ДАГАВО́Р 1338,
пагадненне паміж Лівонскім ордэнам і ВКЛ. Заключана ад імя лівонскага магістра і вял. князя ВКЛ («караля») Гедзіміна. Паводле дагавора на сумежжы абедзвюх краін устанаўлівалася паласа зямлі, на якой павінен быў заўсёды захоўвацца мір; войскі кожнага з бакоў павінны былі ўстрымлівацца ад забойстваў і рабаванняў. Купцам ВКЛ і Лівоніі дазвалялася свабодна ездзіць па тэр. абедзвюх дзяржаў, па ўсёй Дзвіне і яе берагах. Дагавор рэгуляваў суд. парадак разгляду цывільных і крымінальных спраў.
Я.А.Юхо.
т. 5, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕА́НДР,
геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.
т. 10, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЖ (ад франц. plage пакаты марскі бераг),
паласа наносаў на ўзбярэжжы вадаёма або вадацёку ў зоне дзейнасці прыбойнага патоку. Фарміруецца ў выніку намнажэння прадуктаў разбурэння берагоў і прыбярэжных водмелей пры актыўным хваляванні і ўздоўж берагавых цячэнняў. Можа ўключаць берагавыя валы, косы і інш. акумуляцыйныя формы прыбярэжнай зоны. Вылучаюць П. валунныя, галечныя, жвіровыя, пясчаныя, ракушачныя, каралавыя і інш. Для рэкрэацыйных мэт выкарыстоўваюцца пясчаныя П. (напр., Рыжскае ўзмор’е) і галечныя (напр., Паўд. бераг Крыма).
т. 12, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВІ́ТЫ,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 16 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,41 км, даўж. 1,15 км, найб. шыр. 0,64 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 2,5 км².
Схілы катлавіны выш. 5—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, і тарфяністыя, на У зліваюцца са схіламі, параслі хмызняком. Дно плоскае, амаль усё выслана сапрапелямі, каля ўсх. і паўд.-ўсх. берагоў вузкая пясчаная паласа. Зарастае.
т. 2, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РАЎНА,
возера ў Беларусі. У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца, за 22 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,34 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 4,1 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Пл. вадазбору 1,9 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, на 3 да 5 м, на выш. 3 м ад урэзу вады тэраса. Берагі невысокія, пясчаныя. Мелкаводдзе пясчанае. Прыбярэжная паласа расліннасці шыр. да 50 м.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 20 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,45 км², даўж. 1,64 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 4,7 км. Пл. вадазбору 168 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, стромкія, на ПнЗ спадзістыя, парослыя лесам і хмызняком. 2 плёсы — глыбакаводны паўн. са стромкай літараллю і мелкаводны паўднёвы. Паласа надводнай расліннасці шыр. 5—30 м.
т. 4, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЭ́ВА ГАРА́,
вышэйшы пункт Віцебскага ўзвышша і Беларускага Паазер’я. У Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., за 15 км на Пн ад г.п. Лёзна, каля в. Гаршэва. Выш. 296 м. Складзена з марэны, перакрыта лёсападобнымі суглінкамі апошняга паазерскага зледзянення. Мае спадзістапукатую форму, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Паўд. і ўсх. схілы спадзістыя (да 5°), паўд. і зах. стромкія (да 20°), эрадзіраваныя. Глебы дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Большая ч. Гаршэвай гары разарана, на стромкіх участках паласа лесу.
Г.П.Рудава.
т. 5, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМСІ́Р, Дэштэстан,
паласа прыбярэжных пустынных раўнін уздоўж берагоў Аманскага заліва і Армузскага праліва, у Іране і Пакістане. Агульная даўж. больш за 1000 км, шыр. да 80 км. У рэльефе — нахіленая раўніна з пясчанымі ўзвышшамі, якая пераходзіць у прыморскую нізіну, месцамі забалочаную. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра студз. (г. Джаск) 19,4 °C, ліп. 32,5 °C, ападкаў каля 120 мм за год. Пераважаюць глебы пустынь, месцамі — саланчакі. Пустынная хмызнякова-эфемерная расліннасць, месцамі каля берагоў — мангравыя зараснікі. Пашавая жывёлагадоўля.
т. 5, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 6 км на У ад г. Міёры. Пл. 0,7 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 240 м, найб. Глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 10 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ сплавінныя. Дно плоскае, глеістае. Паласа расліннасці шыр. 10—50 м. Злучана пратокай з воз. Чэрас.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.
т. 13, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)