ПА́ТАКА,
цукрысты прадукт, вязкі, празрысты водны раствор глюкозы, алігацукрыдаў і дэкстрынаў. Колькасць сухіх рэчываў каля 80%. Павышае растваральнасць цукрозы ў вадзе (затрымлівае крышталізацыю). Атрымліваюць ацукроўваннем крухмалу разведзенымі к-тамі, потым сіроп фільтруюць і ўварваюць. Выкарыстоўваюць у кандытарскай, кансервавай, тэкст. прам-сцях, у хлебапячэнні.
т. 12, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЛЯ́НЫ АЛЕ́Й,
алей, які атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з канаплянага семя. Вадкасць жоўта-зялёнага колеру, шчыльн. 939 кг/м² (15 °C), т-ра застывання -27 °C. Высыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці пакосту, лакаў і фарбаў, у некат. краінах як харч. прадукт.
т. 7, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУ́ЗНЫ АЛЕ́Й, маісавы алей,
раслінны тлусты алей з зародкаў кукурузы. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Светла-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -10 да -15 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, у вытв-сці маргарыну, мыла.
т. 8, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ТВАННЕ, акамкаванне,
метад атрымання камякоў пылападобнай руды, мінер. угнаенняў ці танказдробненых канцэнтратаў, спяканне якіх ускладнена. Увільготнены матэрыял у вярчальным барабане ці талерчатым гранулятары ператвараецца ў камякі, трываласць якім надаецца хім. спосабам, абпальваннем ці высушваннем. Канчатковы прадукт наз. акатышам. У каляровай металургіі акатваюцца свінцовыя, медныя, нікелевыя канцэнтраты, для жал. рудаў акрамя акатвання выкарыстоўваюць агламерацыю.
т. 1, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́ТНЫЯ ФО́НДЫ,
частка вытворчых фондаў прадпрыемства, якая цалкам расходуецца ў вытв. цыкле і цалкам пераносіць сваю вартасць на новы прадукт. Матэрыяльна-рэчыўную аснову абаротных фондаў складаюць прадметы працы (матэрыялы, сыравіна і інш.), што знаходзяцца на складах у выглядзе вытворчых запасаў і незавершанай вытв-сці. У рыначнай эканоміцы абаротныя фонды — пастаянная частка абаротнага капіталу.
т. 1, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАР (ад лац. generator вытворца),
прыстасаванне, апарат, машына, якія вырабляюць які-небудзь прадукт (напр., ацэтыленавы генератар, газагенератар, парагенератар), эл. энергію (гідрагенератар, турбагенератар, магнітагідрадынамічны генератар, тэрмаэлектрычны генератар, электрамашынны генератар, электрычны генератар) або ствараюць эл., эл.-магн., светлавыя ці гукавыя сігналы — ваганні, імпульсы (квантавы генератар, ультрагукавы генератар, генератар вымяральны, лямпавы, магнетронны, імпульсны і інш.).
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЬМАВЫ АЛЕ́Й,
тлусты невысыхальны алей з мякаці пладоў алейнай пальмы. Чырвона-аранжавае цвёрдае рэчыва, шчыльн. 921—925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 31—41 °C. Мае значную колькасць пальміцінавай кіслаты і караціноідаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу маргарыну, мыла, свечак, як кампанент змазачных матэрыялаў. З насення алейнай пальмы атрымліваюць пальмаядровы алей — харч. прадукт.
т. 12, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЕ́ЧНІКАВЫ АЛЕ́Й,
раслінны тлусты алей з насення сланечніку. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Залаціста-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -16 да -19 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, для вырабу маянэзаў, як сыравіну ў вытв-сці маргарыну, пакостаў, алкідных смол, мыла.
т. 14, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТРЫ́Т (ад лац. detritus перацёрты),
1) завісь дробных арганічных рэшткаў у тоўшчы вады ці адклады іх на дне вадаёмаў. Утвараецца з адмерлых раслін і жывёл і іх выдзяленняў. З’яўляецца кормам для водных жывёл — дэтрытафагаў.
2) У медыцыне — прадукт распаду тканак. Д. воспенны воспавы* — саскрэб воспенных воспавых* пухіроў са скуры штучна заражанай жывёлы для прыгатавання воспеннай воспавай* вакцыны.
т. 6, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫКУЛЬТУ́РА, марская аквакультура,
вытворчасць і выкарыстанне (культываванне) карысных для чалавека раслін і жывёл у марскіх водах. Вядзецца пераважна ў прыбярэжнай зоне. Стварае ўмовы для рацыянальнай і беражлівай эксплуатацыі і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў марскіх арганізмаў (водарасці, губкі, малюскі, ігласкурыя, ракападобныя, рыбы), атрымання значных (прамысловых) аб’ёмаў харч. прадукцыі, тэхн. і лек. сыравіны. Агульны сусветны прадукт М. каля 9 млн. т (1996).
т. 10, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)