сродкі вымярэння, прызначаныя для ацэнкі дакладнасці зубчастых колаў і перадач па нормах кінематычнай дакладнасці, плаўнасці, кантакту і бакавога зазору. Падзяляюцца на станковыя (пры вымярэнні зубчастае кола ўстанаўліваюць на прыладу) і накладныя (прыладу накладваюць на зубчастае кола). З дапамогай З.п. вымяраюць міжцэнтравыя адлегласці (гл.Міжцэнтрамер), даўжыні агульных нармалей (гл.Нармалемер), шагі зачаплення (гл.Шагамер), хвалістасць паверхні, таўшчыню зубоўі г.д. Імі карыстаюцца пры вырабе зубчастых колаў і перадач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БЫ ШТУ́ЧНЫЯ,
штучныя дэталі, што ўваходзяць у склад зубных пратэзаў для замяшчэння зубных радоў з мэтай нармалізацыі функцыі жавання, мовы, эстэтыкі. У 4—3 ст. да н.э. для вырабу З.ш. выкарыстоўвалі косць, пазней золата. У наш час З.ш. робяць з акрылавай пластмасы, керамікі; колер адпавядае натуральным зубам. Акрамя здымных і няздымных пратэзаў (гл.Пратэзаванне зубоў) З.ш. бываюць адзінкавыя. Пры адсутнасці каронкі і захаваным корані робяць штыфтавыя зубы. Іншы раз З.ш. фіксуюць на дэнтальных імплантантах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ЎЗРО́СТ,
паказчык, які характарызуе пэўны этап развіцця арганізма з уласцівай яму сукупнасцю абменных, марфал., функцыян. і рэгулятарных асаблівасцяў і адаптыўных магчымасцяў, якія мяняюцца з цягам часу. Вызначаецца станам скуры і яе вытворных, зубоў, ступенню акасцянення шкілета, вастрынёй зроку, дыяпазонам акамадацыі хрусталіка і інш. Біялагічны ўзрост можа не адпавядаць храналагічнаму — апярэджваць ці адставаць ад яго. Тэмп біял. узроставых змен залежыць ад спадчыннасці і ўмоў навакольнага асяроддзя (для чалавека — умовы быту, харчаванне, прафес. шкоднасці, хранічныя інтаксікацыі алкаголем, наркотыкамі, нікацінам і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАМАЛЯ́ЦЫЯ (ад астэа... + грэч. malakia мяккасць),
размякчэнне і дэфармацыя касцей з прычыны парушэння мінер. абмену пераважна ў касцявой тканцы. Найчасцей бывае ў жанчын, асабліва ў 2-й пал. цяжарнасці. Пры парушэннях фосфарна-кальцыевага абмену найперш пашкоджвае косці таза і ніжніх канечнасцяў. Прыкмета астэамаляцыі: вельмі празрысты малюнак касцей. Лячэнне: паўнацэннае харчаванне, багатае на вітаміны A, D, C, солі кальцыю, фосфару і бялок; лячэнне асн. захворвання. Астэамаляцыя ў жывёл клінічна праяўляецца зніжэннем апетыту, кульгавасцю, псаваннем зубоў, скрыўленнем або прагінаннем пазваночніка, пераломамі касцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ФНЕТ (Ofnet),
дзве палеаліт. пячоры (Вялікі і Малы О.) на Пд Германіі на ПнЗ ад г. Аўгсбург. Маюць па некалькі культурных пластоў, якія перакрываюць адзін аднаго і належаць да розных стадый позняга палеаліту, мезаліту, неаліту і эпохі металаў. У пячоры Вялікі О. выяўлена мезалітычнае пахаванне чалавечых чарапоў стараж. еўрапеоідаў. У адным паглыбленні 27 чарапоў, у другім — 6. Чарапы тваравымі часткамі павернуты да ўвахода ў пячору і густа пасыпаны вохрай. Побач знойдзены ўпрыгожанні з ракавін і зубоў аленяў. Большасць чарапоў належала жанчынам і дзецям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАКРЫЛА́ТЫ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў акрылавай к-ты (акрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2—CH(COOR)—]n.
Найважн. П. — поліалкілакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.). Бясколерныя каўчукападобныя ці цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ва ўласных манамерах, араматычных вуглевадародах, ніжэйшыя гамолагі (R — алкіл з 1—6 атамамі вугляроду) — у ацэтоне. Хімічна ўстойлівыя, устойлівыя да ўздзеяння святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ліставых і плёначных матэрыялаў, лакаў (гл.Акрылавыя лакі), кляёў (гл.Акрылавыя клеі), у стаматалогіі (для вырабу пратэзаў зубоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБА́ТЫЯ КІТЫ́ (Odontoceti),
падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 4 сям.: кашалотавыя (Physeteridae), дзюбарылыя (Ziphiidae) і 2 сям.дэльфінаў. 75 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах і акіянах. Найб. вядомыя аднарог, афаліна, бялуха, касатка, кашалот і інш. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды.
Даўж. цела 1,2—21 м, маса да 100 т. Самцы буйнейшыя за самак. У адрозненне ад бяззубых кітоў, маюць ад 2 да 240 аднавяршынных зубоў. Галава вял., насавая адтуліна (дыхала) адна, адкрываецца на цемені. Нараджаюць 1 вял. дзіцяня і 4—6 месяцаў кормяць яго малаком. Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦЕРКІ,
дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТЭКА́НТРАП ( ад грэч. pithēkos малпа + anthrōpos чалавек),
старажытны чалавек, які жыў каля 1 млн.г. назад. Рэшткі П. (чарапная накрыўка, сцегнавая косць, фрагмент ніжняй сківіцы і 5 зубоў) знойдзены ў 1891—93 галандскім урачом Э.Дзюбуа на в-ве Ява. П. меў пакаты лоб, нізкае скляпенне чэрапа (ёмістасць чэрапа 900 см³.), на лобнай косці выступаў надвочны валік. П. разам с сінантрапам, гейдэльбергскім чалавекам, атлантрапам належыць да найстараж. людзей — архантрапаў, якія з’яўляюцца адной са стадый у філагенетычным развіцці чалавека (гл. таксама Антрапагенез). Л.І.Цягака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПРАХО́ДНЫЯ (Monotremata),
яйцародныя, атрад найб. прымітыўных сярод сучасных млекакормячых. Вядомы з плейстацэну Аўстраліі. 2 сям.: яхідны і качканосы, 5 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Тасманіі, Новай Гвінеі.
Даўж. цела да 80 см. Характэрна сумяшчэнне заднепраходнай і мочапалавой адтулін (клаака, як у птушак). Зубоў у дарослых няма. Страўнік не мае стрававальных залоз. Сярэдняя т-ра цела ніжэйшая, чым у інш. млекакормячых (25—36 °C). Нясуць 1—2, зрэдку 3 яйцы. Малочныя залозы трубчастыя, выдзяляюць малако на брушную паверхню цела (залозістае поле), адкуль яго злізваюць дзіцяняты. Паўводныя ці наземныя формы. Кормяцца жывёльнымі арганізмамі. Колькасць невялікая.