БО́РДЖА, Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia),
арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́КАЎ ((Bukov) Эміліян Несцеравіч) (8.8.1909, г. Кілія Адэскай вобл., Украіна — 20.10.1984),
малдаўскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Малдавіі (1982). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1936). Першы паэт. зборнік — «Праца кіпіць» (1932). Творы 1930—40-х г. (зб. «Мова сонца», 1937) накіраваны супраць каланіяльнага рэжыму баярскай Румыніі. У кнігах паэзіі «Я бачу цябе, Малдавія» (1942), «Дзень сённяшні — дзень заўтрашні» (1965, Дзярж. прэмія Малдавіі 1966), «Дрэва жыцця» (1974), раманах «Горад Рэут» (1956), «Магістраль» (1969) і інш. — узнёсласць чалавечых пачуццяў, патрабавальнасць да чалавека, адказнасць перад сабой і народам. Пераклаў на малд. мову асобныя вершы Я.Купалы. На бел. мову творы Букава пераклалі А.Астрэйка, Р.Барадулін, Х.Жычка, М.Калачынскі, Я.Семяжон і інш. (у кн. «Малдаўскія апавяданні», 1958; «Паэты сонечнай Малдовы», 1960).
Тв.:
Бел. пер. — Нараджэнне першай зоркі. Мн., 1980.
Літ.:
Чиботару С.С. Писатель и время: Исслед. творчества Е.Букова: Пер. с молд. Кишинев, 1986.
т. 3, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РМАНАЎ (Андрэй Дзімітраў) (17.6.1932, в. Яварава Варненскай акругі, Балгарыя — 15.5.1981),
балгарскі паэт-перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1977). Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкаваўся з 1951. Любоў да чалавека працы, пранікненне ў яго псіхалогію, філас. асэнсаванне з’яў і супярэчнасцей жыцця, гарманічнае спалучэнне формы і зместу — асноўнае ў зб-ках паэзіі «Парасткі» (1959), «Рабочы цягнік» (1962), «Раўнадзенства» (1965), «Ператварэнні» (1968), «Астравы» (1972), «Каменная зямля» (1975), «Выбуховая зона» (1977), «Другія чатырохрадкоўі» (1980) і інш. Пераклаў на балг. мову шэраг твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча (у зб-ках «Выбраныя вершы», 1962; «Беларускія паэты», 1971), Р.Барадуліна, В.Вярбы, А.Грачанікава, А.Куляшова, М.Танка і інш. На бел. мову творы Германава перакладалі Танк, Барадулін, Г.Бураўкін, Вярцінскі, Гілевіч, Грачанікаў, А.Разанаў, У.Паўлаў і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Касцёр на вяршыні: Выбр. лірыка. Мн., 1975.
т. 5, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЁЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА (ад франц. précieux вытанчаны, каштоўны),
адна з 2 асн. школ франц. барока 17 ст. (разам з ліберцінажам), роднасная італьян. марынізму і ісп. гангарызму. Узнікла ў свецкіх салонах, першы і найб. вядомы з іх атэль маркізы дэ Рамбуе ў Парыжы (1630—48). П.л. звязана з прэцыёзнасцю — культ. і грамадскім рухам франц. арыстакратыі, для якога характэрна разам з вытанчанасцю думак, мовы, паводзін, арыстакратычным густам, кодэксам гонару імкненне да жаночай эмансіпацыі, абароны маст. фантазіі перад націскам рацыяналістычнага «здаровага сэнсу». Паэты-прэцыёзнікі (В.Вуацюр, І. дэ Бенсерад і інш.) звярталіся ў асн. да малых літ. форм (санет, стансы, рандо, рандэль, трыялет). Асн. жанрам П.л. быў галантна-гераічны і пастаральны (букалічны) раман (А. д’Юрфе, М. дэ Скюдэры і інш.). П.л. значна паўплывала на развіццё еўрап. рамана 18—20 ст.
Літ.:
Потемкина Л.Я. Пути развития французского романа в XVII в. Днепропетровск, 1971.
Г.В.Сініла.
т. 13, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Нью-Йорку, грамадская навук.-культ. арг-цыя бел. эміграцыі ў ЗША. Засн. ў 1951. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку, мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955), Канадзе (Таронта, з 1968). Друкаваны орган — навук. штогоднік «Запісы» (з 1952). У 1954—63 выдаваў літ.-маст. час. «Конадні», у 1953—69 — інфармацыйны «Абежнік». Выдадзены аднатомнікі «Спадчына» Я.Купалы (1955), «Вянок» М.Багдановіча (1960), «Матчын дар» А.Гаруна (1962), творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, навук. працы па гісторыі, л-ры і мастацтве Беларусі. Выдае (з 1979) серыю «Беларускія паэты і пісьменнікі эміграцыі». Падрыхтаваны бібліяграфіі «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (В. і З.Кіпелі, 1985), «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (В.Тумаш, 1989) і інш. Ін-т падтрымлівае сувязі з многімі б-камі свету. У розны час яго ўзначальвалі У.Тамашчык, Я.Ліманоўскі, В.Тумаш, А.Адамовіч, з 1982 В.Кіпель. З канца 1980-х г. інстытут наладжвае кантакты з грамадскімі арг-цыямі Беларусі.
А.В.Мальдзіс.
т. 2, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЬЕ́ ((Pottier) Эжэн) (4.10.1816, Парыж — 6.11.1887),
французскі паэт-песеннік. Удзельнік і чл. Парыжскай камуны 1871. У 1871—80 у эміграцыі ў Англіі і ЗША. Літ. дзейнасць пачаў у 1830 у час рэв. падзей у Францыі. Аўтар «Інтэрнацыянала» (1871, апубл. 1877; пакладзены на муз. П.Дэгейтэрам, 1888), паэм «Парыжская камуна», «Рабочыя Амерыкі — рабочым Францыі», «Партыя рабочых» (усе 1877), паэт. зб-каў «Юная муза» (1831), «Сацыяльна-эканамічныя вершы і сацыялістычныя рэвалюцыйныя песні», «Дык хто ж вар’ят?» (абодва 1884), «Рэвалюцыйныя песні» (1887). Яго вершы па форме і змесце — паліт. маніфесты, адметныя дынамізмам, экспрэсіўнасцю, спалучэннем патэтыкі і пафаснасці з сатырай і гратэскам. У сваёй творчасці сумясціў традыцыі П. Беранжэ і В.Гюго. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Я.Купала, А.Александровіч, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;
Рус. пер. — Избранное. М., 1950;
Песни. Стхи. Поэмы. 2 изд. М., 1971.
Е.А.Лявонава.
т. 12, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Т.І.Адула.
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАЖЫНІ́ЗМ,
плынь у рускай паэзіі 1920-х г., якую прадстаўляла аб’яднанне «Імажыністы» (тэарэтыкі В.Шаршаневіч і А.Марыенгоф, паэты С.Ясенін, І.Грузінаў, Р.Іўнеў, А.Кусікаў, мастакі Б.Эрдман, Г.Якулаў). Імажыністы апублікавалі дэкларацыю (1919), мелі сваё выд-ва «Імажыністы» (выпусціла больш за 20 кніг) і час. «Гостиница для путешествующих в прекрасном» (1922—24, № 1—4).
Яны развівалі эстэт. прынцыпы англ. паэтаў-імажыністаў (адмаўленне акадэмізму і рытарычнасці, арыентацыя на творчую інтуіцыю і парадаксальную вобразнасць), спалучалі іх з традыцыямі айч. маст. культуры (рытмічная і вобразная разнастайнасць фальклору, вольны верш, элементы сімвалізму, пераўтварэнне адных і адмаўленне другіх рыс паэтыкі футурызму), сцвярджалі аўтаномнасць паэт. мовы, самакаштоўнасць вобразнасці, метафарыстыкі і рытмікі, схіляючыся часам да «чыстага мастацтва».
І. паўплываў на маладую бел. паэзію і часткова крытыку 1920-х г. (мадэрнісцкія тэндэнцыі ў «Маладняку», «кантрастная вобразнасць» у дэкларацыі «Узвышша», «жывапісанне словам» у паэзіі і прозе, акцэнт на «асацыятыўную рытміку вобразаў»), Асобныя рысы паэтыкі І. прыкметныя ў ранняй творчасці Я.Пушчы, Т.Кляшторнага, прозе А.Бабарэкі і інш. маладнякоўцаў.
У.М.Кокан.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА РАЛА́НДА»
(«Chanson de Roland»),
помнік французскага гераічнага эпасу. Дайшоў у некалькіх рэдакцыях, найб. ранняя і поўная — Оксфардская (каля 1065), упершыню надрук. ў Парыжы (1837). У аснове паэмы — рэальны гіст. факт разгрому баскамі ў Рансевальскай цясніне ў Пірэнеях ар’ергарда войск Карла Вялікага (778), які творча інтэрпрэтаваны фантазіяй спевакоў-сказіцеляў (жанглёраў) у велічную і трагічную карціну патрыят. подзвігу на славу «мілай Францыі». Эпічны вобраз Раланда, адважнага, мужнага, вернага воіна, які цаной свайго жыцця абараніў радзіму, караля, хрысц. веру ад маўраў-мусульман, проціпастаўлены ў паэме вобразу здрадніка Ганелона, што ўвасабляе свавольства. «П.п.Р.» вылучаецца шырынёй адлюстравання падзей, манументальнасцю вобразаў, напружаным драматызмам апавядання. Яе паэтыка блізкая да фальклорнай. Італьян. паэты Л.Пульчы, М.Баярда, Л.Арыёста ў сваіх творах перапрацоўвалі паданне пра Раланда ў духу гуманіст. ідэй Адраджэння.
Публ.: Рус. пер. — Песнь о Роланде; Коронование Людовика; Нимская телега; Песнь о Сиде; Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Французский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978;
Волкова З.Н. Эпос Франции. М., 1984;
Михайлов А.Д. Французский героический эпос: Вопр. поэтики и стилистики. М., 1995.
Т.У.Кавалёва.
т. 12, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр. Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял. Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.
Тв.:
Бел. пер. — Радасць сустрэч. Мн., 1973;
Рус. пер. — Тополиный берег. М., 1960;
Улыбка. М., 1969;
Навстречу дружбе. М., 1976;
Озаренность. М., 1981.
І.У.Саламевіч.
т. 11, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)