НЕЕ́ЛЯ ПУНКТ,

тэмпература, вышэй за якую антыферамагнетык ператвараецца ў парамагнетык (фазавы пераход II роду). Абазначаецца TN. Паблізу Tn назіраецца спецыфічная тэмпературная залежнасць фіз. уласцівасцей антыферамагнетыкаў (цеплаёмістасці, каэф. цеплавога расшырэння, электраправоднасці і інш.). Названы імем Л.Нееля. Гл. таксама Антыферамагнетызм.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕРКАВА́ЛЬНЫ ПУ́НКТ,

электрычная падстанцыя, прызначаная для размеркавання аднаго намінальнага напружання. Выкарыстоўваюць у гар. ці прамысл. эл. сетках з напружаннем 6—20 кВ у якасці прамежкавага звяна паміж крыніцай сілкавання і размеркавальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі. Канструктыўна іх выконваюць у выглядзе закрытага размеркавальнага ўстройства.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАСАРТАВА́ЛЬНЫ ПУНКТ,

комплекс машын і абсталявання для аддзялення выкапанай бульбы ад раслінных рэшткаў і глебы з адначасовым калібраваннем клубняў і падачай іх у тару. Бывае перасоўны (выкарыстоўваецца каля буртоў і бульбасховішчаў) і стацыянарны.

Перасоўны бульбасартавальны пункт КСП-15В мае прыёмны бункер (да 8 т), модулі сепарацыі і калібравальны (на яго вынасных транспарцёрах можна перабіраць бульбу ўручную), загрузачныя канвееры. На калібравальным модулі фуражная бульба (меней за 50 г) і сярэдняя яе фракцыя (50—80 г) правальваюцца ў ячэйкі паміж ролікамі, а буйнейшыя клубні ідуць на транспарцёр ручной пераборкі. Прадукцыйнасць такога пункта 8—18,8 т/гадз. У Беларусі выкарыстоўваюцца таксама стацыянарныя бульбасартавальныя пункты айч. вытв-сці прадукцыйнасцю 25—30 т/гадз.

Л.​Я.​Сцяпук, А.​Л.​Рапінчук.

Тэхналагічная схема бульбасартавальнага пункта КСП-15В: 1 — пандус; 2 — прыёмны бункер; 3 — ачышчальнік кучы; 4 — машына для калібравання; 5 — транспарцёр пераборкі; 6 — загрузачны канвеер.

т. 3, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ПУНКТ,

тэмпература фазавага пераходу, звязаная са скачкападобнымі зменамі сіметрыі магн. або эл. уласцівасцей рэчыва. Пры т-рах, больш высокіх за К.п., ферамагнетыкі і сегнетаэлектрыкі страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці і пераўтвараюцца ў парамагнетыкі і звычайныя дыэлектрыкі адпаведна (К.п. у антыферамагнетыкаў наз. Нееля пунктам). Названы ў гонар П.Кюры, які вывучаў такі пераход у ферамагнетыках.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ ПУНКТ, у тэктоніцы,

участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл. Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ПУНКТ,

цела, памеры і формы якога неістотныя пры апісанні некат. канкрэтных выпадкаў яго руху; адзін з асн. ідэалізаваных аб’ектаў класічнай механікі. Характарызуецца масай; становішча ў прасторы вызначаецца каардынатамі геам. пункта, у якасці якога звычайна выбіраецца цэнтр цяжару (цэнтр мас) цела (мех. сістэмы). Практычна кожнае цела можна лічыць М.п., калі яно рухаецца паступальна і адлегласці, якія праходзіць цела ўздоўж траекторыі, значна большыя за яго памеры (напр., рух Зямлі і інш. планет вакол Сонца).

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ РАСЫ́, кропка расы,

тэмпература, да якой павінна ахаладзіцца паветра, каб наяўная ў ім вадзяная пара дасягнула насычэння (пры дадзеным утрыманні вільгаці і нязменным ціску); неабходная ўмова для з’яўлення расы; адна з асн. характарыстык вільготнасці паветра. Вызначаецца па псіхраметрычных табліцах і т-ры па сухім і змочаным тэрмометрах або непасрэдна кандэнсацыйным гігрометрам. Пры адноснай вільготнасці меншай за 100% П.р. заўсёды ніжэй фактычнай т-ры паветра. Пры насычанасці (адносная вільготнасць 100%) фактычная т-ра супадае з П.р.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ЛЕНЫ ПУНКТ, населенае месца, паселішча,

пастаяннае або часовае месца, дзе пражывае насельніцтва: звычайна мае геагр. назву (тапонім). Падзяляецца па нар.-гасп. функцыях, колькасці жыхароў, адм. статусе і інш. Вядучае месца сярод населеных пунктаў належыць гарадам. Вял. сельскія Н.п. ў Расіі і на Украіне называюць сёламі (часам і на Беларусі), на поўдні Расіі — станіцамі, у горных раёнах Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана — ауламі. На Беларусі акрамя гарадоў пашыраны вёскі, гарадскія пасёлкі, рабочыя пасёлкі, трапляюцца хутары, курортныя пасёлкі. Да 1930—40-х г. існавалі мястэчкі.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФЕРАМАГНІ́ТНЫ ПУНКТ НЕ́ЕЛЯ,

тое, што Нееля пункт.

т. 1, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ НУЛЯВО́ГА ЗАРА́ДУ,

тое, што ізаэлектрычны пункт.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)