СІ́НТЭЗ (ад грэч. synthesis злучэнне, спалучэнне, састаўленне),
1) злучэнне, спалучэнне розных элементаў, бакоў прадмета ў адно цэлае (сістэму), якое ажыццяўляецца і ў практычнай дзейнасці, і ў працэсе пазнання. С. процілеглыаналізу, але непарыўна з ім звязаны.
2) Метад навук. даследавання якога-н. прадмета, з’явы, які ў працэсе даследавання пазнаецца цалкам, у адзінстве і ўзаемасувязі ўсіх яго частак.
3) У філасофіі Г.Гегеля — найвышэйшая ступень развіцця, якая вырашае супярэчнасці папярэдніх ступеняў.
4) У псіхалогіі — мысліцельная аперацыя, якая зводзіцца да аб’яднання прадметаў, што адлюстроўваюцца, у адно цэлае. Разам з аналізам забяспечвае фарміраванне паняццяў і працэс мыслення.
5) С. сацыяльны — спалучэнне і злучэнне асобных элементаў, індывідаў або груп у арганізаваную сістэму адносін для дасягнення ўзаемных мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСКВА́»,
кінатэатр у Мінску. Пабудаваны ў 1980 (арх. В.Крамарэнка, У.Шчарбіна, М.Вінаградаў), уваходзіць у склад адм.-культ. і гандл. комплексу на Машэрава праспекце. Будынак вырашаны кампактным сім. аб’ёмам. У кампазіцыі гал. фасада дамінуе тарцовая ч.вял. глядзельнай залы (да 1000 месцаў, сістэма аб’ёмнага гучання «Dolby»), якая кансольна навісае над суцэльна зашклёнымі фае і вестыбюлем. Пластыку фасада ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф, анадзіраваны алюміній) і ўстаўкі з медзі. Процілеглы дваровы фасад сфарміраваны лаканічным па архітэктуры аб’ёмам малой залы (на 260 месцаў, дзе працуе Тэатр-студыя кінаакцёра), фае якой упрыгожана вітражом (мастакі Г. і М.Вашчанкі). Вакол вял. глядзельнай залы размешчаны фае — выставачная зала, лекцыйная зала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРС НО́ВА (лац. ars nova літар. новае мастацтва),
прагрэсіўны кірунак у французскай і італьянскай музыцы 14 ст.; процілеглы тэрміну арс антыква (лац. ars antiqua старое мастацтва), які мае на ўвазе муз. мастацтва да пач. 14 ст. Тэрмін узнік каля 1320 у выніку дыскусіі паміж прадстаўнікамі новага мастацтва (Іаан дэ Мурыс, Філіп дэ Вітры) і старога (Якаб Льежскі) і адлюстраваў пералом, што адбыўся ў франц. музыцы таго часу. У сучасным музыказнаўстве тэрмін «арс нова» часта выкарыстоўваюць у значэнні шырокай гісторыка-стылявой катэгорыі, якая характарызуе зах.-еўрап. музыку 14 ст. як новы этап у развіцці муз. мастацтва на шляху ад сярэднявечча да Адраджэння. Гал. рысы: адмаўленне ад выкарыстання выключна жанраў царк. музыкі і зварот да свецкіх вак.-інстр. камерных жанраў (ронда, балада, вірэле ў Францыі, балаты, мадрыгалы, качы ў Італіі), збліжэнне з бытавой песеннасцю, выкарыстанне розных муз. інструментаў.
адна з асн. тэарэм квантавай тэорыі паля. Паводле Л.—П.т. ўраўненні захоўваюць свой від, калі адначасова правесці пераўтварэнне зарадавага спалучэння, прасторавай інверсіі і абарачэння часу (замена часу t на -t). Сфармулявана і даказана ням. фізікам Г.Людэрсам і швейц. фізікам В.Паўлі (1955).
Сцвярджае, што калі ў прыродзе адбываецца які-н. працэс, то з той жа імавернасцю можа адбывацца працэс, у якім часціцы заменены на антычасціцы, праекцыі іх спінаў набылі процілеглы знак, а пачатковыя і канцавыя станы працэсу памяняліся месцамі. Устанаўлівае пэўную сувязь паміж характарыстыкамі часціцы і адпаведнай антычасціцы, якія маюць аднолькавыя масы спакою, час жыцця, энергетычныя спектры, а таксама вуглавыя размеркаванні прадуктаў распаду (калі ўзаемадзеянне часціц у канцавым стане слабае), а праекцыі спінаў на зададзеную вось процілеглыя. У доследах адхіленняў ад Л.—П.т. не выяўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РХГОФА ПРА́ВІЛЫ,
суадносіны паміж токамі і напружаннямі ў разгалінаваных эл. ланцугах пастаяннага ці квазістацыянарнага току. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1847. Вынікаюць з зараду захавання закону і энергіі захавання закону для эл. ланцугоў. Дазваляюць разлічваць складаныя эл. ланцугі, напр., вызначыць сілу току і напружанне на любым участку ланцуга па зададзеных супраціўленнях участкаў і ўключаных у іх эрс.
1-е К.п.: алг. сума токаў, якія збягаюцца ў пункце разгалінавання праваднікоў (вузле), роўная нулю. Токі, якія ўваходзяць у вузел, лічацца дадатнымі, якія выходзяць — адмоўнымі.
2-е К.п.: у любым замкнутым контуры, вылучаным у складаным эл. ланцугу, алг. сума падзенняў напружанняў на асобных участках контуру роўная алг. суме эрс, уключаных у контур. Пры разліках напрамкі току 1 эрс лічацца дадатнымі, калі напрамак току супадае з напрамкам абходу контуру, а эрс павялічвае патэнцыял у напрамку абходу. Пры складанні ўраўненняў напрамкі току можна задаваць адвольна і, калі пры іх рашэнні для якога-н. току атрымана адмоўнае значэнне, гэта азначае, што яго напрамак процілеглы выбранаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. anabolē уздым), асіміляцыя,
сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш.біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),
1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).
2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).
3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).
Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.
П.С.Габец.
Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,
рухавік унутранага згарання, які стварае рэактыўную цягу ў выніку выцякання з яго струменя рабочага цела. Кінетычная энергія струменя ствараецца выкідам праз сапло распаленых газаў у выніку гарэння рабочага цела (рэактыўнага і ракетнага паліва). У энергію рэактыўнага струменя можа пераўтварацца таксама ядз., эл. і сонечная энергія. Р.р. спалучае ў сабе ўласна рухавік і рухач, г. зн. з’яўляецца рухавіком прамой рэакцыі: сіла цягі прыкладзена непасрэдна да корпуса і забяспечвае перамяшчэнне яго ў бок, процілеглы напрамку выцякання струменя. Адрозніваюць рэактыўныя ракетныя рухавікі (сілкуюцца толькі палівам і акісляльнікам, што знаходзіцца на лятальным апараце) і паветрана-рэактыўныя рухавікі (выкарыстоўваюць таксама кампаненты навакольнага асяроддзя — кісларод атм. паветра). Бываюць і камбінаваныя Р.р. — ракетна-праматочныя, ракетна-турбінныя і інш.
Прынцып рэактыўнага руху вынайдзены Геронам Александрыйскім (1 ст.н.э.), першыя цвердапаліўныя Р.р. (парахавыя ракеты) з’явіліся ў Кітаі (каля 10 ст.). Ідэю шматступеньчатай ракеты, ракетных батарэй, тэхналогію вырабу порахаў і інш. пытанні рэактыўнай артылерыі абгрунтаваў бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч (17 ст.). Схему лятальнага апарата з парахавым Р.р. склаў М.І.Кібальчыч (1881), Р.р. на вадкім паліве прапанаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Стварэнню Р.р. спрыялі навук, працы М.Я.Жукоўскага, І.У.Мяшчэрскага, Б.С.Сцечкіна, франц. вучонага Р.Эно-Пельтры і інш. Р.р. розных канструкцый распрацавалі Ф.А.Цандэр, А.М.Люлька, С.П.Каралёў, В.П.Глушко, Г.Оберт, Р.Годард, Ф.Уітл (Вялікабрытанія) і інш.
Рэактыўны рухавік: а — паравы шар Герона Александрыйскага (1 — трубкі для падводу пары, 2 — выхлапныя трубкі, З — полы шар, які круціцца ад рэактыўных струменяў); б — парахавы рухавік на кітайскай вогненнай страле (1 — порах, 2 — папяровая гільза, З — запальны састаў), в — прынцыповая схема турбарэактыўнага рухавіка (у параўнанні з 4-тактавым поршневым рухавіком).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЛ,
1) тэрыторыя краіны, што ваюе, з яе насельніцтвам і эканам. рэсурсамі, акрамя раёна (зоны) ваен. дзеянняў.
2) Сістэма органаў кіравання, сіл і сродкаў, прызначаных для тылавога і тэхн. забеспячэння войск (Т. узбр. сіл). Як састаўная частка ўзбр. сіл і абарончага патэнцыялу дзяржавы Т. забяспечвае ўтрыманне запасаў матэрыяльных сродкаў і іх падвоз да фронту, падрыхтоўку, эксплуатацыю, тэхн. прыкрыццё і аднаўленне шляхоў зносін (сумесна з інш. органамі і ўстановамі дзяржавы), а таксама аказанне мед. дапамогі, гандлёва-быт., кватэра-эксплуатацыйнае, фінансавае забеспячэнне ваеннаслужачых і інш.).
Паняцце «Т.» узнікла ў старажытнасці разам са стварэннем армій. У наёмных арміях 15—17 ст. функцыі забеспячэння выконвалі гандляры (маркітанты), пазней т.зв. магазіны (склады-магазіны). якія размяшчаліся на верагодных напрамках ваен. дзеянняў. У рэгулярных арміях фарміраваліся падраздзяленні для цэнтралізаванага тылавога забеспячэння войск і флатоў. Са з’яўленнем у шэрагу краін масавых армій паняцце «Т.» станавілася больш разнастайным: ствараліся Т. відаў узбр. сіл, адпаведных родаў войск. Істотныя змены ў разуменне Т. ўнеслі ракетна-ядзерная зброя і інш. сучасная тэхніка.
Т. Узбр. Сіл Беларусі падзяляецца паводле маштабу і характару задач на стратэг., аператыўны і вайсковы; паводле прыналежнасці — Т. цэнтра, відаў узбр. сіл, брыгадны (палкавы) і батальённы (дывізіённы). Арганізацыйна фарміраванні і ўстановы Т. ўваходзяць у склад аператыўных камандаванняў, злучэнняў і часцей узбр. сіл, а таксама знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні цэнтр. органаў кіравання. Міністр абароны і ген. штаб ажыццяўляюць кіраўніцтва Т. праз нам. міністра абароны па тыле — начальніка Т. ўзбр. сіл, камандуючых відамі ўзбр. сіл і інш.цэнтр. ўстановы. Падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў для Т. ажыццяўляецца ў Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь, на ваен. кафедрах ВНУ і інш. 3) Тыльны бок строю (або ч. яго), баявога парадку, аператыўнага пастраення войск (сіл), процілеглы пярэдняму (фронту).