БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТР у Літве.

Існаваў у крас. 1923 — сак. 1927 і з 22.2.1933 да 1936 (?) у г. Коўна (цяпер Каўнас). Засн. на базе закрытага літоўскімі ўладамі Мін-ва бел. спраў Літвы. Займаўся перакладам на бел. мову і выданнем навук. л-ры, школьных падручнікаў. У першы перыяд дзейнасці кіраўнікі: В.​Ластоўскі, К.​Душэўскі, А.​Матач. Пасля ад’езду Ластоўскага ў БССР (сак. 1927) дзейнасць цэнтра спынена; адноўлена ў 1933 пры Мін-ве замежных спраў Літвы. У 1926 выдаў працу Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫЕ́НКА (Пётр Сцяпанавіч) (16.4.1923, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна — 9.7.1976),

малдаўскі паэт. У 1963—67 міністр культуры Малдавіі. У лірычных зб-ках «Светлыя дарогі» (1951), «Раскажы мне, Днестр!» (1955), «Сляды чалавека» (1964), «Лёс кахання» (1977), «Станцыя адпраўлення» (1977, на рус. мове) і інш. апаэтызаваў гераізм сав. людзей у Вял. Айч. вайну, іх працу ў гады мірнага буд-ва. Аўтар драм. твораў «Калі спее вінаград» (1961), «Перад адпачынкам» (1973), кніг нарысаў, эсэ «Новыя знаёмствы: Пуцявыя нататкі» (1973), «Людзі маёй біяграфіі» (1979) і інш.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАШАНІ́ННІКАЎ (Сцяпан Пятровіч) (11.11.1711, Масква — 8.3.1755),

рускі вучоны, даследчык Камчаткі. Акад. Пецярбургскай АН (1750). З 1724 вучыўся ў маск. Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, з 1732 ва ун-це ў Пецярбургу. Удзельнік 2-й Камчацкай экспедыцыі (1733—43). У 1733—36 падарожнічаў па Сібіры. У 1737—41 даследаваў п-аў Камчатка. На аснове сабраных матэрыялаў напісаў навук. працу па геаграфіі, гісторыі, мовах і быце народаў Камчаткі («Апісанне зямлі Камчаткі»). Яго імем названы востраў каля Камчаткі, мыс (на в-ве Карагінскім) і гара на Камчатцы.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КІ́ЕЎСКАЯ КАЗА́ЧЧЫНА»,

масавы антыпрыгонніцкі рух сялян на Украіне ў 1855. Апублікаванне царскага маніфеста аб прызыве апалчэнцаў для ўдзелу ў Крымскай вайне 1853—56 садзейнічала распаўсюджванню сярод сялян чутак аб запісе ў апалчэнне (у казакі), каб вызваліць іх ад прыгону. Сяляне, патрабуючы пагалоўнага запісу ў казакі, спынілі працу. Хваляванні ахапілі 9 з 12 паветаў Кіеўскай губ. Супраць сялян былі накіраваны войскі. Сяляне вёсак Быкава Грэбля, Бярэзна, Бяседка, Сітнікі, мяст. Корсунь, Таганча аказалі ўпартае супраціўленне (забіта каля 60 чал., больш за 100 чал. паранена).

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДНІКІ,

катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.

В.​І.​Мялешка.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

песні батракоў, парабкаў, наймітаў у памешчыцкіх або кулацкіх гаспадарках; сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка. Змест іх — скарга на гаротнае жыццё, цяжкую працу, здзекі гаспадара, сац. пратэст. Глыбінёй пачуцця вылучаюцца песні парабчанкі-сіраты, вымушанай жыць на «служэбным хлебе», што ела «ў сенцах за дзвярмі, аблівалася слязьмі», і наогул найміткі, бо яе хлеб таксама горкі («хто яго ўкусіць, той плакаці мусіць»). Батрацкія песні ўвабралі ў сябе больш раннія бурлацкія і некаторыя прымацкія песні, блізкія да іх сац. гучаннем.

Літ.:

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Іван Аляксеевіч) (9.12.1863, Масква — 7.1.1930),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1882. Аўтар вершаў і апавяданняў для дзяцей. У творах апяваў родную прыроду, працу простых людзей. Першая кн. перакладаў «З «Кабзара» Т.​Шаўчэнкі» (1887). На рус. мову пераклаў вершы Р.​Бёрнса, А.​Негры, М.​Канапніцкай, А.​Ісаакяна. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы ў сав. час, складальнік і рэд. 1-га зб. вершаў паэта на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919).

Літ.:

Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981 С. 35—56.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛІЯ (Георгій Дзмітрыевіч) (н. 14.3.1913, г. Сухумі, Абхазія),

рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Грузіі (1943) і Абхазіі (1971). Сын Дз.І.Гулія. Друкуецца з 1930. Трылогія «Сябры з Сакена» («Вясна ў Сакене», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Добры горад», 1949; «Кама», 1951) пра побыт і працу людзей Абхазіі. Гіст. мінуламу абх. народа прысвечаны «Апавяданні каля кастра» (1937), аповесць «Чорныя госці» (1950), раман «Водаварот» (1959). Аўтар гіст. рамана «Цар Эхнатон» (1968), «Чалавек з Афінаў» (1969), «Сула» (1971), «Сказанне пра Умара Хаяма» (1975).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1974.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ПЕНКА (Алесь) (Аляксандр Кірылавіч; 14.7.1920, в. Сырская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобласці — 20.7.1970),

бел. паэт, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Айч. вайны. Быў цяжка паранены. Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. Друкаваўся з 1940. Услаўляў ваенны подзвіг чалавека, яго стваральную працу (зб-кі «Выпрабаванне», 1974; «Дзень маёй Радзімы», 1952; «Сэрца спявае», 1960). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы М.​Ісакоўскага, П.​Тычыны, Я.​Райніса. Вершы Астапенкі паклалі на музыку бел. кампазітары Г.​Вагнер, І.​Кузняцоў, Дз.​Лукас, С.​Палонскі, Р.​Пукст, Н.​Сакалоўскі.

Тв.:

Выпрабаванне. Мн., 1980.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАЛЕТА́РСКАЕ СТУДЭ́НЦКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ў Маскве.

Існавала ў 1923—30 як нац. студэнцкая арг-цыя (756 чал.). Аб’ядноўвала зямляцтвы 22 ВНУ Масквы. Статутныя мэты: «Змаганне з буржуазна-шавіністычнай і непралетарскай ідэалогіяй»; арганізацыя навук. і культурніцкай працы сярод бел. студэнтаў; падрыхтоўка для Беларусі кваліфікаваных спецыялістаў, якія ведаюць мясц. асаблівасці і бел. мову; стварэнне спецыялізаваных навук. гурткоў па вывучэнні гісторыі, геаграфіі, роднай мовы і л-ры; арганізацыя навуч. практыкі на Беларусі; размеркаванне пасля сканчэння ВНУ на працу ў Беларусь; матэрыяльная ўзаемадапамога. У 1930 усе згуртаванні па тэр.-нац. прыкметах скасаваны, а пытанні моладзі перададзены ў камсамольскія арг-цыі па месцы вучобы.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)