памяншэнне амплітуды ваганняў з цягам часу, абумоўленае стратамі энергіі вагальнай сістэмай. Ператварэнне энергіі вагальнай сістэмы ў цеплавую (унутраную) энергію адбываецца ў выніку прысутнасці трэння ў мех. сістэмах (напр., маятнік) і наяўнасці амічнага супраціўлення ў эл. сістэмах (напр., вагальны контур). З.в. можа адбывацца таксама за кошт страт энергіі, звязаных з выпрамяненнем гукавых і эл.-магн. хваль.
Найбольш вывучана З.в. у лінейных сістэмах, дзе памяншэнне энергіі прапарцыянальнае квадрату скорасці руху (мех. сістэма) або квадрату сілы току (эл. сістэма). У гэтым выпадку З.в. мае экспаненцыяльны характар: амплітуда ваганняў памяншаецца паводле залежнасці
, дзе A0 — першапачатковая амплітуда, γ — каэфіцыент затухання, t — час. З.в. парушае іх перыядычнасць, пры вялікіх каэфіцыентах затухання амплітуда хутка памяншаецца да нуля і ваганні спыняюцца (гл.Аперыядычны працэс). Пры малых затуханнях умоўна карыстаюцца паняццем перыяду як прамежку часу паміж двума паслядоўнымі максімумамі вагальнай фіз. велічыні (сілы эл. току, напружання або размаху ваганняў маятніка і інш.). Гл. таксама Дэкрэмент затухання.
А.І.Болсун.
Затуханне ваганняў. A0 — першапачатковая амплітуда ваганняў; T — перыяд ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс.км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),
рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.
Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш.Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,
адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.
Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл.Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыць магн.дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, ферамагнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10−3—10−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 109—1010 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 106 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.
А.І.Болсун.
Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць сродкаў вылічальнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, прызначаная для рашэння пэўнага класа задач. Бывае адна- і многапрацэсарная (функцыі працэсара могуць выконваць асобныя вылічальныя машыны). Па прызначэнні вылічальныя сістэмы адрозніваюць спецыялізаваныя і універсальныя; па складзе працэсараў — аднародныя і неаднародныя; паводле тыпу сувязей — з інфармацыйна звязанымі працэсарамі, звязанымі толькі па кіраванні і з сувязямі абодвух тыпаў. Вылічальная сістэма ўключаецца непасрэдна ў контур збору інфармацыі, яе апрацоўкі і выдачы кіроўных уздзеянняў ці інфармацыі для прыняцця рашэнняў. Для сучасных вылічальных сістэм характэрны дыялогавы рэжым (зносіны гукаслыхавыя і зрокавыя); паралельная апрацоўка патокаў інфармацыі; праграмаванне на мовах высокага ўзроўню, блізкіх да натуральных; значны ўзровень штучнага інтэлекту і інш.
Да аднапрацэсарнай вылічальнай сістэмы адносіцца ЭВМ «Мінск-32» (гл.Вылічальная машына «Мінск»), якая забяспечвае выкананне адначасова да 4 рабочых праграм; да яе «павольнага» канала сувязі можна далучыць да 104 вонкавых прылад, да «хуткага» — да 32 накапляльнікаў інфармацыі на магн. барабанах, дысках, стужках і інш. Многапрацэсарная вылічальная сістэма мае не менш як 2 працэсары (або выліч. машыны): адзін з іх (асн.) выконвае вылічэнні, прадугледжаныя алгарытмам задачы, астатнія (дапаможныя) апрацоўваюць інфармацыю, не прадугледжаную асн. алгарытмам, выконваюць неасн. вылічэнні і інш. Аднародныя вылічальныя сістэмы характарызуюцца ідэнтычнасцю ўсіх працэсараў, напр., 3-машынная вылічальная сістэма «Мінск-222» (складаецца з машын «Мінск-2» і «Мінск-22»), вылічальная сістэма «Эльбрус» характарызуецца размеркаваным кіраваннем, агульнай памяццю і універсальнай сістэмай сувязей паміж працэсарамі. Найб. цяжкім рэжымам работы спецыялізаваных вылічальных сістэм з’яўляецца рэжым рэальнага часу, калі вылічэнні адбываюцца ў тэмпе, які забяспечвае пэўны вонкавы працэс, напр. у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, лятальнымі апаратамі, інш.трансп. сродкамі. Гл. таксама Электронная вылічальная машына, Вылічальны цэнтр.
Літ.:
Илюкович А.А., Свирид Г.П. Основы вычислительных систем. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАЛЬЕ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў; галіна скульптуры дробных форм. Творы М.м. вырабляюцца з медзі, серабра, золата, бронзы і інш. матэрыялаў, якія дазваляюць рабіць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце; дэкар. і выставачныя медалі вырабляюць і ў тэхніцы керамікі. М.м. ўласцівы пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арган. спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асн. іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму.
Узнікла ў 7—6 ст. да н.э. разам з вырабам метал. манет у Лідыі і Стараж. Грэцыі. У старажытнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаванага металу з гравіраванымі негатыўнымі выявамі. Буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Ант. манетам уласцівы прастата і гарманічнасць вобразаў божастваў і міфалагічных сцэн. У эпоху сярэднявечча ў кампазіцыі пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы. Манеты краін Азіі вызначаліся прыгажосцю каліграфічных надпісаў. З 14—16 ст. вядомы выраб памятных медалёў. Творам М.м. эпохі Адраджэння ўласцівы індывідуальнасць партрэтных характарыстык і пластычная дасканаласць алегарычных фігур (медальеры Пізанела, Б.Чэліні ў Італіі, Ж.Пілон у Францыі і інш.). У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў (Ж.Варэн, Г.Дзюпрэ ў Францыі, І.Хён, Ф.Г.Мюлер у Германіі, П.Уткін, Ф.Талстой у Расіі, і інш.). Эпоха рамантызму прыўнесла ў М.м. пошукі жывапіснасці і свабоды пластычнай святлоценявой лепкі (П.Ж.Давід д’Анжэ ў Францыі). У 20 ст. значна пашырыліся выразныя сродкі (контррэльеф, паглыблены контур, чарненне, эмаль) і тэматыка, ускладнілася кампазіцыя, пластычная мова і фактура твораў М.м. (А.Л.Галцье, Р.Дэламар, Ж.Лей, А.Ж.Адам у Францыі, Я.Фішэр, І.Прадлер у Чэхіі і інш.).
На Беларусі М.м. развівалася ў рэчышчы асн.маст. эпох і стыляў. З канца 15 ст. манеты выраблялі на Віленскім манетным двары. З пач. 16 ст. вядомы медалі ў гонар польскіх каралёў, вял. князёў ВКЛ і чл. іх сямей, у т. л. Жыгімонта I Старога, Жыгімонта II Аўгуста, Боны Сфорцы і інш., якія стваралі замежныя медальеры Г.Шварц, Я.М.Муска Падавана, Д.Венетус і інш. З сярэдзіны 16 ст. на Віленскім манетным двары пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка, медалі з нагоды ваен. перамог. Паводле заказу кн. Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў Г.Кель, Г.Трыльнер, манаграміст «HD». З 18 ст. пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў рэліг. тэматыкі, прысвечаных важным дзярж. і грамадскім падзеям. Найб. вядомы медальер 18 ст. — І.Ф.Гольцгаўзер. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай творы М.м., звязаныя з бел. тэматыкай, ствараліся ў Расіі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—31 і 1863—64, А.Міцкевічу, Т.Касцюшку і інш. У 1960-я г.бел. М.м. аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вял.Айч. вайны, гадавінам бел. гарадоў, навук. устаноў, прадпрыемстваў, падзеям культ. жыцця, значным асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш. Да М.м. ў сваёй творчасці звяртаюцца Г.Асташонак, М.Байрачны, С.Вакар, Г.Гаравая, С.Гарбунова, А.Зіменка, А.Кашкурэвіч, В.Ларчанка, У.Лятун, У.Слабодчыкаў, Л.Талбузін, А.Фінскі і інш. Творы М.м. экспануюцца на выстаўках. Гл. таксама Манета, Медаль.
Літ.:
Одноралов Н.В. Техника медальерного искусства. М., 1983.
Да арт.Медальернае мастацтва. Медальён у 8 солідаў. Рымская імперыя. Каля 337—361.Да арт.Медальернае мастацтва. Златнік Уладзіміра Святаславіча. Канец 10 — пач. 11 ст.Да арт.Медальернае мастацтва. Л.Талбузін. Медаль «Мікола Гусоўскі». 1960.