы, сухагрузы), самалётабудаванне, вытв-сць тэлевізараў, прылад, станкоў, інструментаў, абсталявання для хім., харч., лёгкай прам-сці, чыг. транспарту, хім. (прадукты арган. сінтэзу, пластмасы, сінт. смолы, аргшкло, лакі, ядахімікаты) і нафтаперапр. прам-сць. Развіта пераробная чорная і каляровая металургія. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ, буйная Горкаўская ДРЭС (г. Балахна); Горкаўская ГЭС (на р. Волга). Вылучаюцца цэлюлозна-папяровая і дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы: гарадзецкая размалёўка, хахламская размалёўка, апрацоўка металаў, строчавышыванне і карункапляценне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 1663,4 тыс. га. Пасевы збожжавых культур (жыта, ячмень, авёс, грэчка, пшаніца). Вырошчваюць сланечнік, цукр. буракі, лён-даўгунец, бульбу, агародніну, канюшыну, люцэрну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,8 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Масква—Ніжні Ноўгарад—Вятка, Масква—Арзамас—Казань, Ніжні Ноўгарад—Рузаеўка, аўтадарога Масква—Ніжні Ноўгарад—Казань. Па тэр. Н.в. праходзяць 3 галіны нафтаправода з Альмецьеўска, газаправоды з Паволжа і Зах. Сібіры. Суднаходства па рэках Волга, Ака, Вятлуга, Сура. Ніжагародскі трансп. вузел займае 1-е месца ў Расіі па рачным грузаабароце. З 1991 адноўлены Ніжагародскі кірмаш.

В.​М.​Корзун.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),

найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб. выш. г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл. Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл. Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.

Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс. км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).

Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 м субальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.

Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.

Літ.:

Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;

Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;

Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.

Г.​Я.​Рылюк.

Альпы.

т. 1, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМО́РСКІ КРАЙ.

Размешчаны на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утвораны 20.10.1938. Мяжуе на З з Кітаем, на ПдЗ з КНДР; абмываецца Японскім м. Буйны заліў — Пятра Вялікага падзелены на шэраг невял. заліваў (Пасьета, Славянскі, Амурскі, Усурыйскі, Находка, Вольгі, Рында, Усход, Уладзіміра). У складзе П.к. астравы: Рускі, Папова, Пуцяціна, Рэйнеке, Рыкарда, Рымскага-Корсакава, Аскольд, Пятрова і інш. Пл. 165,9 тыс. км². Нас 2173 тыс. чал. (2000), гарадскога 78%. Сярэдняя шчыльн. 13,2 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,9%), украінцы (8,2%), беларусы (1%), нанайцы, удэгейцы, орачы, арокі, ульчы, эвены, эвенкі, негідальцы. Цэнтр — г. Уладзівасток. Найб. гарады; Находка, Усурыйск, Арцём, Вялікі Камень, Арсеньеў, Партызанск, Спаск-Дальні, Дальнягорск, Дальнярэчанск.

Прырода. Большая ч. тэр. занята гарамі Сіхатэ-Алінь (выш. да 1855 м, г. Воблачная), на З — адгор’і Усх.-Маньчжурскіх гор. На ПдЗ Усурыйская і Прыханкайская нізіны. Карысныя выкапні: поліметал. руды, волава, вальфрам, свінец, цынк, медзь, серабро, золата, бор, флюарыт, рэдказямельныя элементы, тытан, вісмут, жалеза, марганец, буры і каменны вуглі (запасы 2647 млн. т). Больш за 200 радовішчаў няруднай сыравіны, каля 100 крыніц мінер. вод. Клімат мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -27 °C, ліп. 14—21 °C. Гадавая колькасць ападкаў 600—900 мм. Частыя тайфуны. Гал. рака — Усуры з прытокамі Вял. Усурка, Бікін і інш. Найб. воз. Ханка. Глебы бурыя і шэрыя лясныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 75% тэр., запасы драўніны 1769 млн. м³. На Пд пашыраны хваёва-шыракалістыя лясы маньчжурскага тыпу (карэйскі кедр, прыморская піхта, маньчжурскі арэх, коркавае дрэва, мангольскі дуб), вінаград, лімоннік і інш.; на Пн хваёва-шыракалістыя лясы ў сумесі з ахоцкай флорай. Жывёльны свет прадстаўлены паляўніча-прамысл. (лось, ізюбр, казуля, дзік, кабарга, вавёрка, норка, выдра, собаль, гарнастай і інш.) і рэдкімі відамі (усурыйскі тыгр, леапард, чырвоны воўк, усурыйскі плямісты алень і інш.). Ва ўзбярэжных водах каля 700 відаў жывёл і мноства відаў водарасцей і траў. Запаведнікі (Сіхатэ-Алінскі, Лазоўскі, Усурыйскі, Кедравая Падзь, Ханкайскі, Далёкаўсходні марскі) і нац. паркі (Верхнеусурыйскі, Кема-Амгінскі, Сярэднеусурыйскі).

Гаспадарка. П.к. найб. развіты ў прамысл. адносінах раён Д. Усходу. На долю прам-сці прыпадае 29,3% кошту ўсёй прадукцыі, сельскай гаспадаркі — 4%, транспарту — 15,7%. Гал. галіны прам-сці: харч. (46,4% прамысл. прадукцыі), машынабудаванне, лясная і дрэваапрацоўчая. У харч. прам-сці вылучаецца рыбная. У 1998 улоў рыбы і морапрадуктаў 1,4 млн. т. (15% улову Расіі). Асн. прамысл. рыбы: кета, гарбуша, селядзец, камбала, тунец, сайра, скумбрыя, палтус, марскі акунь. Перапрацоўка рыбы ў Находцы і Уладзівастоку і на плывучых рыбаперапр. з-дах. Цукр., мясная, кандытарская, піваварная, алейнатлушчавая прам-сць. Машынабудаванне (вытв-сць рыбалоўных суднаў і суднавых механізмаў, інструментаў, станкоў, лёгкіх верталётаў) у Находцы, Уладзівастоку, Арсеньеве. Дрэваапрацоўка. З энергарэсурсаў здабываюць пераважна буры вугаль (9,4 млн. т, 1998). Вытв-сць электраэнергіі 7,9 млрд. кВтгадз. (1998). Арцёмаўская, Прыморская, Партызанская, Лучагорская ДРЭС, Усурыйская ЦЭЦ. Гарнарудная прам-сць і каляровая металургія прадстаўлены здабычай поліметал. руд, іх абагачэннем і металургічнай пераробкай. Вытв-сць алавяных рудаканцэнтратаў, вальфраму, свінцу і свінцова-цынкавага канцэнтрату. Адзіны ў краіне горнахім. камбінат «Бор» (Дальнягорск) дае 90% борных вырабаў Расіі. На базе радовішча плавікавага шпату працуе Яраслаўскі горнаабагачальны камбінат. Развіта лёгкая прам-сць, буд. матэрыялаў, вытв-сць муз. інструментаў. На тэр. П.к. дзейнічаюць свабодныя эканам. зоны «Находка» і «Туманган» (частка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад пасяўнымі пл. 490 тыс. га (1998). Сеюць авёс, ячмень, пшаніцу, рыс, сою. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Зверагадоўля (норка, серабрыста-чорная лісіца), аленегадоўля (плямісты алень). Пчалярства. Здабыча пушніны, збор дзікарослых лекавых раслін, у т. л. жэньшэню. Найб. парты — Уладзівасток, Находка. Даўж. чыгунак 1560 км (гал. чыгунка — Транссібірская магістраль), аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6970 км, у т. л. Хабараўск — Уладзівасток. Курорты Садгорад, Шмакаўка.

В.​М.​Корзун.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ТЫ,

горная сістэма на У Цэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс. км², з якіх 105 тыс. км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.

К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.

Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч. паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас. р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас. р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.

А.​Ф.​Санько, Т.​Каліцкі.

Да арт. Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.

т. 8, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАДА́РСКІ КРАЙ.

У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 13.9.1937. Размешчаны на ПдЗ Паўн. Каўказа ў бас. р. Кубань, на З і ПдЗ абмываецца Азоўскім і Чорным м. Пл. 76 тыс. км². Нас. 5011 тыс. чал. (1997), гарадскога 54%. Сярэдняя шчыльн. 66 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,7%), украінцы (3,9), армяне (3,7), беларусы (0,8), немцы (0,6), грэкі (0,6), адыгейцы (0,5) і інш. Цэнтр — г. Краснадар. Найб. гарады: Новарасійск, Армавір, Ейск, Крапоткін, Ціхарэцк, Туапсэ, Лабінск.

Прырода. На тэр. краю Кубана-Прыазоўская нізіна, на У частка Стаўрапольскага ўзв.; на Пд перадгор’і і хрыбты зах. часткі Вял. Каўказа (выш. да 3256 м). Уздоўж Чорнага м. вузкая ўзбярэжная паласа. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каляровыя і рэдкія металы. буд. матэрыялы, каменная соль. Шмат крыніц мінер. вод, ілавыя гразі. Клімат ад умерана кантынентальнага да субтрапічнага. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C (на раўніне) да 5 °C (на ўзбярэжжы Чорнага м.), ліп. 22—24 °C, у гарах (на выш. 2000 м) адпаведна -8 ºС і 13 °C. Ападкаў ад 400 мм на ПнУ да 1400 мм у раёне г. Сочы і да 3200 мм у гарах у раёне Краснай Паляны. Гал. рака Кубань з прытокамі Уруп, Лаба, Белая і інш.; рэкі паўн. часткі — Ея, Чэлбас, Бейсуг; выкарыстоўваюцца для арашэння. Вадасховішчы Краснадарскае, Тшчыкскае і Шапсугскае. На Таманскім п-ве і ўзбярэжжы Азоўскага м. азёры-ліманы. Глебы на раўніне чарназёмныя, у даліне Кубані алювіяльныя, у перадгор’ях і гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне культурная, у гарах шыракалістыя (дубовыя, букавыя, у раёне Туапсэ—Сочы мяшаныя калхідскія) і цёмна-хваёвыя (каўк. піхта, елка) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ліс, ласка, тхор, заяц-русак, грызуны (на раўніне); буры мядзведзь, рысь, лясны кот, лясная і каменная куніца (у гарах); заходнекаўк. тур, серна, снежная палёўка (у высакагор’і). Каўказскі запаведнік, Сочынскі прыродны нац. парк.

Гаспадарка. Сярод галін прам-сці вылучаюцца харч., маш.-буд. і металаапр., паліўная, хім. і нафтахім., мікрабіял., дрэваапр., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў. Харч. прам-сць (41% прамысл. прадукцыі краю) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы алейна-тлушчавай прам-сці (236 тыс. т, 1996) сканцэнтраваны ў гарадах Краснадар, Армавір, Крапоткін, Лабінск, Беларэчанск; вінаробнай — Абраў-Дзюрсо, Туапсэ, Анапа, Ейск, Крымск, Славянск-на-Кубані, цукр. (1,1 млн. т) — Лабінск, Новакубанск. рыбная — Новарасійск, Прыморска-Ахтарск, Тэмрук. Развіты агароднінакансервавая, мясная, масласыраробная, мукамольная, піваварная, тытунёвая прам-сці. У маш.-буд. і металаапр. вылучаецца вытв-сць станкоў, электра- і радыёвымяральных прылад, кампрэсараў, газавай апаратуры, рысаўборачных камбайнаў (Краснадар), электратэхн. прылад, абсталявання для нафтавай прам-сці (Армавір), рухавікоў, абсталявання для харч. прам-сці (Новарасійск), цяжкіх пуцявых машын, абсталявання для хім. прам-сці (Ціхарэцк), дрэваапр. станкоў (Крапоткін). Суднамех. і суднарамонтныя з-ды ў Новарасійску, Туапсэ, Ейску. Здабыча (1996): нафты (1,6 млн. т, разам з Тазавым кандэнсатам) і прыроднага газу (1,8 млрд. м³) у раёнах Абінска, Славянска-на-Кубані, Хадыжэнска, Апшэронска і інш. Перапрацоўка нафты (3,1 млн. т) на з-дах у Краснадары і Туапсэ. Хім. прам-сць (вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакафарбавых матэрыялаў) у Краснадары, Крапоткіне, Лабінску. Камбінат біяхім. і вітамінных прэпаратаў у Краснадары, ёдавы з-д у Славянску-на-Кубані. Вытв-сць электраэнергіі (6,7 млрд. кВтгадз, 1996) пераважна на ЦЭЦ. Дрэваапр. прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, драўлянай і кардоннай тары) у Краснадары, Новарасійску, Беларэчанску, Армавіры, Ейску, Лабінску.

Развіты шарсцяная, баваўняная, швейная, трыкат., гарбарна-абутковая прам-сць. Буйная вытв-сць цэменту (1,7 млн. т, 4 з-ды ў Новарасійску), цэглы, жалезабетонных вырабаў, мяккіх дахавых матэрыялаў. Фарфора-фаянсавы з-д у Краснадары. К.к. адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Расіі. Пл. с.-г. угоддзяў 4,8 млн. га, у т. л. пад ворнымі землямі 4 млн. га. Пасевы пшаніцы, рысу (пераважна ў нізоўях Кубані), кукурузы, сланечніку, цукр. буракоў, тытуню, эфіраалейных культур (у т. л. клешчавіны). Агародніна-, бульба- і бахчаводства. Збор (тыс. т, 1995): збожжа — 5727, сланечніку — 817, цукр. буракоў — 4236, агародніны — 661, бульбы — 612. Вінаградарства, садоўніцтва. На Пд ад Туапсэ, на ўзбярэжжы, вырошчваюць чай, цытрусавыя і інш. субтрапічныя культуры. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,3 млн. галоў), свіней (1,7 млн. галоў), авечак, коз, птушку. Вытв-сць воўны 978 т (1995). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 25,7 тыс. км. Гал. чыгункі Растоў-на-Доне—Армавір—Баку, Валгаград—Новарасійск, Армавір—Туапсэ—Сочы, аўтадарогі Новарасійск—Туапсэ—Сухумі, Растоў-на-Доне—Баку. Развіты марскі і паветр. транспарт. Марскія парты́: Новарасійск (вываз нафты і цэменту), Туапсэ, Сочы (Чорнае м.), Тэмрук, Ейск (Азоўскае м.). Найбуйнейшы аэрапорт — Адлер Суднаходства па р. Кубань (ад Краснадара да вусця). Газаправод Краснадар—Цэнтр. К.к. — буйнейшы ў Расіі курортны раён і цэнтр турызму. Курорты: Сочы, Анапа, Геленджык, Ейск, Гарачы Ключ, Туапсінская курортная зона.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)