САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,

адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,

неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл. Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае кіраванне сістэмамі, тэхн. аб’ектамі і інш., што забяспечвае найлепшае (аптымальнае) працяканне працэсаў у пэўным, папярэдне вызначаным кірунку. Дае магчымасць рэалізаваць мэту кіравання за найменшы магчымы час або з найбольшым эканам. эфектам.

Першыя задачы аптымальнага кіравання пастаўлены ў пач. 1950-х г. пры вывучэнні дынамікі лятальных апаратаў і працэсаў аўтам. рэгулявання. Пытанні аптымізацыі аб’ектаў кіравання разглядаюцца ў тэорыі аптымальнага кіравання, якая грунтуецца на некласічных варыяцыйных задачах (гл. Варыяцыйнае злічэнне) адшукання экстрэмумаў функцыяналаў па рашэннях ураўненняў, што апісваюць аб’екты кіравання, і кіраванняў, дзе рэалізуецца экстрэмум; пры гэтым абмежаванні параметраў кіравання выражаюцца нястрогімі няроўнасцямі (могуць прымаць і гранічныя значэнні). Задачы рашаюцца рознымі метадамі, найбольш агульныя — прынцып максімуму і метад дынамічнага праграмавання.

Асновы матэм. тэорыі аптымальнага кіравання закладзены работамі сав. матэматыка Л.​С.​Пантрагіна і амер. матэматыка Р.​Белмана. На Беларусі даследаванні па праблемах аптымальнага кіравання пачаліся ў 1966 пад кіраўніцтвам Я.​А.​Барбашына і вядуцца ў БДУ і Ін-це матэматыкі АН Беларусі.

Літ.:

Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983;

Габасов Р., Кириллова Ф.М. Качественная теория оптимальных процессов. М., 1971.

Р.​Габасаў, Ф.​М.​Кірылава.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),

аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб. ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЁМНІЦТВА,

спосаб камплектавання ўзбр. сіл, заснаваны на прыцягненні на ваен. службу асоб паводле найму. Зарадзілася ў Стараж. Егіпце, калі ў войска пачалі прымаць прадстаўнікоў інш. краін. Наёмныя арміі мелі Персія, Карфаген, Стараж. Рым і інш. У эпоху феадалізму з 11 ст. асобныя феадалы, а з 14 ст. каралі і князі шэрагу краін Еўропы выкарыстоўвалі наёмнае войска для ўмацавання сваёй ўлады. З 15 ст. Н. (гл. Ландскнехты) стала пашыраным спосабам камплектавання ўзбр. сіл. Напр., у войску ВКЛ служылі наёмнікі з Германіі, Венгрыі і інш. (венг. конніца і пяхота, ням. і швейцарскія мушкецёры, рэйтары, аркебузёры і інш.). У 17—18 ст. ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя наёмныя арміі. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў шэрагу краін уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (у Расіі да 1874 дзейнічала сістэма рэкруцкай павіннасці). У наш час нац. ўзбр. сілы шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.) камплектуюцца шляхам Н. і вярбоўкі. У арміях і інш. узбр. фарміраваннях некат. краін (напр., Францыі) выкарыстоўваюцца замежныя наёмнікі (гл. Легіён). Кантрактная сістэма, якая па сутнасці з’яўляецца Н., значна пашырана ў шэрагу дзяржаў свету, у т. л. яе асобныя элементы ёсць ва Узбр. Сілах Беларусі.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТ,

у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.

Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Створана ў 1875 у Нясвіжы замест закрытага дамініканскага кляштара па ініцыятыве міністра асветы Расіі графа Дз.​А.​Талстога і папячыцеля Віленскай навуч. акругі М.​А.​Сергіеўскага як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». У розны час у Н.н.с. выкладалі К.​Ф.​Шчансновіч, С.​А.​Кулагін, І.​Ф.​Нікалаеўскі, П.Р.Бывалькевіч, Л.​К.​Лычкоўскі, Ф.​В.​Лукашэвіч, С.​А.​Гурыновіч, Ф.А.Кудрынскі, ксёндз В.Гадлеўскі і інш. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Фінансавалася з дзярж. бюджэту. Мела фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыю, актавую залу, клас для заняткаў ручной працай, інтэрнат для навучэнцаў. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пач. вучылішча, метэаралаг. станцыя (з 1900), музей (з 1910). У 1914 у фундаментальнай б-цы 3630 тамоў, у вучнёўскай — 1710. У жн. 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Вязьма Смаленскай губ. У час бежанства на вучобу прымаліся пераважна выхадцы з Беларусі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Н.н.с. дазвалялася прымаць асоб неправасл. веравызнання і жан. полу; створаны бел. вучнёўскі культ.-асв. гурток «Прасвета». Летам 1917 семінарыя рээвакуіравана ў Нясвіж. У час польскай акупацыі 1919 падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У розны час у семінарыі вучыліся А.Галіна, А.Багдановіч, П.Дземідовіч, К.​Міцкевіч (Я.Колас), В.​Камлюк, А.​Сташэўскі, В.​Сташэўскі, М.​Раманоўскі (К.Чорны) і інш. Закрыта ў снеж. 1919.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТАПІ́ЧНЫ СПІН,

адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны, кваркі, лептоны і некаторыя інш. элементарныя часціцы. Адрозніваюць моцны і слабы І.с., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць звычайны спін у квантамеханіцы.

Моцны І.с. вызначае колькасць розных зарадавых станаў адронаў ці кваркаў у ізатапічным мультыплеце (гл. Ізатапічная інварыянтнасць). І.с. адронаў можа прымаць цэлыя і паўцэлыя значэнні: 0; ​1/2; 1; ​3/2... Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй І.с. T3, барыённым зарадам B, дзіўнасцю S, чароўнасцю C і прыгажосцю b існуе сувязь: Q=T3+​1/2(B+S+C−b). Напр., нуклону (B=1, S=0, C=0, b=0) адпавядае T3=Q−​1/2, што дае T3=​1/2 для пратона (Q=1) і T3=−​1/2 для нейтрона (Q=0), т. ч. нуклон мае 2 зарадавыя станы і ўтварае ізадублет. І.с. сістэмы адронаў захоўваецца ў моцных (ядзерных) узаемадзеяннях, а T3 — у эл.-магн. узаемадзеяннях. Слабы І.с. характарызуе лептоны, кваркі, прамежкавыя вектарныя базоны і скалярныя базоны Хігса ў дачыненні да электраслабага ўзаемадзеяння. Для кваркаў і лептонаў прымае значэнні: 0; ​1/2. Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй слабага І.с. T3​w і слабым гіперзарадам Y​w існуе сувязь: Q=T3​w+​1/2Y​w (абагульненая ф-ла Гел-Мана—Нішыджымы). Слабы І.с. дазваляе правесці класіфікацыю лептонаў і кваркаў і дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння ўсіх элементарных часціц.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),

выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,

сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр. Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял. кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

Я.​А.​Юхо.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)