РЭВУЭ́ЛЬТАС ((Revueltas) Сільвестрэ) (31.12.1899, г. Сант’яга-Папаск’яра, Мексіка —5.10.1940),
мексіканскі кампазітар, скрыпач, дырыжор. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі Мехіка (1913—16), у Муз. каледжы Чыкага (1918—20, 1922—24). З 1928 дырыжор Сімф. аркестра ў Мехіка (пазней Нац.сімф. аркестр). Яго творчасці ўласцівы глыбокае разуменне нац. характару, зварот да традыц.мекс. тэм і сюжэтаў, дэмакр. накіраванасць. Сярод твораў: балет «Гуляка-апалонік» (1935); сімф. паэмы для арк., у т. л. «Вулічныя скрыжаванні» (1930), «Дарогі» (1934), «Сенсенмайя» (1938); творы для камернага арк., у т. л. «У гонар Гарсія Лоркі» (1936); 4 стр. квартэты (1930—32), песні, музыка да кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯ (Villa) Франсіска, Панча Вілья [сапр.Аранга (Arango) Даратэа; 4.10.1877, г. Рыо-Грандэ, Мексіка — 20.7.1923], дзеяч Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, нац. герой Мексікі. Удзельнічаў у звяржэнні дыктатуры П.Дыяса (1911), задушэнні мяцяжу П.Ароска (1912). У 1913 сфарміраваў і ўзначаліў паўстанцкую Паўн. дывізію, якая дзейнічала ў штатах Чыўаўа і Кааўіла, дзе праводзілася раздача канфіскаваных зямель сялянам, канфіскацыя прамысл. прадпрыемстваў, адкрываліся школы. Разам з сял. арміяй Э .Сапаты атрады Вільі ў снеж. 1914 уступілі ў Мехіка, але ў студз. 1915 пасля паражэння пакінулі сталіцу. У 1916—17 змагаўся супраць інтэрвенцкіх войск ЗША. У 1916—19 вёў партыз. барацьбу супраць урада Карансы. У 1920 адышоў ад рэв. руху. Забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУС [Cruz; сапр.Асбахе-і-Рамірэс дэ Сантыльяна
(Asbaje y Ramírez de Santillana)] Хуана Інес дэ ла (12.11.1651, Сан-Мігель-дэ-Непантла, Мексіка — 17.4.1695),
мексіканская пісьменніца. З 1667 знаходзілася ў манастыры, прысвяціла сябе навуцы і паэзіі. У творчасці прытрымлівалася традыцый ісп. барока. Першы зб. вершаў «Кастальскае багацце» (1689). Філас. роздум пра зямное і трансцэндэнтнае ў паэме «Першы сон» (1690). Яе паэзіі ўласціва шчырасць лірычных пачуццяў, інтэлектуальная глыбіня і вытанчанасць стылю. Аўтар камедый нораваў «Дамашнія клопаты» (1683), «Каханне — самая заблытаная справа» (1688), вострапалемічных твораў у прозе «Крызіс адной пропаведзі» (1690), «Адказ паэтэсы славутай сястры Філатэі» (1691), алегарычных драм «Боскі Нарцыс», «Пакутнік таемнасці», «Посах Іосіфа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Mexico; Golfo de Méjico),
паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс.км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-ГРА́НДЭ (Rio Grande),
Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Río Bravo dei Norte), рака ў ЗША і Мексіцы (на працягу каля 2 тыс.км утварае мяжу паміж імі). Даўж. 2870 км, пл. басейна 570 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Сан-Хуан (сістэма Скалістых гор), цячэ пераважна па засушлівых плато, месцамі ў вузкіх каньёнах, упадае ў Мексіканскі заліў. Буйны прыток Пекас (злева). Сцёк амаль поўнасцю разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні 570 м³/с, у вусці 15—20 м³/с. Буйныя вадасховішчы Элефант-Б’ют і Фалькон. Суднаходная на асобных участках. На Р.-Г. — гарады Альбукерке, Эль-Паса, Ларэда (ЗША), Сьюдад-Хуарэс, Нуэва-Ларэда (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУЭ́ЛА ((Azuela) Марыяна) (1.1.1873, г. Лагас дэ Марэна, Мексіка — 1.3,1952),
мексіканскі пісьменнік. Раманы «Няўдачнікі» (1908), «Пустазелле» (1909) пра грамадскае жыццё Мексікі ў часы дыктатуры П.Дыяса. Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, падзеі якой адлюстраваў у рамане «Тыя, хто ўнізе» (1916). У раманах «Касіки» (1917), «Муха», «Хваляванні добрапрыстойнай сям’і» (абодва 1918), «Таварыш Пантоха» (1937), «Новая буржуазія» (1941), «Праклён» (1955) і інш. расчараванне вынікамі рэвалюцыі, непрыняцце паслярэв. рэчаіснасці. Раманы «Ліхадзейка» (1923), «Адплата» (1925), «Светлячок» (1931) пазначаны рысамі сюррэалізму, псіхааналізам з ухілам у паталогію.
Тв.:
Рус.пер. — Те, кто внизу: Роман о мексик. революции // Асуэла М. Те, хто внизу;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАСА́ЗІ,
археал. культура амерыканскіх індзейцаў, якія з 1—2 ст.н.э. жывуць на сумежжы штатаў Арызона, Юта, Нью-Мексіка і Каларада (ЗША). Назва ад імя стараж. народа, продкаў сучаснага народа пуэбла. У час росквіту (перыяд класічнага Пуэбла, 1050—1300) асаназі займаліся земляробствам (асн. культура кукуруза), выраблялі характэрную паліхромную кераміку, будавалі т.зв. пуэбла (вял. колькасць прамавугольных жытлаў, якія цесна прыціснуты адно да аднаго і ўтвараюць некалькі паверхаў ці тэрас) і ківа (падземныя камеры ў пуэбла, выкарыстоўваліся як мужчынскія дамы і памяшканні для рэлігійных цырымоній). Іх найбольшыя гарады Пуэбла-Баніта, Меса-Вердэ і інш. З 1300 пачаўся перыяд заняпаду, які працягваўся да заваявання іх іспанцамі (канец 17 ст.). Некат. пуэбла заселеныя і цяпер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКЕ́ЙРАС, Альфара Сікейрас (Alfaro Siqueiros) Хасэ Давід (29.12.1898, г. Чыўаўа, Мексіка — 6.1.1974), мексіканскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў мексіканскай школы манум. жывапісу. Ганаровы чл.АМСССР (1967). Вучыўся ў АМ (1911), школе Санта-Аніта (1913) у Мехіка. Удзельнік мекс. рэвалюцыі 1910—17. З 1919 працаваў у Францыі і Іспаніі; у 1921 выдаў у Барселоне «Маніфест рэвалюцыйнага мастацтва». Заснавальнік (1922) і ген. сакратар (1923—25) «Рэвалюцыйнага сіндыката працаўнікоў тэхнікі і мастацтва». З 1924 адзін з кіраўнікоў Мексіканскай камуніст. партыі, з 1929 ген. сакратар Мексіканскай унітарнай прафсаюзнай канфедэрацыі. Неаднаразова быў арыштаваны. У 1932—34 і 1935—36 працаваў у ЗША. Дзейнасць С. ў Аргенціне (1933), Чылі (1941—42), на Кубе (1943) паўплывала на развіццё манум. мастацтва ў краінах Лац. Амерыкі. Яго работы вылучаюцца смелым стылем, насычанасцю фарбаў, дынамікай форм. Ствараў манум. кампазіцыі, у якіх канкрэтныя персанажы спалучаюцца з сімвалічнымі ўвасабленнямі сац.-гіст. сіл, выкарыстоўваў новыя метады перспектывы, спалучаў жывапіс са скульптурнымі формамі, ужываў новыя маст. матэрыялы (сінтэтычныя фарбы, керамічную мазаіку і інш.): размалёўкі Нац. падрыхтоўчай школы (1922—23), клуба прафсаюзаў электрыкаў (1939), Палаца прыгожых мастацтваў (1945, 1950—51), Нац. музея гісторыі (пачаў у 1959; усе ў Мехіка). У 1950—60-я г. ў трактоўцы гіст. падзей і вобразаў узмацніліся выразнасць і паліт. вастрыня. Аўтар мазаікі і рэльефаў на фасадзе рэктарата Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (1952—54), манум.-дэкар. збудавання «Паліфорум» (1971), якое спалучае архітэктуру, жывапіс і скульптуру станковых карцін, літаграфій, малюнкаў. Іл.гл. таксама ў арт.Мексіка.
Літ.:
Григулевич И.Р. Сикейрос. М., 1980;
Семенов О.С. Д.А.Сикейрос. М., 1980.
С.У.Пешын.
Д.Сікейрас. Размалёўка Нац. музея гісторыі ў Мехіка. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВАЎНАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40°паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс.т пры агульным імпарце 31,1 тыс.т).