Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,
тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕШНЕГАНДЛЁВЫЯ БА́НКІ,
разнавіднасць спецыялізаваных камерцыйных банкаў, якія ажыццяўляюць пераважна аперацыі па крэдытаванні, экспарце і імпарце, правядзенні ўзаемных знешнегандл. разлікаў. Яны таксама гарантуюць і ўлічваюць вэксалі па экспартных крэдытах, прадастаўленых прыватнымі банкамі. Узніклі пасля 1-й сусв. вайны з мэтай заахвочвання нац. экспарту, стымулявання эканам. росту. У ЗША і Японіі З.б. называюцца экспартна-імпартнымі, у Францыі існуе Банк знешняга гандлю, у Рас. Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь — банкі знешнеэканам. дзейнасці. У Вялікабрытаніі функцыі З.б. выконвае нябанкаўская ўстанова — Дэпартамент гарантый экспартных крэдытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЗА́Р,
украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.Кабзар, Д.Бандурка, В.Варчанка, П.Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.Шут, І.Краўчанка-Крукоўскі, А.Верасай, Ф.Халодны, М.Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.Кучугура-Кучарэнка, Ф.Кушнерык, П.Носач, Я.Моўчан, П.Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр.маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел.нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.
Літ.:
Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДА́Р (сапр.Голікаў) Аркадзь Пятровіч
(22.1.1904, г. Льгоў, Расія — 26.10.1941),
рускі пісьменнік. У перыяд грамадз. вайны ў 15 гадоў камандаваў ротай, у 17 — палком. У Вял.Айч. вайну быў карэспандэнтам газ. «Комсомольская правда». Загінуў на фронце. Пісаў для дзяцей. Творы Гайдара адметныя даверлівай інтанацыяй, веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю сюжэта, рамантыкай рэв. барацьбы, лірызмам («Р.В.С.», 1926; «Школа», 1930; «Ваенная тайна», 1935; «Цімур і яго каманда», 1940, і інш.). Аўтар кінасцэнарыяў «Цімурава клятва», «Камендант снежнай крэпасці». Асобныя творы Гайдара на бел. мову перакладалі С.Грахоўскі, У.Краўчанка, М.Татур, А.Якімовіч і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1986;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1954.
Літ.:
Смирнова В.В. Аркадий Гайдар: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,
агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАНА́ЦКІ (Юрый Аліферавіч) (1.1.1914, в. Барсукоў Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.4.1994),
украінскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1937). У Вял.Айч. вайну камандзір партыз. атрада імя М.Шчорса. Героіку Вял.Айч. адлюстраваў у кнігах апавяданняў «Над Дзясной» (1951), «Старэйшы брат» (1952), «Незабыўнае» (1953), раманах «Мы — не з легенды» (1973), «Чырвоная раса» (1981) і інш. Надзённыя праблемы сучаснасці ў аповесці «Між добрымі лю́дзьмі» (1955) і раман «Хвалі» (1967; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970). Аўтар твораў для дзяцей: «Малінавы звон» (1958), «Марская чайка» (1959), «Курыны бог» (1966), «Прыгоды Івана Каструбы» (1984) і інш. За раман «Кукуюць зязюлі» (1975) і аповесці для дзяцей «Курылавыя астравы» (1963), «Гераподзвія» (1966) і інш.Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1975. На бел. мову паасобныя яго творы пераклалі У.Краўчанка, А.Чаркасаў, І.Шамякін, П.Кавалёў.
Тв.:
Твори. Т. 1-4. Київ, 1984—85.
Літ.:
Про Юрія Збанацького: Статі, етюди, есе. Київ, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ЛЕНКО́М».
Створаны ў 1927 як Цэнтр.т-р рабочай моладзі (ТРАМ), з 1938 наз.Т-р імя Ленінскага камсамола, з 1990 сучасная назва. Маст. кіраўнік: І.Бярсенеў (1938—51), С.Гіяцынтава (1951—57), С.Маёраў (1957—60), Б.Талмазаў (1960—62), А.Эфрас (1963—67), У.Манахаў (1967—72), М.Захараў (з 1973). У рэпертуары т-ра пастаноўкі рус. і замежнай класікі, сучасная драматургія, рок-оперы, муз. спектаклі. Спектаклі вызначаюцца высокапрафесійнымі рэжысурай і акцёрскім ансамблем, глыбокай распрацоўкай характараў. Сярод значных пастановак: «Чайка» (1966, 1994) і «Іванаў» (1975) А.Чэхава, «Мудрэц» (паводле п’есы А.Астроўскага «На ўсякага мудраца хапае прастаты», 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1992), «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава (1941), «У дзень вяселля» В.Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага (абодва 1964), «Тыль» Р.Горына (паводле Ш. дэ Кастэра. 1974), «Рэвалюцыйны эцюд» М.Шатрова (1979), «Юнона» і «Авось» (1981, музыка А.Рыбнікава на вершы А.Вазнясенскага) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: А.Абдулаў, І.Алфёрава, Л.Арцем’ева, Б.Бекер, С.Бірман, Л.Бранявы, А.Джыгарханян, У.Карэцкі, Ю.Колычаў, Т.Краўчанка, У.Ларыёнаў, Я.Лявонаў, М.Міронава, Т.Пельтцэр, Дз.Пяўцоў, А.Сакалоў, А.Фадзеева, І.Чурыкава, А.Янкоўскі і інш.