КАМЕ́НСКАЯ Антаніна Георгіеўна (н. 5.5.1917, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыла Растоўскае тэатр. вучылішча (1935). З 1936 працавала ў т-рах Растова-на-Доне, у 1958—81 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Мастацтва актрысы адметнае эмацыянальнасцю, рамант. узнёсласцю, уменнем ствараць шматпланавыя сцэн. характары. Сярод лепшых работ: Лявоніха і Клаўдзія («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Паўліна і Мамка («Зімовая казка» і «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вегі), Мамаева, Вара, Глафіра («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Дзікарка», «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Алена («Мяшчане» М.​Горкага), Ксідыяс («Інтэрвенцыя» Л.​Славіна), Ганна Іванаўна («Перад вячэрай» В.​Розава) і інш.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́РСКІ (Kowarski) Феліцыян Шчэнсны (8.9.1890, г. Старасельцы, цяпер у межах Беластока, Польшча — 22.9.194 8),

польскі мастак. Заснавальнік польскай школы манум. жывапісу. Вучыўся ў Адэсе (1908—10) і Пецярбургскай АМ (1910—18). Праф. АМ у Кракаве (1923—29), Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (з 1930). Аўтар вял. шматфігурных кампазіцый, партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, якія вызначаюцца багатай фактурай. Займаўся насценным жывапісам, скульптурай, літаграфіяй. У творчасці яднаў прынцыпы класічнай формы з рамант. адчуваннем прыроды, імкнуўся да манум. і сінт. трактовак, прастаты і сілы выяўлення. Асн. творы: плафон залы «Пад птушкамі» ў Вавелі (1929), «Вандроўнікі» (1930), «Нацыянальны ўрад 1863» (1937), праект скульпт.-керамічнага афармлення Гал. вакзала ў Варшаве (1938), «Бежанцы» (1942), «Галава яўрэйкі» (1946), «Электра» (1947), скульптуры «Марат» (1944), «Сірыйская мадонна» (1948).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖО́ВА Варвара Мікалаеўна (27.1.1871, Масква — 18.5.1963),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1937). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1893), паступіла ў трупу Малога т-ра. Выступала як камед. і вадэвільная актрыса, з канца 1900-х г. выконвала пераважна характарныя ролі т.зв. камічных бабуль. Найвыш. майстэрства дасягнула ў рус. класічных п’есах, асабліва А.​Астроўскага. Майстар рус. сцэн. мовы. Творчасці ўласцівы дасканаласць раскрыцця ўнутр. свету герояў, мяккі гумар, лірычнасць: Фяклуша, Анфуса Ціханаўна, Уліта, Глумава, Феліцата, Домна Панцялеўна («Навальніца», «Ваўкі і авечкі», «Лес», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Праўда — добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Графіня-бабуля («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Аўдоцця («Расцяраева вуліца» паводле Г.​Успенскага), Дзямідаўна («Нашэсце» Л.​Лявонава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛА (Cela) Каміла Хасэ (н. 11.5.1916, г. Падрон, Іспанія),

іспанскі пісьменнік. Чл. Ісп. АН (з 1957). Вывучаў права ў Мадрыдзе і Англіі. Першыя вершы напісаў пад уплывам Р.​Альберці і П.​Нэруды. Паклаў пачатак т.зв. л-ры трэмендызму (ад ісп. tremendo — жахлівы, страшны). У раманах «Сям’я Паскуаля Дуартэ» (1942), «Вулей» (1951) матывы бязвыхаднасці і абсурднасці жыцця. Яго творчай манеры ўласцівы гратэск і іронія, імкненне да прастаты і прымітывізму. Аўтар раманаў «Служба цемры 5» (1973), «Спіс раганосцаў» (1976), «Мазурка для памерлых» (1983), кніг нарысаў, апавяданняў, дарожных нататак. Нобелеўская прэмія 1989.

Тв.:

Рус. пер. — Апельсины — зимние плоды. М., 1965;

Семья Паскуаля Дуарте. Улей;

Повести и рассказы. М., 1980.

Літ.:

Тертерян И. Современный испанский роман (1939—1969). М., 1972.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЖЭ́ЛЬЧЫК Уладзіслаў Ігнатавіч (31.1.1921, С.-Пецярбург — 11.9.1995),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1965). Нар. арт. СССР (1974). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў студыю пры Ленінградскім Вял. драм. т-ры імя М.​Горкага (1947). З 1938 акцёр гэтага т-ра (з 1992 т-р імя Г.​Таўстаногава). У 1959—66 педагог Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі, у 1966—69 у Ін-це культуры. С. — майстар выразнага партрэта, высокай выканаўчай культуры. Сярод роляў: Цыганаў («Варвары» М Горкага), Саламон («Цана» А.​Мілера), Князь («Ханум» А.​Цагарэлі), Гарадулін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага) і інш. Здымаўся ў кіно: «Вайна і мір», «Ад’ютант яго правасхадзіцельства», «Айцец Сергій», «Гардэмарыны, наперад!», «Тарцюф» і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1971.

У.І.Стржэльчык.

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРЭ́НКА (па мужу Яўдошанка) Надзея Мацвееўна

(н. 1.7.1929, г. Адэса, Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1950). У 1955—88 у Брэсцкім драм. т-ры імя ЛКСМБ. Выконвала драм. і характарныя ролі. Спалучэнне жаноцкасці з унутр. цвёрдасцю характару, эмацыянальнасць, глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет гераінь вызначальныя ў мастацтве Ганчарэнкі. Сярод лепшых роляў: Зорына, Марына («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.​Губарэвіча), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.​Шамякіна), Ганна Ісакаўна («Верачка» А.​Макаёнка), Маці («Парог» А.​Дударава), Яўгенія, Мамаева («На бойкім месцы», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Валька («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Эліза («Пігмаліён» Б.​Шоу).

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЭ́ЛЬНІКАВА Раіса Мікалаеўна (16.9.1904, в. Баршчоўка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1980),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1957). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у БДТ-2, з 1939 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Паэтычнае светаўспрыманне арганічна спалучалася з глыбокім драматызмам, эмацыянальнасцю. Сярод роляў: Паўлінка («Паўлінка» Я.​Купалы), Аўгіння («У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Броня, Клава («З народам», «Мілы чалавек» К.​Крапівы), Куліна («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Ларыса, Глафіра, Лябёдкіна, Глумава («Беспасажніца», «Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сюзанна («Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), фру Ліндэ («Нора» Г.​Ібсена), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.​Фермо).

Т.​Я.​Гаробчанка.

Р.М.Кашэльнікава.
Р.Кашэльнікава ў ролі Паўлінкі (справа).

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЛЬТЦЭР Таццяна Іванаўна (6.6.1904, Масква — 16.7.1992),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1972). На сцэне з 1920. З 1925 працавала ў маскоўскіх т-рах імя Массавета, з 1940 Мініяцюр, з 1947 Сатыры, з 1977 у т-ры «Ленком». Творчасці ўласціва вострая камедыйнасць з надзвычайнай дакладнасцю сцэн. малюнка, схільнасць да буйнаакрэсленага характару; выкарыстанне гратэскавых прыёмаў спалучалася ў актрысы з псіхал. дакладнасцю, шчырасцю і душэўнасцю выканання. Сярод роляў: Каурава («Снеданне ў прадвадзіцеля» І.​Тургенева), Манефа, Кукушкіна («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), нянька Гінес («Дом, дзе разбіваюцца сэрцы» Б.​Шоу), Марселіна («Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта) і інш. Здымалася ў кіно: «Вяселле з пасагам», «Салдат Іван Броўкін», «Вам і не снілася», «Каранцін», «Формула кахання». Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТКО́ВІЧ Лізавета Іванаўна (н. 18.3.1947, в. Сімакава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. актрыса. Скончыла Магілёўскае культ.-асв. вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1976). З 1967 актрыса Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1978 — Т-ра юнага гледача Беларусі. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць і псіхалагізм. Сярод лепшых роляў: у Магілёўскім т-ры — Вольга («Апошнія суніцы ў жніўні» А.​Дзялендзіка), Глашка («Трывога» А.​Петрашкевіча), Таня («Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава), Лэйдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса), Ганначка («На бойкім месцы» А.​Астроўскага); у Т-ры юнага гледача — маці Бэмбі («Бэмбі» Ф.​Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каралева («У краіне ліліпутаў» паводле Дж.​Свіфта), маці Я.​Купалы («Калыска чатырох чараўніц» У.​Караткевіча), Турусіна, Аграфена Кандратаўна («На кожнага мудраца хапае прастаты», «Свае людзі — паладзім» Астроўскага), Нянька («Антыгона» паводле Ж.​Ануя і Сафокла).

Р.​І.​Баравік.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ Яўген Аляксеевіч (15.1.1917, г. Балакова Саратаўскай вобл., Расія —9.6.1997),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1968). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Цэнтр. тэатр. вучылішча ў Маскве (1940). Працаваў у тэатрах Тбілісі, Ленінграда. З 1956 у Санкт-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры. Акцёру быў уласцівы глыбокі псіхалагізм, эмацыянальная прыўзнятасць, схільнасць да вострай характарнасці, трансфармацыі і гратэску. Сярод найб. значных роляў: Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Манахаў і Бяссеменаў («Варвары» і «Мяшчане» М.​Горкага), Артура Уі («Кар’ера Артура Уі» Б.​Брэхта), Халстамер («Гісторыя каня» паводле Л.​Талстога), Круціцкі («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага) і інш. Здымаўся ў кіно: «У агні броду няма» (1968), «Дзіўныя людзі» (1970), «Блакада» (1975, 1978; Дзярж. прэмія Расіі 1980), «Кентаўры» (1979) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1968. Ленінская прэмія 1986 за тэатр. работы.

Літ.:

Рабинянц Н. Евгений Лебедев. Л., 1969.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)