ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.

Я.М.Сахута.

Дзісенская кераміка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЕХСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,

мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах з пап’е-машэ; рускі нар. маст. промысел. Склаўся ў 1923 у г.п. Палех на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1924 заснавана Палехская арцель стараж. жывапісу, у 1932 — Палехскае т-ва мастакоў, з 1953 — Маст.-вытв. майстэрні Маст. фонду Расіі. Тэхналогія вырабу паўфабрыкатаў перанята ў майстроў фядоскінскай мініяцюры. Сюжэты на тэмы казак, паданняў, літ. твораў, песень, сучаснага жыцця выконваюцца тонкім плаўным малюнкам, вызначаюцца багаццем залатой штрыхоўкі, выразнасцю сілуэта спрошчаных фігур, якія часта ўкрываюць усю паверхню скарбонак, куфэркаў, партабакаў, пудраніц і інш. Характар трактоўкі фігур, пейзажу, архітэктуры паходзіць ад іканапісных традыцый. Сярод буйнейшых майстроў П.м. П.Бажэнаў, І.Баканаў, С.Бахіраў, І.Вакураў, І.Голікаў, А.Катухін, А.Качупалаў, І.Маркічаў і інш.

Літ.:

Некрасова М.А. Палехская миниатюра. 2 изд. Л., 1983.

Я.М.Сахута.

Да арт. Палехская мініяцюра. А.Качупалаў. Дэман. 1972.

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦЁРСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,

мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас. Палех Іванаўскай вобл. (гл. Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.Кацягіна, А.Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.Дзямідава, М.Шышакоў, Л.Фамічоў), у 1980—90-я г. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.

Мсцёрская мініяцюра. Л.Дзямідава. Шкатулка «Бабіна лета». 1977.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛА́НДЫЯ (Zeeland),

гістарычная правінцыя на ПдЗ Нідэрландаў, размешчаная пераважна на а-вах у дэльце р. Шэльда. У сярэдневякоўі Паўн. З. належала Галандыі, Сярэдняя з 12 ст. — сумеснае ўладанне Галандыі і Фландрыі пад сюзерэнітэтам Фландрыі. Паводле Парыжскага дагавора 1323 Фландрыя адмовілася да сваіх правоў на Сярэднюю З., валодала яе кантынент. часткай. У 1428—33 уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 (1482) — Габсбургаў. У пач. 16 ст. правінцыя з уласным саслоўным прадстаўніцтвам і штатгальтэрам у складзе Нідэрландаў, з 1556 пад уладай Іспаніі. Развіваліся суднабудаўнічая прам-сць, рыбалоўны промысел, марскі гандаль. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. арэна антыісп. барацьбы, у 1572 аддзялілася ад Іспаніі. Пасля Утрэхцкай уніі 1579 у складзе рэспублікі Злучаных правінцый. У 1795—1806 уваходзіла ў Батаўскую рэспубліку, у 1806—10 — у каралеўства Луі Банапарта, у 1810—14 — у Франц. імперыю. З 1814 правінцыя Каралеўства Нідэрландаў.

В.В.Варановіч.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),

заліў у Атлантычным ак. каля зах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл. каля 194 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш. Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, Сен-Назер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).

З.Я.Андрыеўская.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫНГАВА МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м. Пл. 2315 тыс. км², найб. глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШАЛО́Т (Physeter catodon),

марское млекакормячае сям. кашалотавых падатр. зубатых кітоў. Пашыраны ва ўсіх акіянах; самцы мігрыруюць, самкі трымаюцца статкамі ў межах субтрапічнага пояса. З 1985 промысел на К. забаронены.

Даўж. самцоў да 21 м, маса да 100 т, самак — да 15 м, маса да 30 т. Колер ад бурага да цёмна-карычневага. Галава вял. (да ​1/3 даўж. цела). На верхнясківічных касцях размешчаны спермацэтавы орган (вагой да 6 т). Ён утрымлівае спермацэт, які выкарыстоўвалі пры вытв-сці касметычных крэмаў, памад, мыла. На вузкай ніжняй сківіцы 36—60 зубоў, на верхняй — 2—6 або адсутнічаюць. Спінны плаўнік у выглядзе нізкага гарба, грудныя — шырокія, закругленыя на канцах, хваставы падзелены глыбокай выразкай. Кормяцца галаваногімі малюскамі, рыбай. За кормам ныраюць на глыбіню да 2 км, могуць знаходзіцца пад вадой да 1,5 гадз. У кішэчніку самцоў часам знаходзілі кавалкі амбры масай да 420 кг. Патомства раз у 3 гады; даўж. нованароджаных да 4,5 м, маса да 1 т. Жывуць да 50 гадоў.

Э.Р.Самусенка.

Кашалот.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНДУ́Н,

правінцыя на Пд Кітая, на ўзбярэжжы Паўд.-Кіт. м. Пл. 197,4 тыс. км². Нас. 62,8 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы. Адм. ц.г. Гуанчжоў. У рэльефе — чаргаванне гор выш. да 1922 м і нізінных раўнін. На нізінах сярэдняя т-ра студз. ад 8 °C да 16 °C, ліп. — 26—28 °C. Ападкаў 1200—2000 мм за год. Густая сетка рэк. Радовішчы каменнага вугалю, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Апрацоўваецца каля 50% тэрыторыі. Штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. культура — рыс (каля 70% пл.), а таксама цукр. трыснёг, алейныя (арахіс, соя, кунжут, камелія, тунг, трапічныя эфіраносы), пладовыя культуры, джут, рамі, сізаль і інш. Шаўкаводства. Рыбалоўства і рыбагадоўля. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Здабыча бітумінозных сланцаў, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Чорная металургія. Машынабудаванне, харчасмакавая (цукр. і плодакансервавая), тэкст., хім., папяровая прам-сць. На ўзбярэжжы — саляны промысел. Лесанарыхтоўкі. Рачное суднаходства, чыг. і аўтамаб. транспарт. Марскія парты Гуанчжоў, Чжаньцзян, Шаньтоў.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,

вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб. стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.

В.С.Цітоў.

Да арт. Даўбёжнае рамяство. Выдзеўбаны посуд.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ЎСКАЕ МО́РА (стараж.-рус. Суражскае мора),

унутранае мора Атлантычнага ак. на Пд Усх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс. км², аб’ём 0,29 тыс. км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м. Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.

Марскі газавы промысел на Азоўскім моры.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)