ГІДРАДЫНА́МІКА (ад гідра... + дынаміка),

раздзел гідрамеханікі, які вывучае рух несціскальнай вадкасці і яе ўзаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Адрозніваюць гідрадынаміку ідэальнай вадкасці і гідрадынаміку рэальнай (вязкай) вадкасці; рух эл.-праводных вадкасцей у магн. палях вывучае магнітная гідрадынаміка. На аснове гідрадынамікі рашаюцца задачы гідраўлікі, гідралогіі, гідратэхнікі, метэаралогіі, разліку гідратурбін, помпаў, трубаправодаў і інш.

У тэарэт. гідрадынаміцы на аснове ўраўненняў Л.​Эйлера (для ідэальнай вадкасці; для рэальнай — ураўненняў Наўе—Стокса) і неразрыўнасці ўраўнення вызначаюць размеркаванне скарасцей і ціску ў вадкасці. Эксперым. гідрадынаміка грунтуецца на падобнасці тэорыі. Метады гідрадынамікі прыдатныя і для газаў пры скарасцях, значна меншых за гукавую, калі іх можна лічыць несціскальнымі (гл. Газавая дынаміка).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ТОК,

пераменны эл. ток, які адносна павольна змяняецца так, што для імгненных яго значэнняў з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току (Ома закон, Кірхгофа правілы і інш.). Мае аднолькавае значэнне ва ўсіх сячэннях неразгалінаванага ланцуга.

Пры разліках неабходна ўлічваць узнікненне (пры зменах току) эрс індукцыі, а індуктыўнасці, ёмістасці і супраціўленні ўчасткаў ланцугоў можна лічыць засяроджанымі параметрамі. Умовы квазістацыянарнасці (гл. Квазістацыянарны працэс) зводзяцца да малых велічынь геам. памераў эл. ланцуга ў параўнанні з даўжынёй хвалі пераменнага току. Напр., токі прамысл. частаты (частаце 50 Гц адпавядае даўжыня эл.-магн. хвалі 6000 км) лічацца К.т., за выключэннем токаў у лініях далёкіх перадач, для якіх гэтыя ўмовы не выконваюцца.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ ПАТО́К, паток магнітнай індукцыі,

паток вектара магнітнай індукцыі праз якую-н. паверхню.

М.п. праз малы элемент паверхні dS, у межах якога вектар магнітнай індукцыі B можна лічыць пастаянным, вызначаецца формулай: dΦ = B dS = BdScosα , дзе dS = dSn , n — адзінкавы вектар нармалі да элемента паверхні dS, α — вугал паміж вектарамі B і n. М.п. праз адвольную паверхню S вызначаецца інтэгралам Φ = (S) B dS . Для замкнёнай паверхні гэты інтэграл роўны нулю, што адлюстроўвае саленаідальны характар магнітнага поля. Поўны М.п., звязаны з некаторым эл. контурам (напр., саленоідам), наз. патокасчапленнем. Адзінка М.п. ў СІвебер.

Да арт. Магнітны момант.
Да арт. Магнітны паток.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВЯРАПРЫНАШЭ́ННЕ,

абрад прынясення дароў Богу (багам), духам, святым і інш.; абавязковая частка рэліг. культу. Ахвярапрынашэнне звязваюць з традыцыяй задабрэння і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У гісторыі ўсіх рэлігій вядомы розныя формы ахвярапрынашэння — ад простых («пырсканне», «узліванне» ў гонар духаў і багоў перад ежай і піццём, кармленне фетышаў) да крывавых і жорсткіх чалавечых ахвярапрынашэнняў у некаторых стараж. народаў. Паводле хрысц. вучэння, Ісус Хрыстос, які прыняў смерць на крыжы, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей і гэтым пазбавіў іх ад неабходнасці ахвярапрынашэння. Тым не менш ахвярапрынашэнне ў хрысціянстве захавалася ў форме прычашчэння святых дароў, прынашэнняў у храмы, каджэння фіміямам і гэтак далей. Разнавіднасцю ахвярапрынашэння можна лічыць манаства, рэліг. аскетызм, царк. пасты і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛАГЕ́ТЫКА (ад грэч. apologētikos абараняльны),

1) раздзел хрысц. багаслоўя, які пры дапамозе аргументаў, звернутых да розуму і свядомасці чалавека, адстойвае веравучэнне; у вузкім сэнсе — гал. багаслоўе, грунтоўная тэалогія. Асновы апалагетыкі закладзены ў 2—3 ст. Юсцінам, Тацыянам, Арыгенам, Тэртуліянам і інш. для абароны хрысціянства ад іудзейства, «язычніцтва» (пад ім разумелася ант. філасофія), дзярж. улад, ерасяў. Пашырана гал. чынам у праваслаўі і каталіцызме. Змест апалагетыкі — інтэрпрэтацыя сутнасці рэлігіі, абвяржэнне накіраваных супраць яе абвінавачванняў, абгрунтаванне перавагі той ці інш. канфесіі. Апелюючы да розуму, апалагетыка ўсё ж лічыць, што нават лагічна абгрунтаваная сістэма догматаў павінна прымацца на веру, бо апошняя ў тэалогіі вышэйшая за розум.

2) У пераносным сэнсе апалагетыка — прадузятая абарона, тэндэнцыйнае ўсхваленне чаго-небудзь, каго-небудзь.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,

сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.

А.​А.​Кожынава.

Вузлавое пісьмо кіпу (уверсе) і вампум.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,

прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСІЯ ў матэматыцы,

1) у геаметрыі, пунктавае пераўтварэнне плоскасці адносна зададзенай акружнасці радыуса R. Кожнаму пункту A, адрознаму ад цэнтра акружнасці O (цэнтр, ці полюс І.), ставіцца ў адпаведнасць такі пункт A праменя OA, што OA′ = R2/OA, дзе R2 — ступень І. Падобна гэтаму вызначаецца І. ў прасторы адносна сферы. Мае дастасаванні ў геаметрыі (інтэрпрэтацыя геаметрыі Лабачэўскага, тэорыя геам. пабудаванняў), тэорыі механізмаў (гл. Інверсар).

2) У камбінаторыцы — парушэнне нармальнага парадку элементаў у перастаноўцы. Напр., у перастаноўцы cbad элементы c і b, c і a, b і a утвараюць І., калі лічыць іх нармальным парадкам abcd.

Геаметрычная інверсія адносна акружнасці радыуса R: здабытак адлегласцей PC∙PM=R​2, пункт P — полюс інверсіі; адрэзкі AM і BM — датычныя да акружнасці.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СА ў фізіцы,

фізічная велічыня, якая вызначае інертныя і гравітацыйныя ўласцівасці цела; адна з асн. характарыстык матэрыяльных аб’ектаў.

У класічнай механіцы, дзе скорасці цел (v) значна меншыя за скорасць святла (c) у вакууме (vc), М., якая ўваходзіць у другі закон Ньютана (гл. Ньютана законы механікі) наз. інертнай, a М., вызначаная з Сусветнага прыцягнення законагравітацыйнай. Эксперыментальна ўстаноўлена, што інертная і гравітацыйная М. з вял. дакладнасцю супадаюць і іх можна лічыць адной і той жа фіз. велічынёй. У гэтым набліжэнні М. з’яўляецца таксама мерай колькасці рэчыва і адытыўнай велічынёй, таму выконваецца масы захавання закон. У рэлятывісцкай механіцы (v~c) поўная энергія цела вызначаецца формулай E = mc2 / 1 v2 / c2 , а яго імпульс p = mv / 1 v2 / c2 , адкуль вынікае ўзаемасувязь паміж велічынямі E і p: E2/c2p2 = m2c2. З гэтай формулы можна выразіць велічыню m — інварыянтную М. (ці проста М.), якая вызначае энергію спакою цела E0 = mc2 і ўваходзіць у законы класічнай механікі. У рэлятывісцкім выпадку М. ізаляванай сістэмы цел з цягам часу не мяняецца, аднак яна не роўная суме М. цел гэтай сістэмы (гл. Дэфект мас). Прынята лічыць, што М. элементарнай часціцы вызначаецца звязанымі з ёй эл.магн., ядз. і інш. палямі, аднак колькаснай тэорыі, якая тлумачыла і давала б магчымасць вызначыць дыскрэтны спектр М. элементарных часціц, не існуе. Адзінка М. ў СІкілаграм, М. атамаў і малекул вымяраецца ў атамных адзінках масы, М. элементарных часціц — у М. электрона або ў атамных адзінках энергіі.

Літ.:

Джеммер М. Понятие массы в классической и современной физике: Пер. с англ. М., 1967;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 2. Теория поля. 7 изд. М., 1988.

А.​І.​Болсун, В.​К.​Гронскі.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПО́ТЭЗА (ад грэч. hypothesis аснова, меркаванне),

сістэма тэарэт. пабудоў (суджэнняў), з дапамогай якіх на аснове шэрагу фактаў робіцца вывад пра існаванне аб’екта, яго ўласцівасці, сувязі ці прычыны з’явы, прычым вывад гэты нельга лічыць абсалютна дакладным; часовая логіка-метадалагічная характарыстыка выказвання, якая існуе ад пабудовы да праверкі. Гіпотэза павінна мець абгрунтаванасць, падлягаць праверцы і не супярэчыць прынятым у навуцы палажэнням. Пасля праверкі (эксперымент ці назіранне), калі гіпатэтычныя выказванні аказваюцца ісціннымі, яны ўключаюцца ў тэорыю, а калі памылковымі, то замяняюцца новымі. Лагічная структура гіпотэзы — лагічная структура тых выказванняў, якім прыпісваецца гіпатэтычнасць. Для эмпірычных навук характэрна, што кожнае выказванне ў іх бывае ў стадыі гіпотэзы. Паводле рус. логіка М.​І.​Карынскага, гіпотэза абазначае таксама вывад, які па сваёй структуры падобны да простага катэгарычнага сілагізму другой фігуры.

В.​М.​Пешкаў.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)