Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗАРА́ДНАЯ ЗБРО́Я,
аўтаматычная зброя, з якой выконваюцца толькі адзіночныя стрэлы. Адрозніваюць баявую, паляўнічую і спарт. С.з. (вядомы самазарадныя пісталеты, вінтоўкі, карабіны і процітанкавыя ружжы). З сучасных узораў на ўзбраенні армій і ў якасці паляўнічай і спарт. С.з. выкарыстоўваюць пісталеты і вінтоўкі (баявыя — у асн. снайперскія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.
Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.
В.У.Макрынскі.
Да арт.Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).Да арт.Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
комплекс устройстваў і сродкаў для вырашэння ваен. задач у космасе і з космасу, у т. л. з размяшчэннем асобных сістэм на Зямлі і інш. нябесных целах. Уключае касмічныя комплексы, розныя сродкі паражэння, а таксама выяўлення, суправаджэння, навядзення, баявога кіравання і энергет. забеспячэння. Да сродкаў паражэння адносяцца; прамянёвая зброя (лазерная), пучковая зброя, кінетычная і ЭМВ-зброя (пучкі хваль міліметровага дыяпазону або моцнатокавы пучок зараджаных часціц, які выпраменьвае ў шырокім спектры частот). Найб. перспектыўнай і эфектыўнай лічаць лазерную зброю наземнага базіравання. Эфектыўнасць К.з. значна ўзрасла з выкарыстаннем шматразовых трансп.касм. караблёў тыпу «Шатл» (ЗША). У цяперашні час даследаванні і распрацоўка К.з. перанесены з стратэгічных сістэм у тактычныя, у т. л. ў сістэмы проціракетнай абароны тэатра ваен. дзеянняў (ЗША, Ізраіль і інш.).
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
Борчев М.А. Околоземный космос как возможная сфера вооруженной борьбы // Военная мысль. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААХО́ВЫ ЗБРО́Я,
зброя, прызначаная для выкарыстання грамадзянамі ў мэтах самааховы; адзін з відаў т.зв. грамадз. зброі (побач са спартыўнай, паляўнічай і халоднай зброяй).
Падзяляецца на: агнястрэльную зброю гладкаствольную (у т. л. з патронамі траўматычнага дзеяння) і бясствольную (з патронамі траўматычнага, газавага і святлогукавога дзеяння), газавую (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. прыстасаванні са слёзатачывымі або раздражняльнымі рэчывамі), электрашокавыя прыстасаванні і іскравыя разраднікі (дазваляюць уздзейнічаць на нападаючага высокім эл. напружаннем і выклікаюць у яго часовую недзеяздольнасць). Газавыя пісталеты і рэвальверы звычайна падобныя на папулярныя мадэлі баявой зброі. Для самааховы можа выкарыстоўвацца і паляўнічая зброя. Класіфікацыя, правілы набыцця і выкарыстання С.з. ўстанаўліваюцца адпаведным заканадаўствам краіны.
Літ.:
Щелоков А.А. Оружие самозащиты. М., 1993;
Газовые пистолеты и револьверы: Справ. пособие. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЗНА́Я ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз.калібрам зброі.