Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́БЕН,
кароткае хрысціянскае богаслужэнне, звычайна прысвечанае святым; калектыўны ўдзячны або заклінальны (прасільны) зварот да Бога, Багародзіцы аб здароўі, дабрабыце, выратаванні і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКІ́ (Limicolae),
падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.
Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЕ́Т (італьян. nonetto ад лац. nonus дзевяты),
1) ансамбль з 9 музыкантаў-выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў). Інстр. Н. звычайна ўключае стр. квартэт або квінтэт, да якога далучаюцца розныя драўляныя духавыя інструменты.
2) Муз. твор для 9 інструментаў, радзей для пеўчых галасоў (з суправаджэннем ці без яго). Інстр. Н. — шматчасткавы камерны твор (звычайна ў форме санатна-сімф. цыкла). Мяшаны інстр. склад Н. набліжае яго да жанру інстр.серэнады. Вядомы з 19 ст. (у творчасці Л.Шпора, Ф.Лахнера, І.Райнбергера, Ч.Станфарда і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ТЛІК,
у беларусаў адзенне немаўлят; прамавугольны кавалак тонкага, мяккага льнянога палатна з круглай дзіркай пасярэдзіне для галавы. Звычайна кроілі з вынашанай матчынай кашулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАЛО́ДАЧНІК (Oxytropis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, у асноўным на Пд у гарах. На Беларусі рэдка трапляецца вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa). Расце на ўзгорках і ў сухіх хвойніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовыя травяністыя расліны (часта без сцябла), паўкусцікі або калючыя, звычайна падушкападобныя кусцікі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, рэдка простае або трайчастае. Кветкі рознага колеру, у пазушных гронкападобных суквеццях. Лодачка на канцы выцягнута ў вастрыё (адсюль назва). Плод — невял., звычайна аднагнездавы апушаны боб. Дэкар., кармавыя і лек. расліны.