КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ у філасофіі,

кірунак, заснаваны на т.зв. рэаліст. пераасэнсаванні «крытычнай філасофіі» І.Канта і прызнанні адрозненняў паміж аб’ектам пазнання і ведамі суб’екта аб ім; адна з форм неакантыянства. Узнік у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., быў пашыраны ў Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША. Прадстаўнікі ням. К.р. (В.​Вунт, О.​Кюльпе, А.​Месер, А.​Рыль і інш.) не прызнавалі абс. непазнавальнасці кантаўскай «рэчы ў сабе» і разглядалі пазнанне не як простае адлюстраванне рэальнасці, а як сімвалічнае ўспрыманне, выяўленне ўласцівасцей знешняга свету; у гэтым сэнсе іх погляды збліжаліся з іерогліфаў тэорыяй і набывалі істотныя рысы агнастыцызму. Англ. філосафы А.​Сет, А.​Прынгл-Пэтысан і Д.​Хіке, якія спалучалі К.р. з канцэпцыямі персаналізму і філасофіі «здаровага сэнсу» (гл. Шатландская школа), лічылі, што свет існуе незалежна ад свядомасці, а асновай яго пазнання з’яўляецца інтуітыўная, прыроджаная здольнасць розуму. У ЗША заснавальнікамі К.р. як самаст. школы былі Д.​Дрэйк, А.​Лаўджай, Дж.​Прат, А.​Роджэрс, Дж.​Сантаяна, Р.​В.​Селерс і Ч.​О.​Стронг, якія ў 1920 апублікавалі зб. «Нарысы крытычнага рэалізму». У адрозненне ад неарэалізму яны сцвярджалі магчымасць толькі апасродкаванага пазнання, што складаецца з трох элементаў: суб’екта, аб’екта і «дадзенага» (або лагічных сутнасцей); чалавек пазнае прадметы не непасрэдна, а з дапамогай сутнасцей, якія толькі выражаюць аб’екты, але не тоесныя ім. Крытычнымі рэалістамі называлі сябе некаторыя з прадстаўнікоў рус. махізму. Сучасны К.р. прадстаўлены ў вучэннях А.​Венцля, Х.​Дрыша, М.​Гартмана і інш., якія спрабавалі ажыццявіць «сінтэз» матэрыяліст. установак прыродазнаўства і ідэаліст. філасофіі на аснове валюнтарызму і т.зв. «крытычнай анталогіі», паводле якой пазнанне выступае не вызначальным, а другасным пачаткам у адносінах да асн. сфер быцця (чалавечай, матэрыяльнай, духоўнай) як аўтаномных пластоў аб’ектыўнай рэальнасці.

Літ.:

Борисова Е.М., Куртонина Н.Я. Основные направления западной философии. М., 1990;

Теория познания. Т. 1—2. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,

няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.​У.​Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)