ПАКРО́ВАЎ ПРАСВЯТО́Й БАГАРО́ДЗІЦЫ НА НЕ́РЛІ ЦАРКВА́ помнік архітэктуры 12 ст. каля г.п. Багалюбава Уладзімірскай вобл.
(Расія),
у пойме р. Нерль. Належыць да Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства. Пабудавана ў 1165 кн. Андрэем Багалюбскім у памяць пра памерлага сына. 1-купальны 4-стаўповы крыжова-купальнага тыпу храм вылучаецца выключнай гармоніяй крыху выцягнутых па вертыкалі прапорцый, вытанчанасцю пластычнай апрацоўкі (ступеньчатыя лапаткі, перспектыўныя парталы, каменныя рэльефы). Фасады расчлянёны складанымі пучковымі пілястрамі з тонкімі паўкалонкамі. У верхняй іх частцы — разныя выявы цара Давіда, жаночых галоў, ільвоў, грыфонаў. Па верхняй частцы барабана праходзіць дэкар. пояс (арачкі, выкружкі, парэбрык, трохвугольнікі). Цыбулепадобны купал устаноўлены замест першапачатковага шлемападобнага. Да 1672 мелася вежа з ходам на хоры. Помнік значна скажоны ў час рамонту 1877 (знішчаны галерэі, што прымыкалі да яго з трох бакоў, фрэскі). Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЫЦХАВЕ́ЛІ,
сабор у г.Мцхета, помнік сярэдневяковай архітэктуры Грузіі. Пабудаваны ў 1010—29 (арх. Арсукісдзе; аднаўляўся ў пач. 15 і 17 ст.) на месцы першай у Грузіі хрысц. царквы 4 ст. Грандыёзны крыжова-купальны, выцягнуты па падоўжанай восі будынак. Зах. частка падзелена на 3 нефы, над ёй — хоры. Купал утрымліваюць 4 свабодна пастаўленыя слупы. Гармоніі арх. аб’ёмаў падначалены ўрачысты рытм аркатур (на фасадзе, барабане купала) з тонкай, па-майстэрску выкананай арнаментальнай разьбой і рэльефамі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты размалёвак 16—17 ст. Пад вял. аркай легендарны 4-гранны слуп «светыцхавелі» (жыватворчы), які даў назву храму. Перад алтаром размешчаны магілы груз. цароў. У ансамблі сабора таксама вароты каталікоса Мелхіседэка 11 ст. і агароджа 18 ст. Сабор С. ўключаны ЮНЕ́СКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл.гл. да арт.Грузія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА,
помнік архітэктуры з элементамі рэнесансу ў Мінску. Пабудавана ў пач. 17 ст. разам з Мінскім Петрапаўлаўскім манастыром правасл. брацтвам на скрыжаванні вуліц Нямігі і Ракаўскай. У 1793—95 адрамантавана і перайменавана ў Кацярынінскую (вядома і пад назвай Жоўтая), У 1870—71 перабудавана (зменены завяршэнні 2 вежаў на гал. фасадзе). Перабудовы былі і ў 1-й пал. 20 ст. (зняты купал, зроблена прыбудова). Мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 5-граннай апсідай і 2 вежамі. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр.ч. завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вял. паўцыркульнае акно; 2 бакавыя ч. дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прамавугольнага абрысу, фланкіраваны 3-яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асн. аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах спараныя паўцыркульныя аконныя праёмы. Сцены завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Побач з царквой захаваўся царк. дом 19 ст. Храм пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну. У 1972—79 рэстаўрыраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1791—93 паводле праекта арх. М.Львова. У ансамбль з царквой уваходзяць: 2-ярусная званіца з невял. вежачкай у завяршэнні, 2 гасп. пабудовы, будынак царк.-прыходскай школы. З паўд. боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. Царква — цагляны цэнтрычны крыжова-купальны храм. Асн. аб’ём у выглядзе роўнаканцовага крыжа, накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — сферычны гранёны купал на 8-гранным светлавым барабане, грані якога Прарэзаны вял. аконнымі праёмамі-люнетамі. Паміж канцамі крыжа нізкія аб’ёмы (у плане чвэрць круга), перакрытыя сегментамі купала. Фасады маюць сім. кампазіцыю, вырашаны аднолькава, завершаны развітымі антаблементамі. Уваходны партал вылучаны 2 паўкруглымі калонамі тасканскага ордэра і акном-люнетай. На сценах і скляпеннях захаваліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле маст. У.Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найб. цікавыя з іх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе), «Цябе Бога хвалім» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793—94 устаноўлены іканастас (не захаваўся). У 1980-я г. царква адрэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЯПЕ́ННЕ,
нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню. Можа быць з цэглы, прыроднага каменю, жалезабетону, дрэва. Пад нагрузкай працуе пераважна на сцісканне, перадае на апоры верт. і гарыз. намаганні. Бываюць рознай формы. Разнавіднасць С. — купал. У манум. архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. Цыліндрычныя С. з малымі пралётамі ўжыты ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Гродзенскай Барысаглебскай царкве і інш. У гатычных збудаваннях асобныя прасторавыя ячэйкі (травеі) паміж слупамі і сценамі перакрываліся крыжовымі і нервюрнымі С. (зорчатымі, сотавымі). З 2-й пал. 16 ст. пашырыліся цыліндрычныя С. з распалубкамі, якія перакрывалі вял. пралёты, часам былі аздоблены ляпнымі кесонамі ці размалёўкай (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Культавыя збудаванні ў стылі барока мелі звычайна цыліндрычныя С. з распалубкамі на падпружных арках у сярэднім нефе і крыжовыя С. ў бакавых. Над сяродкрыжжам рабілі купалы. У палацавым буд-ве ў перыяд барока і класіцызму шырока выкарыстоўваліся люстраныя С. У сучасным буд-ве адным з новых тыпаў пакрыцця з’яўляюцца жалезабетонныя танкасценныя С.-абалонкі рознай геам. формы (цырк у Гомелі, Камароўскі крыты рынак у Мінску і інш.).
Т.В.Габрусь.
Скляпенні: а — цыліндрычнае; б — самкнутае; в — люстраное; г — рабрыстае жалезабетоннае; д — скляпенні-абалонкі; е — бочкападобнае; ж — крыжовае; з — ветразевае.Цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі ў касцёле езуітаў у г. Нясвіж Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-ПАС (La Paz),
горад у Балівіі, фактычная сталіца краіны. Знаходзіцца ў Цэнтр. Андах, на выш. каля 3700 м, у даліне р. Ла-Пас.Адм. ц. дэпартамента Ла-Пас. 1,25 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т. л. Панамерыканская шаша. Міжнар. аэрапорт Эль-Альта. Гал.прамысл. (каля 75% усёй прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны), гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр Балівіі. Прам-сць: тэкст., харч., гарбарна-абутковая, цэм., мэблевая, шкляная. Рамесніцкая вытв-сць вырабаў з керамікі, золата, серабра. 2 ун-ты. АН, Нац., археал. і інш. музеі. Астр. абсерваторыя.
Засн. ў 1548 ісп. канкістадорам Алонса Мендосай. Названы (La Paz — мір) з нагоды прымірэння варагуючых паміж сабою ісп. заваёўнікаў. У 1809 у горадзе адбылося антыісп. паўстанне. У 1825 вызвалены ад ісп. панавання войскамі ген. А.Х.Сукрэ. З 1898 фактычна сталіца Балівіі, месцазнаходжанне рэзідэнцыі прэзідэнта і парламента (афіц. сталіца — г. Сукрэ).
У старых кварталах з традыц. 2-павярховымі дамамі захавалася прамавугольная сетка вуліц. Сярод пабудоў у стылі барока: палацы 18 ст. — Дыес дэ Медына (1755, 3-павярховы з аркадамі і лесвіцамі ва ўнутр. дварах), Вільявердэ і інш., цэрквы — Санта-Дамінга (1726), Сан-Франсіска (каля 1743—84, 3-лопасцевы партал з багатай разьбой), Сан-Педра (1790, скляпенне нефа і купал з вапнава-пемзавай масы на трысняговым каркасе). У часткова рэканструяваным цэнтры — шматпавярховыя жалезабетонныя будынкі сярэдзіны 20 ст., на ўскраіне — індзейскія кварталы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,
помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.
Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн.гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,
тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр.купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжаны лац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.