«КАЦЮ́ША»,

народная назва баявых машын рэактыўнай артылерыі ў Вял. Айч. вайну. Мяркуюць, што паходжанне назвы звязана з заводскай маркай (літара «К»), якая была на машыне, і з аднайм. папулярнай песняй. Іл. «К» (БМ-13) гл. ў арт. Артылерыя.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЛЮ́ЗЫ (ад назвы крыніцы Ваклюз на Пд Францыі),

ваклюзскія крыніцы, крыніцы, якія ўтвараюцца ў карставых абласцях пры выхадзе на паверхню падземнай ракі. Маюць вял. і пастаянны расход (дэбіт) вады. Ёсць на Каўказе, у Ферганскай даліне і інш. раёнах развіцця карсту.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ГІ́ПСУ І ГІ́ПСАВЫХ БУДДЭТА́ЛЕЙ.

Засн. ў 1944 у Мінску. Прадукцыю выпускае з 1948. У 1950—52 рэканструяваны і расшыраны. З 1999 вытв. рэсп. унітарнае прадпрыемства сучаснай назвы. Асн. прадукцыя (1999): гіпс, гіпсакардонныя лісты, пліты гіпсавыя перагародачныя, дэкар. і акустычныя.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНАКАТЭ́КА (грэч. pinakothēkē ад pinax дошка, карціна + theke сховішча),

сховішча жывапісу, карцінная галерэя. Тэрмін паходзіць ад назвы сховішча жывапісу на Акропалі ў Афінах (5 ст. да н.э.). У наш час П. называюць некат. зах.-еўрап. музеі (напр., Старая П. ў Мюнхене).

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НІЯ (лац. Britannia),

адна з стараж. назваў сучаснай Англіі (Вялікабрытанія). Паходзіць ад назвы кельцкіх плямёнаў — брытаў, якія насялялі Брытанію ў 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. З 43 н.э. — рымская правінцыя (Britannia Romana). Назва «Англія» замацавалася пасля англасаксонскага заваявання (5—6 ст.).

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГА́ЛЬСКІ АГО́НЬ (ад назвы гіст. вобл. Бенгалія ў Індыі),

піратэхнічная сумесь рэчываў, гарэнне якой адбываецца з раскідваннем зіхатлівых іскраў. Мае ў сабе нітрат барыю (акісляльнік), парашок алюмінію ці магнію, жал. ці стальныя апілкі (гаручае) і дэкстрын ці крухмал (цэментавальнік). Звычайна наносяць на метал. дрот.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕНЬ,

асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні, зняволены. Тэрмін «вязень» паходзіць ад стараж. бел. «везенне» — назвы меры пакарання (пазбаўленне волі, зняволенне) і месца, дзе яно ажыццяўлялася (вежа, астрог, турма і да т.п.). «Вязень сумлення» — чалавек, якога ўзялі пад варту, зняволілі па паліт., рэліг. і інш. матывах.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ПЕРАЎ ЛІК, лік e,

ліміт, да якога імкнецца выраз (1 + ​1/n)​n пры неабмежаваным узрастанні n; аснова натуральных лагарыфмаў. Н.л. e = lim(1 + ​1/n)​n = 2,718281828459045... з’яўляецца трансцэндэнтным лікам, што даказана франц. матэматыкам Ш.​Эрмітам (1873). Сувязь назвы Н.л. з імем Дж.Непера малаабгрунтаваная.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЯ́НЫ (Phoxinus),

род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Большасць гальянаў жыве ў ручаях, невял. рэчках з чыстай, празрыстай вадой. На Беларусі 2 віды: гальян звычайны (нар. назвы красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.; Р. phoxinus) і гальян азёрны (нар. назвы аўдотка, сняток, лінёк; Р. percnurus). 1 паўн.-амер. від у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Зрэдку ярка-афарбаваныя, на баках яркія плямкі або вял. расплыўчатыя плямы. У малявак уздоўж цела чорная палоска. Луска дробная, на бруху адсутнічае. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі і насякомымі. Маюць шлюбнае ўбранне. Нераст парцыённы на быстрай плыні. Некаторыя прамысловыя.

Гальяны: 1 — звычайны (уверсе — самец у шлюбным убранні); 2 — азёрны.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРНІ́Т (ад назвы радовішча Керн, штат Каліфорнія, ЗША),

мінерал класа баратаў, водны барат натрыю, Na2B4O7∙4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя або клінападобныя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,9 г/см³. Трапляецца ў вулканагенна-асадкавых радовішчах бору. Уваходзіць у склад борных руд.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)