ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),
Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас.р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-растудз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн.с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),
эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна 2/3 ад узроўню 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎСССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),
умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст.Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.
Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.В.Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.П.Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.Безміна, І.Максімава, С.Ушакова, М.Чаглокава і інш.
У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.
Да арт.Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Іберыйскі паўвостраў,
на ПдЗ Еўропы. Абмываецца Атлантычным ак. і яго Біскайскім зал., Гібралтарскім пралівам, Міжземным м.Пл. 582 тыс.км². Берагавая лінія слаба парэзана, на ПнЗ развіты рыясавы тып берагоў. Пераважаюць пласкагор’і і горы. Палеазойскі масіў Месета з’яўляецца ядром паўвострава, які акаймаваны з Пн, У і Пд Пірэнеямі, Кантабрыйскімі, Каталонскімі, Іберыйскімі, Андалускімі гарамі, Сьера-Марэнай, Цэнтр. Кардыльерай і інш. Найвышэйшы пункт г. Муласен у хр. Сьера-Невада (3478 м). Па ўскраінах паўвострава невял. нізіны — Партугальская, Андалуская, Арагонская. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, пераважна сухі ва ўнутр.ч. (сярэдняя колькасць ападкаў ва ўнутр. абласцях 300—500 мм), на З — акіянічны (1500—2000 мм ападкаў за год). Для паўн.ч. паўвострава характэрны пераходны клімат ад субтрапічнага да ўмеранага з вял. колькасцю ападкаў (1000—2000 мм). Асн. рэкі: Таха (Тэжу), Гвадыяна, Дуэра (Дору), Гвадалквівір, Эбра. Прыродная расліннасць на большай ч. прадстаўлена вечназялёнымі паўхмызнякамі і драўняна-хмызняковымі зараснікамі тыпу маквіс, гарыга, таміляры, пальміто; у найб. сухіх раёнах расліннасць мае паўпустынны характар. У вільготнай горнай паўн.ч. пераважаюць лістападныя дубова-букавыя лясы, верасоўнікі, лугі. На зах. ускраіне вечназялёныя лясы з дубу (каменны, коркавы, партугальскі). Фауна міжземнаморскага тыпу. На П.п. размешчаны Іспанія, Партугалія, Андора і Гібралтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ МО́РА,
унутрымацерыковае мора Паўн. Ледавітага ак., на ПнЗ Еўрапейскай ч. Расіі. Глыбока ўдаецца ў сушу паміж п-вамі Кольскі і Канін. На Пн злучаецца з Баранцавым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 90 тыс.км². Найб.глыб. 350 м у зах. частцы, усх. больш мелкаводная (30—120 м); сярэдняя глыб. 60 м. Размешчана ў зоне шэльфа. Рэльеф дна няроўны, шмат упадзін і жалабоў, якія чаргуюцца з мелямі і банкамі. Залівы (губы): Кандалакшскі, Анежскі, Дзвінскі, Мязенскі. Вялікія а-вы: Салавецкія, Маржавец, Мудзьюгскі. Берагі моцна парэзаныя, паўн.-зах. высокія і скалістыя, паўд.-ўсх. спадзістыя і нізкія. Упадаюць рэкі: Паўн. Дзвіна, Анега, Мязень, Паной і інш.
Клімат пераходны ад марскога палярнага да кантынентальнага ўмеранага. Т-ра вады на паверхні ад 6 да 15 °C, зімой ніжэй за 1 °C. Салёнасць ад 24‰ на Пд да 34,5‰ на Пн. З ліст. да мая ўкрыта дрэйфуючым (у бухтах суцэльным) лёдам. Існуе пастаянны водаабмен Белага мора з Баранцавым м. Прылівы правільныя паўсутачныя да 10 м (Мязенская губа). Рыбалоўства (селядзец, навага, сітавыя), промысел цюленяў. Беламорска-Балтыйскі канал дае выхад у азёры і рэкі бас. Балтыйскага м. і да Волга-Балтыйскага воднага шляху (да Каспійскага, Азоўскага і Чорнага мораў), суднаходства марскіх каналаў зімой падтрымліваецца ледаколамі. Гал. парты: Архангельск, Анега, Беламорск, Кем, Кандалакша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РАБКІ, парубцы,
1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходнысац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.
3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ-А́НГАЛЬТ (Sachsen-Anhalt),
зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 20,4 тыс.км². Нас. каля 2,9 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Магдэбург, найб. гарады Гале, Дэсаў, Вітэнберг. Пераважае нізінны і раўнінны рэльеф Паўн.-Германскай нізіны. На ПдЗ горы Гарц (выш. да 1141 м). Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. Захаваліся ўчасткі лясоў (хвоя, бук, дуб). Здабыча бурага вугалю, калійных солей, меднай руды, прыроднага газу. Гал. галіны прам-сці: электраэнергетыка (буйныя ЦЭС), хім. (Лейна, Бітэрфельд, Вольфен), машынабудаванне (Магдэбург, Гале), чорная металургія (у гарах Гарц), электратэхніка (Гале) і інш. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжа, цукр. буракоў, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны, у т. л. Сярэднегерманскі канал. Турызм (асабліва ў гарах Гарц).
Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны занята амер. і брыт. (да 1.7.1945), потым сав.акупац. войскамі. У ліп. 1945 паводле рашэння Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі тут утворана прав. Саксонія (з 1946 наз. С.-А.). З кастр. 1949 зямля ў складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі (ГДР). У ліп. 1952 падзелена на акругі Магдэбург і Гале, частка тэр. далучана да акруг Лейпцыг і Котбус. З кастр. 1990 у складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), адна з яе новаўтвораных (усх.) зямель [увайшлі б. акругі ГДР Магдэбург, Гале (б.ч.), Котбус (частка)].