МІРЗА́ (ад перс. амір-задэ — сын эміра, прынц),

1) у Іране тытул членаў манаршага дома (ставіцца пасля імя) або чыноўнік, сакратар (ставіцца перад імем).

2) У цюркскіх мусульманскіх народаў з 13 ст. М. (часцей варыянт мурза) наз. буйныя феадалы, кіраўнікі асобных ордаў і родаў. У бел. татар М. — прадстаўнік шляхецкага саслоўя. У некат. выпадках слова «М.» стала часткай прозвішча, напр., Мурзы-Мурзічы.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЧА́ (перс.),

дэкаратыўная тканіна са складаным узорам, утвораным метал. ніткамі ўтку. У Кітаі П. выраблялі яшчэ ў пач. н.э. У старажытнасці ўзор фарміравалі з залатых і сярэбраных нітак на шаўковай аснове, у наш час — з нітак матэрыялаў (сплаваў), што імітуюць гэтыя каштоўныя металы, ці з мішуры на палатне з шаўковых ці баваўняных нітак. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву і аздаблення тэатр. касцюмаў.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭМА́ЛЬ-АД-ДЗІН АЛЬ-АФГАНІ́ (Мухамед Сеід) (1838, с. Асадабад, каля Кабула — 9.3.1897),

мусульманскі рэліг. і паліт. дзеяч, філосаф, пісьменнік, публіцыст. Заснавальнік панісламізму. Заклікаў да мадэрнізацыі ісламу з мэтай паліт. адраджэння халіфата пад эгідай Асманскай імперыі і вызвалення з-пад еўрап. паліт. і культ. ўплыву. У 1883—86 жыў у Зах. Еўропе. Выдаваў у Парыжы газ. «Надзейная апора». Аўтар твораў на перс. мове «Абвяржэнне матэрыялізму».

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́Д (Leōnidas; 508 ці 507, Спарта — 480 да н.э.),

цар Спарты ў 488—480 да н.э. У час грэка-персідскіх войнаў узначаліў у 481 да н.э. аб’яднанае войска грэч. гарадоў супраць перс. цара Ксеркса I, які ўварваўся ў Грэцыю. Загінуў у бітве каля Фермапілаў, калі з невял. атрадам прыкрываў адыход асн. часткі грэч. войска. У ант. л-ры імя Л. — сімвал патрыятызму і воінскай доблесці.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПАХІ́, спахі, спахіі,

спагі (тур. sipahi ад перс. сіпахі — воін, салдат),

у Асманскай імперыі: 1) агульная назва ваен. леннікаў, якія за службу ў арміі атрымлівалі ад султана зямельныя падараванні. У 15—16 ст. С. складалі асн. частку тур. арміі. Фармальна ін-т С. існаваў да адмены ваен.-леннай сістэмы (1834).

2) Воіны кав. атрадаў, што ўваходзілі ў 15—18 ст. у склад рэгулярнага тур. войска, якое знаходзілася на ўтрыманні ўрада.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАГА́Н (ад перс. балахане верхні пакой, балкон),

1) (уст.) часовая лёгкая пабудова для розных патрэб.

2) У 18 — пач. 20 ст. тэатр. відовішча пераважна камічнага характару на кірмашах, нар. гуляннях. Вядомы ў Расіі з сярэдзіны 18 ст., на Беларусі ў 19 ст. У балагане выступалі ралёшнікі, сілачы, балаганныя дзяды, акрабаты, нар. хары, лялечнікі, штукары; ставіліся фарсы, арлекінады, нар. драмы. Гл. таксама Кірмашовы тэатр.

3) У перан. значэнні — штосьці штукарскае, грубавата-пошлае, несур’ёзнае.

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДА́Р (сярдар, сірдар) (перс.), 1) у Асманскай імперыі тытул камандуючага палявой арміяй.

2) У Егіпце ў перыяд англ. панавання — брыт. афіцэр, які камандаваў войскамі правіцеля краіны (хедыва).

3) У Іране, Афганістане — саноўнік, галава племені (у такіх выпадках часам С. — састаўная ч. імя).

4) У Індыі (да англ. заваявання ў 1840 Пенджаба — паўн. ч. Індыі) С. наз. сікхскія (каста джатаў) военачальнікі і прадстаўнікі мясц. феад. праслойкі (чл. кіруючай дынастыі, намеснікі абласцей і інш.).

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ТЭФЕНД ((Grotefend) Георг Фрыдрых) (9.6.1775, г. Мюндэн, Германія — 15.12.1853),

нямецкі філолаг і асірыёлаг. Працуючы выкладчыкам гімназіі ў Гётынгене (1797—1803), пачаў дэшыфроўку стараж.-перс. клінапісу. За аснову дэшыфроўкі ўзяў 2 надпісы персідскіх цароў Ахеменідаў. Зыходзячы з паўтаральнасці ў гэтых надпісах разгаданага ім слова «цар» і абапіраючыся на паслядоўнасць лагічных разважанняў, прачытаў у 1802 пачаткі гэтых надпісаў: першага як «Дарый, цар вялікі, цар цароў, Гістаспа сын, Ахеменід», і другога як «Ксеркс, цар вялікі, цар цароў, Дарыя цара сын, Ахеменід».

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РВІШ, дарвіш (перс. літар. бядняк, жабрак),

член мусульм. містычнага брацтва, суфій (гл. Суфізм). Сяліліся ў суфіцкіх манастырах як вандроўныя аскеты (факіры), жылі з міласціны. Брацтвы Д., заснаваныя на вучэнні суфізму, узніклі ў 11—13 ст., асабліва пашыраны ў Іране і Сярэдняй Азіі. Гал. прынцыпы Д. — беднасць, аскетызм і поўнае прысвячэнне Богу, гал. мэта — містычнае ўз’яднанне з Богам, якога імкнуліся дасягнуць шляхам рытуальнай малітвы, у некаторых брацтвах спалучанай з экстатычным танцам або акампанементам муз. інструментаў.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)