вобласць павышанага атм. ціску над Арктыкай. У цэнтры арктычнага антыцыклону ціск перавышае 1020 мб. Больш выразны зімой, калі ў час палярнай ночы халоднае паветра ўшчыльняецца над укрытай лёдам і снегам паверхняй. Пераважае ўстойлівае бязвоблачнае сухое надвор’е. Пад уплывам цыкланічнай дзейнасці ў Атлантычным сектары Арктыкі арктычны антыцыклон перамяшчаецца ў бок Аляскі. Летнія ўмовы аслабляюць антыцыклон. На выш. 3—4 км саступае месца каляпалярнай дэпрэсіі (вобласці нізкага ціску). Вятры з Арктычнага антыцыклону накіраваны ў нізкія шыроты, дзе пад уплывам вярчэння Зямлі набываюць ПнЗ напрамак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),
устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЯТЛО́Н,
спартыўнае комплекснае зімовае і летняе мнагабор’е. Уключае практыкаванні з лёгкай атлетыкі, лыжнага спорту, кулявой стральбы і плавання. Міжнар. асацыяцыя П. заснавана ў 1992. Летнія чэмпіянаты свету праводзяцца з 1992, зімовыя — з 1993, спаборніцтвы на Кубак свету — з 1995. Каманда Беларусі — сярэбраны прызёр летніх (1993, 1997) і зімовага (1994) чэмпіянатаў свету. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету па летнім П.: П.Варатынскі (1999), Г.Галаўнёва (1993, 1997, 1998), Л.Гісаў (1996), Н.Лункіна (1999), А.Няфёдаў (1997), Дз.Парахневіч (1997), А.Прыгажаеў і па зімовым П. — Н.Бабкова (1994), Д.Шаплыка (1993, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arkansas),
рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл.бас. 416 тыс.км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс.м³/с. Суднаходная на 1 тыс.км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ВАД,
традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядома са стараж. часоў у беларусаў, рускіх і інш. народаў. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў). Па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вяроўкі (цяцівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі, ніжняя — грузіламі. Па канцах крылаў мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы), каб у час руху яны не скручваліся, з абодвух канцоў да іх прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягванні ўтваралі з палкамі трохвугольнікі. Па сярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя Н., летнія, мутнікі і брэдні. Пашыраны па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЦАРТЭ́УМ, Міжнародная ўстанова Моцартэум (Internationale Stiftung Mozarteum),
музычна-навуковае таварыства ў г. Зальцбург (Аўстрыя); цэнтр моцартазнаўства. Засн. ў 1880. Пры т-ве арганізаваны аркестр (з 1958 дзярж.), канцэртнае бюро і музей, публічная муз. школа (з 1914 кансерваторыя, у 1953 вылучылася з М. як Акадэмія музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум», з 1971 — Вышэйшая школа музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум»). У 1931 на базе М. засн.Цэнтр.ін-т моцартазнаўства. Выдаюцца поўны збор твораў В.А.Моцарта (з 1955), «Паведамленні...», «Моцартаўскія штогоднікі» (абодва з 1966) і інш. Штогод арганізуе летнія дырыжорскія і муз. курсы (з 1937 працуе Міжнар. летняя акадэмія), да 1920 удзельнічаў у правядзенні Зальцбургскіх фестываляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ПА,
горад у Расіі, у Краснадарскім краі. 50,3 тыс.ж. (1994). Порт на Чорным м.Чыг. станцыя. Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Як курорт развіваецца з 19 ст. Славуты паласой дробназярністага пясчанага пляжа даўж. каля 6 км з прылеглым мелкаводдзем, вельмі прыдатным для адпачынку і лячэння дзяцей. Клімат міжземнаморскі, з найб. працяглым на чарнаморскім узбярэжжы перыядам сонечнага ззяння. Марскія брызы, купанні з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастрычніка. Выдатныя ўмовы для аэра-, гелія- і таласатэрапіі. Ліманныя, азёрныя і сопкавыя гразі на лячэнне органаў стрававання, гінекалагічных і нерв. хвароб. Радовішчы мінеральных, сталовых і лекавых водаў. Мноства пансіянатаў, дзіцячыя санаторыі, летнія і санаторныя лагеры, дамы адпачынку, турбазы. Археал. музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ФНІІ, вадзяныя блохі (Daphnia),
род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).
Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭЙМС, Джэмс (James),
назва 2 рэк у ЗША. 1) Рака ў штаце Віргінія. Даўж. каля 550 км, пл.бас. 25,1 тыс.км². Пачынаецца ў Апалачах, перасякае хр. Блу-Рыдж (у цясніне Жалезныя Вароты), плато Підмант, на ўступе якога ўтварае вадаспады, цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі заліў Атлантычнага ак. Сярэдні расход вады каля г. Рычманд 210 м³/с. Да гэтага горада рака суднаходная. У вусці — марскі порт Норфалк.
2) Рака ў штатах Паўн. і Паўд. Дакота, левы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1140 км, пл.бас. 57,2 тыс.км². Пачынаецца на плато Місуры, цячэ па шырокай даліне паралельна ўсх. ўступу Вял. раўнін. Кароткачасовае веснавое разводдзе. Высокія летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕВАНЕ́Ц (Аляксандр Васілевіч) (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.Някрасава (1981), апрацоўкі бел.нар. песень.