АПТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ Ў АТМАСФЕ́РЫ,

светлавыя з’явы, звязаныя з праходжаннем у зямной атмасферы прамянёў Сонца і інш. свяціл або штучных крыніц святла. Выкліканы пераламленнем (міражы, мігаценне зорак і інш.), рассеяннем, адбіццём, інтэрферэнцыяй і дыфракцыяй святла на малекулах паветра і слаях рознай шчыльнасці (блакітны колер неба, золак, змярканне), аэразолях — кроплях вады, крышталях лёду (гала, вянцы, вясёлка, глорыя). Назіранні за аптычнымі з’явамі ў атмасферы вядуцца на метэастанцыях. Па гэтых з’явах можна меркаваць аб стане некаторых слаёў атмасферы і выкарыстоўваць іх як мясцовыя прыкметы надвор’я.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГЕ ((Brahe) Ціха) (14.12.1546, Кнудструп, Швецыя — 24.10.1601),

дацкі астраном, рэфарматар практычнай астраноміі. Вучыўся ў Капенгагенскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1576 пабудаваў абсерваторыю Ураніборг, дзе больш за 20 гадоў сістэматычна з найвышэйшай дакладнасцю вызначаў месцазнаходжанне зорак на нябеснай сферы. Адкрыў дзве няроўнасці ў руху Месяца, даказаў, што каметы — нябесныя целы, больш далёкія за Месяц. Склаў каталог зорак, табліцы астр. рэфракцыі і інш. Яго назіранні Марса далі магчымасць І.​Кеплеру ўстанавіць законы руху планет.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 219.

Ц.Браге.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ,

велічыня, на якую павышаецца тэмпература ў зямной кары з павелічэннем глыбіні нетраў на кожныя 100 або 1 м. У сярэднім для глыбінь, на якіх магчымы непасрэдныя назіранні, геатэрмічны градыент роўны 3 °C на 100 м. Залежыць ад геал. будовы, цеплаправоднасці горных парод, цыркуляцыі падземных вод, блізкасці ачагоў вулканізму і інш. Пры праходцы Кольскай звышглыбокай свідравіны высветлена, што геатэрмічны градыент павялічваецца ад 1 °C каля паверхні да 2,5 °C на глыб. 5 км, а затым змяншаецца да 1,6 °C на глыб. 11 км.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРО́ШФУКО́ ((La Rochefoucauld) Франсуа дэ) (15.9.1613, Парыж — 17.3.1680),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў у 1659. Аўтар «Мемуараў» (1662, поўнае выд. 1817) і зб. афарызмаў «Разважанні, або Маральныя сентэнцыі і максімы» (1665), у якіх назіранні за жыццём і псіхалогіяй чалавека злучаюцца з глыбокім філас. абагульненнем, крытыкай палітыкі і побыту арыстакратычных колаў. Майстар афарыстычнага стылю, які вылучаецца надзвычайнай трапнасцю і дасціпнасцю. На бел. мову паасобныя максімы пераклаў А.​Асташонак.

Тв.:

Бел. пер. — Максімы // Далягляды, 1983. Мн., 1983;

Рус. пер. — Мемуары. Максимы. Л., 1971.

Літ.:

Разумовская М.В. Ларошфуко, автор «Максим». Л., 1971.

Г.​В.​Сініла.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫЯ СТА́НЦЫІ,

навукова-назіральныя пункты, створаныя на ўзбярэжжы кантынентаў і астравоў Паўн. Ледавітага ак. і ў Антарктыцы. Вядуць сістэматычныя аэраметэаралагічныя, актынаметрычныя, геамагнітныя, гідралагічныя, гляцыялагічныя і ў асобных выпадках біял. і мед. назіранні. Створаны ў перыяд 1-га Міжнар. палярнага года (1882—83). У 1990-я г. ў Арктыцы працавала каля 200 П.с., якія маюць важнае значэнне ў абслугоўванні навігацыі Паўн. марскога шляху. У Антарктыцы асн. сетка П.с. створана ў перыяд Міжнар. геафіз. года (1957—58) і пазней; у 1990-я г. — 48 пастаянных (зімовачных) станцый.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛО́ГІЯ (ад метэа... + ...логія),

навука пра атмасферу Зямлі, фіз. працэсы і з’явы, якія ў ёй адбываюцца і ствараюць надвор’е і клімат. М. вывучае састаў і будову атмасферы, цеплаабарот і цеплавы рэжым у атмасферы і на зямной паверхні, вільгацеабарот і фазавыя пераўтварэнні вады ў атмасферы, рух паветр. мас, эл. і акустычныя з’явы ў атмасферы. Гал. задачы М.: забеспячэнне нар. гаспадаркі метэаралагічнай інфармацыяй з мэтай найб. поўнага і эфектыўнага выкарыстання спрыяльных умоў надвор’я і памяншэння страт ад небяспечных з’яў, удасканаленне метадаў прагнозу надвор’я, распрацоўка навук. асноў мэтанакіраванага ўздзеяння чалавека на атм. працэсы і кіравання імі. Падзяляецца на фізіку атмасферы (уключае фізіку прыземнага слоя паветра, аэралогію, фізіку верхніх слаёў атмасферы, актынаметрыю, атм. оптыку і атм. акустыку), дынамічную М. (вывучае атм. працэсы ў трапасферы і ніжняй стратасферы, распрацоўвае лічбавыя метады прагнозаў надвор’я), сінаптычную метэаралогію. Раздзел М., які вывучае клімат, вылучаецца ў кліматалогію. Існуе шэраг прыкладных галін М. (с.-г., лясная, авіяц., касм., марская, мед., ваенная і інш.). Асн. метад атрымання фактычных звестак пра атмасферу, надвор’е і клімат — назіранні, якія праводзяцца метэаралагічнымі станцыямі на зямной паверхні і ў верхніх слаях атмасферы з дапамогай метэаралагічных спадарожнікаў, метэаралагічных ракет, радыёзондаў і інш. Дзейнасць метэаралагічных службаў розных краін аб’ядноўвае Сусветная метэаралагічная арганізацыя.

Узнікла ў 17 ст., калі вынайдзены метэаралагічныя прылады — тэрмометр і барометр (Г.​Галілеем з вучнямі). У 2-й пал. 18 ст. стала самаст. навукай. У 2-й пал. 19 ст. закладзены асновы дынамічнай М. (вучоныя амер. У.​Ферэль, ням. Г.​Гельмгольц), узнік сінаптычны метад даследавання (вучоныя франц. У.​Левер’е, англ. Р.​Фіцрой), пачаліся сістэм. аэралагічныя назіранні. Дасягненні М. ў 20 ст. звязаны з працамі вучоных нарв. В.​Б’еркнеса, аўстр М.​Маргулеса і Г.​Фікера, франц. Л.​Тэйсеран дэ Бора, рас. А.​І.​Ваейкава, А.​А.​Фрыдмана, П.​А.​Малчанава і інш.

На Беларусі метэаралагічныя назіранні пачаліся ў пач. 19 ст. Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў А.І.Кайгарадаў, даследаванні па зборы, аналізе і абагульненні матэрыялаў выканалі Н.​А.​Малішэўская, Я.​Б.​Фрыдлянд, І.​А.​Савікоўскі, Г.​В.​Валабуева (Гідраметэацэнтр), А.​Х.​Шкляр (БДУ), У.​Ф.​Логінаў (Нац. АН Беларусі) і інш.

Літ.:

Хромов С.П., Петросянц М.А. Метеорология и климатология. 4 изд. М., 1994.

П.​А.​Каўрыга.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІЯ́Н МАРЦЭЛІ́Н (Ammianus Marcellinus; каля 330 — каля 400),

рымскі гісторык. Па паходжанні грэк. У 363 удзельнічаў у ваен. паходзе імператара Юліяна Адступніка ў Персію. Асноўны гіст. твор «Дзеянні» (задуманы як працяг «Аналаў» і «Гісторый» Тацыта), ахоплівае перыяд ад праўлення імператара Нервы [96—98] да 378. З 31 кнігі захаваліся 18 (14—31-я). У іх апісаны падзеі 353—378: войны, барацьба за ўладу, перыяд заняпаду Рым. імперыі, сац. рух 4 ст., барацьба еўрапейскіх плямёнаў з Рымам. Акрамя пісьмовых крыніц выкарыстаў асабістыя назіранні і паведамленні сведак.

Тв.:

Рус. пер. — История. Вып. 1—3. Киев, 1906—08.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛЕ́НЬЕЎ (Іван Іванавіч) (?—22.2.1784),

расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.​І.​Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.

Н.​Ю.​Бярозкіна.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Міхал) (24.11.1879, Магілёўская губ. — 18.4.1973),

польскі астраном, стваральнік польскай каметнай школы. Чл.-кар. Польскай АН (1927). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1903). У 1903—08 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, у 1909—20 у рас. ваенна-марскім флоце, дзе займаўся гідраграфічнымі і астр. даследаваннямі. З 1923 праф. Варшаўскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі (да 1945). Навук. працы па каметнай астраноміі, гідраграфіі, астраметрыі і метэаралогіі. Выдаў сінаптычныя карты Усх. Сібіры, арганізаваў сетку пунктаў па назіранні арктычных ільдоў ад г. Уладзівасток да Берынгава праліва. Залаты медаль Лонданскага каралеўскага астр. т-ва 1927.

А.​М.​Коратцаў.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)