МІШТЭ́КІ індзейскі народ у Мексіцы. Жывуць у штатах Аахака, Герэра і Пуэбла. 270 тыс.чал. (1998). Гавораць на мове міштэкскай групы сям’і ата-манге і іспанскай. Вернікі — католікі. У 1200-я г. М. прыйшлі ў дзяржаву сапатэкаў (даліна Аахакі), што напачатку выклікала заняпад, а пазней росквіт змешанай міштэкска-саматэкскай культуры. У 15 ст. іх перамаглі аптэкі, у 1523 заваявалі іспанцы. У М. былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, мастацтва. Пра унікальнасць іх школы жывапісу сведчаць міштэкскія кодэксы (маляваныя кнігі) — своеасаблівыя гіст. дакументы, якія змяшчаюць звесткі пра генеалогію, гісторыю, фаўну і этнаграфію. У наш час М. займаюцца земляробствам, паляўніцтвам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, рамесніцтвам.
Літ.:
Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990. С. 81-99.
Да арт.Міштэкі. Фрагмент міштэкскага кодэкса даіспанскага перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1563,
заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў паліт. правах правасл. феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на бел. мове вял.кн.ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам II Аўгустам 7.6.1563 на Віленскім сейме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем устаноўлена, што правасл. шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзярж. пасады. Было засведчана, што дыскрымінацыйныя адносна правасл. шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 і прывілея 1447). Таму Віленскі прывілей 1563 меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, і быў выдадзены з мэтай паліт. кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Лівонскай вайне 1558—83, у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РДАВІЧЫ,
галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял. князя Альгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз.Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУГЕНО́ТЫ (франц. huguenots ад ням. Eidgenossen саюзнікі),
прыхільнікі кальвінізму (пратэстантызму) у Францыі ў 16—18 ст., якія дамагаліся ажыццяўлення Рэфармацыі. Належалі пераважна да трэцяга саслоўя (правінцыяльная буржуазія і рамеснікі), а таксама да дваранства і феад. знаці, незадаволенай цэнтралізатарскай палітыкай каралеўскай улады. З 1562 па 1594 франц.католікі вялі крывавыя войны з гугенотамі; барацьба паміж імі атрымала назву гугеноцкіх або рэлігійных войнаў (гл. таксама Варфаламееўская ноч). Заваяваныя гугенотамі ў гэтых войнах рэліг. і паліт. правы былі замацаваны ў Нанцкім эдыкце 1598. У 17 ст. рэпрэсіі супраць гугенотаў аднавіліся. Ганенні на іх прывялі да разбурэння структур франц. пратэстантызму, да масавай адмовы і пераходу гугенотаў у каталіцтва, эміграцыі больш за 250 тыс. гугенотаў у інш. краіны. Барацьба гугенотаў за свабоду сумлення вымусіла Людовіка XVI у 1787 прызнаць правы пратэстантаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 дэкрэтам 1791 прынцып свабоды сумлення быў замацаваны канчаткова і ганенні на гугенотаў спыніліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ.
Створана ў канцы 1905 — пач. 1906 віленскім каталіцкім біскупам Э.Ю.Ропам. Арганізац. з’езд адбыўся ў лют. 1906, прысутнічала каля 1000 яе прыхільнікаў — прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, землеўладальнікаў, інтэлігенцыі, рабочых і сялян. Спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў адносінах да паліт. жыцця, кансерватызм у падыходах да сац.-эканам. праблем Беларусі і Літвы і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі. Супрацоўнічала з польскай нац.дэмакр. партыяй. Выдавала газ. «Nowiny Wileńskie» («Віленскія навіны», студз. — люты 1906), «Towarzysz pracy» («Сябра працы», люты — сак. 1906), «Przyjaciel ludu» («Сябра народу», са студз. 1906). Патрабавала абл. самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Адстойвала памешчыцкае землеўладанне, выказвалася за садзеянне сялянам у набыцці зямлі. Дзейнічала пераважна ў Віленскай і некат. паветах Гродзенскай губ., дзе большасць насельніцтва складалі католікі. Актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў 1-ю і 2-ю дзярж. думы. Распалася ўвосень 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст.католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш.Найб. вядомыя:
Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл.Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл.Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл.Ваньковіч М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1413,
заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял.кн.ВКЛВітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ.
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬСТЭР (Ulster),
гістарычная вобласць на Пн в-ва Ірландыя, што ахоплівае тэр.Паўночнай Ірландыі і часткі Ірл. Рэспублікі (графствы Каван, Донегал і Монахан). У раннім сярэднявеччы самаст. каралеўства Улідыя. У 1177 заваявана англа-нармандцамі, з 1205 — графства, з 1461 — пад уладай англ. кароны. У 1585—1608 тут створаны 9 адм. акруг — Антрым, Даўн, Арма, Монахан, Калрэйн (з 1613 Ландандэры, з 1984 Дэры), Донегал, Тырон, Фермана, Каван. З 1609 Ландандэры, Тырон, Донегал і Каван заселены англічанамі і шатландцамі. Пасля Ірландскага паўстання 1641—52 большасць мясц. землеўладальнікаў-ірландцаў пазбаўлена ўласнасці. Далейшая каланізацыя О. англічанамі і шатландцамі (пратэстанты паводле веравызнання) абвастрыла іх адносіны з тутэйшымі ірландцамі (вернікі-католікі) на рэліг. глебе (узбр. сутыкненні ў 1798 і з 1886). Паводле англа-ірландскага дагавора 1921б.ч. О. пасля правядзення тут плебісцыту засталася пад уладай англічан як Паўн. Ірландыя (6 населеных пераважна пратэстантамі графстваў: Антрым, Даўн, Арма, Фермана, Тырон і Ландандэры), меншая ўвайшла ў новаствораную ірл. дзяржаву як яе прав. Ольстэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ІРЛА́НДЫЯ (Northern Ireland),
Ольстэр, адм.-паліт. частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.-ўсх. частку в-ва Ірландыя. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 1663,3 тыс.чал. (1996), каля 60% — ольстэрцы (пратэстанты, нашчадкі выхадцаў з Англіі і Шатландыі), каля 35% — ірландцы (католікі, карэнныя жыхары). Пратэстантаў больш на У і ў гарадах, католікі пераважаюць у сельскай мясцовасці на З. Адм. і эканам. цэнтр, гал. порт — г.Белфаст. Паверхня хвалістая, на ўскраінах невысокія горы (да 852 м). Клімат умераны акіянічны. Сярэдняя т-раліп. каля 15 °C, студз. каля 6 °C, выпадае каля 1000 мм ападкаў за год. Гал. рака Бан, вял. возера Лох-Ней. У прам-сці найб. развіты суднабудаванне, асабліва буд-ва танкераў; тэкст. (ільняная і з сінт. валокнаў), харч., эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., паліграф., папяровая, мэблевая, швейная, абутковая галіны. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля (дае каля 90% даходаў фермераў) — развядзенне і адкорм буйн. раг. жывёлы, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Вырошчваюць бульбу і сеяныя травы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. гісторыя П.І. непарыўна звязана з гісторыяй Ірландыі і Ольстэра. Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 П.І. засталася ў складзе Вялікабрытаніі (утворана з 6 графстваў Ольстэра з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам — нашчадкамі англ. і шатл. каланістаў 17 ст.). У 1921—72 мела аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Працяглая паліт., эканам., сац. і культ.-асв. дыскрымінацыя каталіцкай меншасці пасля дэманстрацый пратэсту католікаў у Ландандэры і Белфасце ў 1968—69 і рэакцыі на гэта мясц. паліцыі і пратэстанцкіх экстрэмістаў прывялі да адкрытага нац., рэліг. і эканам. канфлікту ў П.І. (вулічныя баі, акцыі сабатажу). У 1969 брыт. ўрад увёў сюды рэгулярныя войскі, у 1972 — прамое кіраванне рэгіёнам з Лондана. У гэтых умовах актывізаваліся тэрарыст. каталіцкія (гл.Ірландская рэспубліканская армія) і пратэстанцкія групоўкі, у 1969—92 загінула больш за 3 тыс.чал. У 1990-я г. пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі і Ірландыі з’явіліся рэальныя шанцы для мірнага вырашэння канфлікту, асабліва пасля падпісання 10.4.1998 у замку Стормант (прыгарад Белфаста) шматбаковага пагаднення аб урэгуляванні ў П.І. (ухвалена на рэферэндумах у П.І. і Ірландыі ў маі 1998). Дзейнічае шэраг каталіцкіх (Шын-фейн, С.-д. партыя працы) і пратэстанцкіх (Партыя юніяністаў Ольстэра, Дэмакр. юніянісцкая партыя і інш.) партый.
Літ.:
Орлова М.Е. Северная Ирландия: опыт преобразований в расколотом обществе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКАЯ У́НІЯ 1413,
саюз ВКЛ з Польшчай, юрыдычна замацаваны ў 3 граматах (прывілеях) 2.10.1413 у замку Гарадле на р.Зах. Буг. 1-я грамата выдадзена ад імя 47 польск. феадалаў, якія надзялялі 47 феадалаў-католікаў ВКЛ сваімі гербамі і тым самым прымалі іх у сваё гербавае брацтва. У 2-й грамаце феадалы-католікіВКЛ прымалі гербы польск. феадалаў і абяцалі быць з імі ў вечнай дружбе і саюзе. У выпадку смерці вял. князя Вітаўта яны абяцалі не выбіраць сабе князя без парады і згоды польск. феадалаў. Тыя, у сваю чаргу, у выпадку смерці караля Уладзіслава II (Ягайлы) таксама не павінны былі выбіраць новага караля без парады і згоды Вітаўта і феадалаў ВКЛ. У 3-й грамаце (т.зв.Гарадзельскі прывілей 1413) Ягайла і Вітаўт абяцалі назначаць на дзярж. пасады феадалаў-католікаў, якія прынялі польск. гербы, і дазволіць ім свабодна распараджацца маёмасцю ў маёнтках, даць ільготы каталіцкай царкве. У грамаце абвяшчалася аб’яднанне ВКЛ з Польшчай, аднак гарантавалася захаванне адасобленасці і нязменнасці ўлады вял. князя, тым самым захоўвалася самастойнасць ВКЛ. Гарадзельская унія ўмацоўвала сілы ВКЛ і Польшчы ў барацьбе з замежнай агрэсіяй, а таксама мела на мэце задобрыць рымскую курыю, якая была занепакоена паражэннем Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410.