БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ (БНПС),
палітычная партыя праванародніцкага кірунку. Засн. ў Мінску ў маі 1917. У Арганізац. бюро ўваходзілі Я.Ф.Сушынскі (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.Я.Плаўнік (З.Бядуля), Ф.Стульба. Выступала за паступовае ажыццяўленне сацыяліст. пераўтварэнняў у грамадстве. У агр. пытанні падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі і надзяленне ёй беззямельных і малазямельных сялян. Дапускала свабоду прыватнай ініцыятывы ў галіне прам-сці і гандлю, выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, ахову жаночай і дзіцячай працы, бясплатнае навучанне ў школах на роднай мове. Выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і ўтварэнне Бел. краёвай рады, выбранай на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Удзельнічала ў паліт. жыцці Мінска, у рабоце Усебел. з’езда. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху, і неўзабаве яна знікла з паліт. арэны.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́НІК Карп Трафімавіч (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),
украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр. рэаліст. т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.Шчэпкін (неаднаразова быў яго сцэн. партнёрам), М.Гогаль, Т.Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра).
Літ.:
Грін А.А. К.Т.Соленик. Київ, 1963.
Р.Я.Піліпчук.
т. 14, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФЕ́І (франц. trophée ад грэч. tropaion літар. — помнік перамогі),
1) помнік у знак перамогі. Першапачаткова ўяўляў сабой слуп з начэпленай на ім зброяй ворага. Да кожнага Т. дадаваўся тэкст, у якім распавядалася пра падрабязнасці бітвы, называліся імёны пераможцаў і пераможаных. Пазней гэтую звычку ў грэкаў перанялі рымляне, якія сталі будаваць помнікі не толькі на месцы перамогі, а ў гарадах дзяржаў-пераможцаў (трыумфальныя аркі, брамы і інш.).
2) Захопленыя ў праціўніка, пакінутыя ім на полі бою або здадзеныя пры капітуляцыі сцягі, ваен. тэхніка і інш. матэрыяльныя каштоўнасці. Т. выкарыстоўваліся войскамі толькі з дазволу вышэйстаячага камандавання і пасля іх праверкі і агляду спецыялістамі трафейнай службы.
3) У перыядычным друку Т. называюць таксама прызы, якія атрымліваюць пераможцы ў спарт. спаборніцтвах.
4) У пераносным значэнні — здабыча як сведчанне поспеху ў якой-н. галіне (напр., паляўнічыя Т. і інш.).
т. 15, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́ (БНГ),
грамадска-палітычная культ.-асв. і дабрачынная арг-цыя ў 1917—18. Засн. 9.5.1917 у Маскве. Узначальвалі Я.І.Васілевіч, А.І.Цвікевіч, Ф.Ф.Турук і інш. Налічвала больш за 1 тыс. членаў, пераважна бежанцаў-беларусаў 1-й сусв. вайны. Мела аддзелы ў Калузе, Саратаве, Сестрарэцку, Тамбове і інш. На правах секцый БНГ дзейнічалі гурткі прафесараў, настаўнікаў, студэнтаў, правасл. духавенства. Адстойвала прынцып непадзельнасці Беларусі, патрабавала яе аўтаноміі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі. У ліп. 1917 удзельнічала ў з’ездзе бел. нац. арг-цый і партый у Мінску. Па ініцыятыве БНГ восенню 1917 у Маскве праведзены 11-ы і 2-і Усерас. з’езды бежанцаў-беларусаў. На выбарах ва Устаноўчы сход выстаўляла кандыдатаў па Магілёўскай выбарчай акрузе ў блоку з інш. бел. арг-цыямі, але поспеху не дасягнула. Удзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда 1917.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АБАРО́НА 1812,
дзеянні рус. войскаў па абароне і прыкрыцці Бабруйскай крэпасці ў час вайны 1812. Крэпасць была важным апорным пунктам рус. арміі на шляху паўд. фланга напалеонаўскага войска. Франц. 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага і інш. часці (усяго каля 12 тыс. чал.) 4 вер. блакіравалі Бабруйск, перакрыўшы дарогі ў крэпасць, гарнізон якой налічваў каля 5 тыс. чал. Спроба рус. атрадаў Баранава і Дрэева прарвацца ў крэпасць з боку Жлобіна не мела поспеху. Але гал. сілы рус. корпуса Ф.Ф.Эртэля (каля 5 тыс. чал.) выбілі 14 вер. з Глуска слабы польскі гарнізон і рушылі на Бабруйск. У баі каля в. Гарбацэвічы 15 вер. рус. часці перамаглі, але Эртэль не развіваў наступлення, а, знішчыўшы франц. склады ў Глуску і ваколіцах, вярнуўся ў Мазыр. Дамброўскі, які быў вымушаны прыкрываць мінскі напрамак, 12 кастр. фактычна зняў блакаду і адышоў на Ігумен (сучасны Чэрвень). За час блакады крэпасць выконвала функцыю ўмацаванага фарпоста рус. арміі.
т. 2, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРКУЛЬТУ́РА (ад контр... + культура),
сістэма норм і стандартаў паводзін, уласцівых пэўнай сац. групе, якая адрозніваецца ад пануючых ці найб. распаўсюджаных у грамадстве узораў і каштоўнасцей культуры, процілеглая і варожая ім. Праяўленнем К. могуць з’яўляцца субкультуры злачынных груп, мафіёзных арг-цый, падп. сектаў і інш., якія кіруюцца акрэсленымі нормамі і правіламі паводзін. Тэрмін «К.» ўвёў у 1960-я г. амер. сацыёлаг Т.Розак для вызначэння духоўных арыентацый альтэрнатыўных маладзёжных груповак (хіпі і інш.), што процістаялі пануючым у той час у зах. краінах культ. каштоўнасцям, ідэалам мяшчанскага матэрыяльнага дабрабыту, жыццёвага поспеху, сац. канфармізму. У сучаснай культурфіласофіі тэрмін «К.» ўжываецца для вызначэння глыбінных пераўтварэнняў у культуры, новых духоўных парадыгм. У гэтым сэнсе ранняе хрысціянства, напр., уяўляецца як контркультурны феномен у адносінах да фундаментальнага іудаізму і панавання Рымск. імперыі; падобны характар мелі ўзнікненне мадэрнізму і постмадэрнізму ў культуры 20 ст. У канцы 20 ст. ў філас.-сацыялагічным усведамленні замацоўваецца паняцце К. як працэсу станаўлення будучых культ. узораў.
Я.М.Бабосаў.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1563.
Адбылася ў час Лівонскай вайны 1558—83 супраць рас. войска. 31.1.1563 Полацк быў абложаны больш як 60-тысячнай арміяй цара Івана IV Грознага. Горад абараняў гарнізон (у т. л. некалькі польскіх і нанятых ням. рот), полацкая шляхта, гараджане на чале з ваяводам С.Давойнам. 5 лют. Іван IV зрабіў спробу захапіць умацаваны Вял. пасад, але быў выбіты з яго. 8 лют. ўмацаванні пасада былі разбураны артабстрэлам. Давойна адвёў свае сілы ў Верхні замак, а Вял. пасад загадаў падпаліць. 9 лют. рас. войскі захапілі пасад і пачалі артабстрэл замка з усіх бакоў. Абложаныя рабілі вылазкі, але яны не прынеслі рашучага поспеху. 15 лют. Давойна згадзіўся здаць замак і прыбыў у стаўку цара. Але і пасля гэтага некат. абаронцы працягвалі супраціўленне, ім было дазволена з маёмасцю і зброяй без перашкод пакінуць Полацк. Горад быў разрабаваны, шмат гараджан і шляхты выведзена ў палон. Захоп Полацка — буйнейшая перамога Маскоўскай дзяржавы ў вайне, якая значна пагаршала паліт. становішча ВКЛ, выклікала шырокі міжнар. рэзананс і прыспешыла заключэнне Люблінскай уніі 1569 паміж ВКЛ і Польшчай.
В.С.Пазднякоў.
т. 12, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХО́ЦЕМЛЯ—АРГУНЫ́»
(«Chozemlja—Arguny»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў 6-га «Марак» і 8-га імя М.Н.Селіваненкі партыз. брыгады «Аляксея», спец. групы БШПР пад камандаваннем В.Дз.Сазонава і мясц. насельніцтва ў Суражскім і Віцебскім р-нах 3.10.1942. Назва ад вёсак Хоцемля і Аргуны ў Лёзненскім р-не. Праводзілася падраздзяленнямі 237-га ахоўнага батальёна, 13-га паліцэйскага палка СС з прыдадзенымі ім процітанк. і мінамётнымі батарэямі на чале з камендантам Смаленска. Паводле плана штаба тылу групы армій «Цэнтр» аперацыя «Х.—А.» разам з карнай аперацыяй «Маланка» павінна была адчысціць ад партызан перадполле чыг. Полацк—Смаленск. Раптоўнай атакай з Пн і Пд карнікі хацелі ўварвацца ў партыз. лагер. Сілы праціўніка ў 4 разы перавышалі сілы партызан. Пасля 6-гадзіннага бою партызаны з баямі адышлі на ПнЗ. Не дасягнуўшы поспеху, карнікі падпалілі в. Хоцемля, расстралялі 97 яе жыхароў і каля 60 жанчын і дзяцей спалілі ў хатах; у в. Кавалёва Суражскага р-на спалілі больш за 50 двароў і расстралялі 40 жыхароў.
В.С.Лазебнікаў, У.С.Пасэ.
т. 17, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял. Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас. сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.
т. 1, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Магілёве, бел. грамадска-паліт., культ.-асв. арг-цыя ў 1917—18. Створаны 17.4.1917. Заснавальнікі: выкладчыкі навуч. устаноў горада, работнікі суда, архіва, б-к, чыгункі, земскіх і гар. устаноў. К-т узначальваў І.І.Рэут, з кастр. 1917 — М.С.Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Дз.Аляхновічы, Дз.І.Даўгяла (нам. старшыні), В.Я.Какошынскі, ксёндз Д.Лапошка, А.Ф.Пігулеўскі, А.М.Раждзественскі, І.А.Сербаў, М.А.Судзілоўскі, Шчансновіч і інш. Пры к-це працавалі паліт., арганізац., фінансавая, школьная, культ.-асв. і этнагр. камісіі. Меў на мэце стварэнне дзярж.-прававых, культ.-асв. і эканам. умоў для бел. адраджэння, пашырэнне нац. свядомасці сярод бел. насельніцтва. На пач. дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. дэмакр. рэспублікі, з 1918 за дзярж. незалежнасць Беларусі. Прадстаўнікі к-та ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў бел. арг-цый і партый у Мінску ў ліп. 1917, Усебел. з’ездзе 1917. Разам з інш. бел. арг-цыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць к-т у губ. цэнтр бел. нац. арг-цый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у ліст. 1918 з прыходам у горад Чырв. Арміі.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)