ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл. Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл. Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл. Геатэхналогія) і інш.

Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл. Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА «Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.

Літ.:

Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.

Б.​А.​Багатаў, М.​І.​Беразоўскі.

Горныя работы: 1 — адкрытыя (здабыча будаўнічага каменю на Мікашэвіцкім радовішчы); 2 — падземныя (праходка тунэля ў моцнай пародзе).

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДАМІ́РСКІ (сапр. Малейка) Уладзімір Іосіфавіч

(18.10.1893, г. Каўнас, Літва — 24.1.1971),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938). Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920 у Другім паказальным т-ры (г. Бабруйск). У 1924—59. у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1944 узначальваў франтавую тэатр. брыгаду). Прафес. майстэрства сфарміравалася пад уплывам рэжысёра Е.Міровіча. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, віртуознай тэхнікі, майстар пераўвасаблення. Псіхал. дакладнасць нюансіроўкі ўнутр. стану персанажа, кантрастнасць фарбаў, яркасць вонкавага малюнка, імправізацыйнасць з элементамі эксцэнтрыкі — адзнакі творчай індывідуальнасці У. Даў арыгінальнае сцэн. прачытанне шэрагу вобразаў бел. драматургіі. Бязлітаснасць сатыр. выкрыцця, з’едлівая іронія і гратэск уласцівы яго Брызгаліну («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Абабурку («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Канягіну («Мілы чалавек» К.​Крапівы). Сілу пратэсту чалавека супраць сац. несправядлівасці, яго духоўную веліч раскрываў у вобразах Леапольда Гушкі («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Данілы Дрыля і Гудовіча («Партызаны» і «З народам» К.​Крапівы), Язэпа («Салавей» З.​Бядулі), Блазна («Машэка» Міровіча). Вядомы як самабытны інтэрпрэтатар класічных вобразаў, пры стварэнні якіх карыстаўся героіка-рамант. фарбамі (Іонас — «Фландрыя» В.​Сарду), сатыр. (Апалон Мурзавецкі, Юсаў — «Ваўкі і авечкі», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), лірыка-камед. (Шмага, Гразноў — «Без віны вінаватыя» і «Праўда добра, а шчасце лепш» Астроўскага, Трыстан — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Найб. ярка яго талент выявіўся ў ролі Івана Каламійцава («Апошнія» М.​Горкага). Сац.-гіст. змест з філіграннасцю апрацоўкі знешняга аблічча раскрыўся ў ролях Івана Горлава, Часнака («Фронт», «У стэпах Украіны» А.​Карнейчука), Дыбава («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Сінь Бін-у («Браняносец 14—69» У.​Іванава). Інш. ролі: Цыганок («Гута» Р.​Кобеца), Мухін («Мост» Я.​Рамановіча), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.​Кучара), Пугачоў («Капітанская дачка» паводле А.​Пушкіна), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера). Зняўся ў бел. кінафільмах «Хто смяецца апошнім» (1954) і «Палеская легенда» (1957).

Літ.:

Няфёд У.І. Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Есакоў А. Любімы артыст (У.​І.​Уладамірскі) // Майстры беларускай сцэны Мн., 1960;

Бур’ян Б. Водгулле гучнай славы // Полымя. 1971. № 6;

Кузняцова К. Прызванне і лёс // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.

У.І.Уладамірскі.
У.Уладамірскі ў ролі Леапольда Гушкі.

т. 16, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОРФАЗДАБЫ́ЧА,

сукупнасць аперацый па здабычы торфу, яго перапрацоўцы, сушцы і ўборцы з дапамогай тарфяных машын і комплексаў.

Звесткі пра здабычу «гаручай зямлі» для награвання ежы ёсць у Плінія Старэйшага (1 ст. н.э.). У 12—13 ст. Т. вялася ў Шатландыі. Галандыі, у сярэдзіне 17 ст. на Украіне, з канца 17 ст. — у Расіі. Напачатку Т. вялі ўручную: торф рэзалі спец. лапатамі (разакамі) на цагліны, якія сушылі на паветры. У 2-й пал. 19 ст. вынайшлі элеватарны спосаб: здабыты торф спец. элеватарнымі машынамі перамяшчалі з кар’ера, перамешвалі і фармавалі ў цагліны. У 1914 інжынер-электратэхнік Р.​Э.​Класон распрацаваў гідраўл. спосаб Т. («гідраторф»), пры якім тарфяны масіў размывалі струменем вады з гідраманітора, атрыманую масу перапампоўвалі па трубаправодах на спец. палі, дзе яе сушылі. З 1920-х г. укаранялі экскаватарны спосаб Т.: радовішча на ўсю глыбіню распрацоўвалі многакаўшовымі экскаватарамі, тарфяную масу высцілалі паралельнымі стужкамі. раздзеленымі на цагліны, якія сушылі, пераварочвалі і складвалі ў штабелі. З 1940-х г. развіваецца фрэзерны (паверхнева-паслойны) спосаб Т., які ўключае аперацыі фрэзеравання (здрабнення) паверхневага слоя радовішча, варушэння (сушкі) яго, валкавання (укладкі ўборачнымі машынамі ў навалы), штабелявання (складвання штабелявальнымі машынамі ў штабелі). Торф выкарыстоўваўся ў асн. як паліва — бытавое і для цеплавых электрастанцый. З 1960-х г. развіваецца с.-г. выкарыстанне торфу і прадуктаў яго тэрмахім. перапрацоўкі. У канцы 20 ст. ў сувязі з ростам здабычы вугалю, нафты, газу Т. значна скарацілася.

На Беларусі Т. пачалася ў 1896 пры шклозаводзе ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.), дзе торф выкарыстоўваўся ў газагенератарах, а ў 1899 каля Гомеля для патрэб цагельняў, з 1900 каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н) выраблялі торфабрыкеты. Да 1913 Т. пачалася каля Віцебска, Магілёва, Мінска, у Гомельскім і Полацкім р-нах. У перадваенныя гады дзейнічала больш за 200 торфапрадпрыемстваў. У 1950—60-я г. пабудаваны дзесяткі буйных торфапрадпрыемстваў. Да 1960-х г. на торфе працавала большасць ДРЭС і ЦЭЦ. З канца 1970-х г. здабыча торфу на паліўнаэнергет. мэты зменшылася. Гл. таксама Тарфяная прамысловасць.

Літ.:

Богатов Б.А., Никифоров В.А. Технология и комплексная механизация торфяного производства. Мн., 1988.

Б.​А.​Багатаў, У.​М.​Сацута.

Аперацыі фрэзернага спосабу торфаздабычы: 1 — варушэнне; 2 — валкаванне; 3 — уборка валкоў уборачнай машынай МТФ-41.

т. 15, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́ВІЧ (сапр. Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч

(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),

бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел. т-ра. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-ра рэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус. т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп. тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел. тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст. Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рам-студыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел. нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.​Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр. культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус. рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел. нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.​Чарота (1921), «Пасланец» Л.​Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.​Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.​Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.​Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.​Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1939) і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.

Тв.:

П’есы. Мн., 1957.

Літ.:

Пятровіч С.А. Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978.

С.​С.​Лаўшук, К.​Б.​Кузняцова (тэатр).

Е.А.Міровіч.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр. Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.​Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.​Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.​Тулуз-Латрэка, П.​Гагена («Жыццё»), Э.​Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.​Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст. маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл. гл. таксама да арт. Іспанія, Кубізм.

Літ.:

Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;

Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;

Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;

Зубова М.В. П.​Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.

Т.​В.​Пешынс.

П.Пікасо.
П.Пікасо. Скрыпка і вінаград. 1912.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ (франц. nu аголены), акт,

жанр выяўл. мастацтва і фатаграфіі, прысвечаны адлюстраванню аголенага цела (пераважна жаночага); частка эратычнага мастацтва. На яго развіццё, змест і форму значна ўплывае рэліг., філас. і маст. культура грамадства на пэўных гіст. этапах.

Вытокі Н. ў наскальных малюнках, культавых сімвалах, рэльефах і пластыцы першабытнага мастацтва, у мастацтве Стараж. Егіпта, Крыта, Вавілона, Фінікіі, Індыі і інш. Увасабленнем эстэт. нормы, жыццёвага і маст. ідэалу стаў у ант. скульптуры, жывапісе і вазапісе. У эпоху сярэднявечча адлюстраванне аголенага цела пашырылася ў міфалагічных сцэнах у мастацтве Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі; у Еўропе было абмежавана нешматлікімі сюжэтамі хрысціянскай іканаграфіі («Адам і Ева», «Страшны суд», выявы параненага цела Хрыста). У эпоху Адраджэння ў межах міфалагічнага і алегарычнага жанраў праз аголенасць увасабляліся ідэальныя, паэтызаваныя, філас. ўяўленні аб прыгажосці і гарманічнасці чалавека (С.​Батычэлі, Джарджоне, А.​Карачы, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, Я. ван Эйк у Галандыі, А.​Дзюрэр у Германіі і інш.). Як жанр Н. сфарміраваўся ў 17—18 ст. у творах мастакоў барока (Д.​Веласкес у Іспаніі, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі і інш.) і ракако (Ф.​Бушэ, Ш.​Даменік, Ж.​М.​Маро Малодшы, Ж.​Эйзен у Францыі і інш.). Адлюстраванне аголенага цела набыло характар самаст. задачы, зацвердзілася як вывучэнне натуры і адна з асноўных форм маст. педагогікі. У акад. мастацтве 19 ст. зацвердзіліся нормы ідэалізацыі, заснаванай на ўспрыняцці рэальнай натуры праз прызму класічнага мастацтва. Паралельна развіваліся тып Н. салоннага мастацтва (увасабляў пачуццёвасць, але недаступнасць і нерэальнасць прыгажосці жаночага цела) і яго рэаліст. варыянт (аблічча рэальнай, свабоднай жанчыны). У 19 — пач. 20 ст. рысы Н. найб. яскрава выявіліся ў творах А.​Бугро, П.​Гагена, Э.​Далакруа, А.​Кабанеля, Э.​Кар’ера, Г.​Курбэ, А.​Маёля, Э.​Манэ, А.​Рэнуара, Ж.​А.​Энгра ў Франпыі, Б.​Генелі, Ю.​Шнора фон Каральсфельда, Ф. фон Штука ў Германіі, Ф.​Гоі ў Іспаніі, К.​Брулова, Б.​Кустодзіева, У.​Лебедзева, З.​Серабраковай, К.​Сомава, В.​Сярова ў Расіі і інш. У 20 ст. жанр пашырыўся ва ўсіх кірунках фігуратыўнага мастацтва і атрымаў вял. свабоду эмац. выражэння — ад яго класічнага гарманічнага тыпу да выяўлення трагізму светаўспрымання. У Н. працавалі М.​Брыяшон, А.​Мадыльяні, А.​Масон, А.​Матыс, П.​Пікасо, А.​Радэн у Францыі, Г.​Клімт у Аўстрыі, Г.​Альтэнбург, Э.​Л.​Кірхнер, О.​Мюлер, Л. фон Гофман, Г.​Цыле ў Германіі, П.​Дэльво, Р.​Магрыг у Бельгіі, Л.​Фрэйд у Вялікабрытаніі, У.​Башлыкоў, Г.​Глахцееў, І.​Лубенікаў, Дз.​Мітрохін, А.​Слепышаў, І.​Яфімаў у Расіі і інш. У 20 ст. пашырыўся таксама ў фотамастацтве, часта пад назвай «акт» (Р.​Мэплтарп, Х.​Рытц, Л.​Фрыдляндэр у ЗША, Вольс у Германіі, Э.​М’юбрыдж у Вялікабрытаніі, У.​Рывас у Іспаніі, А.​Р.​Мінкінен у Фінляндыі, Ю.​Аракчэеў у Расіі і інш.).

На Беларусі скульпт. выявы аголеных жанчын вядомы з эпохі палеаліту. Да 20 ст. як жанр практычна не развіваўся, пачаў складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Найб. выразна Н. прадстаўлена ў творах В.​Альшэўскага, Ю.​Анушкі, В.​Борздага, Р.​Вашкевіча, В.​Герасімава, М.​Дундзіна, П.​Жураўлёва, Р.​Заслонава, В.​Захарынскага, А.​Ксяндзова, С.​Малішэўскага, Ю.​Падоліна, С.​Рымашэўскага, А.​Сушкова, У.​Тоўсціка, Л.​Хобатава, Л.​Шчамялёва, А.​Эротыча (Тарановіча) і інш., у фотамастацтве — А.​Адамчык, В.​Ганчарэнкі, Ц.​Грыба, А.​Дудкіна, А.​Ільіна, Р.​Ліўшыца, З.​Мігуновай, У.​Парфянка, А.​Шчукіна і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Ню. Ф.​Гоя. Маха аголеная. Каля 1802.
Да арт. Ню. А.​Радэн. Даная. 1885.
Да арт. Ню. Р.​Магрыт. Прыгожы карабель. 1946.
В.​Захарынскі. Ню. 1994.
У.​Тоўсцік. Ню. 1997.
Да арт. Ню. А.​Ксяндзоў. Nu. 1997.

т. 11, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),

адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць Арыстафана.У Стараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.​М.​Плаўт і П.​Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона (Іспанія), У.​Шэкспіра (Англія), Н.​Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян. камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.​Бамаршэ (Францыя), Г.​Лесінг (Германія), Г.​Філдынг і Р.​Шэрыдан (Англія), К.​Гальдоні і К.​Гоцы (Італія), Дз.​Фанвізін, І.​Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.​Грыбаедаў, М.​Гогаль, А.​Астроўскі, А.​Сухачо-Кабылін, Л.​Талстой, М.​Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.​Шоу, «К. настрояў» А.​Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.​Брэхта, І.​Л.​Караджале, А.​Фрэдра, Б.​Нушыча, К.​Чапека, Л.​Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.​Ануя, Э.​Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.​Маякоўскага, М.​Булгакава, М.​Пагодзіна, А.​Карнейчука, В.​Розава і інш.

На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам у гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел. прафес. драматургію («Камедыя» К.​Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.​Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.​Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.​Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.​Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.​Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.​Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.​Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.​Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.​Махнач, А.​Рылько, В.​Зуб, У.​Няфёд, Н.​Гілевіч, Г.​Марчук і інш.).

Літ.:

Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;

М., 1964;

Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;

Саннікаў А.К. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1973.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУЧЫЯ КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ.

Да гэтай групы карысных выкапняў належаць торф і выяўленыя на Беларусі ў 2-й пал. 20 ст. нафта, спадарожны газ, буры вугаль, гаручыя сланцы. Прамысл. радовішчы нафты і газу, а таксама нафтаносныя плошчы знаходзяцца на Пд Беларусі ў межах Прыпяцкага прагіну (Гомельская і Магілёўская вобл.). Адкрыта 8 зон прамысл. нафтагазанамнажэння: Судавіцка-Бярэзінская, Азямлінска-Першамайская, Аляксандраўская, Рэчыцка-Вішанская, Чырвонаслабодская, Маладушынская, Камаровіцка-Савіцкая, Калінінская) і 2 участкі (Дуброўскі і Ветхінскі); адкрыта і разведана 65 радовішчаў, з якіх 64 нафтавыя і адно нафтагазакандэнсатнае. Пошукі нафты пачаліся з 1950-х г., а першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Прамысл. здабыча нафты пачалася ў 1965. Пачатковыя здабыўныя запасы нафты ў Прыпяцкай газанафтаноснай вобласці ацэнены ў 355,5 млн. т і 45,7 млрд. м³ растворанага газу. У прамысл. катэгорыі да 2003 пераведзена 170,5 млн. т нафты (з якіх ужо здабыта 108 млн. т) і каля 13,3 млрд. м³ газу. У адкрытых радовішчах засталося разведаных 62,5 млн. т нафты. Неразведаныя (прагнозныя) здабыўныя запасы нафты ацэньваюцца ў 185 млн. т, а астатак растворанага газу — 32,4 млрд. м³.

Нафтавыя паклады звязаны з падсалявымі франскімі, міжсалявымі і верхнесалявымі фаменскімі адкладамі верхняга дэвону, а на 2 радовішчах — з верхнепратэразойскімі адкладамі. Радовішчы звычайна шматпластовыя, паклады б.ч. тэктанічна экраніраваныя, іншыя — скляпенныя і літалагічна абмежаваныя. Калектары асн. пакладаў каверна-порава-трэшчынаватыя карбанаты, а ў тэрыгеннай падсалявой дэвонскай і пратэразойскай тоўшчах — порыстыя пясчанікі. Асобныя паклады знаходзяцца на глыб. 1600—4580 м і маюць складаную будову. Пошукамі і разведкай нафтавых радовішчаў займаюцца РУП «Белгеалогія» і РУП ВА «Белнафта». Здабычу нафты ажыццяўляе РУП ВА «Белнафта», яе перапрацоўка вядзецца на Наваполацкім ВА «Нафтан» і Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Штогадовая здабыча складае каля 1,8 млн. т і забяспечвае патрэбы краіны на 17—18%.

Вывучэнне тарфяных радовішчаў на Беларусі пачалося ў 19 ст., а мэтанакіраванае — па генезісе, узросце, якасці, комплексным выкарыстанні — пасля арганізацыі Інстытута торфу АН БССР (1932). Да пач. здабычы торфу і асушэння балот агульная пл. тарфяных радовішчаў складала 2,9 млн. га (14% усёй тэр.), геал. запасы ацэньваліся ў 5,7 млрд. т. На 2001 у разведаных 9191 радовішчы на пл. 2,4 млн. га запасы складаюць 4,37 млрд. т. Тарфяныя радовішчы ёсць практычна ва ўсіх раёнах краіны, найбольшая затарфаванасць у Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцях, найменшая — у Гродзенскай і Магілёўскай. Магутнасць тарфяных пакладаў на асобных радовішчах дасягае 4—8 м. Торф выкарыстоўваюць як паліва, для вытв-сці арган. і аргана-мінер. угнаенняў, біястымулятараў, кармавых дражджэй, тарфянога воску, лекавых прэпаратаў і інш. Значныя плошчы тарфяных балот асушаны і выкарыстоўваюцца як меліяраваныя землі. Увесь тарфяны фонд рэспублікі размеркаваны на мэтавыя фонды (на 2001): прыродаахоўны (783 млн. т), зямельны (1563 млн. т), які распрацоўваецца (258 млн. т), запасны, што ўключае каштоўныя віды торфу для хіміі і медыцыны (103 млн. т), неразмеркаваны астатак (1465 млн. т), выпрацаваных радовішчаў (198 млн. т).

Буры вугаль на тэр. Беларусі звязаны з вугляноснымі фармацыямі кантынентальных адкладаў карбону, сярэдняй юры, палеагену і неагену ў межах Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Яны залягаюць на глыбінях 20—300 м, а карбонавыя — больш за 300 м. Прамысл. вугляноснасць ёсць у неагенавых адкладах на З Гомельскай вобл. Першае Жыткавіцкае радовішча бурага вугалю выяўлена ў 1969. Адкрыты і разведаны таксама Брынёўскае і Тонежскае радовішчы з агульнымі запасамі 152 млн. т бурага вугалю. На Жыткавіцкім радовішчы для прамысл. асваення падрыхтаваны 2 паклады — Паўночны і Найдаўскі з запасамі 46,7 млн. т, што дае магчымасць праектаваць будаўніцтва разрэзу магутнасцю 2 млн. т вугалю штогод. На Брынёўскім радовішчы разведаны запасы 30 млн. т.

У неагенавых адкладах выяўлены яшчэ каля 50 вуглепраяўленняў. У 12 з іх рэсурсы вугалю ацэньваюцца ў колькасці больш за 10 млн. т у кожным, а ў асобных перавышаюць 20—30 млн. т. Агульныя прагнозныя рэсурсы неагенавых вуглёў ацэньваюцца ў 553 млн. т. Паводле якасных паказчыкаў вугаль належыць да маркі 1Б, прыдатны для выкарыстання як энергет. і камунальна-быт. паліва. Яго цеплатворнасць каля 25,2 МДж/кг (каля 6000 ккал/кг).

Гаручыя сланцы размешчаны ў Прыпяцкім сланцаносным басейне пл. больш за 10 тыс. км², з прагнознымі рэсурсамі 8,8 млрд. т і прымеркаваны да палескага гарызонту верхняга дэвону і малеўска-чарапецкага гарызонту ніжняга карбону. Глыб. залягання 66—600 м і глыбей, магутнасць пластоў 0,1—3,7 м, сярэдняя ўдзельная цеплата згарання сланцаў 6,7—6,75 МДж/кг (да 1610 ккал/кг), попельнасць 66—80%, арган. рэчыва 16—18%. Асн. паклады гаручых сланцаў (3,6 млрд. т) знаходзяцца ў Тураўскім і Любанскім радовішчах.

На Тураўскім радовішчы разведана 1-е шахтавае поле на пл. 100 км², з запасамі гаручых сланцаў 696 млн. т, у т. л. 327,7 млн. т па катэгорыі C1 пры мінім. таўшчыні пласта 1 м. З гэтай колькасці сланцаў пасля тэрмічнай перапрацоўкі можа быць атрымана 35,7 млн. т першаснай смалы, прыдатнай як арган. паліва. Гаручыя сланцы Беларусі маюць выхад смалы да 10,3% ад арган. складаючай і з’яўляюцца патэнцыяльным рэзервам комплекснай сыравіны для энергетыкі, хіміі і вытв-сці разнастайных буд. матэрыялаў.

А.​М.​Сінічка.

Кар’ер «Гралёва» па здабычы даламіту для прадпрыемства «Даламіт» у г.п. Руба Віцебскага раёна.
Сухі ўступ кар’ера «Гралёва».

т. 18, кн. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТУРГІ́Я (грэч. dramaturgia),

сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).

Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.

Новая бел. прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.​Сыракомля, П.​Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.​Марцінкевіч, А.​Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.​Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.​Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.​Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.​Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.

У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.​Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.​Аляхновіча, «Антось Лата» Я.​Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.​Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.​Гартны, М.​Грамыка, М.​Чарот, В.​Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «На Купалле» М.​Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр. рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.​Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.​Рамановіча, «Гута» Р.​Кобеца, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна.

У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.​Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.​Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.​Крапівы («Партызаны»), П.​Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.​Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.​Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.​Крапіва, Рамановіч, А.​Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.​Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Марат Казей» В.​Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.​Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.​Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.​Глебкі, Маўзона, П.​Васілеўскага, І.​Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.​Козела «Папараць-кветка».

1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.​Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.​Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.​Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.​Дзялендзік, А.​Асташонак, У.​Бутрамееў, Г.​Марчук, В.​Ткачоў, А.​Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.​Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.​Кавалёў, З.​Дудзюк, І.​Сідарук, А.​Дыбча, У.​Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.

З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-р бел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.

Літ.:

Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990;

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;

Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;

Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;

Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;

Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;

Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;

Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;

Васючэнка П.В. Драматургія і час. Мн., 1991;

Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр. Мн., 1967.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЭНАГРА́ФІЯ (ад сцэна + ...графія), тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва,

сукупнасць прасторавага вырашэння спектакля, што вызначае візуальную значнасць тэатр. вобраза (дэкарацыі, касцюм тэатральны, грым, рэквізіт, асвятленне, пастановачная тэхніка, архітэктурная зададзенасць т-ра, пластычныя магчымасці акцёрскага складу і інш.); адзін з вызначальных і арганічных кампанентаў у арганізацыі маст. цэласнасці спектакля побач з сюжэтна-драм. і гукава-муз. строямі. Сінкрэтычны від мастацтва, які спалучае выяўл. і тэатр. мастацтва. Развіццё С. адбывалася ў рэчышчы гісторыі т-ра і пануючых маст. стыляў.

Элементы С. прысутнічалі ў стараж. абрадах і гульнях (маскі. касцюмы, рэквізіт). З 5 ст. да н.э. ў ант. т-ры вядомы аб’ёмныя дэкарацыі, якія ў эпоху элінізму сумяшчаліся з жывапіснымі. З сярэдневякоўя пачаўся пераход ад гульнявой С. плошчавых прадстаўленняў да сістэмы дэкарац. мастацтва, дзе дамінавалі функцыі выяўлення, сачынення месца дзеяння. У эпоху Адраджэння ўзнік тып архітэктурна-перспектыўнай дэкарацыі з адзіным нязменным месцам дзеяння (Д.​Брамантэ, Б.​Перуцы, С.​Серліо). Пазней рэльефныя дэкарацыі замяняліся жывапіснымі ў стылі барока. У канцы 16—17 ст. феерычны характар прыдворнага оперна-балетнага спектакля абумовіў выкарыстанне тэатр. механізмаў (Б.​Буанталенці, Н.​Сабаціні ў Італіі, І.​Фуртэнбах у Германіі), стварэнне сістэмы куліс (Дж.​Алеоці ў Італіі) і сцэны-каробкі (гл. Сцэна). У эпоху класіцызму драматургічны канон адзінства месца і часу сцвердзіў пастаянную і нязменную строгую дэкарацыю. Развіццё опернага мастацтва абумовіла адмаўленне ад сіметрыі, увядзенне вуглавой перспектывы, узмацненне ілюзіі глыбіні кантрастаў святла і ценю і інш. (А.​Поца, сям’я Галі-Бібіена, Дж.​Валерыяні, П.​Ганзага, Італія). У канцы 18 ст. ў Францыі пашырыліся т.зв. працікаблі (аб’ёмныя дэкарацыі — масты. скалы), якія перадавалі складаныя эфекты. Прынцыпы рамантызму з патрабаваннем нац. і гіст. характарыстыкі месца дзеяння (шматкарцінныя дэкарацыі, касцюмы) увасаблялі рэжысёры і дэкаратары П.​Сісеры, Ш.​Сешан, Э.​Дэлакруа, П.​Дэларош (Францыя), Ф. фон Дзінгельштэт (Германія), Ч.​Кін (Англія), А.​Ролер (Расія) і інш. У канцы 19 ст. С. класіцызму і рамантызму супрацьстаялі плыні натуралізму (дакладная перадача сац. асяроддзя — рэж. А.​Антуан, О.​Брам) і сімвалізму (умоўна-спрошчаныя, стылізаваныя дэкарацыі — М.​Дэні, П.​Серузье, А.​Тулуз Латрэк, Францыя; Э.​Мунк, Нарвегія, і інш.). З 1870-х г. ў Расіі да працы ў т-ры прыцягваліся жывапісцы В.​Васняцоў, К.​Каровін, В.​Паленаў, В.​Сяроў, М.​Урубель, якія сцвярджалі прынцып цэласнай трактоўкі спектакля. На мяжы 19—20 ст. даследаваліся прырода і спецыфіка законаў сцэн. мастацтва, паступова змяніўся прадмет выяўлення ў С., увага скіроўвалася на сутнасныя, нематэрыяльныя паняцці. Новыя прынцыпы афармлення, якія сімвалічна выражалі сэнс драмы, сцвердзілі рэжысёры А.​Апія (Швейцарыя), Г.​Крэг (Англія) — ідэя «філас. т-ра» з дапамогай пазачасавай дэкарацыі (кубы, пляцоўкі. лесвіцы і інш.); Г.​Фукс (Германія) — праект «рэльефнай сцэны», якая страчвае глыбіню; М.​Райнгарт (Германія) — прыёмы ад жывапісна-аб’ёмнай дэкарацыі да абагульнена-ўмоўных нерухомых установак. На развіццё С. ў Расіі паўплывала рэаліст. рэформа Маскоўскага Маст. т-ра (МХТ): індывід. афармленне кожнай пастаноўкі, псіхалагізм (В.​Сімаў). Пошукі абнаўлення прыёмаў С. вёў К.​Станіслаўскі ў супрацоўніцтве з мастакамі аб’яднання «Свет мастацтва». Створаныя імі ж дэкарацыі ў «Рускіх сезонах» С.​Дзягілева ў Парыжы вызначаліся багаццем жывапісу, фантазіяй, густам. У пач. 20 ст. ўмоўную сцэн. прастору распрацоўваў У.​Меерхольд з мастакамі А.​Галавіным, М.​Сапуновым, С.​Судзейкіным. З 1910-х г. у С. праявіліся рысы авангардызму, выкарыстанне прыёмаў кубізму, футурызму, прымітывізму (А.​Вяснін, К.​Малевіч, У.​Татлін, П.​Філонаў, І.​Школьнік, Расія; Дж.​Северыні, Ф.​Дэперо, Італія; Ф.​Лежэ, П.​Пікасо, Францыя), у 1920-я г. — экспрэсіянізму (Ж.​Грос, Германія). Развіццё С. 1920-х г. у СССР вызначалася шматпланавасцю выразных маст. сродкаў, барацьбой розных стылістычных кірункаў: рэаліст. жывапісная традыцыя дэкарацыйнага мастацтва (М.​Крымаў, Б.​Кустодзіеў, Сімаў, Ф.​Федароўскі), канструктывізм Меерхольда (Л.​Папова, В.​Сцяпанава), экспрэсіяністычныя тэндэнцыі дэкарацый (Н.​Альтман, М.​Левін, І.​Нівінскі, І.​Рабіновіч, Р.​Фальк, М.​Шагал і інш.). С. 1930—50-х г. вызначылі мастакі М.​Акімаў, Альтман, А.​Басулаеў, М.​Бобышаў, П.​Вільямс, Б.​Волкаў, У.​Дзмітрыеў, Б.​Кноблак, А.​Рыкаў, В.​Рындзін, А.​Тышлер, Ф.​Федароўскі, Н.​Шыфрын і інш. У 1960—70-я г. С. дасягнула росквіту ў сусв. т-ры. Вызначыліся асн. яе кірункі — ад авангарду, абагульненай формулы чыстай пустой прасторы (Х.​Эйхенбаўэр, Бразілія) да дзейснай С., якая характарызавалася імкненнем мастакоў раскрыць сутнасць дзеяння праз глабальныя праблемы чалавечага жыцця, абагульнена-метафарычнае асяроддзе: Дз.​Бароўскі, С.​Вірсаладзе, Э.​Качаргін, М.​Кітаеў. В.​Левенталь, Д.​Лідэр, А.​Фрэйберг і інш. (СССР); Дж.​Бары, Р.​Колтаі, Т.​О’Брайн (Вялікабрытанія) з дызайнерскім падыходам да афармлення спектакля; І.​Свобада (Чэхія) з цыклам архітэктурна-кінетычных, светлавых, праекцыйных і лазерных вырашэнняў спектакляў. У 1980—90-я г. С. ўласцівы стылістычны плюралізм, раўназначнае суіснаванне розных прынцыпаў і прыёмаў афармлення сцэн. дзеяння.

На Беларусі элементы С. былі ўжо ў рытуальным адзенні і атрыбутах удзельнікаў нар. абрадаў, русалляў, Купалля і Каляд, прадстаўленнях скамарохаў і валачобнікаў. Дэкарацыя, грым, касцюм, тыпаж лялек былі неад’емнай часткай паказаў батлейкі; своеасаблівую бутафорыю мела народная драма. Удасканаленне сцэн. пляцоўкі, выкарыстанне складанай машынерыі, светлавых эфектаў, распрацоўка тэатр. касцюма адбывалася ў школьным тэатры. З 18 ст. развіццё С. звязана з дзейнасцю прыгонных тэатраў, дзе працавалі мастакі К.​Атасельскі, К.​Д.​Гескі, Мікалаеўскі, М.​Скржыцкі, з 19 ст. — з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, у пач. 20 ст. — Першай беларускай трупы І.​Буйніцкага, паказамі бел. вечарынак, тэатр. калектываў, якія выкарыстоўвалі этнагр. прынцып у афармленні. У 19 — пач. 20 ст. ў т-рах Беларусі выкарыстоўвалі т.зв. тыпавыя дэкарацыі, якія з’яўляліся абстрактным фонам для любога прадстаўлення (мастакі Ю.​Главацкі, Я.​Кураткевіч, Ю.​Рэйнберг, А.​Трэнін, К.​Ульрых). У рэаліст. кірунку працавалі В.​Біцілеў, А.​Каўльбарс, І.​Удараў. Развіццё С. ў 1920-я г. звязана са стварэннем дзярж. т-раў (бел. т-ры імя Я.​Купалы, імя Я.​Коласа, Бел. трэцяга). Рэаліст. традыцыі нац. т-ра ўвасобілі тэатр. мастакі К.​Елісееў, А.​Марыкс, К.​Ціханаў. Вял. значэнне мела афармленне масавых тэатр. відовішчаў, якія вымагалі пошукаў новых узаемаадносін паміж сцэн. дзействам і навакольным асяроддзем. З 2-й пал. 1920-х г. пашырыліся выразныя сродкі афармлення, выкарыстанне новых матэрыялаў, удасканальванне тэхнікі сцэны, увага да асвятлення. Эксперыментальнасцю вызначаліся работы Марыкса, Л.​Нікіціна, Дз.​Крэйна і інш. У 1930-я г. пад уплывам канструктывізму стваралі дэкарацыі М.​Аксельрод, М.​Валех, Л.​Кроль, Б.​Матрунін, С.​Тоўбін і інш. Эстэцкае стылізатарства ў С. праявілася ў творчасці Г.​Гольца, Р.​Распопава. Станаўленню рэаліст. жывапіснага кірунку ў С. бел. муз. т-ра спрыяла дзейнасць рас. мастакоў М.​Бобышава, Б.​Волкава, Матруніна, С.​Нікалаева. У канцы 1930-х г. працавалі мастакі А.​Басулаеў, П.​Масленікаў, Я.​Нікалаеў, І.​Ушакоў. У 1940—50-я г. ў С. дамінавала жывапісна-аб’ёмная сістэма дэкарацый. Цікавасцю да нац. драматургіі, імкненнем падпарадкаваць выразныя сродкі для раскрыцця зместу твора вызначаюцца дэкарацыі А.​Грыгар’янца, Я Нікалаева, Ушакова ў драм., М.​Блішча, У.​Кульваноўскага, С.​Нікалаева, І.​Пешкура ў муз. т-рах. У 1960—70-я г. пераважалі рысы «суровага стылю» з адзінай дэкарацыяй і мінімумам дэталей. З 2-й пал. 1970-х г. адначасова з традыц. прынцыпамі афармлення спектакляў узбагачаюцца сродкі выразнасці сцэн. прасторы. Выкарыстанне новых відаў прасторавых канструкцый, маст. метафары, каляровага асвятлення ўласціва С. М.​Апіёка, М.​Волахава, В.​Галубовіча, Л.​Ганчаровай, Э.​Гейдэбрэхта, Б.​Герлавана, Грыгар’янца, Я.​Ждана, Т.​Карвяковай, А.​Кляўзера, В.​Лесіна, Я.​Лысіка, З.​Марголіна, У.​Матросава, Дз.​Мохава, Л.​Рулёвай, А.​Салаўёва, Ю.​Тура, В.​Цімафеева, Я.​Чамадурава, У.​Чарнышова, М.​Якуніна і інш. ў драм. і муз. т-рах. Развіваецца С. лялечнага т-ра (мастакі Л.​Быкаў, А.​Вахрамееў, Л.​Герлаван, У.​Зайцава, А. і Г. Сідаравы, Л.​Сідзельнікава, В.​Рачкоўскі, А.​Фаміна і інш.).

Літ.:

Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;

Карнач П.А. Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР. Мн., 1973;

Яго ж. Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва // Гісторыя беларускага мастацтва. Мн., 1989—94. Т. 3—6;

Сыркина Ф.Я., Костина Е.М. Русское театрально-декорационное искусство. М., 1978;

Михайлова А.А. Образ спектакля. М., 1978;

Березкин В.И. Искусство оформления спектакля. М., 1986;

Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.

Н.​В.​Грэская.

Да арт. Сцэнаграфія. А.​Марыкс. Эскіз дэкарацыі да спектакля, «Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча. 1923.
Да арт. Сцэнаграфія. Я.​Чамадураў. Сцэнаграфія да балета «Альпійская балада» Я.​Глебава. 1967.
Да арт. Сцэнаграфія. Д.​Лідэр. Сцэнаграфія ла спектакля «Кар’ера Артура Уі» Б.​Брэхта. 1975. (Макет.)
Да арт. Сцэнаграфія. Б.​Герлаван. Сцэнаграфія да спектакля «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева. 1989.

т. 15, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)