пасёлак і чыг. станцыя ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астравец—Ашмяны. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПдЗ ад Астраўца, 197 км ад Гродна. 987 ж., 357 двароў (1997).
Вядомы з канца 16 ст. як паселішча ў маёнтку Астравец-Урбаноўскі. У 17 — 1-й пал. 18 ст. належаў Лакуцеўскім, Скірмунтам, Садоўскім, Козел-Паклеўскім, Войнам. У 1764 сяло, перададзена ордэну кармелітаў, якія да 1832 мелі тут кляштар з цудадзейным абразом Дзевы Марыі (захоўваецца ў касцёле і зараз). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, потым сяло ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1874 праз Гудагай пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 — 117 ж. З 1922 у Польшчы ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1971 — 1077 жыхароў.
Аптова-гандл. база і нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай (1764).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛІ́НСКІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (6.2.1861, г. Ціраспаль, Малдова — 31.7.1953),
расійскі сав. хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў вучэння аб арган. каталізе. Акад.АНСССР (1929, чл.-кар. 1924), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Новарасійскі ун-т (1884, Адэса) і працаваў там з 1888. Удасканальваў адукацыю ў Германіі (1884—88). З 1893 праф. Маскоўскага ун-та (акрамя 1911—17), адначасова (з 1935) у Ін-це арган. хіміі АНСССР, які зараз носіць яго імя. Навук. працы па хіміі вуглевадародаў нафты, арган. каталізе, хіміі бялку і амінакіслот. Атрымаў шэраг гамолагаў тыяфену (1887), цыклапентану і цыклагексану (1895—1900). Адкрыў метад сінтэзу α-амінакіслот з альдэгідаў ці кетонаў (рэакцыя З.—Стаднікава, 1906), з’явы дэгідрагенізацыйнага і неабарачальнага каталізу (1910—11). Стварыў вугальны процівагаз (1915). Распрацаваў метады абяссервання бензінаў і газы, ажыццявіў працэсы каталітычнай і пірагенетычнай араматызацыі нафты. Першы ў СССР пачаў работы па атрыманні хларапрэнавага каўчуку (1932, разам з М.С.Казловым). Прэмія імя У.І.Леніна (1934). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1948.
Тв.:
Избр. труды. М., 1968.
Літ.:
Зелинский А.Н. Академик Н.Д.Зелинский. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЛІ,
рускі нар.муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны рэзанатарны корпус розных памераў і формаў (крыла- і шлемападобныя, прамавугольныя), над верхняй дэкай якога нацягнуты жыльныя або метал. струны (ад 5—12 у крылападобных да 66 у прамавугольных). Поўны, яркі і звонкі гук узнікае пры зашчыпванні струн пальцамі, плектрам або брынканні па іх. Гуслі запазычаны рускімі ў балтаў і угра-фінаў, у якіх бытавалі ўжо ў глыбокай старажытнасці (звесткі ў эпасе «Калевала») пад рознымі назвамі (кантэле, кокле, кюсле і інш.). На Русі, паводле сведчання археал., пісьмовых і іканаграфічных помнікаў, гуслі выкарыстоўваліся для сольнай і ансамблевай ігры простымі людзьмі і прафес.нар. музыкантамі-скамарохамі (гуслярамі). Іх рэпертуар гістарычна мяняўся (ад нар. былін, песень і танцаў да твораў кампазітараў). З пач. 20 ст., пасля ўдасканалення і стварэння сям’і гусляў, увайшлі ў «хары гусляроў» і аркестры рус.нар. інструментаў. Заразнар. гуслі зрэдку сустракаюцца на Пскоўшчыне. На Беларусі, паводле слоўнікаў 16—17 ст. (Л.Зізаній, П.Бярында), «гуслямі» наз. розныя струнныя інструменты (скрыпку, ліру, арфу, цытру), у наш час — некат. нар. духавыя (дудку, парныя дудкі, губны гармонік) і струнныя (цытру) муз. інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1-й трэці 17 ст. — 1830 у Брэсце. Засн. ў 1635 (паводле звестак польск. гісторыка Валыняка — у 1628) брэсцкай войскай Соф’яй Магдаленай Бухавецкай, дачкой каралеўскага сакратара Марыяна Лакніцкага. Адрокшыся ад кальвінізму, яна запісала брэсцкім дамініканцам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і в. Чамяры, Дэрло, Дубаў, Велань. Кляштар размяшчаўся на востраве, пры дарозе на Кобрын. Першыя, верагодна, драўляныя будынкі амаль усе знішчаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кляштар нанава адбудаваны на сродкі Соф’і Пражмоўскай. Яна ж падаравала яму і абраз Маці Божай, які праславіўся як цудатворны (зараз у Фарным касцёле Брэста). Мураваны касцёл св. Соф’і асвячоны ў 1696, карпусы кляштара пабудаваны значна пазней (у 1798 яшчэ не закончаны). Пры кляштары існавалі навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна) і школа філасофіі. Аднанефавы касцёл з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі, вызначаўся багатым жывапісна-разьбярскім аздабленнем; пры гал. алтары знаходзілася надмагілле С.Бухавецкай з партрэтам. Кляштар скасаваны ў 1830, аднак касцёл (адзіны ў Брэсце) пакінуты вернікам як парафіяльны.
Літ.:
Квитницкая Е.Д. Монастыри Бреста XVII—XVIII вв. // Архитектурное наследство. М., 1979. Вып. 27;
Wołyniak. Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Cz. 1. Kraków, 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́ВАЯ МО́ВА,
мова, на якой створана пісьменнасць і якая мае пісьмовую традыцыю. Пры дапамозе П.м. ажыццяўляюцца зносіны паміж людзьмі, фіксуецца і перадаецца інфармацыя. Для перадачы П.м. ствараюцца сістэмы графічных знакаў (літар, іерогліфаў, лічбаў і інш., гл.Пісьмо), правіл (арфаграфіі, пунктуацыі і інш.), а таксама неабходны матэрыял (папера, скура, тканіна і інш.).
П.м. адрозніваецца ад вуснай мовы тым, што разлічана на зрокавае ўспрыманне, больш позняя па часе ўзнікнення. Яна характарызуецца стройнасцю і паслядоўнасцю выкладання думкі, ужываннем складаных і ўскладненых сінтакс. канструкцый, абстрактнай, спец. і тэрміналагічнай лексікі; адсутнасцю дапамогі з боку жэстаў, мімікі, гукавой інтанацыі.
П.м. неабходная для многіх стыляў мовы. напр., навук., афіц.-дзелавога. Калі П.м. губляе сувязь з жывым маўленнем, то становіцца мёртвай мовай. Існуюць пісьмовыя штучныя мовы.
Пісьмовая беларуская мова пачала фарміравацца ў 13 ст.Зараз яна рэалізуецца ў разнавіднасцях: уніфікаваная, літ. П.м. — агульнапрынятая, без парушэнняў норм сучаснай бел.літаратурнай мовы; неліт. П.м. — з вял. парушэннем агульнапрынятых літ. норм, напр., фанет. транскрыпцыя дыялектнай мовы (гл.Дыялект), сац. жаргонаў і інш.; стылізаваная П.м. — матываваная літ.-гутарковая, літ.-прастамоўная, літ.-дыялектная П.м., якая часта сустракаецца ў мове маст. твораў і служыць для стварэння адпаведнага каларыту.
Літ.:
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ШЫН (сапр.Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч
(28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),
рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт.зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1977;
Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;
Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.
Літ.:
Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.Волошина). Киев, 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н ((Washington) Джордж) (22.2.1732, Уэйкфілд, штат Віргінія, ЗША — 14.12.1799),
амерыканскі дзярж. і ваен. дзеяч; галоўнакаманд. амер. арміяй у Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, першы прэзідэнт ЗША. З сям’і багатага плантатара-рабаўласніка. На пач.Сямігадовай вайны 1756—63 у званні палкоўніка камандаваў войскамі Віргініі. У 1759 выйшаў у адстаўку. Выбіраўся чл. 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў, выступаў супраць калан. палітыкі Англіі. 15.6.1775 прызначаны кангрэсам галоўнакаманд. узбр. сіламі ахопленых паўстаннем англ. калоній Паўн. Амерыкі. Паказаў сябе таленавітым палкаводцам і арганізатарам. Кангрэс неаднойчы даваў Вашынгтону шырокія, нават дыктатарскія паўнамоцтвы. У канцы вайны група афіцэраў арганізавала манархічную змову і прапанавала Вашынгтону карону, ён адмовіўся. У 1787 старшыня Канвента па выпрацоўцы канстытуцыі ЗША, якая з невял. змяненнямі дзейнічае і зараз. На аснове гэтай канстытуцыі Вашынгтон двойчы абраны прэзідэнтам ЗША (1789—97, адзіны ў ЗША прэзідэнт, які атрымаў галасы ўсіх выбаршчыкаў). У 1796 адмовіўся балаціравацца на прэзідэнцкі пост у трэці раз. Адзін з заснавальнікаў двухпартыйнай сістэмы ў ЗША. Прыхільнік паступовай адмены рабства. Паводле завяшчання Вашынгтона вызваляліся ўсе рабы, якія належалі яму асабіста. У знешняй палітыцы выступаў за захаванне ЗША нейтралітэту ў адносінах з еўрап. дзяржавамі. У гонар Вашынгтона названа сталіца ЗША — г. Вашынгтон.
Літ.:
Юзефович И.С. Джордж Вашингтон и борьба за независимость Америки. М., 1941;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕ́КТ (ад грэч. dialektos гаворка),
найбольш буйное этнагенетычнае адзінства гаворак або іх груп у складзе мовы, блізкіх асн. асаблівасцямі сваёй будовы (фанет. сістэмай, граматычным ладам, слоўнікам) і сумежных па тэрытарыяльным размяшчэнні. Бел.дыялектная мова складаецца з паўн.-ўсх. Д. (аб’ядноўвае роднасныя па сваёй зыходнай аснове гаворкі мясц. насельніцтва паўн.-ўсх.ч. краіны) і паўд.-зах. Д. (гаворкі паўд.-зах.ч. краіны, за выключэннем яе паўд.-зах. кутка). Паводле мясц. асаблівасцей гаворкі паўн.-ўсх. Д. падзяляюцца на 3 групы — віцебскую, усх.-магілёўскую і полацка-мінскую, паўд.-зах. Д. — гродзенска-навагрудскую, слуцкую і мазырскую (усх.-палескую). Паміж паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектамі вылучаецца група сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак, якія склаліся ў працэсе ўзаеманакладання і «размывання» берагоў супрацьлеглых Д. на іх стыку (у выніку змешвання іх «прыбярэжных» гаворак і ўзаемаўплыву). Паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Д. разам з групай сярэднебел. гаворак складаюць асноўны масіў гаворакбел.нац. мовы, які тэрытарыяльна супрацьпастаўляецца па сваіх асаблівасцях зах.-палескай групе гаворак. Апошняя з’яўляецца часткай Д. бел.-ўкр. моўнага сумежжа. Асаблівасці Д. найб. адлюстроўваюцца ў мове сельскага насельніцтва. Аднак у сувязі з яго інтэнсіўным пераразмеркаваннем разбураюцца тэр. аднароднасць груп гаворак і дыялектныя межы. На аснове пэўных дыялектных і занальных аб’яднанняў сфарміравалася і знаходзіцца ў цеснай сувязі з імі і заразбел.літаратурная мова.
Літ.:
Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Мн., 1968—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСКРЫПТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
адзін з трох кірункаў класічнага структуралізму (поруч з Пражскім лінгвістычным гуртком і гласематыкай), што існаваў у 1-й пал. 20 ст. ў ЗША. Меў на мэце распрацаваць строгія фармальныя працэдуры апісання мовы: сфармуляваць кампактныя, несупярэчлівыя і вычарпальныя правілы, з дапамогай якіх у мове паслядоўна вылучаюцца на розных яе ўзроўнях (фаналагічным, марфалагічным, сінтаксічным) адзінкі, класы адзінак, а таксама вызначаюцца сувязі паміж адзінкамі розных узроўняў мовы і паміж адзінкамі аднаго класа. Для выканання гэтых задач у Д.л. распрацаваны 3 прыёмы навук. даследавання мовы: аналіз па непасрэдна састаўляючых, трансфармацыйны метад ігал. спосаб апісання мовы — дыстрыбутыўны метад. Напачатку першыя 2 прыёмы былі скіраваныя на выдзяленне адзінак і на правілы іх камбінавання, а дыстрыбутыўны метад — на выяўленне характару размеркавання адзінак у тэксце; т.ч. браўся пад увагу толькі план выражэння моўных адзінак (іх знешні, фармальны бок) і не разглядаўся іх план зместу (семантычны бок). Зараз выкарыстанне гэтых метадаў абапіраецца і на ўлік семантычных асаблівасцей мовы. Ад Д.л. бяруць пачатак некалькі школ: Іельская (засн. Л.Блумфілдам), звязаная пераважна з фармалізацыяй апісання мовы; Эн Арбарская побач з фармальнымі працэдурамі аналізу ўлічвае і псіхал. фактары ў мове (Ю.Найда, К.Пайк і інш.); генератыўная лінгвістыка даследуе звязны тэкст з дапамогай трансфармацыйнага аналізу і матэм. метадаў (Н.Хомскі і інш.).
Літ.:
Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику Пер. с англ.М., 1959.