КВА́НТАВАЯ ХІ́МІЯ,
раздзел тэарэт. хіміі, у якім вывучаюцца будова і ўласцівасці хім. злучэнняў, іх рэакцыйная здольнасць, кінетыка і механізм хім. рэакцый на аснове ўяўленняў і з дапамогай метадаў квантавай механікі.
Развіццё К.х. пачалося ў 1920—30-я г., калі былі прапанаваны метады апісання будовы электронных абалонак малекул: метад валентных сувязей (В.Гайтлер і Ф.Лондан далі квантава-хім. тлумачэнне кавалентнай сувязі ў малекуле вадароду, Дж.Слейтэр і Л.Полінг развілі іх падыход) і метад малекулярных арбіталей (асновы метаду распрацавалі Ф.Гунд, Р.Малікен, Д.Хартры і інш.), які стаў асноўным для апісання будовы электронных абалонак любых малекул, колькаснага разліку малекулярных структур, а таксама вызначэння сувязі паміж будовай малекул і іх рэакцыйнай здольнасцю. Квантава-хім. ўяўленні і метады выкарыстоўваюць пры вывучэнні высокамалекулярных злучэнняў і ў малекулярнай біялогіі.
Літ.:
Фларри Р.Л. Квантовая химия: Введение: Пер. с англ. М., 1985;
Современные проблемы квантовой химии: Методы квантовой химии в теории межмолекулярных взаимодействий и твердых тел. Л., 1987.
т. 8, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОММУНИ́СТ БЕЛОРУ́ССИИ»,
тэарэтычны і паліт. часопіс ЦК КПБ. Выдаваўся ў маі 1922 — верасні 1991 штомесяц у Мінску. Да 1925 наз. «Вперёд», у студз.—лют. 1927 — «Весткі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі», з сак. 1927 — «Бальшавік Беларусі» (на бел. мове, з вер. 1948 на бел. і рус. мовах), з ліст. 1952 — «Камуніст Беларусі» (да 1965 на бел. і рус. мовах). Прапагандаваў ідэі марксізму-ленінізму, асвятляў пытанні тэорыі і практыкі камуніст. будаўніцтва, прапагандаваў вопыт парт.-арганізац. і ідэалаг. работы КПБ, практыкі кіраўніцтва гасп. і сац.-культ. жыццём у рэспубліцы. Друкаваў матэрыялы з’ездаў КПСС і КПБ, пленумаў ЦК партыі, артыкулы парт., сав. і гасп. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, публіцыстаў па пытаннях дзярж. будаўніцтва, навук. сацыялізму, філасофіі, гісторыі, паліт. эканоміі, л-ры і мастацтва. Шэрагу публікацый уласцівы вульгарна-сацыялагічны падыход, адсутнасць крытычнага погляду, суб’ектывізм і дагматызм. Змяшчаў матэрыялы пра падзеі міжнар. жыцця, сувязі Беларусі з замежнымі краінамі, публікаваў рэцэнзіі і водгукі на новыя кнігі, рабіў агляды рэсп. перыяд. выданняў. Выйшла 800 нумароў.
Э.А.Ліпецкі.
т. 8, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Казімір) (3.1.1738, б. маёнтак Яшнец, цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.3.1807),
асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, Любяшоўскім навіцыяце, піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у Вільні і Рыме. З 1764 праф. і прэфект піярскага калегіума ў Дубровіцы, потым запрошаны ў Вільню. З 1773 у Германіі і Францыі. Працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя; лічыў, што чалавек здольны спасцігнуць ісціну, але для яе ўстанаўлення неабходны ўсебаковы і разнастайны падыход пры даследаванні з’яў. Адстойваў ідэю неабходнасці шырокай свецкай адукацыі, фарміравання развітой асобы, цесна звязанай з практычнымі патрэбамі грамадства і часу. У 1769 выдаў у Вільні першы падручнік логікі на польск. мове. Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лац. мове. У 1773 разам з вучнямі выдаў «Выбраныя суджэнні з філасофіі».
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Дубровский В.В. Казимир Нарбут. Мн., 1979.
В.В.Краснова.
т. 11, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.
Тв.:
Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;
Théorie de la monnaie. Paris, 1886;
Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;
Paris, 1896;
Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.
т. 3, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ (ад грэч. analysis раскладанне),
спосаб (прыём) навук. пазнання праз мысленнае ці рэальнае расчляненне аб’екта пазнання (прадмета, з’явы, працэсу) на часткі і асэнсаванне іх узаемасувязі. Працэс аналізу — састаўная частка, першая ступень навук. даследавання. Канчатковы вынік — разуменне структуры аб’екта, які вывучаецца. Калі аб’ект з’яўляецца прадстаўніком пэўнага класа прадметаў, аналіз аднаго з іх дае магчымасць уявіць структуру ўсяго класа. Вынікі аналізу служаць матэрыялам для наступных ступеняў навук. пазнання — абстракцыі, абагульнення, параўнання і інш. Аналіз — рухальная сіла ў выяўленні законаў, якім падпарадкоўваецца аб’ект даследавання. Карэктнасць аналізу правяраецца процілеглым яму прыёмам — сінтэзам. Калі пры гэтым выяўляецца супярэчнасць, аналіз паўтараецца з вылучэння новых гіпотэз аб структуры і ўласцівасцях састаўных частак аб’екта вывучэння. Калі паўторны аналіз паказаў неадольнасць супярэчнасцяў, то для выяўлення структуры аб’екта неабходны новы падыход. У логіцы сістэмны аналіз выкарыстоўваецца з часоў Арыстоцеля. Са з’яўленнем сімвалічнай логікі, кібернетыкі і семіётыкі выпрацавана найб развітая форма лагічнага аналізу — пабудовы фармалізаваных моў.
Літ.:
Пузиков П.Д. Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;
Андреев М.Д. Диалектическая логика. М., 1985;
Hintikka J., Remes U. The method of analysis. Dordrecht;
Boston, 1974.
В.М.Пешкаў.
т. 1, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫКАЛІ́ЗМ (ад сярэднелац. radicalis карэнны),
імкненне, схільнасць да карэнных рашучых мер і дзеянняў; адметная рыса пэўных грамадскіх рухаў, паліт. партый або іх асобных фракцый, парламенцкіх груповак, паліт. лідэраў. Існуе паняцце радыкальнай апазіцыі, як процілеглае памяркоўнай. Р. выступае ў розных формах: як правы і левы, рэфарматарскі і рэвалюцыйны. Ён не атаясамліваецца з нігілізмам, які адмаўляе канструктыўны падыход да грамадска-паліт. пераўтварэнняў і вырашэння існуючых задач і пытанняў. Важная рыса Р. — імкненне да паслядоўнага правядзення палітыкі глыбокіх станоўчых змен у грамадскім жыцці ці ў яго асобных сферах.
Тэрмін «Р.» узнік у Англіі ў канцы 18 ст., у эпоху прамысл. рэвалюцыі і хутка распаўсюдзіўся ў Зах. Еўропе, дзе ім называлі разнастайныя паліт., філас., рэліг., культ., асветніцкія плыні, прадстаўнікі якіх выступалі за мадэрнізацыю грамадства на аснове капіталіст. адносін і за пераадольванне перажыткаў феадалізму ў эканам., паліт., духоўным жыцці грамадства. У 19 і 20 ст. Р. канцэнтруецца ў ідэалогіі і паліт. праграмах левых партый сацыяліст., с.-д., камуніст. арыентацыі, у праграмах нац.-вызв. рухаў у краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі.
В.І.Боўш.
т. 13, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́СТВЕННЫ СПЕЎ, дзямества,
аднагалосы спеў у правасл. царкве. Найб. ранняе ўпамінанне датуецца 1441 (Васкрасенскі летапіс), у пеўчых кнігах — канцом 15 — пач. 16 ст. З 16 ст. пашыраны ў Ноўгарадзе, на Беларусі і Украіне. Напачатку спеў запісвалі стаўповай натацыяй, у сярэдзіне 16 ст. выпрацаваны арыгінальны тып безлінейнай дзямественнай натацыі (камбінацыя знакаў стаўповага і пуцявога знамені; гл. Крукі). У наш час выпрацаваны ўстойлівыя пісьмовыя і пеўчая традыцыі Дз.с. Яго характэрныя прыкметы: адсутнасць тайназамкнёнасці ў графічных і рытмічных варыянтах; непадпарадкаванасць сістэме асмагласся; больш свабодны падыход да патрабаванняў тэксту, падпарадкаванне яго мелодыі; мелізматычны тып спеву; адсутнасць уніфікацыі яго спісаў; адыход ад строгіх канонаў знаменнага спеву, шматварыянтнасць графікі і рытмікі. У богаслужэнні Дз.с. выкарыстоўваюць толькі ва ўрачыстых выпадках (найб. важныя песнапенні ўсяночнай і літургіі, велічанне, асвячэнне храмаў, вянчанне і інш.). Раней абмежаваны рэпертуар Дз.с. ў 18 ст. ўзбагаціўся, пашырылася аднагалосая дзямественная натацыя (па расшыфроўцы дзямественнай натацыі позняга перыяду існуюць азбукі 2-й пал. 18—19 ст., даследаванні Г.Пажыдаевай, С.Фралова і інш.). Стараж. бел. дзямественныя манодыі змешчаны ў Супрасльскім ірмалоі 1598—1601 (каля 30 песнапенняў з усяночнага няспання, літургій Раней асвячоных дароў і Васіля Вялікага, велікодных свят; некат. ўзоры выкладзены ў некалькіх напевах).
Л.П.Касцюкавец.
т. 6, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА жанравы тып паэмы, які ўзнік на мяжы паэзіі і драматургіі. Развіваецца на аснове арган. зліцця эпічнага і драм. пачаткаў. Выпрацавала і замацавала ўстойлівыя жанравыя прыкметы: канфліктна-напружанае сутыкненне характараў, маральна-этычных пазіцый, ідэалаў, страсцей, што складае асн. драм. «спружыну» твора, якому ўласціва маналагічна-дыялогавая форма, разгортванне дзеі, набліжанай да сцэнічнай падачы.
Аднак гэта найперш паэма, жанравую сутнасць якой вызначае сіла эпічнай паэтызацыі падзей і герояў, паэт. падыход ад іх увасаблення. Д.п. адметная схільнасцю да асэнсавання вузлавых перыядаў нац. гісторыі, буйных грамадскіх асоб, значных падзей. Яе зместам становіцца барацьба народа ў напружаныя моманты яго сац. і нац. самасцвярджэння. Дасягнула класічных узораў у творчасці Дж.Мільтана («Страчаны рай»), Дж.Байрана («Каін»), Ф.Шылера («Валенштэйн»), П.Б.Шэлі («Раскаваны Праметэй»), А.Міцкевіча («Дзяды»), А.Пушкіна («Барыс Гадуноў»), Л.Украінкі («Лясная песня») і інш. У бел. л-ры пачынальнік яе — Я.Купала, які даў узоры высокіх формаў драматычна-паэмнага мастацтва («Адвечная песня», «Сон на кургане»). Д.п. стварылі П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), А.Куляшоў («Хамуціус»). Нац. традыцыя драматычна-паэмнага асэнсавання жыцця ў апошні час атрымала працяг у паэмах М.Арочкі («Курганне», «Крэва»).
М.М.Арочка, А.С.Гурская.
т. 6, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў этнаграфіі,
кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл. Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
В.К.Бандарчык.
т. 9, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)