Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЎНАЛЕ́ТНІЯ,
асобы, якія не дасягнулі ўзросту, з якім закон звязвае наступленнедзеяздольнасці. Паводле права Рэспублікі Беларусь Н. — асобы, што не дасягнулі 18 гадоў. Законныя інтарэсы Н. (поўнасцю або часткова) ажыццяўляюць іх бацькі або апекуны ці інш. законныя прадстаўнікі. Закон прадугледжвае меры, якія спецыяльна абараняюць іх працоўныя, цывільныя, аліментныя і інш. правы. Н. ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў ажыццяўляюць са згоды бацькоў або апекуноў здзелкі, а таксама самастойна могуць ажыццяўляць дробныя быт. здзелкі, распараджацца сваім заробкам, стыпендыяй. ажыццяўляць аўтарскія і вынаходніцкія правы. У крымін. працэсе ўстаноўлены асобы парадак разгляду спраў аб Н. (крымін. адказнасць за пэўныя цяжкія злачынствы настае з 14 гадоў), які забяспечвае найб. дакладнае іх расследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЛЕ́ДАВАННЕ,
від баявых дзеянняў; наступленне на адыходзячага праціўніка з мэтай яго знішчэння або ўзяцця ў палон. Сутнасць П. ў нанясенні моцных агнявых удараў, імклівага руху наперад для выхаду на флангі і тыл праціўніка. П. ажыццяўляецца пры адступленні праціўніка ці наўмысным адводзе ім войск на новыя рубяжы, пры поспеху ў сустрэчным баі, нанясенні контрудару і інш., можа быць паралельнае і франтальнае.
П. выкарыстоўвалася амаль ва ўсіх войнах, у т. л. тых, што адбываліся з удзелам ВКЛ. У больш позні час класічны прыклад П. — баявыя дзеянні франц., а потым рас. армій у вайну 1812.
У сучасных войнах і аперацыях П. як від баявых дзеянняў практыкуецца рэдка або зусім не ажыццяўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ НАСТУПА́ЛЬНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баявыя дзеянні сав. войск 1-га Укр. фронту (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) супраць асн. сіл ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн) у Вял.Айч. вайну; частка бітвы за Дняпро 1943. Праведзена 3—13.11.1943 з мэтай разгрому кіеўскай групоўкі праціўніка і вызвалення сталіцы Украіны. Аперацыі папярэднічалі 2 няўдалыя наступленні войск 1-га Укр. фронту на Кіеў (12—15 і 21—23 кастр.) з Букрынскага (на Пд ад Кіева) і Люцежскага (на Пн ад Кіева) плацдармаў. У адпаведнасці з загадам Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання асн. ўдар фронту быў перанесены на Пн ад Кіева (38, 60 і 13-я арміі), а войскі перагрупаваны (3-я гв.танк. армія, 23-і стралк. корпус, 7-ы артыл. корпус прарыву і інш. перадыслацыраваны з Букрынскага плацдарма на Люцежскі, дзе створана перавага над праціўнікам па пяхоце ў 3 разы, па артылерыі ў 4,5 раза, па танках у 9 разоў). Каб увесці праціўніка ў зман адносна напрамку гал. ўдару, 1 ліст.наступленне пачалі войскі Букрынскага плацдарма. 3 ліст., у абыход Кіева з З, пачалі паспяхова наступаць сав. войскі з Люцежскага плацдарма. 6 ліст. яны вызвалілі Кіеў, 13 ліст. — г. Жытомір, стварыўшы на правым беразе Дняпра моцны стратэг. плацдарм. Працягам К.н.а. была Кіеўская абарончая аперацыя 13.11—22.12.1943, у ходзе якой сав. войскі 20 ліст. пакінулі Жытомір, а на правым флангу фронту працягвалі наступленне да канца ліст. і вызвалілі шмат населеных пунктаў, у т. л.г. Оўруч (18 ліст.), бел. райцэнтры Брагін, Хойнікі (абодва 23 ліст.) і Нароўля (30 ліст.), пасля чаго таксама перайшлі да абароны.
Літ.:
Кузнецов Б.И. На Киевском направлении: (К 40-летию освобождения Киева). М., 1983;
В битве за Киев: Воспоминания, очерки. Киев, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1812—14.
Выклікана гандл.-эканам. супярэчнасцямі паміж Англіяй і ЗША, а таксама захопніцкай палітыкай пэўных амер. колаў у адносінах да Канады. Зачэпкай да вайны паслужылі захопы і вобыскі англ. флотам амер. суднаў у адкрытым моры. У чэрв. 1812 ЗША аб’явілі вайну Англіі. Англічане перакінулі свае войскі ў Паўн. Амерыку. На моры Англія панесла значныя страты, але і спробы амерыканцаў уварвацца ў Канаду поспеху не мелі. Перамогі на азёрах Эры (вер. 1813) і Шамплейн (вер. 1814) забяспечылі ЗША кантроль над важнымі воднымі шляхамі. Англ. войскі блакіравалі ўзбярэжжа ЗША, у жн. 1814 захапілі Вашынгтон, аднак развіць наступленне не змаглі. Баявыя дзеянні амер. войскаў набылі характар барацьбы за захаванне незалежнасці краіны. У 1814 у г. Гент (Бельгія) падпісаны дагавор, які аднавіў даваен. становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,
каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс.чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся ў лют. 1943 паміж партыз. брыгадай «Жалязняк» і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г. Докшыцы.
Перад пачаткам аперацыі партызаны перакрылі засадамі ўсе дарогі на Докшыцы. 1-ы атрад наступаў з ПдЗ, 2-і — з ПдУ, 3-і — з ПнУ, 4-ы прыкрываў наступаўшых. 6 падрыўных груп павінны былі дыверсіямі на чыгунцы адцягнуць шматлікія фаш. гарнізоны. якія размяшчаліся ўздоўж чыг. лініі Маладзечна—Полацк. Наступленне пачалося ў ноч на 3 лютага. Партыз. батарэі нанеслі ўдар па цэнтры горада, дзе размяшчаліся ўстановы акупантаў, і раніцай пакінулі Докшыцы, захапіўшы вял. колькасць маёмасці са складаў праціўніка. 19 і 20 лютага партызаны зноў нанеслі раптоўны ўдар па Докшыцкім гарнізоне. Ворагу прычынены вял. страты ў жывой сіле і тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЗЕР (Якаў Рыгоравіч) (4.11.1905, г. Варонеж, Расія —29.11.1969),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1941), ген. арміі (1962). Скончыў паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр., 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, Ленінградскім франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага, камандуючы арміямі. У ліп. 1941 у абарончых баях за Барысаў і Оршу 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія на чале з К. затрымала на 2 сутак наступленне праціўніка на р. Бярэзіна, на некалькі сутак — у напрамку р. Дняпро. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, узначальваў курсы «Выстрап». Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1962—66.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс.чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.