ВЕ́ЙЦМАН (Эзер) (н. 15.6.1924, Тэль-Авіў),
ваенны і палітычны дзеяч Ізраіля. Генерал. Пляменнік Х.Вейцмана. Вучыўся ў каралеўскім штабным каледжы ваен.-паветр. сіл, лётным вучылішчы ў Радэзіі, на авіяц. інж. курсах у Англіі. У 1942—46 служыў у брыт. арміі ў Егіпце і Індыі. У 1948—66 на камандных пасадах у ВПС Ізраіля, у 1966—69 у ген. штабе. З 1969 у адстаўцы. У 1969—70 міністр транспарту. У 1970—72 старшыня выканкома партыі «Херут». У 1977—80 міністр абароны. З 1984 лідэр партыі «Ягад», якая выступае за мір з арабамі. У 1988—90 міністр навукі і даследаванняў. З 1993 прэзідэнт Ізраіля.
т. 4, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХУ́ТА (Беназір) (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),
палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).
Тв.:
Рус. пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.
Літ.:
Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.
т. 3, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Р ((Cavour) Каміла Бенса) (10.8.1810, г. Турын, Італія — 6.6.1861),
адзін з гал. дзеячаў эпохі Рысарджымента ў Італіі, дыпламат. Граф. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1829). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Міністр земляробства, прам-сці і гандлю (1850—52), фінансаў (1851—52) і прэм’ер-міністр (1852—61, з перапынкам у 1859) Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1855 уцягнуў Сардзінію ў Крымскую вайну 1853—56. Заключыў тайны антыаўстр. саюз з Францыяй (1858), Турынскі дагавор 1860 (гл. ў арт. Аўстра-італа-французская вайна 1859). Выкарыстаў паход «Тысячы» на чале з Дж.Гарыбальдзі для заняцця Папскай вобл. і Сіцыліі. Пасля абвяшчэння аб’яднанага Італьян. каралеўства (сак. 1861) яго першы прэм’ер-міністр.
т. 7, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛСАН ((Carlsson) Інгвар Гёста) (н. 9.11.1934, г. Бурас, Швецыя),
шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Лундскі ун-т (1958). У 1961—67 старшыня Саюза с.-д. моладзі Швецыі. З 1965 дэп. рыксдага. У 1969—73 міністр асветы, у 1973—76 міністр жыллёвага буд-ва. У 1971—74 старшыня Стакгольмскай арг-цыі, з 1972 чл. выканкома праўлення, у 1986—96 старшыня С.-д. рабочай партыі Швецыі (СДРПШ). Кіраваў распрацоўкай праграмы партыі «Будучыня для Швецыі», якая забяспечыла перамогу СДРПШ на выбарах 1982. У 1982—86 нам. прэм’ер-міністра, у 1986—91 і 1994—96 прэм’ер-міністр Швецыі. Садзейнічаў уступленню Швецыі ў Еўрап. Саюз (1995).
т. 8, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РГА КАБАЛЬЕ́РА ((Largo Caballero) Франсіска) (15.10.1869, Мадрыд — 25.3.1946),
іспанскі прафс., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1894 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ІСРП). У 1917—18 зняволены за ўдзел у арганізацыі ўсеагульнай забастоўкі. З 1918 дэп. картэсаў. У 1925—37 ген. сакратар Усеагульнага саюза працоўных. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 міністр працы (1931—33), старшыня ІСРП (1932—35, лідэр яе левага крыла). За ўдзел у паўстанні супраць урада правых рэспубліканцаў у 1934 зняволены (амнісціраваны ў лют. 1936), прэм’ер-міністр і ваен. міністр урада Нар. фронту (вер. 1936 — май 1937). З 1939 у эміграцыі ў Францыі. У 1942—45 зняволены ў ням.-фаш. канцлагеры.
т. 9, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РА ((Moro) Альда) (23.9.1916, г. Малье, Італія — 9.5.1978),
італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. Праф. крымін. права ун-та г. Бары. Чл. (з 1946), паліт. сакратар (1959—62), старшыня (з 1976) Хрысц.-дэмакр. партыі; узначальваў яе левае крыло, імкнуўся аб’яднаць намаганні хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў у парламенце. Чл. палаты дэпутатаў італьян. парламента (з 1948). У 1948—58 нам. міністра замежных спраў, міністр юстыцыі, нар. адукацыі. У 1969—72 і 1973—74 міністр замежных спраў, у 1963—68 і 1974—76 прэм’ер-міністр Італіі. 16.3.1978 выкрадзены і пазней забіты тэрарыстамі з т.зв. «чырвоных брыгад». Аўтар прац па розных аспектах юрыд. навукі.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТЭВАЛЬ ((Grotewohl) Ота) (11.3.1894, г. Браўншвайг, Германія — 21.9.1964),
нямецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Акадэміі імя Лейбніца ў Гановеры (1924—26), Берлінскім ун-це (1926—30). З 1912 чл. Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Дэп. ландтага (1920—25), міністр унутр. спраў, міністр нар. адукацыі (1920—22), міністр юстыцыі (1922—24) зямлі Браўншвайг. Дэп. рэйхстага (1925—33). У час нацысцкай дыктатуры пазбаўлены дэпутацтва, за ўдзел у нелегальным антыфаш. руху арыштаваны ў 1938 і 1939. У 1945 удзельнічаў у аднаўленні СДПГ ва Усх. Германіі, старшыня яе ЦК (1945—46). Пасля аб’яднання СДПГ з усх.-герм. камуністамі ў Сацыяліст. адзіную партыю Германіі сустаршыня партыі (разам з В.Пікам; 1946 — 54), чл. Палітбюро яе ЦК (з 1949). Першы прэм’ер-міністр Герм. Дэмакр. Рэспублікі (ГДР, з 1958 старшыня СМ) у 1949—64, у 1960—64 таксама нам. старшыні Дзярж. савета рэспублікі. Тройчы Герой Працы ГДР (1954, 1959, 1964).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. (1945—1960 гг.). М., 1966.
т. 5, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ КУА́Н Ю (н. 16.9.1923, Сінгапур),
сінгапурскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (Вялікабрытанія, 1950). У 1954 адзін з заснавальнікаў (да 1992 ген. сакратар) Партыі Нар. дзеяння. Чл. Заканад. асамблеі (1955), у 1959—90 прэм’ер-міністр Сінгапура. Пры ім Сінгапур ператварыўся ў адну з найб. развітых краін Азіі. З 1990 старшы міністр урада, аказвае значны ўплыў на дзярж. палітыку краіны.
т. 9, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎНДА ((Kaunda) Кенет Дэйвід) (н. 28.4.1924 каля г. Чынгола, Замбія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Замбіі. З 1948 сакратар раённых і правінцыяльных аддзяленняў Афр. нац. кангрэса (АНК) Паўн. Радэзіі, у 1953—58 ген. сакратар АНК. У 1958—59 заснавальнік і нац. прэзідэнт партыі АНК Замбіі. Са студз. 1960 прэзідэнт Аб’яднанай партыі нац. незалежнасці. У 1962—64 міністр мясц. самакіравання і сац. забеспячэння, у студз.—кастр. 1964 прэм’ер-міністр Паўн. Радэзіі. У 1964—70, 1973—78 міністр абароны, у 1970—71 і 1987—88 старшыня Арганізацыі афрыканскага адзінства. У 1964—91 прэзідэнт Замбіі. Тэарэтык афр. сацыялізму, стваральнік канцэпцыі «замбійскага гуманізму» і т. зв. камунакратыі, якая з 1969 беспаспяхова рэалізоўвалася ў Замбіі.
т. 8, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)