група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст.н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВО́РЫЦКАЯ СЛАБАДА́,
археалагічныя помнікі (селішча і курганны могільнік 10—11 ст.) каля в. Дворыцкая Слабада Мінскага р-на. На селішчы выяўлены рэшткі каля 100 жытлаў, знойдзена шмат прывазных рэчаў, вырабаў мясц. рамеснікаў, прадметы ўзбраення, кераміка з клеймамі «трызубец». Магчыма, селішча абслугоўвала валокі ці сухапутны адрэзак шляху ад р. Лошыца да гарадзішча на Менцы і прыйшло ў заняпад з пабудовай новага дзядзінца Мінска на сутоках Свіслачы і Нямігі. На курганным могільніку (21 насып), пераважна дрыгавічоў, пахавальны абрад трупапалажэнне. Сярод знаходак пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, пацеркі з металу, шкла і сердаліку, ганчарны посуд, драўлянае вядро з мёдам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́НШЧЫНА,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Лабеншчына Мінскага р-на. Пляцоўка з У умацавана 3 валамі і 2 равамі, з ПнЗ — 2 валамі і 2 равамі. У ранні перыяд існавання (4—1 ст. да н.э.) гарадзішча было слаба ўмацавана, пляцоўка выкарыстоўвалася часткова. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, падзеленых на асобныя жылыя камеры, агнішчы круглай і авальнай форм, абкладзеныя камянямі, печ-домніца. У 2—4 ст. гарадзішча заселена поўнасцю, насыпаны валы, выкапаны равы, па краі пляцоўкі пастаўлена драўляная сцяна. Знойдзена вял. колькасць рэшткаў посуду, жал. сякеры, сярпы, посахападобныя шпількі, скроневыя кольцы, гліняныя прасліцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ХАЎ,
комплекс археал. помнікаў (3 гарадзішчы, бескурганны і 2 курганныя могільнікі) каля в. Мохаў Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішчы мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры датуюцца 5—4 ст. да н.э. і 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў, гліняны посуд, жал. прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Бескурганны могільнік належаў мілаградцам. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання, інвентар — кавалкі керамікі, трапляюцца камяні. Адзін з курганных могільнікаў належаў дрыгавічам, датуецца 10—12 ст. Пахавальны абрад у ім — трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены металічныя і шкляныя пацеркі, бранзалеты, драцяныя кольцы, нажы, сякеры, гаршкі, шыйная грыўня, крэсіва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,
хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
горны лён, мінералы класа водных сілікатаў магнію, жалеза і інш. з групы серпенціну (хрызатыл-азбест) і групы амфіболаў (амфібол-азбест). Паралельна-валакністай будовы, расшчапляюцца на тонкія, трывалыя валокны. Колер залаціста-жоўты, зялёны, да чорнага, распушаны — белы. Бляск шаўкавісты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,5 г/см³. Вогнеўстойлівы (t пл. каля 1500 °C). У прам-сці выкарыстоўваецца пераважна хрызатыл-азбест. Радовішчы азбесту звязаны з ультраасн. пародамі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці азбестацэмент. трубаў і шыферу, азбестатэхн. прам-сці (тканіны, шнуры, стужкі), вытв-сці пластмасавых і гумавых вырабаў з азбеставым напаўненнем (тармазныя калодкі, фрыкцыйныя кольцы, электраізаляцыйныя матэрыялы і інш.), таксама ў вытв-сці паперы, кардону, фільтраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУЗасн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.А.Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял.Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУЦІ́ННІК (Cortinarius),
род базідыяльных грыбоў сям. павуціннікавых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 123 віды. Найб. вядомыя П.: анамальны (C. anomaliis), бранзалетавы, ці прыбалатуха, звычайны (C. trivialis), карычневы (C. cinnamomeus), каштанавы (C. castaneus), ліпкі (C. collintus), пахучы (C. camphoratus), трыумфальны (C. triumphans), ядомы, ці таўстуха. Трапляюцца з ліп. па вер. у лясах, на ўзлесках і лугах. Большасць з іх мікарызаўтваральнікі, утвараюць «ведзьміны кольцы».
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 8 см, правільная, звычайна ярка афарбаваная, зрэдку белая. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка цыліндрычная або патоўшчаная, амаль заўсёды з рэшткамі пакрывала ў выглядзе павуціністага апушэння ці выпуклых кольцаў. Мякаць белаватая або жаўтаватая. Споры падоўжаныя, бураватыя. Ёсць ядавітыя, некат. ядомыя (напр., прыбалатуха, таўстуха).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́ЙГЕНС ((Huygens) Крысціян) (14.4.1629, г. Гаага, Нідэрланды — 8.6.1695),
нідэрландскі фізік, механік, матэматык і астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663) і Парыжскай АН (1966). Вучыўся ва ун-тах Лейдэна (1645—47) і Брэда (1647—49). У 1665—81 працаваў у Парыжы. Сфармуляваў асновы хвалевай тэорыі святла (гл.Гюйгенса—Фрэнеля прынцып), даследаваў рух цел пад дзеяннем удару, вывеў формулу цэнтраімклівага паскарэння. Вынайшаў маятнікавы гадзіннік (1657), удасканаліў падзорную трубу, адкрыў кольцы Сатурна і яго спадарожнік Тытан. Сканструяваў акуляр (акуляр Гюйгенса), вызначыў (з Р.Гукам) пастаянныя пункты тэрмометра (пункт раставання лёду і пункт кіпення вады).
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о свете... М.; Л., 1935;
Три мемуара по механике. [Л.], 1951.
Літ.:
Франкфурт У.И., Френк А.М. Христиан Гюйгенс, 1629—1695. М., 1962.