СУБСТАНТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. substantivum назоўнік),
пераход у разрад назоўнікаў слоў інш. часцін мовы ў выніку набыцця імі здольнасці ўказваць непасрэдна на прадмет, а не толькі на яго прыкмету; безафіксны спосаб утварэння назоўнікаў пераважна ад прыметнікаў як разнавіднасць канверсіі. Пры С. ўтвараюцца назоўнікі, што могуць мець значэнне асобы («хворы», «маладая»), прозвішча або мянушкі («Чорны», «Сівы»), відаў жывёлін («хобатныя», «хордавыя»), відаў страў («гарачае», «салодкае»), памяшканняў («мыйная», «сталовая»), інш. з’яў і прадметаў («праязны», «сутачныя») і г.д.
Субстантываваныя прыметнікі захоўваюць формы скланення прыметніка. Аказіянальна-кантэкставая С. можа закранаць і інш. часціны мовы («Ваша вечнае «не» мне надакучыла»; «Ну, давай «пяць» і не злуй болей»).
А.Я.Міхневіч.
т. 15, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФІ́МАЎ Барыс Яфімавіч (н. 28.9.1900, Кіеў),
расійскі графік-карыкатурыст. Нар. маст. СССР (1967). Правадз. чл. АМ СССР (1975). Герой Сац. Працы (1990). З 1922 у перыяд. друку, з 1966 гал. рэдактар творча-вытв. аб’яднання «Агітплакат». Аўтар паліт. карыкатур, выдадзеных у альбомах: «Палітычныя карыкатуры 1924—1934» (1935), «Фашызм — вораг народаў» (1937), «Гітлер і яго зграя» (1943), «Міжнародны рэпартаж» (1961), «Барыс Яфімаў у «Известиях». Карыкатуры за палавіну стагоддзя» (1969).
Тв.:
Основы понимания карикатуры. М., 1961;
Сорок лет: Зап. худож.-сатирика. М., 1961;
Работа, воспоминания, встречи. М., 1963;
Мне хочется рассказать. М., 1970.
Літ.:
Семенова Т. Б.Е.Ефимов. М., 1953.
т. 18, кн. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБА́ТНІКАВА Вера Рафаілаўна (2.6.1924, г. Чыта, Расія — 29.7.1997),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Ленінградскі тэатр. ін-т імя Астроўскага (1948). Працавала ў т-рах Новасібірска, Выбарга, Куйбышава. У 1953—87 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў і гераінь, імкнулася да індывідуалізацыі характараў, выразнасці вобразаў. Сярод лепшых роляў: Шура Азарава («Даўным даўно» А.Гладкова), Софія («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Маша Забеліна («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Алена Андрэеўна («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Паліна («Мачаха» А.Бальзака), Эпіфанія («Мільянерка» Б.Шоу), Елізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Валькірыя («Даруй мне» К.Губарэвіча), Ніна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Вера Грынько («Выбух» М.Гарулёва).
Г.Р.Герштэйн.
т. 7, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНЫ СКАЗ,
сказ з рознымі аб’ектыўна-мадальнымі значэннямі, які служыць для выражэння эмацыянальна-ацэначных адносін да рэчаіснасці. Канструктыўныя элементы К.с.: выклічнікі, эмацыянальныя часціцы і клічная інтанацыя, якая заўсёды мае эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку — узрушанасць, урачыстасць і да т.п. Па характары вымаўлення клічнымі могуць быць апавядальныя сказы, пытальныя сказы і пабуджальныя сказы. У адрозненне ад няклічных сказаў К.с. вымаўляецца больш высокім напружаным тонам. Характэрна прэпазіцыя выказніка ці інш. члена сказа, які нясе інфарм. нагрузку. У канцы К.с. ставіцца клічнік. Шырока выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі, у публіцыстыцы, мове маст. л-ры («Мой родны кут, як ты мне мілы!...»); не ўласцівы навук. і афіцыйна-дзелавому стылям мовы.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
Л.А.Антанюк.
т. 8, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВЕЧАРЫ́НКА ў Вільні.
Адбылася 12.2.1910 у клубе чыгуначнікаў. Арганізавана А.Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газ. «Наша ніва». Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю бел. прафес. і аматарскага тэатр. мастацтва. У П.б.в. ўдзельнічала каля 100 чал., прысутнічала каля 1000 гледачоў. У праграме спектакль «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага (пастаноўка Бурбіса, сярод удзельнікаў Я.Арлоўскі, Ф.Мурашка, Ч.Родзевіч і інш.); харавыя творы «А хто там ідзе?» (муз. Л.Рагоўскага на словы Я.Купалы), «Чаму ж мне не пець» і інш. бел. нар. песні (дырыжор Рагоўскі); нар. танцы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка», «Верабей» (пад кіраўніцтвам І.Буйніцкага).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.
А.В.Сабалеускі.
т. 12, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЕРЫ́НІ (Severini) Альда (н. 20.11.1926, г. Анкона, Італія),
італьянскі паэт. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. Аўтар зб-каў вершаў «Прыйдзе, як зара, твой час» (1955), «Мне не трэба віна, каб пець» (1962), «З берага на бераг» (1972), «Слова В’етнаму», «Вершы Іспаніі» (абодва 1974), «На арбіце Зямлі» (1979), «Элементы фантастычнай анатоміі» (1980), «Арыфметыка дыялога» (1983) і інш. Двойчы наведаў Беларусь. Пераклаў на італьян. мову паасобныя вершы Я.Купалы, М.Танка, Р.Барадуліна, М.Калачынскага. Сярод перакладчыкаў яго твораў на бел. мову М.Танк, Барадулін, Я.Семяжон, А.Шаўня.
Тв.:
Бел. пер. — На арбіце Зямлі. Мн., 1980;
У кн.: Золата Фарчэлы. Мн., 1968;
У кн.: Ад вежаў Ферары. Мн., 1974.
А.А.Шаўня.
т. 14, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАБО́ВІЧ Мікола (Мікалай Віктаравіч; н. 4.1.1959, в. Бадзені Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1981). У 1981—86 настаўнічаў. З 1989 працуе ў Бел. пед. ун-це, адначасова ў 1992—2002 заг. літ.-драм. часткі Мінскага абл. драм. т-ра ў г. Маладзечна. Друкуецца з 1976. У паэт. зб-ках «Дом», «Яшчэ пакуль не лістапад...» (абодва 1996), «Падары мне сваю адзіноту» (2002) філас. роздум, любоў да родных мясцін, тэма кахання. Многія яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Каб вымавіць: «Люблю!» // Крыло. Мн., 1984.
Літ.:
Старасценка Т. «Мой светлы дом адкрыты для гасцей...»: (Штрыхі да творчага партрэта Міколы Шабовіча) // Крыніца: Славянскі свет. 2003. №3.
А.В.Спрынчан.
т. 17, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НІН Леў Іванавіч (н. 30.5.1912, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл.),
рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1936—39). Аўтар зб-каў вершаў «Дзеці розных народаў» (1950), «Вершы пра каханне» (1957), «Проста я працую чараўніком» (1966), «Ішоў я праз завіруху...» (1970), «Здалёк — доўга» (1977), «Самалёты і салаўі» (1982), «Пакуль я дыхаць умею...» (1985), «Таму што мне васемнаццаць» (1987) і інш., рамана ў вершах «Мой сябра Барыс» (1944), рамана ў баладах «Вада бяссмерця» (1975), аповесці ў вершах «Гаспадар агню» (1977). Асн. тэматыка твораў — рамантыка стваральнай працы, маладосць, каханне. Многія яго вершы, пакладзеныя на музыку («Песня пра трывожную маладосць», «Цячэ Волга», «Хай заўсёды будзе сонца»), сталі вядомымі песнямі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.
т. 2, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́МАЎ Аляксей Канстанцінавіч (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),
бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел. фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.Астрэйкі і У.Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел. нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел. нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).
Літ.:
Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.
т. 8, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА Рыгор Фёдаравіч (2.2.1921, с. Мароўск Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 7.1.1996),
расійскі кампазітар. Засл. арт. Расіі (1960). Нар. арт. СССР (1990). З 1940 баяніст у армейскіх ансамблях, з 1950 у Рус. нар. аркестры імя М.П.Осіпава. З 1952 муз. кіраўнік Волжскага нар. хору, з 1963 — рус. нар. хору Палаца культуры Валгаградскага трактарнага з-да. З 1973 у Краснадары. Працаваў пераважна ў галіне песеннай творчасці. Сярод найб. папулярных песень: «Івушка» («Вербачка»), «Арэнбургская пуховая хустка», «Ой, снег-сняжок», «А дзе мне ўзяць такую песню?», «Расце ў Валгаградзе бярозка». Аўтар аперэты «Старым казацкім спосабам» (паст. 1980), «Гапака» для сімф. арк. (1952), канцэрта для домры з арк. (1950), хароў, песень на словы С.Ясеніна, музыкі для т-ра і кіно.
т. 12, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)