Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЮ́ХА.
цыяноз, сінюшная афарбоўка скуры і слізістых абалонак чалавека. Больш відавочная на твары, губах, пальцах рук і ног. Абумоўлена высокай колькасцю ў крыві адноўленага гемаглабіну (больш за 50 г/л пры норме да 30 г/л). Бывае сімптомам розных захворванняў (найб. часта назіраецца пры дыхальнай недастатковасці і захворваннях сэрца); пры прыроджаных пароках сэрца бывае прыроджаная С. Лячэнне накіравана на асн.захворванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́МА (ад грэч. sklērōma ушчыльненне),
хранічнае інфекцыйнае захворванне з утварэннем у сценках верхніх дыхальных шляхоў (пераважна носа) гранулём. Узбуджальнік — клебсіела (палачка Валковіча-Фрыша). Інфекцыя перадаецца кропельным або кантактна-бытавым шляхам.
Прыкметы: сухасць у носе і глотцы, закладванне сліззю і коркамі, непраходнасць дыхальных шляхоў, бывае пашкоджанне слёзных шляхоў, слыхавых праходаў, зроку. Другасныя змены пры С. — хранічны бранхіт, пнеўмасклероз і інш. Лячэнне: тэрапеўт., хірург., прамянёвае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЫ ПЛО́СКІ ЛІША́Й,
хранічнае захворванне, якое характарызуецца высыпкай запаленчых плоскіх вузельчыкаў чырв. колеру з васковым бляскам на скуры, слізістых абалонках шчок і языка.
Высыпае на месцах згібаў перадплеччаў і праменезапясцевых суставаў, на паверхні галёнак, найчасцей бывае са свербам. У залежнасці ад клінічных праяў адрозніваюць разнавіднасці Ч.п.л.: кольцападобную форму, пузырыстую, спічастую і інш. Цягнецца з перыядамі паляпшэння і абвастрэння. Лячэнне тэрапеўт., мясцова — процізапаленчыя і процісвербныя мазі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАСКЛЕРО́З, отаспангіёз,
захворванне вуха, у аснове якога ляжыць анкілоз стрэмечка. Пры О. адбываецца акасцяненне кольцападобнай звязкі падножнай пласцінкі стрэмечка (адной з 3-х костачак гукаправоднага апарата сярэдняга вуха, які перадае ваганні барабаннай перапонкі да вадкасцей унутр. вуха), потым настае яго нерухомасць. Часцей О. пашкоджвае абодва вухі. Прыкметы: паніжэнне слыху (скачкападобна), пастаянны шум у вушах (нават перашкаджае сну), на позніх стадыях пашкоджваюцца рэцэптары слыхавога нерва. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],
хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЕ́ЧКА,
парная мужчынская палавая залоза млекакормячых жывёл і чалавека, у якой выпрацоўваюцца сперматазоіды і сакратуюцца андрагены (гал. чынам тэстастэрон). Я. плода ўтвараецца ў брушной поласці, але к моманту нараджэння апускаецца ў машонку, дзе знаходзіцца пры больш нізкай т-ры, што спрыяе ўтварэнню і развіццю сперматазоідаў. Біяхім. выспяванне сперматазоідаў адбываецца ў прыдатку Я., дзе сакратуецца і вадкасць, якая разбаўляе сперму. Найб. частае запаленчае захворванне Я. — архіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАЛІНІ́Т,
запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,
цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл.Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫТО́МНАСЦІ ПАРУШЭ́ННІ,
расстройствы ўспрымання аб’ектыўнай рэальнасці навакольнага свету — прадметнага (пачуццёвага) і абстрактнага (рацыянальнага). Бываюць першасныя (пры псіхічных захворваннях) і другасныя (пры саматычнай паталогіі). Пры П.п. адбываецца дэзарыентацыя ў часе, месцы, мысленне без сувязі, адсутнасць або абрывістасць успамінаў пра страту прытомнасці. Адрозніваюць непрытомнасць, кому, сопар. Сопар (аглушэнне) — стан з абмежаваным усведамленнем; звычайна папярэднічае коме. У выпадках цяжкай траўмы галаўнога мозга надыходзіць глыбокае зацямненне свядомасці, якое працякае з «псіхічным паралічом» і інш. Лячэнне П.п. накіравана на асн.захворванне.