ПАЯСЫ́ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, паясы фізіка-геаграфічныя, паясы прыродныя,

самыя вялікія шыротна-занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі. Характарызуюцца асаблівасцямі рэжыму цяпла і вільгаці, цыркуляцыі паветраных мас [гл. Кліматычныя паясы (зоны)], рытмікай біягеахім. і геамарфал. працэсаў, вегетацыі расліннасці, складам глеб, расл. покрыва, жывёльнага свету і інш. Кліматычныя фактары ў межах пояса могуць рэзка адрознівацца, што дазваляе вылучаць унутры кожнага пояса зоны геаграфічныя і падзоны. На канфігурацыю П.г., іх памеры ўплываюць аддаленасць ад акіянаў (вылучаюцца сектары: прыакіянічны, унутрымацерыковы і пераходны паміж імі), рэльеф (вышынная пояснасць), марскія цячэнні. На сушы вылучаюць экватарыяльны пояс, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы, субтрапічныя паясы, умераныя паясы; у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я размяшчаюцца субарктычны пояс і арктычны пояс, у Паўд. паўшар’і — адпаведна субантарктычны пояс і антарктычны пояс. П.г. існуюць і ў Сусветным ак., дзе ім уласціва большая аднароднасць.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ТВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 70 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Клячыцкія, Крыцкія, Лянкевічы, Радаміцкія, Смолкі, Струпінскія, Талкачы. Мае ў сярэбраным полі чырв. пояс. Клейнод — над прылбіцай з каронай рука ў латах з мячом. Існуюць варыянты герба: сярэбраны пояс у чырв. полі, чорны пояс у сярэбраным полі, у клейнодзе — тры страусавыя пёры і інш. У Польшчы вядомы з сярэдзіны 14 ст., пазней вельмі пашыраны ў ВКЛ.

Герб «Котвіч».

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНЕВІКІ́ (Ctenophora),

тып марскіх беспазваночных жывёл. 1 клас, 2 падкласы: шчупальцавыя (Tentaculifera) з 5 атр. і бясшчупальцавыя (Atentaculata) з 1 атр. Каля 120 відаў, жывуць ва ўсіх морах на рознай глыбіні. Найб. вядомыя: грабневікі з роду берое (Beroe), балінопсіс (Bolinopsis), грабневікі, якія поўзаюць, з роду ктэнаплана (Ctenoplana), Венерын пояс (Cestus veneris).

Даўж. ад 2 мм да 2,5 м (Венерын пояс). Цела студзяністае, празрыстае, авальнай, яйцападобнай або інш. формы, з ротам на адным канцы і органамі раўнавагі на другім. Перамяшчаюцца з дапамогай 8 радоў грабных пласцінак, па баках 2 шчупальцы. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай. Драпежнікі, жывяцца пераважна планктонам, зрэдку ікрой і маляўкамі рыб. Грабневікі берое паядаюць інш. грабневікоў, а самі з’яўляюцца кормам трасковых рыб, медуз. Многія грабневікі свецяцца ў цемнаце.

Грабневікі: 1 — берое; 2 — балінопсіс; 3 — Венерын пояс; 4 — ктэнаплана Дзюбоска.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НА (ад грэч. zōnē пояс),

паласа, прастора паміж якімі-н. межамі; тэрыторыя, што характарызуецца якой-н. агульнай прыкметай (напр., зона экалагічнай рызыкі).

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + сінкліналь),

буйны выцягнуты прагін зямной кары, які доўгі час апускаецца, запаўняецца магутнай тоўшчай асадкавых і магматычных горных парод, потым ператвараецца ў складкавую горную вобласць (гл. таксама Геасінклінальны пояс).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЁН (лацінскае Orion),

экватарыяльнае сузор’е з найбольш яркімі зоркамі Рыгель, Бетэльгейзе, Белатрыкс. Тры блізка размешчаныя зоркі 2-й зорнай велічыні ўтвараюць «пояс Арыёна», ніжэй за які знаходзіцца Арыёна вялікая туманнасць. На тэрыторыі Беларусі сузор’е бачна ўвосень і зімою (гл. Зорнае неба).

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙЛАДЫ́ЛА,

жалезарудны пояс на У Індыі (штат Мадх’я-Прадэш). Буйнейшыя (14) радовішчы высакаякасных (больш за 63% жалеза), пераважна гематытавых кварцытаў. Разведка з 1958, распрацоўка з 1967. Запасы кандыцыйных (63—67% жалеза) рудаў 1,3 млрд. т.; рэсурсы багатых гематытавых рудаў перавышаюць 3 млрд. т.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТ (ням. Gurt літар. пояс, папруга),

у гатычнай архітэктуры арка з абчасаных клінападобных камянёў ці цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткаватага, зорчатага і інш. формы скляпення; тое, што і нервюра. Гуртам наз. таксама прафіляваную гарыз. цягу, якая расчляняе фасад будынка на ярусы.

Гурт.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е,

тэрыторыя з вялікай колькасцю азёр (звычайна больш за 2%). Характарызуецца своеасаблівымі рысамі рэльефу і азёрамі аднолькавага паходжання — ледавіковага, тэрмакарставага, карставага і інш. Звычайна ў П. маляўнічыя ландшафты, якія часта вылучаюцца ў буйныя рэкрэацыйныя зоны. Пояс П. цягнецца праз Еўропу ўздоўж межаў паазерскага зледзянення, на Беларусі прадстаўлены Беларускім Паазер’ем.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ (ад лац. nivalis снежны, халодны),

нівальна-гляцыяльны клімат, клімат высокіх шырот або высакагор’яў у геамарфалагічнай класіфікацыі (гл. Нівальны пояс). Ва ўмовах Н.к. снегу выпадае больш, чым можа растаць і выпарыцца, што садзейнічае ўтварэнню снежнікаў і ледавікоў. Н.к. уласцівы ледавіковым покрывам Антарктыды, Грэнландыі, некат. інш. палярным і горным раёнам зямнога шара. Тэрмін Н.к. прапанаваны ням. географам А.​Пенкам.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)