ВО́ЛЬСЯ,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 8 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,25 км², даўж. 840 м, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 43,2 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на Пд і ПдУ 5—7 м, разараныя, месцамі пад лугамі. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 5—250 м. Упадае ручай Вінгра, выцякае ручай у Мядзелку.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬКІ,

возера ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Паловіца, за 29 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 370 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км. Пл. вадазбору 2,2 км².

Схілы катлавіны на З і У разараныя. Берагі нізкія, на У стромкія, пясчана-галечныя, на З гліністыя, забалочаныя. Усх. і паўд.-ўсх. прыбярэжныя часткі дна пясчана-галечныя з валунамі. Зарастае ўздоўж берагоў. Сцёк з возера ў р. Паловіца, уздоўж усх. берага крыніцы грунтавых водаў.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАЗІ́НСКІ (Бжэскі) Адам

(1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.

Г.І.Барышаў.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ СУРВІЛІ́ШСКАЕ, Вялікія Сурвілішкі, Сурвілішскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (цячэ праз возера), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 1,03 км², даўж. 2,36 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 132 км². Схілы катлавіны пад хмызняком. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Дно роўнае, найб. глыбокае на ПдУ. Зарастае каля 30% плошчы возера, шыр. паласы надводнай расліннасці 10—80 м. Злучана пратокай з воз. М.Сурвілішкі, упадае р. Яновіца.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́ДАВА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 6 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,35 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 13,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на Пд і У да 10 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, месцамі высокія, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, дно пераважна глеістае. Зарастае. На Пд упадае ручай з воз. Доўжа, на Пн выцякае ручай у воз. Задзеўскае.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎЖА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 1,04 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 12 км. Пл. вадазбору 10,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м (на ПдУ да 20 м), разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, у асобных месцах абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная выслана глеямі. Зарастае. Паласа расліннасці ўздоўж берагоў да 20 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Глодава.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ЦЦЕ, Загач,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 3,5 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,3 км² даўж. 1,3 км, найб. шыр. 330 м, найб. глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км. Пл. вадазбору 9,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м. Берагі пад хмызняком, на З і Пн месцамі сплавінныя. Пойма шыр. да 10 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно гліністае. Шыр. паласы расліннасці да 20 м, у паўн.-ўсх. заліве да 200 м. Ўпадаюць 6 ручаёў. Злучана ручаём з Задзеўскім возерам.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Паставы. Пл. 0,66 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 10,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ і ПдУ пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. На ПнЗ і У пойма шыр. да 200 м, забалочаная. Дно ілістае. Упадаюць некалькі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́І,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на беразе Малога і Вял. Камайскага азёр, на аўтадарозе Паставыг.п. Лынтупы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад г. Паставы, 268 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Гадуцішкі. 746 ж., 301 двор (1997).

У гіст. крыніцах упамінаюцца ў пач. 16 ст. У розны час належалі Пронскім, Рудамінам-Дусяцкім, Сулістроўскім. У 1603—06 тут пабудаваны касцёл Іаана Хрысціцеля (гл. Камайскі касцёл). Як мястэчка ўпершыню згадваюцца ў 1550. З 1795 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. З 1873 — цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У сярэдзіне 1880-х г. у маёнтку і мястэчку К. 366 ж., 50 двароў, шпіталь, вінны бровар, млын, праводзілася 8 кірмашоў на год; у 1905—494 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. У 1931 у маёнтку 93 ж. і 4 дамы, у мястэчку адпаведна 485 і 79. З 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Гадуцішскім, з 25.11.1940 у Пастаўскім р-нах. 442 ж, 164 гаспадаркі (1971).

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Камайсю касцёл (1603—06). Каля касцёла каменны крыж (15—16 ст.).

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛІ́НСКІ (Ежы) (1765?, г. Паставы Віцебскай вобл. — 28.6.1840),

танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах (у Ле Ду). У 1785—94 у трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, удзельнічаў у спектаклях у каралеўскім замку і ў Лазенках, на сцэне Нац. т-ра. Выконваў сольныя партыі ў балетах «Казакі», «Лукас і Калінета», «Каралева Ванда». Пасля 1794 выступаў у спектаклях антрэпрыз С.Галніцкага і К.Аўсінскага ў Варшаве, у 1795 працаваў у Гродне, з 1795 зноў у Варшаве (да 1799 у трупах Трускаляскіх і В.Багуслаўскага, у 1800—23 выкладчык танцаў).

Г.І.Барышаў.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)