КАТАПУ́ЛЬТА (лац. catapulta ад грэч. katapeltēs: kata уніз + pallō кідаю),
1) ваенная кідальная машына, якая прыводзілася ў дзеянне сіламі пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, рамянёў, валасоў і інш.). Кідала па крутой траекторыі камяні, стрэлы, ядры, запальныя снарады і інш. на 250—850 м. Выкарыстоўвалася пры аблозе крэпасцей і ў палявым баі з 5 ст. да н. э. (Стараж. Грэцыя і Рым, затым Візантыя і інш.) да 15 ст. (Еўропа), калі была заменена артылерыяй. У Кіеўскай Русі К. наз. парокай.
2) Механізм для паскарэння або забеспячэння ўзлёту (старту) самалётаў, планёраў і інш. лятальных апаратаў.
3) Прыстасаванне для аўтам. выкідвання (катапультавання) лётчыка ці касманаўта з кабіны лятальнага апарата ў час аварыі. З’яўляецца часткай катапультнага крэсла, у якім у вышынна-кампенсавальным касцюме знаходзіцца лётчык (касманаўт). Катапультаванне (адстрэл) ажыццяўляецца піратэхн. прыстасаваннем. Наземная К. — стэнд для трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў.
Катапульты: 1 — заснаваная на сіле пругкасці скручаных валокнаў; 2 — на сіле пругкасці сагнутага дрэва (на прынцыпе лука).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,
княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн.ВКЛКейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,
агульны спосаб доказаў і вызначэнняў у матэматыцы і матэм. логіцы, які дае магчымасць рабіць агульныя вывады на аснове асобных сцвярджэнняў.
Грунтуецца на прынцыпе матэматычнай індукцыі: сцвярджэнне A(n), залежнае ад натуральнага параметра n, лічыцца праўдзівым, калі праўдзіва A(1) і з меркавання праўдзівасці A(N) для любога натуральнага N вынікае праўдзівасць A(N + 1). Напр., для любога натуральнага n патрабуецца даказаць формулу 1 + 3 + 5 + ... + (2n − 1) = n2. Пры n = 1 гэтая формула праўдзівая (1 = 12), затым мяркуем. што формула даказана для пэўнага ліку N: 1 + 3 + 5 + ... + (2N − 1) = N2. Далучаем да левай і правай часткі дадзенай формулы яшчэ адно складаемае 2N + 1: 1 + 3 + 5 + (2N − 1) + (2N + 1) = N2 + (2N + 1) = (N + 1)2. Такім чынам, з праўдзівасці формулы пры n = N вынікае яе праўдзівасць і пры n = N + 1. Адсюль вынікае праўдзівасць формулы для любога натуральнага n.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,
словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.
Літ.:
Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;
Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,
установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.
Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж.цэнтры занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Ціхан Якаўлевіч) (12.8 1917, в. Агародня-Кузьмініцкая Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 11.1.1983),
дзяржаўны і парт. дзеяч, Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1941), ВПШ пры ЦКВКП(б) (1946). З 1936 на пед. рабоце ў школах Ельскага р-на Гомельскай вобл. З 1941 выкладчык, дырэктар школы ў Сталінградскай вобл. З 1944 на парт. рабоце ў Гомелі, Брэсце. З 1952 1-ы сакратар Брэсцкага абкома КПБ, з ліп: 1955 сакратар, затым 2-і сакратар ЦККПБ. З 1959 Старшыня Савета Міністраў БССР, з 1978 1-ы нам. старшыні Савета Міністраў СССР, з кастр. 1980 1-ы сакратар ЦККПБ. Чл.ЦК з 1952, Бюро ЦККПБ у 1955—78 і з 1980. Чл.ЦККПСС з 1961. Дэп. Вярх. СаветаБССР з 1951, Вярх. Савета СССР з 1954, нам. старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1958—62. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР і СССР з 1981. Яго імем названа вуліца ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНАЕ КІРАВА́ННЕ,
сістэма кіравання вытворчымі, сацыяльнымі і інш. аб’ектамі для аператыўнага забеспячэння іх функцыянавання ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай. Аб’екты аператыўнага кіравання — розныя бакі вытв. і сац. працэсаў: напр., работа зборачнага цэха, пастаўка сыравіны, збыт прадукцыі, вырашэнне жыллёва-бытавых праблем і інш. Яго сутнасць — мэтавае накіраванне працэсу прычынна-выніковых сувязяў і ўзаемадзеянне элементаў у аб’екце кіравання. Аператыўнае кіраванне ўключае: аператыўнае планаванне (распрацоўка аператыўных планаў, праграм, нормаў, нарматываў з давядзеннем заданняў да выканаўцаў), аператыўны ўлік (адлюстраванне вынікаў вытв. ці сац. працэсаў), аператыўны аналіз (своечасовае выяўленне і вымярэнне фактараў, якія выклікаюць адхіленні ад планавых заданняў, гл.Аналіз гаспадарчай дзейнасці), аператыўнае рэгуляванне (выпрацоўка кіраўніцкіх рашэнняў і арганізацыя іх выканання для ліквідацыі прычын адхілення працэсу ад запланаваных параметраў). Практычна аператыўнае кіраванне пачынаецца з аператыўнага планавання, затым на працягу кароткага часу (дэкады, тыдня, сутак, змены і інш.) фіксуюцца вынікі вытв. працэсу, на аснове якіх выяўляюцца прычыны збояў і адхілення ад планавых заданняў і прымаецца рашэнне па рэгуляванні вытв. ці сац. працэсаў у адпаведнасці з планам. У сістэму аператыўнага кіравання ўваходзяць функцыі, якія выконваюць дапаможную ролю ці стымулююць дзейнасць спецыялістаў (арганізацыя, каардынацыя, кантроль, матывацыя і інш.).
Літ.:
Стражев В.И. Оперативное управление предприятием, проблемы учета и анализа. Мн., 1973;
Саламатин Н.А., Фель А.В., Шишкина Е.Л. Оперативное управление производством. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.
Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.
Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн.ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).
Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец.калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.
А.Р.Варонін.
Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ТАР,
прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.