ВІТА́ЛІЙ,

усходнеславянскі рэліг. дзеяч і пісьменнік 1-й пал. 17 ст. Аўтар духоўных вершаў, перакладчык царк. кніг з грэч. і лац. моў. Пераклаў на царк.-слав. мову і выдаў кн. «Дыёптра, або Люстра жыцця людскога на тым свеце...» (Еўе, 1612; перавыдадзена ў Еўі і Вільні ў 1642, Куцейне ў 1651 і 1654, Магілёве ў 1698, Клінцах у 1786), прасякнутую царк.-рэліг. тэндэнцыямі. У кнізе змешчаны таксама тыпова барочныя паводле характару і стылю філас.-дыдактычныя вершы Віталія, у якіх праводзяцца ідэі хрысц. аскетызму, марнасці зямнога жыцця.

Літ.:

Франко І. Забутий український віршописець XVII в. // Зап. наук. т-ва ім. Шевченка. 1898. Т. 22, кн. 2.

А.Ф.Коршунаў.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ Іван Іванаў

(9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, П.Броўкі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча і інш. У перакладзе Г.Бураўкіна, Гілевіча, А.Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.І.Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ Лявон

(Леанід Пятровіч; нарадзіўся 4.3.1958, Полацк),

бел. перакладчык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1980). Выкладаў у Наваполацкім політэхн. ін-це (1981—84, 1987—90). З 1991 нам. дырэктара Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. Дэпутат Вярх. Савета Беларусі ў 1990—95. Друкуецца з 1985. Перакладае з стараж.-грэч., лац., ням., англ., франц., польскай, ісп. і інш. моў. У яго перакладзе выйшлі кн. Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), Н.Ленаў «Зірні ў паток» (1991), Г.Бёля «Більярд а палове дзесятай» (1993), Эсхіла «Прыкуты Праметэй» (1993) і інш. Аўтар-укладальнік дапаможнікаў «Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету» (ч. 1, 1995), «Літаратура народаў свету» (ч. 1—2, 1995).

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РДА

(Boiardo) Матэо Марыя, граф ды Скандыяна (Scandiano; 1441, замак Скандыяна, каля г. Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 19.12.1494),

італьянскі паэт, перакладчык. Займаў высокія прыдворныя пасады ў Ферары. Аўтар любоўнай лірыкі (зб. «Тры кнігі пра каханне», 1499), лац. вершаў (цыкл «Epigrammata», «Хвалебныя вершы пра ўчынкі фаміліі д’Эстэ»), эклог на лац. і італьян. мовах, незакончанай паэмы «Закаханы Раланд» (кн. 1—2-я і пач. 3-й, 1495), у якой перапляліся элементы рыцарскай героікі і фантастыкі, рэальнага прыдворнага жыцця і чарадзейства. Мяккая іронія Баярда разбурыла створаны ім рыцарскі свет, які набыў адценне ўмоўнасці, вытанчанай гульні ўяўлення. Дыялог Лукіяна «Ціман» перарабіў у п’есу, напісаную тэрцынамі («Timone», 1500). Перакладаў Герадота, Ксенафонта, Карнелія Непота, Апулея. Працяг паэмы Баярда напісаў Л.Арыёста.

А.С.Шаўчэнка.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯДЗІ́КТАЎ Уладзімір Рыгоравіч

(17.11.1807, С.-Пецярбург — 26.4.1873),

рускі паэт, перакладчык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Вучыўся ў Аланецкай гімназіі, у 2-м Пецярбургскім кадэцкім корпусе (1821—27). У 1827—32 служыў у арміі, потым — чыноўнікам у мін-ве фінансаў. Першы зб. «Вершы» (1835) меў шумны, але кароткачасовы поспех. Творчасці Б. ўласцівы вычварнасць, эпігонскае выкарыстанне ходкіх тэм і вобразаў рамант. паэзіі. Пасля 1855 пісаў вершы ў духу «ліберальнага выкрывальніцтва». Выдаў кнігі «Вершы» (т. 1—3, 1856), «Новыя вершы» (1857). Перакладаў на рус. мову творы А.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, У.Шэкспіра, Дж.Байрана, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, А.Барб’е, В.Гюго і інш.

Тв.:

[Стихи] // Мастера русского стихотворного перевода. Кн. 1. Л., 1968;

Стихотворения. М., 1981.

Літ: Гинзбург Л. О лирике. 2 изд. Л., 1974.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДАЛ

(Budal) Андрэй (31.10.1889, в. Штандраж, каля г. Гарыцыя, Італія — 7.6.1972),

славенскі пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык. Д-р філал. н. (1913). Пісаў на славенскай і італьян. мовах. Аўтар зб-каў апавяд. «Жупан Жагар» (1927), «Бедны Уштын» (1928), «Чыя ты?» (1930), «Між сэрцам і зямлёю» (1932), «З таго боку магілы» (1934), «На кані» (1938), гіст. аповесці «Хрэсны ход Пятра Купленіка» (1924). Перакладаў з раманскіх і славянскіх моў. Адзін з першых у Славеніі перакладчыкаў і даследчыкаў бел. л-ры. У зб. «Прамень» (1933) апублікаваў грунтоўны артыкул «Пра беларусаў і беларускую літаратуру», дзе змясціў і пераклад верша Я.Купалы «А хто там ідзе?». Пераклаў і выдаў асобнай кнігай творы Я.Коласа («Малады дубок і іншыя апавяданні», 1933).

І.А.Чарота.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУРГУ́Н Самед

(сапр. Векілаў Самед Юсіф аглы; 21.3.1906, с. Юхары-Салахлы Казахскага р-на, Азербайджан — 27.5.1956),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. паэт Азербайджана (1945). Акад. АН Азербайджана (1945). Аўтар зб-каў вершаў «Клятва паэта» (1930), «Ліхтар» (1932), героіка-рамантычных і гіст. драм у вершах «Вагіф» (1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Ханлар» (1939), «Фархад і Шырын» (1941; Дзярж. прэмія СССР 1942), паэмы «Сцяганосец стагоддзя» (1954) і інш. У творах гарманічнае спалучэнне ідэй з наватарскай формай верша, глыбіня пачуццяў суайчыннікаў, філас. роздум.

Выступаў як перакладчык, літ. крытык. На бел. мову творы Вургуна перакладалі М.Танк, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, Ю.Свірка, П.Прыходзька.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1978—80.

Літ.:

Бабаев Г. Самед Вургун: Очерк творчества. М., 1981.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ДНЫ Міхаіл

(сапр. Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),

рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.Я.Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, Я.Журба, А.Звонак, К.Кірэенка, В.Маракоў, П.Пестрак, М.Хведаровіч.

Тв.:

Стихотворения;

Баллады;

Песни. М., 1959;

Бел. пер. — Выбраныя вершы. Мн., 1936;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ Ілья Мікалаевіч

(25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),

рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.М.Горкага АН СССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.

Тв.:

Славянские литературы. М., 1973.

В.А.Чамярыцкі.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ Уладзімір Рыгоравіч

(н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.Сідарэнкам), Н.Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.Кошалем і С.Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Лось.

Тв.:

Избранное. М., 1980;

Весна-общественница. М., 1987;

В светающих березах. Воронеж, 1990.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)