МЕ́НГЕР (Menger) Карл (23.2.1840, г. Новы-Сонч, Польшча — 27.2.1921),
аўстрыйскі эканаміст, заснавальнік аўстрыйскай эканамічнай школы; адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Д-р эканам. н. У 1879—1903 праф. Венскага ун-та. У цэнтр канцэпцыі ставіў індывіда, яго патрэбнасці і сродкі іх задавальнення лічыў зыходным пунктам даследавання. У сферы размеркавання развіў ідэі, якія ляглі ў аснову тэорыі стаўлення. Лічыў, што каштоўнасць сродкаў вытв-сці вызначаецца меркаванай каштоўнасцю спажывецкага прадукту; прапанаваў спосаб вызначэння ўкладу, які робіць кожны з фактараў вытв-сці. Асн. праца «Асновы палітычнай эканоміі» (1871).
т. 10, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МА,
сухія сцёблы раслін, што застаюцца пасля малацьбы збожжавых і зернебабовых культур, таксама лёну, канапель і інш., з якіх выдалены лісце, суквецці, насенне. С. збожжавых культур — грубы баластны корм пераважна для буйн. раг. жывёлы ці дабаўка да сакаўных кармоў. Пажыўная каштоўнасць невял. — клятчаткі 35—45%, мала пратэіну (3—4%), мінер. рэчываў, вітамінаў. Для паляпшэння пажыўнасці С. здрабняюць, запарваюць, сіласуюць, апрацоўваюць хім. рэчывамі. Выкарыстоўваюць таксама на подсціл жывёле, у цэлюлознай і папяровай прам-сці, для прыгатавання буд. матэрыялаў (саману і саламіту), плеценых вырабаў. С. лёну і канапель — сыравіна для атрымання трасты, з якой вылучаюць тэкст. валокны.
т. 14, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН (Hofman, Hofmann) Іосіф (Юзаф; 20.1.1876, г. Кракаў, Польшча — 16.2.1957), польскі піяніст, педагог, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу. Вучыўся ў Берліне ў М.Машкоўскага і А.Рубінштэйна. У 1886—1946 канцэртаваў у краінах Еўропы і ЗША. З 1898 у ЗША. Заснавальнік (1924), праф. (з 1924), дырэктар (1926—38) Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Вядомы найперш як выканаўца твораў Ф.Шапэна, а таксама Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Шуберта, Ф.Ліста, Машкоўскага. Аўтар арк. і фартэпіянных твораў, кніг па тэхніцы фартэпіяннай ігры, якія маюць значную практычную каштоўнасць.
Тв.:
Рус. пер. — Фортепианная игра: Ответы на вопр. о фортепианной игре. М., 1961.
т. 5, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АКВАТО́РЫІ,
участкі сушы і воднай прасторы, для якіх ва ўстаноўленым парадку адпаведным заканадаўствам або міжнар. пагадненнямі вызначаны спец. рэжым выкарыстання — забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца, каб захаваць экалагічную раўнавагу, зберагчы прыродныя рэсурсы (зямельныя, жывёльныя, раслінныя ці інш.), тыповыя, унікальныя і цікавыя прыродныя ці штучна створаныя аб’екты, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., гіст., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць. На Беларусі да іх адносяцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, таксама ахоўныя палосы запаведнікаў і некат. заказнікаў, лясы (водаахоўныя, асабліваахоўныя, курортныя, сан.-гігіенічныя і інш.). Паводле прызначэння падзяляюцца на запаведна-эталонныя, аб’ектаахоўныя, рэсурсаахоўныя, асяроддзеўтваральныя (асяроддзеахоўныя), рэкрэацыйныя.
т. 2, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКАЙ КАМІ́СІІ (АВК), Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВАК),
шматтомны збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—19 ст. (т. 1—39. Вільня, 1865—1915). Сабраны дакументы на старабел., рус., польскай і лац. мовах па паліт., сац.-эканам., царк. гісторыі, этнаграфіі, пра развіццё прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, становішчы яўрэяў і татараў ВКЛ, вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, вайну 1812. Выданне мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Рас. імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Нягледзячы на недахопы (тэндэнцыйнасць падбору матэрыялаў, недакладнасці перадачы тэкстаў, друкарскія памылкі) мае вял. каштоўнасць як крыніца па гісторыі Беларусі.
В.Ф.Голубеў.
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАДА́ГСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК на Пд Крыма, паміж Кактэбельскай і Шчабятоўскай далінамі, Украіна. Засн. ў 1979. Пл. 3 тыс. га. Асн. каштоўнасць запаведніка — прыродныя комплексы вулканічнага масіву Карадаг. Расліннасць складаецца з лясоў, стэпаў, зараснікаў нізкарослых цвердалістых паўхмызнякоў. Агульная колькасць відаў раслін каля 1040, у т. л. 60 рэдкіх, эндэмічных і знікаючых. У фаўне відаў: 31 млекакормячых (у т. л. вял. і малы падкованосы, звычайная шыракавушка, звычайны доўгакрыл, стэпавы тхор, куніца, казуля), 110 птушак (у т. л. кеклік, чорны дрозд, сокалы сапсан і балабан, арол-магільшчык, асаед), 3 амфібій, 8 рэптылій (у т. л. крымскі гекон, леапардавы полаз, жаўтапузік), 16 рыб, больш за 1000 матылькоў і інш. насякомых.
т. 8, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУ́ШАНЫЯ ЗЕ́МЛІ,
землі, якія страцілі гасп. каштоўнасць ці з’яўляюцца крыніцай адмоўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў сувязі з парушэннем глебавага і расліннага покрыва, гідралагічнага рэжыму і ўтварэннем тэхнагеннага рэльефу.
Да П.з. адносяцца кар’еры мінер. сыравіны, дэфармаваная паверхня зямлі, якая ўтварылася ў выніку здабычы карысных выкапняў, пародныя адвалы, забруджаныя прамысл. прадпрыемствамі землі, кавальеры ўздоўж каналаў і калектараў і інш. На Беларусі агульная пл. П.з. складае 46,6 тыс. га, з якіх 29,9 тыс. га — выпрацаваныя тарфяныя радовішчы. Узнаўленне іх гасп. вартасці дасягаецца метадамі тэхн. і біял. рэкультывацыі зямель з далейшым мэтанакіраваным фарміраваннем глебавага покрыва і інш. ландшафтных кампанентаў. Гл. таксама Ахова зямель.
т. 12, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НА,
трава, скошаная і высушаная да вільготнасці 15—17% і ніжэй; адзін з асн. відаў грубых кармоў для жвачнай жывёлы ў стойлавы перыяд. Кармавая каштоўнасць С. залежыць ад яго бат. складу, месца росту травы (гл. Сенажаць), часу і спосабу яе ўборкі (гл. Сенаўборка), умоў захоўвання. Мае 6,5—20% пратэіну, 1—2% тлушчаў, 35—40% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, 20—25% клятчаткі, 4—5% мінер. солей, карацін, вітаміны D, E, групы B. Найб. каштоўнае С. з бабовых (люцэрны, канюшыны, вікі, рутвіцы рагатай), злакавых траў (метлюжку лугавога, аўсяніцы лугавой, цімафееўкі лугавой, купкоўкі зборнай), разнатраўя (грэчкі птушынай, казлабароду лугавога і інш.). Малакаштоўнае С. з буйных асакі, сітняку, хвашчоў.
т. 14, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТАРЭ́СУ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у сучаснай зах. аксіялогіі і этыцы, блізкі да прагматызму. Узнікла ў 1920-я г. ў межах натуралізму. Яе прыхільнікі — Р.Перы, Д.Паркер (ЗША), Ф.Тэнант (Англія) і інш. — выяўляюць значэнне для чалавека прадметаў і з’яў рэчаіснасці (іх каштоўнасць, у т. л. і маральную), зыходзячы з суб’ектыўных адносін да іх чалавека, яго інтарэсу. Сам інтарэс разумеецца чыста псіхалагічна — як жаданне, схільнасць, прыязнасць, сімпатыя, любоў (ці наадварот, агіднасць, антыпатыя, нянавісць), якія адчуваюць людзі. Маральнасць разумеецца як сродак узгаднення і прымірэння прыватных інтарэсаў, дабро — як тое, што адпавядае макс. суме індывід. інтарэсаў, а доўг — як задавальненне найб. колькасці жаданняў і імкненняў, што існуюць у дадзеным грамадстве (гл. Утылітарызм).
т. 7, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,
умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».
У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.
т. 11, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)