ЛУСКАВІ́НКІ,

1)у раслін — плоскія нарасці покрыўнай тканкі (эпідэрмісу) або недаразвітае лісце, напр., у далмацкага рамонку, мяты. Выконваюць ахоўныя функцыі.

2) У насякомых — мікраскапічныя хіцінавыя пласцінкі на целе, якія абумоўліваюць афарбоўку жывёлы (за кошт аптычных якасцей). Ёсць у матылёў, камароў і інш.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ,

сярэднія агульнаадук. навуч. ўстановы ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Клімавіцкая мужчынская гімназія. Існавала ў 1911—17. Утрымлівалася за кошт дзярж. казны і спец. сродкаў. Тэрмін навучання 5, з 1914—8 гадоў. У 1916 было 305 навучэнцаў. Прымаліся дзеці розных саслоўяў і веравызнанняў. Пры гімназіі дзейнічалі балалаечны аркестр, гіст. музей; вучнёўская (2476 кніг) і фундаментальная (3380 кніг) б-кі. Клімавіцкая жаночая гімназія. Існавала ў 1912—18. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. Тэрмін навучання 6 гадоў. У 1915 адкрыты дадатковы пед. клас. У 1916 было 311 навучэнак розных саслоўяў і веравызнанняў. У гімназіях вывучаліся закон Божы, рус., ням., франц. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, уводзіны ў філасофію, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і інш. Наладжваліся літ. і муз. вечары, дабрачынныя спектаклі, канцэрты і інш.

А.​Л.​Еўдакімава.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТЫТУ́ЦЫЯ (лац. restitutio аднаўленне),

1) у цывільным праве — вяртанне бакамі, якія заключылі здзелку, усяго атрыманага па здзелцы ў выпадку прызнання яе несапраўднай. Пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры кампенсуецца яго кошт у грашах, калі інш. вынікі несапраўднасці здзелкі не прадугледжаны ў-законе. Агульным правілам з’яўляецца двухбаковая Р. — кожны з бакоў вяртае другому ўсё атрыманае па здзелцы, а пры немагчымасці гэта зрабіць вяртае яго кошт у грашах.

2) У міжнародным праве — вяртанне маёмасці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэр. другой дзяржавы, якая з’яўлялася яго ваен. праціўнікам. Міжнар.-прававыя акты, прынятыя ў перыяд і пасля заканчэння 2-й сусв. вайны, прадугледжвалі вяртанне ў парадку Р. дзяржавам, якія падвергліся нападу і акупацыі фаш. Германіяй і яе саюзнікамі, матэрыяльных каштоўнасцей, захопленых і незаконна вывезеных з часова акупіраваных тэрыторый.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БА (тэхн.),

ударная частка молатаў, капроў і інш. машын, якія выконваюць карысную работу за кошт энергіі ўдару. Выкарыстоўваецца пры забіванні паляў, коўцы і штампоўцы розных дэталяў. Падыманне бабы выконваецца ручным або эл. прыводам, а таксама парам ці сціснутым паветрам. Маса бабы можа дасягаць 30 т.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАТО́ВАЯ ПРАДУ́КЦЫЯ,

сукупнасць гатовых вырабаў і паўфабрыкатаў, фактычна адпушчаных за межы прадпрыемства ці поўнасцю падрыхтаваных для гэтага. Гатовая прадукцыя, ацэненая ў грашах, адрозніваецца ад таварнай прадукцыі тым, што не ўключае кошт паслуг і работ, выкананых паводле заказаў старонніх арганізацый па-за межамі асн. дзейнасці прадпрыемства.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЬЕ́РАС (ісп. caballeros),

назва рыцараў (гл. Рыцарства) у сярэдневяковай Іспаніі. У ранні перыяд Рэканкісты конныя воіны, якія набывалі за свой кошт баявога каня і зброю. З 12 ст. ў пастановах картэсаў і інш. афіц. дакументах назва К. ужывалася ў аднолькавым сэнсе з ганаровым найменнем ідальга.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧАТКО́ВЫ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,

эканамічны паказчык вымярэння аб’ёму нац. вытв-сці. Уяўляе сабой суму нац. даходу і амартызацыйных выдаткаў. Вылічаецца як кошт створанай канчатковай прадукцыі і паслуг у рыначных цэнах за пэўны перыяд (звычайна за год), за выключэннем кошту выкарыстанай сыравіны, матэрыялаў, паўфабрыкатаў і энергарэсурсаў.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНІЗА́ЦЫЯ,

1) павышэнне колькасці вугляроду ў арган. рэчыве за кошт яго раскладвання пад уздзеяннем цяпла, святла, іанізавальнага выпрамянення, ферментаў, мікраарганізмаў. Найб. даследавана тэрмічная К. (абпальванне), нелятучыя прадукты якой часта называюць коксам.

2) Насычэнне раствору дыаксідам вугляроду CO2. Выкарыстоўваюць у содавай вытв-сці, піваварэнні, буд-ве.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧО́ЛАК,

элемент страхі каркаснай канструкцыі вясковай хаты. Ствараўся за кошт таго, што франтон быў усечаны знізу схілам страхі. П. павялічваў вынас схілу страхі і лепш засцерагаў ад вільгаці тарцовую сцяну хаты. Найчасцей пашыраны ў Зах. Палессі (у Брэсцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Драгічынскім і інш. р-нах).

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛЬНАЯ ЦАНА́,

від рыначнай цаны, які ўстанаўліваецца пад уплывам панавання манапалістаў на рынку дадзенага тавару, таксама пад уплывам попыту і прапановы. З’яўляецца вынікам згоды паміж манапалістамі і вызначаецца, зыходзячы з разліку атрымання найбольшага прыбытку ад продажу тавараў. Можа ўстанаўлівацца манаполіямі вышэй або ніжэй за кошт тавару.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)