ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.
Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас. АН.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.
С.А.Акуліч.
т. 6, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́РЫУШ (ад лац. diarium дзённік),
жанр гістарычна-дакументальнай прозы ў стараж. бел. і польскай л-ры, у якім падзеі грамадска-паліт. або прыватнага жыцця пададзены ў форме датаваных запісаў. На станаўленне жанру ўплывалі летапісы і хронікі, у якіх у 16 ст. выявілася тэндэнцыя да «алітаратурвання» храналагічных запісаў. У 17—18 ст. Д. называліся дзелавыя і аўтабіягр. запісы, сямейныя хронікі, дзённікі падарожжаў і ваен. паходаў, мемуары; каштоўныя гіст. крыніцы — сеймавыя Д. Найб. ранні бел. помнік гэтага жанру — «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.). Ваенным падзеям і нац.-вызв. барацьбе прысвечаны дыярыушы С. і Б.Маскевічаў (1630, 1649, 1660). Да гэтага жанру належаць творы І.Будзілы (1612), Я.Сапегі (1612), Афанасія Філіповіча (1646), С.Незабітоўскага, Я.Цадроўскага, сямейная хроніка Абуховічаў і інш.
А.Ф.Коршунаў.
т. 6, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст. рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч
(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),
бел. дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНК БССР. У 1940 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у склад Бел. цэнтр. рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел. нац. к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел. нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.
т. 7, с. 580
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),
афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІ (Барыс Іпалітавіч) (3.9.1915, г. Іркуцк, Расія — 17.2.1993),
бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыў Харбінскае вышэйшае муз. вучылішча (Кітай, 1932). З 1947 у СССР. З 1957 гал. дырыжор аркестра Мінскага цырка. У 1961—88 гал. дырыжор і маст. кіраўнік канцэртна-эстр. арк. Бел. тэлебачання і радыё. Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Зорка Венера» Ю.Семянякі, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Матухна Кураж» С.Картэса, радыёоперы «Барвовы золак» К.Цесакова, музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца» і «Маленькі прынц» Я.Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.Суруса, вак.-сімф., сімф. і эстр. твораў і песень бел. кампазітараў для Бел. тэлебачання і радыё, грамзапісы і інш. Аўтар аранжыровак для эстр. і сімф. аркестраў.
А.А.Друкт.
т. 13, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПЕ́СЕННАЯ КАМІ́СІЯ.
Існавала ў 1923—24 пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі бел. нар. песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.Грыневіча, У.Тэраўскага, М.Янчука і інш.). У камісію ўваходзілі кампазітары М.Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.Аладаў, А.Аленін, А.Грачанінаў, А.Нікольскі, Я.Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929—30). Найб. каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору «Ішла каляда», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Перапёлка», «Ішоў раёк», для голасу з фп. «Зазвінела пчолачка», «Калыханка»), Аладава (харавыя «Ой, загуду», «Мужык жыту прадае», «На гары жораў круціўся»), Прохарава (харавыя «Ой, рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»).
І.І.Зубрыч.
т. 2, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЖЫЧ ((Božič) Мірка) (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),
харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.
Тв.:
Drame. Zagreb, 1950;
Novele. Zagreb, 1952;
Drame. Zagreb, 1960;
Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;
Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;
Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.
І.А.Чарота.
т. 3, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНЫ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання 16 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Паводле складу і тэксту блізкі да Супрасльскага летапісу. У акадэмічны летапіс уваходзяць скарочаны агульнарус. летапіс, Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Ва ўрыўках збераглася частка па гісторыі Маскоўскай Русі 14 — 1-й трэці 15 ст. (пачынаецца са звестак 1339, згублены лісты з запісамі падзей 1373—1414 і 1418—27). Не зберагліся пач. частка, прысвечаная гісторыі Кіеўскай Русі, і «Аповесць пра Падолле», што была змешчана ў канцы рукапісу. Тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 месцамі перададзены недакладна, з памылкамі.
Летапіс уваходзіць у склад рукапіснага зборніка сярэдзіны 16 ст., які захоўваецца ў б-цы Рас. АН у Санкт-Пецярбургу. Апублікаваны ў 17-м (1907) і 35-м (1980) тамах Поўнага збору рус. летапісаў.
В.А.Чамярыцкі.
т. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЧАТАЎ (Усевалад Анісімавіч) (н. 4.2. 1912, г. Ноўгарад, Расія — 4.11.1973),
расійскі пісьменнік. Скончыў с.-г. тэхнікум (1931). У 1955—59 гал. рэдактар «Литературной газеты», з 1961 — час. «Октябрь». Друкаваўся з 1934. Аповесці «На неўскіх руінах» (1946), «Прадмесце» (1947) і дакумент. «Запісы ваенных гадоў» (1964—65) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Пасляваен. жыццё вёскі адлюстравана ў аповесці «Каму свеціць сонца» (1949; новы варыянт — «Прафесар Майбародаў», 1961), апавяданнях (зб-кі «Рысы характару», 1949, «Хата на скрыжаванні», 1951, і інш.). Аўтар раманаў «Пад небам Радзімы» (1950; новы варыянт — «Таварыш аграном», 1961), «Журбіны» (1952; кінафільм «Вялікая сям’я», 1954) аб трох пакаленнях працоўнай дынастыі, «Браты Яршовы» (1958), «Вугал падзення» (1967; аднайм. фільм 1970), «Чаго жа ты хочаш?» (1969), кн. публіцыстыкі «Каму аддадзена сэрца» (1970).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1973—76;
Избр. произв. Т. 1—3. М., 1982.
т. 8, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)