ДРЭЙФ КАНТЫНЕ́НТАЎ павольныя (да некалькіх сантыметраў за год) гарызантальныя перамяшчэнні вял. участкаў зямной кары (кантынентаў); гл. ў арт.Мабілізм і Тэктанічныя гіпотэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕН (ням. Graben літар. роў),
выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны разрыўнымі пашырэннямі ў выглядзе скідаў (часцей) або ўскідванняў і апушчаны адносна навакольнай паверхні. Бываюць простыя і ступеньчатыя. Утвараюцца пры расцяжэннях зямной кары ў працэсе апускання або ўзняцця яе блокаў. Марфалагічна буйныя грабены часта маюць выгляд апушчэнняў, запоўненых вадой (Байкальскі і Усходне-афрыканскі грабены). Выцягнутыя грабены на некалькі соцень кіламетраў належаць пераважна да рыфтаў. На Беларусі да стараж. (познадэвонскіх) грабенаў належыць Прыпяцкі — частка палеарыфтавай Прыпяцка-Данецкай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЙКА (англ. dike, dyke літар. перашкода),
пліта або жылападобнае геал. цела ў трэшчынах зямной кары, абмежаванае паралельнымі плоскасцямі. Магутнасць Д. мяняецца ад долей да дзесяткаў метраў, працягласць ад 1 м да 500 км (напр., Вялікая Дайка ў Зімбабве). Адрозніваюць эндагенныя Д. (узніклі пры запаўненні шчылін зямной кары магмай) і экзагенныя Д. (шчыліны запоўнены асадкавым матэрыялам — т. зв. кластычныя Д.). Паводле тыпу размяшчэння бываюць Д. групавыя, радыяльныя і кальцавыя.
Да арт.Дайка. Адпрэпараваныя дэнудацыяй дайкі на схілах вулкана Этна на востраве Сіцылія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНЯЯ МА́НТЫЯ,
абалонка Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ніжняй мантыяй. Аддзяляецца ад карыМахаровічыча паверхняй, ніжняя граніца невыразная, на глыб. каля 900 км. У рэчыве верхняй мантыі пераважае алівін. Верхні слой верхняй мантыі (субстрат) разам з зямной карой утварае літасферу, пад якой залягае астэнасфера, ніжняя частка (глыбей за 400 км) — слой Галіцына, які характарызуецца інтэнсіўным нарастаннем скорасці сейсмічных хваль. У верхняй мантыі развіваюцца працэсы, з якімі цесна звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм, метамарфізм зямной кары, утварэнне карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад дынама... + метамарфізм),
структурнае, а таксама мінералагічнае пераўтварэнне горных парод пад уздзеяннем тэктанічных рухаў. Пашыраны пры складкаўтварэнні і лакалізаваны ў зонах разрыўных тэктанічных парушэнняў (скід, разлом, насоў). Адбываецца з мех. раздрабленнем і сціраннем пародаўтваральных мінералаў, пры адсутнасці перакрышталізацыі. Такі Д. характэрны для верхніх узроўняў зямной кары з адносна нізкімі т-рамі. Прадуктамі яго з’яўляюцца катаклазіты, міланіты і розныя сланцы. Для сярэдніх і глыбокіх узроўняў зямной кары тэктанагенныя разбурэнні парод адбываюцца з перакрышталізацыяй і ўтварэннем новых мінералаў. Прадуктамі гэтых працэсаў з’яўляюцца тэктаніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА АЭРА́ЦЫІ,
верхняя зона зямной кары паміж яе паверхняй і люстэркам грунтавых вод. Змяшчае гіграскапічныя, плёначныя і капілярныя воды; часова ў ёй з’яўляюцца гравітацыйныя воды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМНЫ́Я ТО́КІ,
тэлурычныя токі, электрычныя токі, якія цякуць у зямной кары. Іх існаванне звязана з варыяцыямі магнітнага поля Зямлі, з эл. полем атмасферы, электрахім. і тэрмаэлектрычнымі працэсамі ў горных пародах. З.т. індукцыйнага паходжання маюць рэгіянальны і глабальны характар, іншыя больш лакальныя. Напружанасць эл. поля З.т. дасягае найб. велічынь на выхадах крышт. фундамента зямной кары, у вобласці авала палярных ззянняў, а таксама ў момант магнітных бур. З.т. выкарыстоўваюць пры вымярэнні скорасці марскіх цячэнняў, кароткаперыядычных ваганняў геамагнітнага поля, пры разведцы карысных выкапняў і глыбінным даследаванні верхняй мантыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЫ́ЙНЫ ПЛЮМ,
гарачыя струмені магматычнага рэчыва, што ўздымаюцца з ніжняй мантыі Зямлі (амаль ад мяжы ядро — мантыя) да асновы літасферных пліт і праплаўляюць іх; праява ўнутрыплітнай магматычнай і тэктанічнай актыўнасці, іх зараджэнне — прадвеснік перадрыфтавага тэктанічнага рэжыму зямной кары. Тэрмін уведзены ў 1963 амер. геолагамі Дж.Уілсанам і В.Морганам. Прыкметы М.п.: скляпеннае падняцце зямной кары дыям. да 2000 км з праявай вулканізму і трэшчынных выліванняў, высокі цеплавы паток, геамех. напружанасць да 800 МПа, т-ра плаўлення рэчыва да 1400—1600 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯ́ЦЦЕ ТЭКТАНІ́ЧНАЕ,
змена становішча асобных участкаў зямной паверхні або кары ў выніку дадатных тэктанічных рухаў, дадатныя тэктанічныя структуры розных памераў і форм да высвятлення іх морфагенетычнага тыпу. Найб. шырока назва ўжываецца ў дачыненні да лакальных падняццяў, якія сфарміраваліся на платформавым этапе развіцця зямной кары ў рэльефе фундамента і платформавым чахле. Маюць пераважна купалападобную акруглую або авальную формы, з пакатымі схіламі (1—2°), пл. 20—200 км², даўж. 3—20 км, амплітуду да соцень метраў. Вылучаюць П.т. ўнаследаваныя, новаўтвораныя, інверсійныя, скразныя, пахаваныя, навешаныя.